MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Захадзіць ходырам. Гл. хадзіць (захадзіць) ходырам (хадуном).

Захварэць на пана. Гл. хварэць (захварэць) на пана.

Як, што, чаго захоча левая нага каго, чыя. Гл. як, што, чаго хоча (захоча) левая нага каго, чыя.

За царом Гарохам. Усходнесл. (руск. при царе Горохе, укр. за царя Гороха часам з дадаткам як було людей трохи). Вельмі даўно; невядома калі (было, адбывалася што-н. і пад.). Вялікае Сітца — вёска вялікая. Малое Сітца — амаль такая ж. Калісьці, за царом Гарохам мо, у кожным з гэтых паселішчаў было па сітку, якім муку прасявалі. У адной вёсцы вялікае, у другой — малое… І хадзілі яны па руках у суседзяў… (В. Якавенка. Прыручэнне зямлі).

Выраз узнік на ўзор свабодных словазлучэнняў тыпу за царом Ірадам, за царом Сімяонам. Выкарыстанне замест сапраўднага ўласнага імя агульнага назоўніка (назвы расліны) — плён народнай дасціпнасці. Чаму ўзяты менавіта гарох? Можа, таму, што гэта, як піша, спасылаючыся на звесткі археолагаў, А. С. Аксамітаў, адна з найбольш старажытных культурных раслін, вядомых славянам. Магла, зразумела, адыграць ролю і проста выпадковасць. Напрыклад, ва ўкр. м. склаўся фразеалагізм за царя Хмеля (як було людей жменя). Аналагічныя спалучэнні для абазначэння далёкага мінулага ёсць у многіх народаў, пры гэтым усюды са словам цар ці кароль кантактуюць або назоўнікі «расліннага» паходжання, або яшчэ якія-небудзь забаўныя, спецыяльна прыдуманыя словы: у немцаў — Аnnо Тоbак («у гады Табакі»), у французаў — аu tетрs du rоі Guіllетоt («у часы караля Гільемо») або таксама: аu tетрs du rоі Dадоbеrt, у чэхаў — zа кгаlе Ноlсе («за каралём Галышом»), у палякаў — zа królа Ćwieczka («за каралём Цвічком») і г. д.

Зацісканне рота. Уласна бел. Прымушэнне не гаварыць што-н. нежаданае. Не подласць, не несправядлівасць, не зацісканне рота, не здрада Алёнкі былі самым жахлівым у гэтай гісторыі (У. Караткевіч. У снягах драмае вясна).

Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма заціскаць рот (каму).

Зацягваць (зацягнуць) пояс. Відаць, недакладная калька з ням. (Gürtel еngеr sсhаllеn, літаральна «зацягваць тужэй пояс») або англ. (tіghtеn опе’s bеll) м. Адчуваць вострую нястачу, жыць у крайняй беднасці. Скарачаецца ў садках і штатная колькасць выхавацеляў, падвышаецца нагрузка, хаця іхні заробак у ранейшых межах. Зацягвае паясы не толькі сфера адукацыі (А. Іваноўскі. Ні вячэры, ні святла).

Узнік шляхам метанімічнага пераносу, заснаванага на сумежнасці дзвюх з’яў: калі чалавек недаядае, галадае, ён мусіць тужэй зацягваць пояс (у прамым значэнні гэтых слоў). Фразеалагізмы з такой самай вобразнасцю ёсць у шмат якіх мовах, прычым у некаторых — двухкампанентныя: укр. підтягувати (затягувати) паски (ремінці, пояски), балг. затягам си пояса, чэшск. utаhоvаt sі гетеп. Параўн. у руск. м.: затягивать <туже> пояс (ремень).

Зачараванае кола. Калька з лац. м. (сіrсulus vitiosus). Ужыв. са значэннямі ‘бязвыхаднае становішча’ і ‘бяссэнсіца, лагічная памылка, калі што-н. даказваецца праз такое палажэнне, якое само патрабуе доказу’. І ў Шуркі быць бясконца нельга, і ісці куды б там ні было — таксама быццам нельга. Нейкае зачараванае кола, ланцуг, які і парваць як? (Б. Сачанка. Вялікі Лес). Атрымліваецца зачараванае кола: няма [твора] у хрэстаматыі, бо няма ў праграме, і наадварот (Р. Шкраба. Энергія слова).

Узнікненне выразу ідзе, відаць, ад блуканняў па лесе, калі той, хто заблудзіў, зноў вяртаўся праз нейкі час на ранейшае месца. Такія блуканні прыпісваліся дзеянням нячыстай сілы.

Прымаць за чыстую манету што. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім сур’ёзна, як за праўду. — Аб тым не можа быць і спрэчак — не знесці курыцы такіх яечак. — I што ж, Каштан ухвалу гэту прыняў за чыстую манету (К. Крапіва. Каштан).

