MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Зуб мець на каго. Калька з франц. м. (аvоіr unе dеnt). Тайна ненавідзець каго-н., адчуваць непрыхільнасць да каго-н. Мы засталіся ўдвух. Селязнёў сядзіць злы ў кутку, бачу, на мяне зуб мае (В. Быкаў. Абеліск).

Французам вядомы і гэты выраз, і біблейскі вока за вока, зуб за зуб (гл.), паміж якімі ёсць сэнсавае падабенства. Хутчэй за ўсё, на аснове гэтага запазычання з Бібліі, якое адлюстроўвае закон адплаты за прычыненае зло, склаўся фразеалагізм зуб мець. Тут зуб выступае як кампанент, семантычна намагнічаны за кошт сэнсавага цэлага, як патэнцыяльнае слова са значэннем «злосць».

Зубы загаворваць каму. Агульны для ўсходнесл. м. Уводзіць у зман, знарок адцягваць увагу ад чагосьці. I ты мне, зяцёк… свайго розуму не паказвай. Гэта ты можаш перад кім, а мне ты, зубы не загаварвай, яны у мяне яшчэ… (Р. Мурашка. Салаўі святога Палікара).

Паходзіць са свабоднага словазлучэння, звязанага з ранейшым звычаем: на працягу многіх стагоддзяў знахары з дапамогай доўгіх бяссэнсавых замоў «сунімалі» зубны боль. У пераасэнсаванні словазлучэння загаворваць зубы адлюстраваліся адмоўныя, іранічныя адносіны людзей да замоў і тых, хто замаўляе.

Зубы замаўляць каму. Агульны для бел. і ўкр. м. Хітруючы, пабочнымі размовамі адцягваць увагу ад чаго-н. Ты мне зубоў не замаўляй, бо ўсё роўна нічога не дам за тваю балбатню (І. Козел. Папараць-кветка).

Мае такую ж гісторыю ўзнікнення, як і зубы загаворваць каму (гл.), які, у адрозненне ад зубы замаўляць, бытуе ў трох усходнесл. м. Па гэтай прычыне перад намі не варыянты аднаго фразеалагізма, а два асобныя выразы.

Зубы з’еў на чым, у чым. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. Абазначае ‘мае вывучку, навыкі ў чым-н.’. Эт, пано… хацеў сказаць: ясны пане, — я чалавек бывалы, зубы з’еў на дворнай службе (В. Дунін-Марцінкевіч. Залёты).

Паходзіць са свабоднага словазлучэння, якое пераасэнсавалася на аснове падабенства з’яў: у каня, калі яму болын за дзевяць гадоў, зубы з’едзеныя; зразумела, што такі конь мае пэўную «вывучку». Зрэдку фразеалагізм ужываецца і са значэннем ‘састарэць, дажыць да старых гадоў на адным месцы, на адной пасадзе’; у такім разе змяненне дзеяслоўнага кампанента не абмяжоўваецца толькі формамі прошлага часу (з’еў, з’ела, з’елі): «Вельмі ўжо ты душу сваю ў крук гнеш. Так і з’ясі зубы на пабягушках, пісарчуком» (К. Чорны).

Зубы на паліцу класці. Агульны дляўсходнесл. м. Жывучы ў нястачы, пастаянна недаядаць, галадаць. — А нам чым жыцьі — уплятаў Васіль у іншыя свой крык, у якім былі разам і ўпартасць і страх. — Нам зубы на паліцу?!! (І. Мележ. Подых навальніцы).

У аснове фразеалагізма трапны гіпербалічны вобраз, матываваны практычнай, гумарыстычна афарбаванай развагай: калі няма чаго есці, дык і няма занятку зубам, а таму хоць кладзі іх на паліцу. Хоць зубы на паліцу кладзі (гл.), відаць, і была першапачатковая форма выразу, у якой ён выкарыстоўваецца і ў наш час: «а ты хоць зубы на паліцу кладзі» (Ядвігін Ш.), «мужыку ж хоць зубы злажы на паліцу» (Я. Купала). У далейшым фразеалагізм стаў ужывацца без хоць, набыў большую катэгарычнасць, а таксама асабовыя і трывальныя формы дзеяслоўнага кампанента.

З усіх ног. Калька з франц. м. (à toutеs jаmbеs). Вельмі хутка, імкліва (бегчы, кідацца, пускацца і пад.). Чубар з усіх ног кінуўся бегчы на вяршыню валатоўкі, каб паглядзець адтуль на дарогу (І. Чыгрынаў. Плач перапёлкі).

Першапачаткова ўжываўся ў дачыненні да коней.

З царом у галаве. Запазыч. з руск. м. Вельмі разумны, кемлівы. Старшыня чалавек бывалы, з царом, як кажуць, у галаве. З ім гаварыць цікава пра ўсё (В. Карамазаў. Я любіў яго).

Узнік на аснове прыказкі Свой ум — царь в голове; параўн. яшчэ: У каждого свой царь в голове; У всякого свой ум и разум, свой царь в голове.

