MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Ігра на нервах <чыіх>. Агульны дляўсходнесл. м. Наўмыснае раздражненне, нерваванне каго-н. Што ж, думаюць мужчыны, можа, самстёт зрабіў разведку і не выкінуў нікога? Можа, гэта проста правакацыя чорных рук, ігра на нашых нервах… (П. Кавалёў. Падзенне Хвядоса Струка).

Назоўнікавае ўтварэнне на базе суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма іграць на нервах <чыіх, каму>, які абазначае ‘наўмысна раздражняць, нерваваць каго-н.’

Іграць на нервах чыіх. Агульны для ўсходнесл. (руск. играть на нервах, укр. грати на нервах) і польскай (grаć nа nеrwасh) м. Наўмысна нерваваць, злаваць, раздражняць каго-н. Іван, скажы, каб яна не іграла на маіх нервах (І. Шамякін. Снежныя зімы).

Гэта фразеалагізм з агульным аналітычным значэннем, якое выводзіцца з аслабленага значэння кампанентаў, сэнсава суадносіцца са словамі іграць і нервы ў свабодным ужыванні: кампанент іграць (на чым) суадносіцца са значэннем ‘уздзейнічаць на што-н.’. кампанент нервы — са значэннем ‘нервовая сістэма, ад стану якой залежаць агульны стан, паводзіны чалавека’. Магчыма, выраз склаўся ў мове людзей, якія вывучалі латынь і каламбурна выкарысталі розныя значэнні лацінскага слова пегvus — ‘струна’ і ‘нерв’.

Іграць на руку каму. Гл. на руку (у руку) іграць каму.

Іграць першую скрыпку. Калька з ням. м. (dіе еrstе Gеіgе sріеlеn). Быць галоўным у якой-н. справе. Карнач там намеснік сакратара партбюро і, як расказваў Кіслюк, іграе ў бюро першую скрыпку, большасць членаў заварожана ім (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).

Прыйшоў з прафесійнай мовы музыкантаў, якія першай называюць скрыпку, што выконвае ў аркестры галоўную партыю; адпаведна іграць першую скрыпку — значыць выконваць на скрыпцы або групе скрыпак вядучую партыю ў струнным ці сімфанічным аркестры.

Іграць (сыграць) другую скрыпку. Калька з ням. м. (dіе zwеіtе Gеіgе sріеlеn). Займаць другараднае, падпарадкаванае становішча ў чым-н. Як вядома, у маладосці ён [Антон] прывык іграць другую скрыпку пры старэйшым браце Іване (У. Калеснік. Памяць — настаўніца жыцця).

Утвораны ў выніку пераасэнсавання адпаведнага словазлучэння, якое ў маўленні музыкантаў абазначае ‘выконваць у аркестры другую, суправаджальную партыю’.

Іерыхонская (ерыхонская) труба. Паўкалька з франц. м. (tгоmреttе dе Jérісhо). Чалавек з вельмі гучным голасам. Хлопцы пасапвалі насамі. Мудрык храпе. Выводзіць рулады, нібы трактар, Іерыхонская труба (І. Навуменка. Бульба).

Выток фразеалагізма — біблейскі тэкст (Ісус Навіна, 6). Ізраільцяне, вызваліўшыся з егіпецкага палону, накіраваліся ў Палесціну і па дарозе асадзілі горад Іерыхон. Сцены горада былі вельмі моцныя, і, здавалася, іх немагчыма разбурыць. Але калі ўсе затрубілі ў свяшчэнныя трубы, то сцены абваліліся і горад быў узяты.

I жук і жаба. Уласна бел. Усе без выключэння; усякі, кожны чалавек. Адчуваў [Янка]: ён цяпер самы няўдачлівы ў Янкавінах чалавек. I жук і жаба будуць тыцкаць у яго пальцам (Г. Далідовіч. Гаспадар-камень).