Узнік са свабоднага словазлучэння, дзе чыстай называлася манета дзяржаўнай чаканкі, не падробка з таннага металу, якую пускалі ў ход фальшываманетчыкі, спадзеючыся, што яе прымуць за чыстую манету. Фразеалагізм з вобразам нефальшывай манеты ёсць і яшчэ ў некаторых мовах, але з іншым прыметнікавым кампанентам: польск. рrzуjmovаć zа dоbrą топеtę («прымаць за добрую манету»), ням. für bаге Мünzе пеhтеп («за наяўную манету прымаць»).

Збівацца (збіцца) з панталыку. Запазыч. з укр. м. (збиватися з пантелику). Ужыв. са значэннямі: 1) даходзіць да замяшання, разгубленасці; заблытвацца; 2) пачынаць весці няправільны, заганны спосаб жыцця, кепска паводзіць сябе. Стройна апрацаваныя планы ламаліся пад націскам жывое сапраўднасці. Ганна збівалася з панталыку. Куды ёй было да ўсяго іншага, калі невыразнасць наступнага дня не давала спакою (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Працаднём гэтым мяне ашаламіў… А тут яшчэ ордэнам стаў спакушаць. Ці доўга з панталыку збіцца (К. Крапіва. Пяюць жаваранкі).

Утвораны ад фразеалагізма збіваць (збіць) з панталыку каго. Слова панталык, невядомае па-за фразеалагізмам, «цьмянага» паходжання. Ёсць розныя меркаванні пра яго этымалогію. У слоўніку М. Фасмера (у дадатку рэдактара) выказваецца думка, што ў слове панталык можна бачыць запазычанне з аўстрыйска-баварскага дыялекту — рапtl (‘каснічок, стужачка’), якое ў многіх славянскіх гаворках дало суфіксальнае ўтварэнне з тым жа значэннем: укр. дыял. пантлик, пантлика, польск. дыял. рętlik, рęlіkа, славацкае рапtlіk, мараўскае репtlіk. Аднак наўрад ці магло ўступіць слова панталык (з названым яго значэннем ‘каснічок, стужачка’) у лексіка-граматычную спалучальнасць са словам збівацца. Больш пераканальная думка М. І. Міхельсона, які звязвае этымалогію слова панталык з назвай гары ў паўднёвай Грэцыі —Пентэлік. Гл. збіваць (збіць) з панталыку каго.

Збіваць (збіць) з панталыку каго. Запазыч. з укр. м. (збивати/ збити з пантелику). Ужыв. са значэннямі ‘заблытваць, выклікаць замяшанне, разгубленасць’ і ‘уздзейнічаючы якім-н. чынам, схіляць да адыходу ад ранейшага, штурхаць на што-н. нядобрае’. Рудольф сваім паведамленнем пра вайну зусім збіў вас з панталыку (Ц. Гартны. Сокі цаліны). [Дзед Бадыль: ] З старасцянкаю знюхаўся, а яна яго з панталыку збівае. Глядзі, сынок, каб ты праз яе сабакам не стаў! (К. Крапіва. Партызаны).

Фарміраванне выразу мае сувязь з назвай гары ў паўднёвай Грэцыі — Пентэлік. У старажытныя часы гара славілася сваім мармурам, а таксама вялікай пячорай з гротам і вапнавымі нарасцямі, дзе лёгка было заблудзіць, заблытацца. Фразеалагізм склаўся, хутчэй за ўсё, у маўленні гімназістаў. Засвоенае імі пры вывучэнні грэчаскай мовы слова Пентэлік атрымала сэнсавае прырашчэнне і было ўключана ў фразеалагічную формулу гатовай мадэлі збіваць з толку каго. Пра тое, што выразы збіваць з панталыку, збівацца з панталыку, вядомыя ў бел., руск. і польск. м., узніклі на Украіне, сведчаць наступныя факты. Самая ранняя фіксацыя фразеалагізма збівацца з панталыку належыць А. Пагарэльскаму. У яго рамане пра жыццё правінцыяльнага дваранства на Украіне «Манастырка» (1830–1833) чытаем: «— Що ты городышь, Галя! — сказала она мне. — Ты збылась с панталыку». Далей ідзе аўтарскі каментарый: «Это по-здешнему, кажется, значит: ты с ума сошла». Выраз неаднаразова ўжываецца ў творах Т. Шаўчэнкі; у п’есе «Назар Стадола» (1843–1844): «Дівці дівку недовго збить з пантелику»; у аповесці «Наймичка» (1844) у аўтарскай мове сустракаецца сбить с толку, а ў мове старога казака Якіма Гірла — сбить с панталыку: «Сбили с панталыку окаянные, та й годи». На аснове назоўнікавага кампанента гэтага фразеалагізма ва ўкр. літаратурнай м. утварыліся многія дзеясловы, дзеепрыметнікі, назоўнікі: пантеличити, пантеличитися, спантеличений, спантеличення, спантеличити, спантеличувати, спантеличитися. Ва ўкр. м. назоўнікавы кампанент (пантелик, чытаецца «пантэлык») сваім гучаннем больш блізкі да грэч. Пентэлік, чым у бел., руск., польск. м.