Зялёнае святло. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. зеленый свет, укр. зелено світло). Свабодны шлях, без перашкод і затрымак. Каб даць ідэям зялёнае святло, неабходна было распачынаць рэканструкцыю вытворчасці (Звязда. 18.01.1986).

Склаўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага са святлафорнай сігналізацыяй, пры якой зялёнае святло з’яўляецца знакам свабоднага праезду, праходу.

Зялёная вуліца1. Агульны для ўсходнесл. м., стаў гістарызмам і ўжываецца са значэннем ‘строй салдат са шпіцрутэнамі’ толькі ў тэкстах і вуснай мове, калі гаворка ідзе пра з’явы мінулага. Сын бітага, хвастанага бацькі, чалавек, дзіцячым светам якога была казарма, а развагаю — дні, калі збеглых праганялі праз зялёную вуліцу, ён прагнуў кар ’еры як адзінага сродку пазбавіцца ад навакольных жахаў, ад зубатычын, ад стаяння з цагельнай выкладкай пад ружжом (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім).

У царскай Расіі было і такое пакаранне: абвінавачанага праводзілі праз строй салдат, кожны з якіх павінен быў выцяць асуджанага па голай спіне шпіцрутэнам — двухметровай гнуткай палкай. Праход паміж дзвюма шарэнгамі ўяўляўся як «вуліца», а «зялёнай» яна называлася таму, што ў руках салдат былі звычайна зялёныя, з лазняку, пруты.

Зялёная вуліца2. Агульны для ўсходнесл. м. Свабодны шлях, без перашкод і затрымак. — Добра вам: вашым рукапісам зялёная вуліца! — Аякую, скажыце, вуліцу даваць «зялёным» рукапісам? (Ф. Янкоўскі. У рэдакцыі).

Паходзіць з прафесійнай мовы чыгуначнікаў: калі трэба тэрмінова даставіць па чыгунцы важны груз, то поезду на працягу ўсяго яго руху адкрываюць зялёныя семафоры. Узнікшы ў асяроддзі чыгуначнікаў, фразеалагізм перасягнуў яго межы. Вось некаторыя прыклады, якія ў пэўнай ступені адлюстроўваюць шлях фразеалагізма ў літаратурную мову (спачатку — пра поезд, пасля — са спасылкай на мову-першакрыніцу, а затым — без спасылак, як звычайны агульнанародны выраз): Адны цягнікі праносяцца паўз будку, як вецер, зацягваючы перад семафорам настойлівы жалезны крык, патрабуючы «зялёнай вуліцы» (І. Навуменка. Сасна пры дарозе); У ідэале трэба імкнуцца да таго, каб кожнаму правілу даць, як кажуць чыгуначнікі, зялёнўю вуліцу... (К. Крапіва. Пытанні беларускага правапісу); Мы… не дапытвапіся, вядома, пра аутара, а далі яго вершам «зялёную вуліцу» (Я. Брыль. Памяці Валянціна Таўлая).

Зямны рай. Агульны для ўсходнесл. м. (параун. у польскм.: rаj nа zіеmі). Незвычайна прыгожая мясціна, дзе можна шчасліва і бесклапотна жыць. Ва ўрочышчы Пасека, дзе мы цяпер вячэраем, дык наогул рай зямны! (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі).

Склаўся на аснове біблейскага аповеда пра рай — прыгожы Эдэмскі сад, дзе напачатку жылі Адам і Ева.

З’яўленне на свет. Агульны для ўсходнесл. м. Нараджэнне каго-н. Бацька вельмі хацеў дзяцей, вельмі перажываў, калі памерлі першынцы, і на маё з ’яўленне на свет ён глядзеў як на самую вялікую падзею ў сваім жыцці (Я. Крупенька. 3 майго жыццяпісу).

Назоўнікавае ўтварэнне на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма з ’яўляцца (з’явіцца) на свет ‘нарадзіцца’.

І

I брывом (вокам) не вядзе. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. и бровью/оком не ведет, укр. і бривом/оком не веде). Ніяк не рэагуе, не звяртае ніякай увагі. Філімонаў і Мерлякоў знікаюць. Памкамузвода, старшыня і брывом не вядуць. Як бы іх гэта не датычыць (І. Навуменка. Смутак белых начэй).

Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека называецца па знешнім выразніку гэтага стану.

I вокам не вядзе. Гл. і брывом (вокам) не вядзе.

I вухам не вядзе. Агульны для ўсходнесл. м. Ніяк не рэагуе, не звяртае ўвагі. Хоць якім прамоўцам будзь: яны й вухам не вядуць (К. Крапіва. Да лігі «Час»).

Генетычна гэта «метафара, узятая з жывёльнага свету» (В. У. Вінаградаў). Фразеалагізм, калі гаворка ідзе, скажам, пра каня, адначасова будзе ўспрымацца і як свабоднае словазлучэнне, бо пры адчуванні звера ці іншай небяспецы конь вядзе вушамі: «Эх ты, конік, мой конік! Дурны ты, брат! Там гарматы гудуць, а ты нічога не разумееш і вухам не вядзеш» (Я. Колас).

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code