Першапачаткова выкарыстоўваўся пры дзеясловах купляць, набываць і пад., калі размова ішла пра гандлёвыя справы.
З плеч ды ў печ. Уласна бел. (фіксуецца і ў некаторых руск. парэміялагічных працах XIX ст., але ў сучасных руск. слоўніках не падаецца). Ужыв. са значэннямі: 1) без асаблівых запасаў, не клапоцячыся пра заўтра, бестурботна (жыць), 2) абы-як, нядбайна (рабіць), 3) зараз жа, неадкладна, не задумваючыся (рабіць што-н.). Рос ён [Марцін] у вялікай сям’і, меў многа братоў і сясцёр, Жылі — з плеч ды ў печ (А. Варановіч. Ластаўкі пакідаюць гняздо). Усе маўчалі… і толькі Вакула пачаў гаварыць, што вось бяруцца за справу людзі, якія сякеру не могуць у руках трымаць, а потым сорам на ўсю брыгаду… Але ж сам рабіў з плеч ды ў печ… (Я. Радкевіч. Казка пра белага арапа). Чытаючы некаторыя творы, думаеш, што аўтар толькі пагартаў зборнік прыказак і прымавак і адразу — з плеч ды ў печ — перадаў іх сваім героям (Р. Шкраба. На кожны дзень).
Паводле І. Ілюстрава, першапачаткова фразеалагізм адлюстроўваў даўнейшы быт, беднасць і галечу: многія людзі не мелі запаснога, зменнага адзення, таму тое, што было ў іх на плячах, час ад часу ішло ў печ, г. зн. выварвалася ў чыгуне з лугавой вадой. А магчыма, выраз мог скласціся і ў такой маўленчай сітуацыі: «Ніколі ў Лявона не хапае часу, каб, як людзі, нацягаць дроў на зіму, нарэзаць, насекчы. Заўсёды так: з плеч ды ў печ» (А. Кудравец).
З понтам. Агульны для ўсходнесл. м. З мэтай стварыць пэўнае ўражанне (форсу, важнасці, паказухі і пад.). «Дзе падарунак?» — амаль крыкнуў хчопчык. «А я з понтам, піянер, — зноў усміхнулася госця. — З сабой няма, але...» (Ю. Станкевіч. Усе дзеці любяць бананы).
Паходзіць з турэмна-лагернага жаргону. Утварыўся на аснове фразеалагізма для (дзеля) понту (гл.).
Зрабіць вялікія вочы. Гл. рабіць (зрабіць) вялікія вочы.
Зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні. Гл. рабіць (зрабіць) добрую міну пры дрэннай гульні.
Зрабіць з белага чорнае. Гл. рабіць (зрабіць) з белага чорнае (белае чорным).
Зрабіць з камара каня. Гл. рабіць (зрабіць) з камара каня.
Зрабіць з мухі слана. Гл. з мухі зрабіць слана.
Зрабіць пагоду <у чым, дзе>. Гл. рабіць (зрабіць) пагоду <у чым, дзе>.
З разбітым сэрцам. Уласна бел. Адчуваючы непакой, пакутуючы (звычайна з-за няўдалага кахання). Гаршчэня, з разбітым сэрцам, глядзеў кудысьці ў далечыню, але нічога не бачыў (I. Гурскі. На берагах Прыпяці).
Прыслоўны фразеалагізм, утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага разбіваць (разбіць) сэрца (каму, чыё), які абазначае ‘рабіць каго-н. няшчасным, прычыняючы душэўныя пакуты’.
Зроблены на адзін капыл. Агульны для ўсходнесл. (руск. сделаны на одну колодку, укр. зроблени на один копил) і польск. (zrоbіопе nа jеdnо kоруto) м. Вельмі падобныя адзін да другога, аднолькавыя. Так я вам і паверыла! Усе вы мужчыны зроблены на адзін капыл! (І. Гурскі. Вецер веку).
Паходзіць з маўлення шаўцоў: капыл — ‘кавалак з дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’.
