Ужываецца толькі пры слове муж як іранічна-ацэначны, камічны, смехатлівы дадатак да гэтага назоўніка, з якім звязаны рыфмай як сродкам спайкі і зліцця абедзвюх частак у непадзельны і марфалагічна нязменны комплекс. Выкарыстоўваецца і з нарашчэннем і лопнуў: «— У мяне муж ёсць… — Быў у цябе муж, ды аб’еўся груш і лопнуў, — зласліва пажартавала Агата» (Р. Сабаленка).
Абіванне парогаў. Агульны для ўсходнесл. м. Настойлівы зварот з просьбамі да каго-н. Відаць, сноўданне ды абіванне парогаў у пошуках лёгкага хлеба збіла яму [Івану] рогі (А. Васілевіч. Шляхі-дарогі).
Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага абіваць парогі чые, каму, каго, чаго (гл.).
Абіваць (паабіваць) парогі чые, каму, каго, чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Настойліва хадзіць куды-н., просячы, дамагаючыся чаго-н. Месяцамі калясіў Мікалай у пошуках заробку па пыльных дарогах чужога краю, абіваў парогі розных кантор (В. Праскураў. Аповесць пра шчасце).
Утвораны шляхам пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое абазначае ‘частай хадой стоптваць парогі, шкодзіць іх паверхню’.
Абкласці чырвонымі сцяжкамі каго. Уласна бел. Стварыць крайне неспрыяльныя ўмовы для чыёй-н. жыццядзейнасці. Атрымліваецца, што рэдактара газеты абклалі чырвонымі сцяжкамі (Нар. воля. 7.05.2002).
Склаўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага з аблавай на ваўкоў. Параўн. у апавяданні В. Карамазава «Час ваўкоў»: «Ваўкі ішлі ўздоўж чырвоных, нібы плямы крыві на белым снезе, сцяжкоў, а мы з Петраком стаялі ў крузе, у загоне, і добра бачылі, як прыгожа яны ішлі. Нас шэрыя пачулі даўно, можа, як толькі мы тут з’явіліся, чулі, як абносілі іх лес сцяжкамі».
Абкручваць вакол пальца каго. Гл. абводзіць (абкручваць) вакол пальца каго.
Абліванне граззю <каго>. Агульны для ўсходнесл. м. Несправядлівае абвінавачванне, незаслужанае зневажэнне. Масей Сяднёў як мага стараўся быць нейтральным да бакоў што змагаліся між сабой, не займаўся паклёпніцтвам і абліваннем граззю свайго непрыяцеля (ЛіМ. 3.09.1999).
Сфармаваўся ўнутрыфразеалагічным спосабам на базе суадноснага дзеяслоўнага выразу абліваць граззю (каго, што) і адрозніваецца ад яго семантыкай, катэгарыяльным значэннем прадметнасці, марфалагічнымі формамі і сінтаксічнай роляй.
Аблудная авечка. Гл. заблудная (блудная, аблудная) авечка.
Абмазаць дзёгцем каго, што. Гл. мазаць (абмазаць, вымазаць) дзёгцем каго, што.
Абняць неабдымнае. Гл. абдымаць (абняць) неабдымнае.
Абое рабое. Агульны для бел. і ўкр. (обое рябое) м. Адны не лепшыя за другіх, адзін не лепшы за другога. Раздушыце інквізітараў — усё адно, папоў ці ксяндзоў. Абое рабое (УКараткевіч. Каласы пад сярпом тваім).
Выраз з’яўляецца фрагментам рыфмаванага выслоўя Абое рабое, паеў воўк абое, у якім першапачаткова меліся на ўвазе, відаць, маладыя істоты. Форма абое рабое замест чаканага абое рабыя выклікана патрабаваннем рыфмы. Існаванне фразеалагізма ў сучасных бел. і ўкр. м. падтрымліваецца тым, што ў абедзвюх мовах паралельна з абодва (мужч. і н. р.) і абедзве (ж. р.) ёсць зборны лічэбнік абое, які звычайна ўжываецца, калі гаворыцца адначасова пра асоб і мужчынскага, і жаночага полу. Параўн. у руск. м.: оба, обе. У старабеларускай мове лічэбнік абое меў родавыя адрозненні: обои — мужч., обоя — ж., обое — н. роду.
Абразаць (абрэзаць) крылы (крылле) каму, у каго. Калька з франц. м. (соuрег lеs аіlеs á qn). Пазбаўляць магчымасцей дзейнічаць, ажыццяўляць што-н. Ну, вядома, шляхта, у якой абразаюць крылы, не з намі, ды яна нам і не патрэбна (Я. Нёманскі. Маці).
Склаўся шляхам пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў дачыненні да птушак.
