MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

<І> пальцам не варухнуць (не паварушыць, не паварухнуць). Калька з франц. м. (nе раs bоugеr lе реtіt dоigt). Нічога не зрабіць, не прыкласці ніякіх намаганняў (для ажыццяўлення чаго-н.). Ніхто не пакінуў сваіх кароў, не паварухнуў пальцам, каб пасобіць гаротнай кабеціне знайсці сына (Р. Мурашка. Сын).

Склаўся на аснове евангельскага тэксту пра фарысеяў: «Звязваюць нязручны для нашэння цяжар і ўскладваюць на плечы людзям, а самі не хочуць і пальцам зрушыць яго».

I пернікам не заманіш каго куды. Недакладная паўкалька з руск. м. (и калачом не заманишь). Нічым, ніякім чынам не ўгаворыш, не прывабіш каго-н. быць дзе-н. А можа, і не маладая [настаўніца прыехала]? Маладых сюды і пернікам не заманіш (С. Грахоўскі. Ранні снег).

Унутраная форма фразеалагізма выразная, звязаная з прыцягальнасцю ласункаў. Хоць у «Руска-беларускім слоўніку» (1953, 1982) рэкамендуюць пераклад: калачом не заманишь — абаранкам не забавіш, але маўленчая практыка замацавала іншы, больш экспрэсіўны выраз (і пернікам не заманіш). Не прыжыўся ў літаратурнай мове і сінанімічны выраз і пірагом не заманіш, занатаваны І. Насовічам.

<І> печкі і лаўкі (печкілаўкі). Агульны для бел. і руск. м. Ужыв. са значэннямі: (пры кіравальнай сувязі каму) ‘хто-н. мае добры прытулак дзе-н.’ і (пры кіравальнай сувязі ў каго, з кім) ‘хто-н. блізка знаёмы з кім-н.’. —Дома п’е?.. — Ого! Смалы ён умяне дома вып’е, а не гарэлкі! — зноў загарэлася Яніна. — У браціка свайго, у Вацака. Яму там печкі і лаўкі (А. Шашкоў. Спытай сваё сэрца). Тут Іра падумала, што калі б яна папрасіла бацьку, то, відаць, той не паскупіўся б. Купіў бы і туфлі, і боцікі… Грошы ў яго ёсць, і з гандлярамі ў яго печкілаўкі (А. Цяжкі. Ахвяра).

Узнікненне фразеалагізма звязана з даўнейшым сялянскім бытам. Вялікая цагляная печ і шырокія лаўкі каля сцен — асноўныя «стрыжні» сялянскай хаты. Яны ж і сімвал гасціннасці: добрага чалавека і пакормяць усім, што ёсць у печы, і, калі ён замёрз ці вымак, пакладуць спаць на печы. Выраз фіксуецца ў працах І. І. Насовіча, Я. А. Ляцкага, М. Федароўскага.

Іскра божая <у каго, у кім>. Запазыч. з руск. м. (искра божья). Талент, прыродны дар, здольнасці. Жывінкаў ім ёсць, іскру божую мае… (М. Ракітны. Сын).

Лічаць, што выраз з’яўляецца недакладнай калькай з франц. м. (fеu sасtê, літаральна «свяшчэнны агонь») і ў творах XVIII–XIX стст. часцей ужываўся ў форме искра божества.

I след прастыў каго, чый. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. бясследна знік, схаваўся. Абурыўся карэспандэнт, кінуўся да фермы, а старшыні і след прастыў (У. Кузьмянкоў. Ішла вясна). Ужыв. і ў форме і след прапаў. Бацька і Яўхім прыедуць, а іх і след прапаў — шукай ветру ў полі!.. (І. Мележ. Подых навальніцы).

Абодва варыянты прыйшлі ў літаратурную мову з лексікону паляўнічых, для якіх след можа прапасці ці прастыць і ў прамым значэнні гэтых слоў (гл. па гарачых слядах).

Ісці на ражон. Гл. лезці (ісці) на ражон.

Ісці (пайсці) ва-банк. Агульны для ўсходнесл. м. Дзейнічаць, рызыкуючы ўсім, што ёсць. Я іду ва-банк — пан ці прапаў. Хачу рызыкаваць толькі пры той умове, што сапраўды прынясу карысць Радзіме і заслужу яе літасць (І. Новікаў. Да світання блізка).

Тымі, хто ведае франц. м., выразна адчуваецца сэнсавая таўталагічнасць гэтага выразу. У фразеалагізме ёсць запазычанне з франц. м. vа bапquе, што значыць ‘іду на банк’, ці, інакш, ‘гуляю на ўсе грошы, пастаўленыя на кон’. Запазычанне злілося ў мове карцёжнікаў у адно слова ва-банк і ўступіла ў сувязь з дзеясловам ісці. У такім выглядзе словазлучэнне, пераасэнсаваўшыся, перайшло ў літаратурны ўжытак.

Ісці (пайсці) на вудачку чыю, каго. Агульны для ўсходнесл. м. Даваць сябе падмануць. — Хіцёр ён, — трасе галавою стары Сусла, — якая-такая цяпер навука?.. Бязбожніцтва пайшло, заліваюць кулі, а дурні на вудачку ідуць (Я. Колас. Туды, на Нёман).

Узнік шляхам пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ў маўленні рыбакоў ужываецца з прамым значэннем слоў.

Ісці (пайсці) па лініі найменшага супраціўлення. Відаць, паўкалька з англ. м. (tаkе thе lіnе оf lеаst rеsіstапсе). Выбіраць найбольш лёгкі спосаб дзеянняў, пазбягаючы перашкод. Не справіўшыся з намечаным, адказныя работнікі пайшлі па лініі найменшага супраціўлення: аформілі ў лютым акт на спісанне (Звязда. 9.09.1986).