З рукамі адарваць. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘з вялікай ахвотай прыдбаць, купіць што-н.’ і ‘з вялікай ахвотай уладкаваць, узяць каго-н. куды-н.’. Урэшце прадаць усё гэта можна, не выходзячы з дому, цяпер любыя прадукты з рукамі адарвуць, дзякуй скажуць (І. Шамякін. Гандлярка і паэт). — I пасведчанне [вадзіцеля] ёсць? — Маю. — Значыць, цябе ўсюды з рукамі адарвуць (І. Чыгрынаў. Трэція пеўні).
У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.
З рук у рукі. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘непасрэдна каму-н. (перадаваць, здаваць, адцаваць)’, ‘ад аднаго да другога, ад адных да другіх (хадзіць, пераходзіць, перадаваць і пад.)’ і ‘у валоданне то да аднаго, то да другога напераменку (пераходзіць у часе ваенных дзеянняў)’. Марына адвяла Лену ў адну хату і з руку рукі, што называецца, перадала дзяўчыну маладой сялянцы (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Так і ходзіць з руку рукі лістоўка ці газета, якая невядома адкуль трапілаў салдацкую кішэню (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка). За апошнія чатыры гады ён [Выбарг] трэці раз пераходзіць з рук у рукі (І. Навуменка. Смутак белых начэй).
Выраз успрымаецца як разгорнутая сінекдаха (назва часткі чалавечага цела ўжыта ў значэнні цэлага).
Зрушыць горы <з кім, з чым>. Гл. варочаць (звярнуць, зрушыць, перавярнуць) горы <з кім, з чым>.
З сэрцам. Агульны для ўсходнесл. м. Сярдзіта, раззлавана (сказаць, крыкнуць і пад.). — Які ты мурзаты, Паўлік, — з сэрцам сказала Даруя Антонаўна (Л. Дайнека. Футбол на замініраваным полі).
Першапачатковае значэнне слова сэрца тут — ‘цэнтр злосці, гневу’ (параўн.: сердаваць, сярдзіты).
З сямі печаў хлеб есці. Агульны для ўсходнесл. м. Быць у розных пераплётах і многае зведаць у жыцці. Многа я бадзяўся па свеце. З сямі печаў хлеб еў…А лепшай ракі, чым наш Дняпро, не бачыў (Л. Левановіч. Зямля і людзі).
Фразеалагізм усведамляецца як матываваны. Кампанент сямі, нярэдкі ў фразеалагізмах і прыказках, тут генетычна не абазначае строга акрэсленую колькасць, а перадае паняцце мноства. Выраз фіксуецца ў «Зборніку беларускіх прыказак» І. І. Насовіча і працы М. Федароўскага «Люд беларускі на Русі Літоўскай».
З трэціх вуснаў. Гл. з другіх (трэціх) вуснаў.
З трэціх рук. Гл. з другіх (трэціх) рук.
Зуб за зуб. Запазыч. з царк. — слав. м. Адплата злом за прычыненае зло. [Вера: ] Можа, у каго ёсць іншая прапанова? [Люба: ] У мяне ёсць! Падняць тарыф на халтурныя работы. [Надзея: ] Да тысячы тугрыкау за аб'ект. [Вера: ] 3 нас дзяруць, і мы драць будзем… [Надзея: ] Зуб за зуб! (А. Петрашкевіч. Укралі кодэкс).
Частка біблейскай формулы закону адплаты (Зыход, 12,24): «Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб: як ён зрабіў пашкоджанне на целе чалавека, так і яму трэба зрабіць».
Зуб за зуб зайшоў у каго, з кім. Уласна бел. Склаліся непрыемныя адносіны, пры якіх адзін не ўступае другому. — Кажуць, ты не паладзіў са сваёй?.. — Разводжуся яшчэ… збіраюся разводзіцца. — Зуб за зуб зайшоў? — Ліха яе ведае (Л. Калодзежны. Водар палыну).
Утварыўся шляхам пашырэння кампанентнага складу фразеалагізма зуб за зуб (гл.). Набыўшы струюуру двухсастаўнага сказа, фразеалагізм атрымаў і іншае, чым яго папярэднік, значэнне, аднак сэнсавыя сувязі паміж імі захаваліся.