Зімой і летам адным цветам. Уласна бел. Ужыв. пры дзейніку са значэннем асобы і мае сэнс ‘заўсёды ў адным і тым жа адзенні’. Адзець на змену не было чаго… I яна [маці], і дзеці зімой і летам адным цветам, — адно насілі, латанае-пералатанае (М. Гіль. Прагал).
Склаўся на аснове аналагічнай загадкі пра елку, хвою. Параўн. тэкст, дзе гэта сувязь выразна адчуваецца: «Зойка амаль па году не здымала з сябе сіняй пацёртай спадніцы і цёмна-шэрай шарсцяной жакеткі. А як жыла тая ж Зойка, чым жыла — ніхто і не думаў цікавіцца! Чулася пра яе толькі адно: „Зімой і летам адным цветам“. З таго і празвалі Зойку „елкай“» (Я. Янішчыц. Трое сутак надзеі).
З каломенскую вярсту. Запазыч. з руск. м. Вельмі высокі (пра чалавека). Адзін, як за Крычавам кажуць, з каломенскую вярсту, другі — каратыш (І. Чыгрынаў. Свае і чужынцы).
Узнік на базе той жа крыніцы, што і фразеалагізм каломенская вярста (гл.).
З капейкамі. Уласна бел. З невялікім перавышэннем. Нам трэба паспець у эвакапункт, а праз нейкі час зноў на платформу — састаў, што на Славянск праследуе, прыбывае праз нейкую гадзіну з капейкамі (І. Капыловіч. Калі трэба жыць).
Склаўся шляхам мадэліравання — на ўзор сінанімічных выразаў з гакам, з хвосцікам і інш., якія ўжываюцца пасля лічэбнікавага спалучэння пры прыблізным вызначэнні велічыні, даўжыні, колькасці чаго-небудзь.
З карабля на баль. Запазыч. з руск. м. Спалучаецца з дзеясловамі пападаць, прыязджаць, трапіць і ўжываецца, калі кажуць пра неспадзяваную змену абставін, са значэннем ‘з дарогі на нечаканы занятак’: Вярнуўшыся ў Мінск, артысты трапілі, што называецца, з карабля на баль: трактаразаводцы папрасілі іх выступіць у святочным канцэрце, прысвечаным 30-годдзю завода (ЛіМ. 18.06.1976).
Крылаты выраз з рамана А. С. Пушкіна «Яўгеній Анегін». Герой рамана пасля падарожжа прыехаў у сталіцу і трапіў, «як Чацкі, з карабля на баль». Слова баль у пушкінскім ужыванні выкарыстана з прамым значэннем: і Чацкі, герой камедыі А. С. Грыбаедава «Гора ад розуму», і Анегін сапраўды трапілі на баль. Штуршком да далейшай метафарызацыі выразу было тое, што ўжо ў Пушкіна кампаненты з карабля рэалізаваліся ў дачыненні да Анегіна пераносна (ён вярнуўся з падарожжа па Расіі, зразумела, не на караблі).
Усе грошы з кашальком. Уласна бел. Абсалютна (усе грошы, якія былі ў наяўнасці). — Заплаціў усе грошы з кашальком, — горка апавядаў ён, — прыгналі мне за вароты трактар на стаянку... (В. Дубінка. У банкетнай зале…).
Узнік у прастамоўі як жартоўны дадатак да спалучэння ўсе грошы для паўнаты і пераканальнасці якога-небудзь сцвярджэння.
Злавіць двух зайцаў (зайцоў). Уласна бел. Адначасова дасягнуць дзвюх мэт. Зрабіце заключны допыт. Калі ён не адкрыецца, адпусціце яго пад спецыяльны нагляд. Яму скажыце, хай дзякуе Аксане. Такім чынам, мы зловім, як кажуць, двух зайцоў (М. Гамолка. Лясная крэпасць).
Утвораны на вобразнай аснове прыказкі За двума зайцамі пагонішся, ніводнага не зловіш як бы насуперак значэнню яе літаральнага плана.
Злавіць (спаймаць) лісу (лісіцу). Уласна бел. Неасцярожна прапаліць вопратку пры агні. Касцы аглядалі свае апранахі. Нехта ўмудрыўся злавіць лісу, прапаліць у крысе кухвайкі дзірку (В. Макарэвіч. Палын і медуніца).
Склаўся на аснове падабенства па колеры паміж лісінай шэрсцю і прапаленым лапікам.