Створаны па аналогіі са шматлікімі выразамі, кампаненты якіх звязваюцца паўторным злучнікам і — і. У такіх выразах структурная схема і… і… звычайна запаўняецца супрацьпастаўленымі (на ўзроўні слоў) кампанентамі (і смех і грэх, і дзень і ноч, і сёе і тое, і намым і вашым, і там і тут і г.д.). Жук і жаба таксама як бы супрацьпастаўляюцца — па сваёй мізэрнасці. На выбар менавіта гэтых кампанентаў, магчыма, паўплывала і тое, што яны пачынаюцца з «ж». У беларускай літаратурнай мове гэты выраз упершыню ўжыты Я. Купалам у трагікамедыі «Тутэйшыя» (1922). Магчыма, выраз з’яўляецца «абломкам» прыказкі I жук і жаба мяне вучаць. Яна пабачыла свет толькі нядаўна — у зборніку А. Аксамітава «Прыказкі і прымаўкі» (Мн., 2000), дзе ёсць і раздзел «З рукапіснага неапублікаванага збору прыказак Яна Чачота» (яго запісы прыказак у навагрудскіх і лепельскіх гаворках адносяцца да 40-х гадоў XIX ст.).

<І> канцы ў ваду. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘не засталося ніякіх слядоў, доказу (злачынства, правіннасці)’ і ‘на гэтым усё кончана (пра канчатковую развязку чаго-н.)\ Наладзілі следства. Усім вядома было, што гэта Вінцанцюк пастараўся, але выразнага доказу не было. Усё было зроблена гладка — і канцы ў ваду (К. Чорны. Лявон Бушмар). [Наеум: ] Слова сказана, дый дзела звязана. Тады гарэлка на стол, ручнікі гатовы, дый канцы ў ваду (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка).

Ёсць некалькі меркаванняў пра этымалогію гэтага фразеалагізма. Адно з іх (найбольш пераканальнае) звязвае ўзнікненне фразеалагізма са звычкай разбойнікаў кідаць трупы забітых у раку, каб схаваць сляды злачынства. Выраз фіксуецца ў «Зборніку беларускіх прыказак» І. І. Насовіча.

<І> карты ў рукі каму. Агульны для ўсходнесл. м. У каго-н. ёсць усе падставы, магчымасці зрабіць, выканаць што-н.; хто-н. найбольш падыходзіць да чаго-н. (сваімі ведамі, вопытам і пад.). Няўжо, Аляксандр Максімавіч, не абыдзецца без маёй асобы там? Я ж не мастак па такіх вось справах… Вам і карты ў рукі, га?.. (Х. Шынклер. Сонца пад шпалы).

Утварыўся шляхам мадэліравання — на ўзор фразеалагізма і кнігі ў рукі каму (гл.). Выкарыстана структура фразеалагізма-папярэдніка, а адзін з кампанентаў заменены словам карты. Цяжка сказаць, якія карты — тапаграфічныя, геаграфічныя ці ігральныя — меліся на ўвазе пры ўзнікненні фразеалагізма.

I кнігі ў рукі каму. Агульны для ўсходнесл. м. У кагосьці ёсць усе падставы, вялікія магчымасці зрабіць, выканаць што-н. А ігракам з вышэйшай Лігі, як той казаў; і ў рукі кнігі! (ЛіМ. 7.05.1976).

Узнік з прыказкі Пісьменнаму і кнігі ў рукі, атрымаўшы ў спадчыну ад яе некаторыя рэшткавыя з’явы: рэалізацыя выразу ў маўленні немагчыма без дапаўнення яго назвай суб’екта ў давальным склоне (ікнігі ў рукі каму), неабходным элементам фразеалагізма выступае часціца і. Семантыка гэтага прыказкавага «абломка» значна пашырылася ў параўнанні са значэннем прыказкі, якая выкарыстоўвалася толькі ў дачыненні да пісьменных людзей.

I куры не шэпчуць пра каго. Уласна бел. Ніхто нічога не гаворыць пра каго-н., хто-н. не з’яўляецца аб’ектам размовы. — Гэта чаму такая непрыхільнасць раптам да мужчын?.. Але ж я тут які прычыннік? — Пра вас і куры не шэпчуць, не... (Р. Мурашка. Салаўі святога Палікара).

Гэта сэнсава алагічнае спалучэнне каламбурнага характару. Першапачаткова мелася на ўвазе: ніхто нічога не гаворыць пра кагосьці, нават куры, якія, зразумела, не ўмеюць ні гаварыць, ні шаптаць.

