MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

З грахом папалам. Запазыч. з руск. м. Ужыв. са значэннямі ‘недазволеным спосабам, несумленна, ашуканствам (рабіць што-н.)’ і ‘з вялікай цяжкасцю, ледзь-ледзь’. Які я камандзір? Не ведаў нават, як і стрэльбу трымаць, а пра каманды ці маршы і не пытай/.. Так з грахом папалам трымаюся дьг баюся, каб за шкірку не выштурхнулі (А. Мрый. Камандзір). Сярэднюю школу Сямён кончыў з грахом папалам, у старэйшых класах сядзеў па два гады (А. Чарнышэвіч. Што рабіць?).

Паходзіць, на думку М. М. Шанскага, з аднайменнага свабоднага словазлучэння, у якім грэх абазначала не ‘парушэнне правіл рэлігійнай маралі’, а мела архаічнае значэнне ‘памылка’ (параўн.: огрех, погрешность). Другое значэнне развілося ў гэтым фразеалагізме, відаць, пад уплывам выразу з горам папалам.

Згубіць галаву. Гл. губляць (згубіць; траціць, страчваць, страціць) галаву.

Згуляць у паддаўкі. Гл. гуляць (згуляць) у паддаўкі.

Згушчаць (згусціць) фарбы. Паўкалька з ням. м. (diе Fаrbеn dіск аuftгадеп). Празмерна перабольшваць. Можа, і згусціла Зіна фарбы, але цяпер ёй здавалася, што ўсё было менавіта так (Л. Арабей. Другі).

Выраз усведамляецца як матываваны.

Згушчэнне фарбаў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. сгущение красок, укр. згущенне фарбів). Празмернае перабольшанне. [Касцюшка] вядома, пісаў і наскрозь крытычньія матэрыялы, у тым ліку фельетоны, якія без згушчэння фарбаў наогул немагчыма напісаць (І. Навуменка. Летуценнік).

Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага згушчаць фарбы (гл.).

Здаваць (здаць) <свае> пазіцыі. Агульны для ўсходнесл. м. Прызнаваць сябе пераможаным, паддавацца. Сашку вельмі хацелася, каб гэты інжынер, Сурын, узяў над ім [Клімцом] верху спрэчцы іў нейкім сэнсе разлічыўся б і за яго, Сашку. Але Клімец і не думаў здаваць пазіцыі (Я. Радкевіч).

Склаўся ў выніку метафарызацыі адпаведнага словазлучэння з вайсковага лексікону, дзе пазіцыяй называюць месца распалажэння вайсковых груп у баі. Параўн. урывак з гумарыстычнага апавядання К. Крапівы «Вясна», дзе актуалізуецца і зыходны сэнс фразеалагізма: «Чырвоная вясна павяла рашучы наступ. Белая зіма здае свае пазіцыі на ўсім фронце, толькі дзе-нідзе, у самых глухіх закутках, замацаваліся яе белыя атрады, але і тыя, бачачы немінучую сваю пагібель, праліваюць раўчукі слёз».

З другіх (трэціх) вуснаў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. из вторых уст, укр. з другіх уст). Праз пасрэднікаў, не непасрэдна ад сведкі (чуць, слухаць, даведвацца і пад.). Жанчыне хацелася паслухаць і нявестчыны словы з другіх вуснаў (У. Паўлаў. Спелыя травы).

Узнік, відаць, па мадэлі з ужо існуючым, скалькаваным з франц. м. фразеалагізмам з другіх рук (гл.), адно са значэнняў якога — ‘праз пасрэднікаў, не непасрэдна ад сведкі (чуць, даведвацца і пад.)’.

З другіх (трэціх) рук. Калька з франц. м. (dе sесопdе mаіn, літаральна «з другіх рук»). Ужыв. са значэннямі ‘праз перакупшчыка, не непасрэдна ад уладальніка (купляць, трапляць і пад.)’ і ‘праз пасрэднікаў, не непасрэдна ад сведкі (чуць, даведвацца і пад.)’. Гэта былі ужо нават не дубраўцы, а прыезджыя, і хату яны куплялі таксама з другіх рук (І. Чыгрынаў. Самы шчаслівы чалавек). — Ты знаёмы з яго задумкамі, галоўны? — Збольшага… Крыху — ад яго самога, крыху з трэціх рук (У. Карпаў. Сотая маладосць).

Першапачаткова выкарыстоўваўся пры дзеясловах купляць, набываць і пад., калі размова ішла пра гандлёвыя справы. Другое значэнне развілося ў фразеалагізме пазней.

Клёцкі з душамі. Уласна бел. Начыненыя мясным ці іншым фаршам з прыправамі, Гаспадыня са старэйшаю нявесткаю падала новую страву — калдуны, ці клёцкі з душамі, як іх яшчэ называюць, і ўсе дружна ўзяліся за іх (У. Дамашэвіч. Мітынговая аповесць).