Злажыўшы рукі. Гл. склаўшы (злажыўшы) рукі.
Злажыць галаву за каго, за што, дзе. Гл. класці (складваць, злажыць) галаву за каго, за што, дзе.
Злажыць зброю. Гл. складваць (скласці, злажыць) зброю.
Злазіць (злезці) з карку (з шыі) чыйго (чыёй). Уласна бел. Пераставаць абцяжарваць каго-н., будучы на яго ўтрыманні. Ну, Захарка, злазь з жончынага карку і паедзеш на курсы камбайнераў. Вось спіс. Праўленне калгаса і цябе рэкамендуе (І. Дуброўскі. Разлад).
У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз. Магчыма, выраз склаўся як антанімічнае ўтварэнне на аснове фразеалагізма сядзець на шыі (на карку, на гарбе) чыёй, у каго, каго (гл.).
Злазіць (злезці) са свайго канька. Агульны для ўсходнесл. і польск. (zejść zе swоjедо kоnіkа) м. Пераставаць гаварыць на любімую тэму. Бухарын раптам злез са свайго канька — ні слова пра тое, штоў адказ на нямецкае наступленне трэба тут жа ўзняць на «рэвалюцыйную вайну» сялянства (І. Шамякін. Петраград — Брэст).
Узнік як антанімічнае па форме і змесце ўтварэнне ад фразеалагізма садзіцца на свайго <любімага> канька (супрацьпастаўлены садзіцца (на каго) і злазіць (з каго) (гл.).
Злезці з карку чыйго. Гл. злазіць (злезці) з карку чыйго.
З лёгкай парай! Агульны для бел. і руск. (с легким паром) м. Прывітанне і пажаданне добрага здароўя таму, хто толькі што папарыўся ў лазні. Паружавелыя, памаладзелыя, задаволеныя людзі вяртаюцца з лазні. — 3 лёгкай парай! — вітаюць іх тыя, хто з венікам пад пахай крочыць на сустрэчу са спрадвечнай крыніцай здароўя (Вожык. 1985. № 11).
Першапачаткова гэты выраз гаварыўся пры ўваходзе ў лазню як зычэнне тым, хто парыўся ўжо. Лёгкай называлі пару без чаду. У фальклорным томе «Выслоўі» (1979) фіксуюцца розныя зычэнні «ў лазні і ідучы з лазні»: «3 лёгкай парай», «3 добрым парам» і інш.
І. Насовіч падае як вітанні пры ўваходзе ў лазню: «Пара — баня, лёгкі дух», «Шаўковы венік, лёгкі дух». Параўн. таксамаў апавяданні М. Гарзцкага «У лазні»: «Саўка… шыбка пабег наперад усіх к лазні. Там ён кумільгом укаціўся ў прымыльнік і сказаў дыскантам: — Пара — лазня, лёгкі дух!..»
З лёгкай рукі каго, чыёй. Агульны для ўсходнесл. м. Пасля чыйго-н. пачынання, прыкладу. Мае землякі — цесляры, кавалі, адважныя партызаны. Дык гэта ж з іхняй лёгкай рукі гамоняць бары і звіняць крыніцы (Р. Барадулін. Трыпціх).
Выток фразеалагізма — былое павер’е, што ў некаторых людзей «лёгкая» рука, шчаслівая, прыносіць удачу, поспех. Такіх людзей запрашалі, напрыклад, увесці ў хлеў толькі што купленага каня, зрабіць яшчэ сякую-такую дробязь, якая, аднак, многае значыць.
З лёгкім сэрцам. Калька з франц. м. (d’un соеur lедег). Без трывог і апаскі, без роздуму. Як відаць, яе [Ядвісю] нішто не прымацоўвала тут, ніхто не цікавіў, і яна з лёгкім сэрцам гатова была змяняць гэту глуш Палесся на кожнае новае месца (Я. Колас. На ростанях).
Прыметнікавы кампанент у выразе выступае як сэнсаўтваральны, суадносны з перыферыйным значэннем слова лёгкі.
З ліхвой. Запазыч. з руск. м. (ёсць і ва ўкр. м.: з лихвою). Больш, чым трэба (вярнуць, акупіцца і пад.). Жыццё пылінку вечнасці сваёй пазычыць пад настрой, але адразу цярпець прымусіць крыўду і абразу, вярнуць пазыку хочучы з ліхвой (Р. Барадулін. Жыццё пылінку вечнасці сваёй…).