I лейцы ў рукі каму. Уласна бел. У каго-н. ёсць усе падставы быць кіраўніком чаго-н. Вы гаворыце тое, што цвярдзілаў свой час Сініцкая… Дык вам і лейцы ў рукі, Мікалай Пятровіч! У добры час… (М. Ваданосаў. У Баркоўскай пушчы).

Утварыўся ўнутрыфразеалагічным спосабам — на аснове дзеяслоўнага выразу браць лейцы ў рукі (гл.), сэнс якога — ‘прымаць на сябе кіраванне чым-н.’. «Абломак» дзеяслоўнага выразу захоўвае «долю» семантыкі ўсяго фразеалагізма. Можна гаварыць, што выраз ілейцы ў рукі сфармаваўся і шляхам мадэліравання — на ўзор такіх фразеалагізмаў, як ікнігі ў рукі (каму), ікарты ў рукі (каму) (гл.).

Імя каму, чаму легіён. Запазыч. з царк. — слав. м. Каго-, чаго-н. вялікае мноства, вельмі многа. Яўген стараўся не глядзець на яго, думаючы — як, мабыць, надакучыла гэтаму чалавеку вадзіць па ўчастку цікаўных гасцей, імя якім легіён (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).

Паводле Евангелля (Лука, 8,30), Ісус спытаўся ў аднаго ашалелага, як яго імя, і той адказаў: «Легіён імя нам, таму што нас многа» (г. зн. не адзін, а шмат чарцей было ў ім; калі ў чалавека, паводле старажытных уяўленняў, уваходзіць нячыстая сіла, ён становіцца шалёным). Фразеалагізацыі словазлучэння садзейнічалатое, што тут слова легіён выкарыстана не з прамым тагачасным значэннем (‘найбольшае вайсковае злучэнне ў Старажытным Рыме — ад 6666 да 12 500 і больш чалавек’), а з пераносным ‘многа’.

<І> на дух не пераносіць, не выносіць і пад. каго, што, чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Рашуча, неаспрэчна, катэгарычна. Трэба сказаць, што ён меў адну важную асаблівасць: ва ўсім любіў яснасць і на дух не пераносіў нічога чужароднага, замежнага, цьмянага і ўвогуле малазразумелага (А. Кудласевіч. «Жэзл Жалезны»).

Першапачаткова на дух (не пераносіць) сэнсава быў рэакцыяй на пах, які выдзяляецца з паверхні скуры чалавека ці жывёлы. Як адзначаецца ў літаратуры, ёсць людзі, якія па паху могуць адрозніць негра ад араба, індуса ад кітайца ці татарына. Параўн. прыклад, дзе фразеалагізм на дух яшчэ ўтрымлівае часцінкі пачатковага значэння антыпатыі да пэўных пахаў: «Дзе чарка, там і цыгарэта. Мая жонка поедам есць з-за курыва. На дух не пераносіць» (А. Казлоў).

I нашым і вашым. Запазыч. з руск. м., дзе выраз паводле паходжання з’яўляецца часткай прыказкі И нашим и вашиш за копейку спляшем. Ужыв. са значэннем ‘адначасова і адным і другім’, адмоўна характарызуючы паводзіны чалавека, які служыць, дагаджае двум розным па поглядах бакам. Пра Ганскага гаварылі, што парадку не глядзіць. Куды яго хто паверне, туды ён і вернецца — і нашым і вашым (К. Крапіва. Мядзведзічы).

I пайшло і паехала. Уласна бел. Прыйшло ў рух, пачалося што-н. (пра інтэнсіўнае разгортванне чаго-н.). I пайшло і паехала: таўкуць нагамі адзін аднаго, ажно з коўдры пыл курыць, пакуль маці не возьме бацькаву дзягу ды па коўдры той — два разы Яську, адзін раз — Калюлю (М. Гіль. Пуд жыта).

Выраз генетычна каламбурнага характару. Узнік на аснове слова пайшло ў выніку накладання на значэнне ‘пачало адбывацца’ яшчэ аднаго, зыходнага значэння гэтага ж слова ‘пачало рухацца, ступаючы нагамі’ і яго каламбурнага дапаўнення дадаткам паехала ‘пачало рухацца пры дапамозе транспарту’.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code