Утвораны на аснове тэрміналагічнага словазлучэння, звязанага з фізічнай з’явай — выбіральным праходжаннем току па лініі з найменшым электрычным супраціўленнем.

Ісці (пайсці) угору (угару). Агульны дляўсходнесл. м. (руск. идти в гору, укр. іти в гору). Ужыв. са значэннямі ‘дабівацца болын высокага становішча ў жыцці, грамадстве’ і ‘паспяхова развівацца, паляпшацца (пра справу, гаспадарку і пад.)’. Пасля смерці бацькі Паўла абралі царкоўным папячыцелем у шчаткаўскім прыходзе. Прыход багаты. Павал адразу пачаў ісці ўгору… (П. Галавач. Дзве сцежкі). Ну, думаю, трымайся, Сямён, справы твае быццам пайшлі ўгару, не балбачы толькі (В. Быкаў. Кар’ер).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, у якім угору абазначае ‘уверх, увысь’. Існуе таксама думка, што выраз паходзіць з маўлення карцежнікаў і звязаны з пашыранай у XVІІІ-ХІХ стст. картачнай гульнёй «горкай», у якой ісці ў гару абазначала ‘выйграваць’. Параўн., аднак, існаванне ў руск. м. двух антанімічных фразеалагізмаў идти в гору і идти под гору, што адмаўляе іх этымалагічную сувязь з названай картачнай гульнёй.

**Quilt|2014/2015**

Ісці (пайсці) у Каносу. Паўкалька з франц. (аllеr à Сапоssа) ці італ. (аndаге а Сапоssа) м. Уніжацца перад кім-н., каяцца, станавіцца пакорлівым, прызнаваць сябе пераможаным. Што там шэпчуць, баючыся, скрытна зноў, пачуўшы крок галодных, босых? Маўчыце лепш! Пакіньце нас і спадчыну бацькоў, — за вамі мы не пойдзем у Каносу (М. Танк. З паднятай галавой).

Каноса — замак у Паўночнай Італіі, у якім доўгі час жыў папа Грыгорый VII. Імкнучыся да сусветнага панавання, папа пракляў і адлучыў ад царквы германскага імператара Генрыха IV, калі той не захацеў падпарадкавацца папскай уладзе. Баючыся страціць прастол, зімой 1077 г. Генрых пехатой пайшоў у Каносу і тры дні прасіў у папы прабачэння.

Іудаў (юдаў) пацалунак. Паўкалька з франц. (bаіsеr dе Judаs) ці англ. (а Judаs kiss) м. Здрадніцкі ўчынак пад маскай добразычлівасці, дружбы. Тысячы брацкіх магіл, сотні і сотні спаленых вёсак, сёл і гарадоў, да двух з паловай мільёнаў загубленых фашыстамі і іх наймітамі чалавечых жыццяў.. Вось жудасныя вынікі «гераізму» фашысцкіх паслугачоў, сапраўдныя вынікі іудавых пацалункаў… (М. Лынькоў. Аб вылюдках).

Выток фразеалагізма — евангельская прытча (Лука, 22, 47) пра Юду Іскарыёта — аднаго з дванаццаці вучняў Ісуса Хрыста. Юда прадаў свайго настаўніка за трыццаць срэбранікаў. Каб стражнікі ведалі, хто з дванаццаці Ісус і каго трэба схапіць, Юда падышоў і пацалаваў яго.

I ў коле і ў мяле. Уласна бел. У самых разнастайных жыццёвых сітуацыях (быць і пад.). Чалавек гэты пабыў як кажуць, і ў коле і ў мяле, але пакуль што неўпадабаў сабе пэўнага прыстанішча (І. Сіманоўскі. Развесяліліся бюракраты).

Утвораны па мадэлі тыпу і там і сям, і ў хвост і ў грыву. Структурная схема і… і... запоўнена цяпер ужо ўстарэлымі ці зніклымі словамі або іх асобнымі значэннямі. Кола, паводле «Слоўніка…» І. І. Насовіча, — ‘млынавое кола’, а мяла — ‘мялка, мяліца, на якой лён або пяньку мнуць’.

I ў хвост і ў грыву. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі: 1) вельмі моцна (біць, паганяць каго-н., пападаць каму-н.), 2) бязлітасна, непрымірыма (біць, лупіць, крыць і пад.). А вунь і брат Міша ідзе. Награшыў я, госпадзі, будзе мне і ў хвост і ў грыву… (Я. Брыль. Праведнікі і зладзеі). А гнаць іх пачнём, тут ужо і будзеце не абараняцца, а наступаць, лупіць у хвост і ў грыву (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка).

Узнік са свабоднага спалучэння слоў, якое першапачаткова ўжывалася, калі гаворка ішла пра каня.

I швец (шавец) і жнец і на дудзе (у дуду) ігрэц. Агульны для ўсходнесл. м. Майстар ва ўсякай справе, здатны да ўсяго. О, паляшук!.. На ўсе рукі здатны, ён табе і швец і жнец і на дудзе ігрэц (У. Калеснік. Пасланец Праметэя). Тарас быў і сталяр, і цясляр, і шавец і жнец і ў дуду ігрэц (У. Караткевіч. Лісце каштанаў).

Асобныя кампаненты гэтага матываванага фразеалагізма патрабуюць каментарыяў. Як засведчана ў «Слоўніку беларускай мовы» І. І. Насовіча, швец — ‘шавец’, ігрэц — ‘ігрок, музыкант’; параўн. таксама ў гэтым жа слоўніку: ні швец ні мнец ні ў дуду ігрэц.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code