Абрастаць (абрасці) мохам. Агульны для ўсходнесл. (руск. обрасти мохом, укр. порости мохом) і польск. (mоhеm рогоsnąс) м. Ужыв. са значэннямі ‘станавіцца багацейшым, разжывацца’ і ‘адставаць ад жыцця, духоўна апускацца’. —Дык ты, напэўна, ужо даўно тут жывеш? — Не так даўно, а мохам крыху аброс (І. Аношкін. Сустрэча). Без таварыша… без блізкага чалавека цяжка робіцца жыць… Прыязджай, каб не абрасці мохам (Ц. Гартны. Сокі цаліны).
Паходзіць з прыказкі На адным месцы і камень мохам абрастае і сваім першым значэннем знаходзіцца ў семантычнай сувязі з яе сэнсам ‘жывучы на адным месцы, чалавек разжываецца, становіцца багацейшым’.
Абрэзаць крылы каму, у каго. Гл. абразаць (абрэзаць) крылы (крылле) каму, у каго.
Абсалютны нуль. Агульны для ўсходнесл. м. Нікчэмны чалавек, зусім бескарысны ў якой-н. справе. Хоць ён («дзеяч») асабіста для ўсіх нас уяўляў сабою абсалютны нуль, але ж з займаемага крэсла яму прагнулася даваць «каштоўныя ўказанні», і, хочаш не хочаш, кожны, калі ён выклікаў, павінен быў выслухоўваць яго саматужныя прамудрасці (К. Кірэенка. Размова з Андрэем Макаёнкам).
Узнік у выніку пераасэнсавання адпаведнага састаўнога тэрміна. Ім абазначаецца самая нізкая магчымая тэмпература (-273,16 °C), пры якой спыняецца хаатычны цеплавы рух малекул у целе.
Абсевак у полі. Агульны для бел. і руск. м. Няварты чалавек, не такі, як усе, горшы за іншых. Абсеўкам у полі жыла Агата ў сям 'і Сымона Карпача (Я. Нёманскі. Тодар Базылёнак).
Склаўся на аснове адпаведнага свабоднага словазлучэння. Абсевак — незасеяная лапіна на ніве, прапушчанае пры сяўбе месца.
Абтрэсці прах з ног чый, каго, чаго. Запазыч. з царк. — слав. м. Канчаткова парваць з кім- ці чым-н. Калі рваць, дык рваць рашуча… Абтрасём яго прах з нашых ног! (П. Місько. Шчасця ключы).
У евангельскім тэксце (Лука, 9, 5) даецца парада: «Калі хто не прыме вас і не паслухае слоў вашых, то, выходзячы з дома ці горада таго, абтрасіце прах ад ног вашых». Тут словазлучэнне абтрэсці прах ад ног (са стараславянізмам прах у значэнні ‘пыл’) адначасова мае і прамы сэнс, бо звязваецца з былым, тагачасным звычаем: назаўсёды парываючы сувязь з кім-небудзь, сімвалічна абівалі пыл са сваіх ног, тупнуўшы некалькі разоў ля парога.
Абуць у лапці каго. Гл. у лапці абуць каго.
Абы дзень да вечара. Агульны для бел. і ўкр. (аби день до вечора) м. Ужыв. са значэннямі ‘як папала, нядбала, без ахвоты і старання (рабіць, працаваць і пад.)’ і ‘каму-н. абсалютна аднолькава, без розніцы, не мае значэння для каго-н.’. Нядаўна і яна [Крышталевіч] пабывала ў гэтым калгасе і бачыла, як нехаця там калгаснікі працавалі — абы дзень да вечара (В. Якавенка. Сэрца — не камень). Гэта яму, Хамянку, абы дзень да вечара, яму і заробак ні ішоў ні ехаў, і так грошай у бацькі з маткаю хоць сцены ў хаце абклейвай (М. Кусянкоў. Прыгода ля зімоўя).
Відаць, паходзіць са сказа Абы дзень да вечара прайшоў, дзеяслоўны кампанент якога адпаў. Параўн.: «Не шчыруе, не стараецца і цяпер асабліва ён на калгаснай ніве. Так, целюхаецца абы з ранку да вечара дзень прайшоў» (Б. Сачанка). Ф. М. Янкоўскі мяркуе, што фразеалагізм утварыўся з прыказкі Абы дзень да вечара, а там печ увечары, якая бытуе ў гаворцы «на поўдні ад Глуска».
Абы з рук. Уласна бел. Вельмі нядбала, без ахвоты і старання (працаваць, рабіць і пад.). Клаліся Дзюдзюновы стажкі і вазы не проста так сабе, не абы з рук (Ф. Янкоўскі. Дзюдзюн).