Час збіраць камяні. Паўкалька з царк. — слав. м. (Час, пара) сумеснымі намаганнямі прыводзіць у пэўны парадак што-н. раней разбуранае, раскіданае, занядбанае і пад. (часцей пра мастацтва ці міждзяржаўныя адносіны). Як апавядаюць старажылы вёскі, са стратай касцёла і царквы многія мясцовыя жыхары страцілі былыя духоўныя і гістарычныя каштоўнасці. Дык наста ў час збіраць камяні (К. Вяржбіцкі. Час збіраць камяні).

Выток фразеалагізма — Біблія (Эклезіяст, 3,1–4). У ёй ёсць такія радкі (пераклад з рускага тэксту): «Усяму свой час і час усякай рэчы пад небам… Час раскідаць камяні, і час збіраць камяні». Параўн. урывак з нарыса С. Законнікава «Вячэра пад райскім дрэвам», дзе адчуваецца сувязь з прыведзенымі вышэй радкамі: «Калі мы сапраўды хочам пабудаваць мірны агульнаеўрапейскі дом, то кожны народ, кожны чалавек павінен пакласці камень у яго падмурак і сцены. Надышоў час не раскідаць, а збіраць камяні».

Збіць з панталыку каго. Гл. збіваць (збіць) з панталыку каго.

Збіць з тропу каго. Запазыч. з польск. м. (zbieć z troрu), дзе tгор — ‘след’. Выраз, можна меркаваць, узнік у мове паляўнічых і першапачаткова меў канкрэтны сэнс — ‘збіць са следу’ (напрыклад, калі гутарка ішла пра сабаку).

Значэнне фразеалагізма — ‘выклікаць замяшанне, заблытаць’. Лукашык хацеў спачатку далажыць камбату па ўсіх правілах, але веставы сваім сыкам збіў яго з тропу (У. Дамашэвіч. Між двух агнеў).

Зблытаць <усе> карты каму, чые, каго. Гл. блытаць (зблытаць, пераблытаць) <усе> карты каму, чые, каго.

З богам. Калька з лац. м. (сum Dео). Вокліч пажадання поспеху, удачы ў якой-н. справе. — Будзе выканана, ваша эксэленцыя! — пачціва прамовіў за абодвух Асташэўскі. — Тады — з богам!.. Я са свайго боку падмацую вас таксама (А. Карпюк. Вершалінскі рай). Ужываючыся ў спалучэнні з дзеясловамі, фразеалагізм развіў у сабе акалічнасна-прыслоўнае значэнне ‘шчасліва, з поспехам’. — Нам пара. Пойдзем. — Ага, ага, — пагадзіўся гаспадар. — Ідзіце з богам (А. Ставер. Пад канвоем).

Узнік на аснове старажытных уяўленняў пра Бога як вярхоўную істоту, што кіруе светам.

3 божай ласкі. Уласна бел. Прыроджаны, сапраўдны, таленавіты, з выключнымі здольнасцямі. — Янка Купала — гэта беларускі паэт, — тлумачыў Кастусь. — Паэт э божай ласкі, талент незвычайны (С. Александровіч. На шырокі прастор).

Склаўся на аснове сэнсава тоеснага фразеалагізма божай міласцю (гл.) па мадэлі выразу з ласкі (каго, чыёй), адно са значэнняў якога — ‘дзякуючы каму-, чаму-н.’.

Збоку прыпёку. Агульны для бел. і руск. м. Абазначае ‘зусім непатрэбны, лішні, чужы’ і ‘зусім недарэчы, недарэчна (быць, аказацца, знаходзіцца дзе-н. і інш.)’. Ведаў я гэтыя конікі: спецыяльна называюць вуліцы старымі назвамі, каб дазнацца, карэнны ты або так, збоку прыпёку (У. Караткевіч. Лісце каштанаў). У Ульяны хоць прычына, а што бацьку тут збоку прыпёку бавіцца? (В. Якавенка. Акно на плошчу).

Узнік у прафесійнай мове пекараў, дзе прыпёкай называюць тое лішняе, непатрэбнае, што прыліпла збоку да печыва пры выпяканні. Першапачатковая форма фразеалагізма (занатавана ў зборніку Я. А. Ляцкага) — збоку прыпёка, Канчатак — у ў назоўнікавым кампаненце абумоўлены імкненнем да поўнага сугучча.

Збор-каляда. Уласна бел. Група людзей ці прадметаў, неаднародных па якіх-н. прыметах, якасцях. Збор-дружына — зборышча людзей, яшчэ дакладней, — збор-каляда… (М. Лужанін. Дванаццаць вячорных вогнішчаў).

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code