Назоўнікавы кампанент тут мае няслоўнікавае значэнне, звязанае са спосабам прыгатавання гэтых клёцак. Пра яго Р. Барадулін піша: «На тарку дралася бульба. Адціскалася праз суравіну. Гэтае цеста звалася целам. Потым рабіліся душы — з крышанага мяса і сала, з грыбоў, адпаведна прысмакі, прыправы. Цела клёцкі мела форму снежкі, і гэтакую форму мела душа. Душа магла быць і з кавалачка кілбасы. У цела клалі душу — і кідалі ў вар…»

Здымаць (знімаць, зняць) стружку з каго. Агульны для ўсходнесл. м. Уздзейнічаць на каго-н., адчытваючы, моцна прабіраючы яго. Прышлі да мяне свайго разумненькага мэра. Я з яго, чортавага сына, здыму стружку (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).

Паходзіць, відаць, з маўлення токараў, дзе здымаць стружку з загатоўкі абазначае ‘даводзіць дэталь да неабходных памераў’. Пры пераасэнсаванні актуалізацыю атрымала сема ‘уздзейнічаць пэўным чынам’, агульная для свабоднага словазлучэння і сфарміраванага на яго аснове фразеалагізма.

З’ездзіў у рыгу. Агульны для бел. і руск. м. Званітавала каго-н., звычайна пры моцным ап’яненні. Потым з'ездзіў двойчы ў «рыгу», а назаўтра ўстаў з пахмелля, — праклінае Антак «зелле»… (К. Крапіва. Як Антак стрэў «вельканоц»).

Выраз каламбурнага характару, пабудаваны на сугуччы няроднасных слоў Рыга і рыгаць (са значэннем ‘ванітаваць’). Разам з тым у фразеалагізме, на думку М. І. Міхельсона, прыхаваны намёк «на тыя ж вынікі, што выклікаюцца падарожжам па моры ў Рыгу».

З’есці з трыбухамі каго. Уласна бел. Замучыць, загубіць нападкамі, ганеннем. [Валодзя: ] Што так раптам перадумаў? [Раман: ] Як заўважыць гаспадар, з трыбухамі з’есць. «Узрадаваўся, скажа, сукін сын, што мяне спляжылі» (К. Крапіва. Пяюць жаваранкі).

Выраз генетычна каламбурнага характару. Склаўся ў выніку адначасовай рэалізацыі пераноснага і прамога значэнняў дзеяслова з’есці (‘замучыць нападкамі, ганеннем’ і ‘скарыстаць на яду’) з далейшым дапаўненнем дзеяслова экспрэсіўным дадаткам з трыбухамі.

З’есці пуд солі з кім. Агульны для ўсходнесл. (руск. съесть пуд соли, укр. з’істи пуд солі) і польск. (bесzkę sоlі sjеść — бочку солі з’есці) м. Доўга пражыць разам. Тукала на момант асекся. Шыковіч глядзеў на яго цяпер так, быццам не пазнаваў старога сябра, з якім з’еў не адзін пуд солі (І. Шамякін. Сэрца на далоні).

Фрагмент прыказкі Каб пазнаць чалавека, трэба з ім пуд солі з’есці. Літаральны сэнс другой часткі — ‘патрэбны працяглы час, за які можна разам з’есці пуд солі’. Прыказка склалася, калі на соль была вельмі высокая цана.

З жабіны прыгаршчы чаго. Уласна бел. Вельмі мала (шчасця, радасці, здароўя і пад.). —Хіба маладым не быў? Хіба радасці… шчасця не бачыў? — Было шчасце. З жабіны прыгаршчы (А. Кажадуб. Ваўкалакі).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.

З заміраннем сэрца. Агульны для ўсходнесл. м. Адчуваючы моцнае хваляванне, трывогу (чакаць, сачыць, глядзець і пад.). З заміраннем сэрца ўзяў я ў рукі знойдзены блакнот (К. Кірэенка. З аповесці вайны).

Вытворны ад іменна-дзеяслоўнага прэдыкатыўнага фразеалагізма сэрца замірае ў каго, чыё ‘каго-н. нечакана ахоплівае хваляванне ці трывога, неспакой і пад.’.

З затоеным дыханнем слухаць, глядзець. Уласна бел. Вельмі ўважліва, зацікаўлена. З затоеным дыханнем слухалі разаноўцы паведамленні з фронту (А. Жураўскі. За родныя хаты).

Прыслоўны фразеалагізм, утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага затаіць дыханне ‘прыціхнуць у вялікім напружанні, здзіўленні і пад.’.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code