Выраз з агульным аналітычным значэннем. Кампаненты сэнсава суадносяцца з прыватнымі значэннямі адпаведных слоў: кампанент знаходзіць — са значэннем ‘дабівацца, адшукваць’, агульны — са значэннем ‘узаемны’, мова — са значэннем ‘сродак наладжвання сувязі паміж людзьмі’.
З неба (з месяца) зваліўся (-лася, — ліся). Агульны для ўсходнесл. м. Звычайна ўжыв. у пытальных сказах, абазначаючы ‘не разумееш таго, што відавочна ўсім’. —А што за камітэт такі? — Гэ! Ды ты што — з неба зваліўся? Камітэт — гэта наша з табой зараз начальства (Л. Дайнека. Людзі і маланкі).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. Магчыма, выраз склаўся пад уплывам франц. тотbеr dеs nuеs (літаральна «ўпаў (зваліўся) з воблакаў»).
Знімацца (зняцца) з якара. Агульны для ўсходнесл. м. Адпраўляцца, ад’язджаць. Амаль што разам з трактарыстам зняўс я з якара і дзядзька на падводзе, нават шлегануў лейчыною каня па баку, азірнуўся (А. Жук. Чорны павой).
Склаўся ў выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні маракоў.
Знімаць стружку з каго. Гл. здымаць (знімаць, зняць) стружку з каго.
З носа. Агульны для ўсходнесл. м. З кожнага, з аднаго чалавека. Пашпарты, білеты — усё бяру на сябе. Абы-хто гэтага не зробіць. За ўсе выдаткі па дзесяць даляраў з носа (В. Супрунчук. У Парагвай, у цёплы край).
Утвораны шляхам сінекдахічнага пераносу (назва часткі ўжыта ў значэнні цэлага).
З носам пакідаць, заставацца, ісці і пад. Усходнесл. Без таго, на што разлічваў, спадзяваўся хто-н., чаго дабіваўся. Апроч усяго іншага, Васілю было проста непрыемна, што ён, войт, нягледзячы на ўсе захады, каб злавіць старога Талаша, аставаўся, як кажуць, з носам (Я. Колас. Дрыгва).
Этымалогія выразу звязваецца з аманімічным свабодным спалучэннем, у якім даўно зніклае слова нос, утворанае ад дзеяслова насіць, абазначала ‘прынос’ — падарунак, хабар, што давалі баярам, духавенству, калі прасілі чагосьці. Не заўсёды дапамагаў і «нос», тады просьбіт заставаўся з тым, што прынёс («з носам»), г. зн. цярпеў няўдачу. Такі ж лёс мог напаткаць і жаніха, калі ён прыносіў калым бацькам нявесты, а яму адмаўлялі.
Зняцца з якара. Гл. знімацца (зняцца) з якара.
Зняць стружку з каго. Гл. здымаць (знімаць, зняць) стружку з каго.
Зорка закацілася (патухла) чыя. Калька з франц. м. (étоіlе рâlіt). Кончылася чыё-н. шчасце, поспехі, кар’ера і пад. Картэра секанула думка: яго зорка закацілася! Відаць, у ваеннапрамысловым комплексе карту паставілі на іншага іграка (С. Паўлаў. Тарцюф XX стагоддзя).
Узнікненне фразеалагізма звязана з даўнейшай верай у тое, што лёс чалавека залежыць ад зорак, ад таго, пад якой зоркай ён нарадзіўся, як яна свеціць.
Зорка першай велічыні. Калька з ням. м. (Stеrn еrstег Größе). Вельмі славуты ў пэўнай галіне чалавек. Акрамя самога гаспадара, там ужо былі Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Пятро Глебка, Максім Лужанін. Зоркі першай велічыні, паважаныя людзі (І. Шамякін. Спакойная мудрасць, мужны талент).
Узнік у выніку фразеалагізацыі тэрміналагічнага словазлучэння, якім у астраноміі называюць самыя яркія зоркі, бачныя без тэлескопа.
Зорная гадзіна (часіна) чыя, для каго. Калька з руск. м. (звездный час); у слоўніках англ., франц., ням., а таксама ўкр. і польск. м. выраз не фіксуецца. Вялікі поспех, трыумф, росквіт у якой-н. справе, дзейнасці. [Андрэй Іванавіч] адчувае: наступае яго зорная часіна. Позна наступае, на схіле жыцця, але шчасце асабістае і творчае яго ўсё-такі не абмінула (І. Навуменка. Старавіленскі тракт).
Выраз аўстрыйскага пісьменніка С. Цвэйга з прадмовы да яго зборніка гістарычных навел «Зорныя гадзіны чалавецтва» (1927); на рускую мову перакладзены ў 1956 г. Паводле С. Цвэйга, «кожны крок эпохі… выспявае паступова», «з мільёнаў упустую пражытых часін толькі адна становіцца сапраўды гістарычнай — зорнай гадзінай чалавецтва». Гэтыя гістарычныя імгненні «прадвызначаюць лёс сотняў пакаленняў, накіроўваюць жыццё асобных людзей, цэлага народа ці нават усяго чалавецтва». Яны, як вечныя зоркі, «нязменна ззяюць у ночы забыцця і тлену». Выраз атрымаў пераасэнсаванне і больш шырокую сферу прымянення.
З-пад зямлі даставаць (дастаць). Агульны дляўсходнесл. м. Пры любых умовах, любым спосабам і абавязкова. [Гарлахвацкі:] А грошы будуць. Для вас з-пад зямлі дастану (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім).
В. І. Чарнышоў, Э. Вартаньян і інш. лічаць, што ўзнікненне фразеалагізма мае сувязь з даўнейшым звычаем закопваць у зямлю «на чорны дзень» металічныя грошы.
З паднятым забралам. Гл. з адкрытым (паднятым) забралам.
З-пад спуду. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае ‘з забыцця (даставаць, вызваляць і пад.)’. З-пад спуду вырваўшыся, следам выходзіць праўда на прастор (М. Аўрамчык. Волхаўская споведзь). Або: Рэцэпт стары з-пад спуду ў Амерыцы дасталі (У. Корбан. Вашынгтонскі кулінар).
Склаўся на аснове фразеалагізма пад спудам (гл.) як антанімічнае ўтварэнне, як яго сэнсавая супрацьлегласць.
З паходам. Уласна бел. З невялікім перавышэннем (пры прыблізным вызначэнні велічыні, даўжыні, колькасці чаго-н.). — А мы хацелі, каб вы яблык нам па якому кілаграму прадалі. — Наце, бярыце! — падала нам цётка па чатыры залатабокія антоны. — Тут мо яшчэ і з паходам будзе (Р. Сабаленка. Яблыкі).
Узнік праз супастаўленне з узважваннем на бязмене: калі тое, што ўзважваюць, крыху цяжэйшае за патрэбную вагу, то рычаг з грузам не стаіць на месцы, а «ходзіць», ідзе ўніз.
З першага погляду (позірку). Калька з франц. м. (аu ргеmіеr аsресt). Ужыв. са значэннямі ‘адразу ж’ і ‘па першым уражанні’. З бакавых дзвярэй выйшаў на хвіліну, трэба думаць, дырэктар магазіна. Яго я не ведаў, але з першага позірку можна было вызначыць, што ён тут старажыл (У. Шахавец. Блакітная мара). Адна дробная з першага погляду рэч запыніла на сабе іх увагу. Яны ўбачылі ў лесе сляды чалавечых ног (Я. Колас. Дрыгва).
Лічэбнікавы кампанент усведамляецца як сэнсаўтваральны.
З першых вуснаў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. из первых уст, укр. з перших уст). Непасрэдна ад сведкі, відавочніка, удзельніка; з самых дакладных крыніц (чуць, даведвацца і пад.). Гэта навіна прымусіла набраць нумар сакратара гаркома партыі, каб, як кажуць, з першых вуснаў пачуць пра падрабязнасці (Звязда. 1.01.1988).
Відаць, утвораны па мадэлі з ужо існуючым фразеалагізмам з першых рук (гл.) — калькі з франц. м., адно са значэнняў якога — ‘непасрэдна ад сведкі, відавочніка, удзельніка (чуць, даведвацца і пад.)’.
З першых рук. Калька з франц. м. (dе ргеmіèrе mаіn). Ужыв. са значэннямі ‘непасрэдна ад уладальніка, не праз перакупшчыка (купляць, набываць)’ і ‘непасрэдна ад сведкі, відавочніка, з самых дакладных крыніц (атрымліваць якую-н. інфармацыю, даведвацца, чуць і пад.)’. «Лепш купляць з першых рук», — сказаў Іліко, слова ў слова паўтараючы тое, што ўчора чуў у духане (Э. Самуйлёнак. Будучыня). Будзь як той колісь Несцер-летапісец. Каб нашы нашчадкі страсянулі пыл з хартый і з першых рук уведалі пра тое, што мы тут, у гэтых лясах, рабілі (Р. Сабаленка. Іду ў жыццё).