MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Замыканне (замкнёнасць) <самога> у сабе. Уласна бел. Адасабленне ад усяго навакольнага і абмежаванне сваім вузкім, маленькім светам. Замкнёнасць Міхала ў сабе, яго адасобленасць ад людзей можна растлумачыць непаважлівым стаўленнем улад да селяніна-працаўніка наогул (Р. Шкраба. Кузьма Чорны).

Утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма замыкацца (замкнуцца) у сабе, які мае значэнне ‘станавіцца нелюдзімым, маўклівым, скрытным’.

Замыкацца (замкнуцца) у сваю ракавіну (шкарлупіну). Недакладная калька з франц. м. (rеntrеr dаns sа соquіllе, літаральна «ўваходзіць, вяртацца ў сваю ракавіну»). Адасабляцца ад усяго навакольнага, абмяжоўваючыся сваім вузкім, маленькім светам. I мне хацелася стушавацца, знікнуць, замкнуцца ў сваю ракавіну, каб болей ніколі не вытыкацца са сваімі творамі (К. Крапіва. Слова да малодшых).

Відаць, гэта выраз жывёльнага паходжання і ўтварыўся на аснове падабенства з’яў, праз супастаўленне са звычкамі некаторых беспазваночных жывёлін, напрылад рака-пустэльніка ці слімака, уваходзіць у сваю ракавіну.

Замятанне слядоў. Агульны для ўсходнесл. м. Знішчэнне ці ўтойванне таго, што можа быць доказам віны. Гэтаўжо было падобна на замятанне слядоў. А калі замятаюць сляды, тады, зразумела, пачынаюць нечага баяцца (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма замятаць сляды ‘спрытна знішчаць ці ўтойваць тое, што можа быць доказам віны’.

Замятаць сляды. Гл. сляды замятаць.

Зандзіраваць (празандзіраваць) глебу. Паўкалька з франц. (sоndег lе tеrrаіn) ці ням. (dаs Тегаіn sоndіегеn) м. Разведваць што-н., каб вызначыць шансы на поспех. Аджубей, будучы ў ФРГ, зандзіраваў глебу наконт магчымай паездкі Хрушчова ў ФРГ (Звязда. 18.08.1988).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое абазначае ‘даследаваць падглебу пры дапамозе зонда’.

Заплюшчванне вачэй на што. Гл. закрыванне (заплюшчванне) вачэй на што.

Запраўляць арапа. Агульны для бел. і руск. м. Знарок уводзіць у зман, выдумваючы што-н. Я вушам сваім не паверыў. Няўжо ёсць людзі у нас, якія праз гэты мур палезуць па пустыя бутэлькі! Выпадкам, ці не запраўляе арапа мой ціхманы таварыш Рабаў? (В. Якавенка. Ад грэху далей).

Паходзіць з жаргону карцёжнікаў, дзе слова арап атаясамліваецца з ашуканствам, а выраз запраўляць арапа першапачаткова ўжываўся са значэннем ‘не заплаціць долі ўдзельнікам шулерскай гульні’.

За прыгожыя вочы. Калька з франц. м. (роur lеs bеаuх уеuх). Бескарысліва, дарэмна, толькі з-за сімпатыі да каго-н. (рабіць што-н.). [Каравай: ] Калі начальства просіць, то і ў яго можна выпрасіць. Я за грошы. Не за прыгожыя вочы… (А. Макаёнак. Таблетку пад язык).

Выраз з камедыі Мальера «Манерніцы» (1660). Паклоннікі, адхіленыя манерніцамі, яшчэ раз вяртаюцца да іх і знаходзяць там сваіх слуг, якія, пераапрануўшыся, выдалі сябе за маркіза і віконта. Слугі выкрыты. Звяртаючыся да манерніц, адзін з паклоннікаў гаворыць: «Калі вы пакахаеце іх, то гэта сапраўды будзе за іх прыгожыя вочы».

Зарубіць сабе на носе. Агульны для ўсходнесл. м. Цвёрда запомніць. Працаваць трэба… а не пісьмы пісаць. Пісьмамі не ваююць у наш час, зарубіце гэта сабе на носе (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Фразеалагізм цяпер успрымаецца як алагічнае спалучэнне, а на пачатку свайго жыцця ён быў дасціпным народным выразам з намёкам, усім зразумелым: ‘як зарубліваюць на бірцы, каб запомніць’.

Даўней пры амаль усеагульнай непісьменнасці своеасаблівай квітанцыяй пры разліках была бірка — палачка або дошчачка, на якой выразаліся зарубкі. Кожная зарубка адпавядала пэўнаму ліку (пудоў, адпрацаваных дзён і інш.). Бірка, пасля таго як на ёй былі зроблены зарубкі, расшчэплівалася на дзве палавінкі: адна аддавалася, напрыклад, уладальніку аўчын, другую пакідаў сабе дубільшчык. Калі бірку адзін з іх губляў, то пры такой сітуацыі маглі выказаць павучанне: «А ты другі раз зарубі сабе на носе, ужо не згубіш». Трапны выраз, падхоплены іншымі людзьмі, стаў агульнаўжывальным.

За саломінку ўхапіцца. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. хвататься за соломинку, укр. хапатися за соломинку). Шукаючы выйсця, паспрабаваць выратавацца хоць якім, хоць і ненадзейным спосабам. Толькі і думаю, куды падацца! За чым абараніцца!.. За саломінку ўхапіцца гатова!.. (І. Мележ. Подых навальніцы).

Паводле паходжання гэта другая частка прыказкі Хтотопіцца — за саломінку ўхопіцца. Утварэнне параўнальна нядаўняе, таму фразеалагізм нярэдка ўжываецца з агаленнем яго ўнутранай формы праз адпаведнае параўнанне: «Генерал быў пераможаны. I, як тапелец, ён пачаў хапацца за саломінку. Сорамна ж прызнаць сваё бясслаўнае паражэнне!» (А. Якімовіч).

За сачавічную поліўку прадаваць, прадацца і пад. Агульны для У ўсходнесл. м. (руск. за чечевичную похлебку, укр. за сочевичну юшку). З-за дробязнай выгады. Калі ты за сачавічную поліўку будзеш прадаваць свой край, я ў труне перавярнуся і пракляну цябе навекі (І. Гурскі. Чужы хлеб).

Выток фразеалагізма — біблейская прытча (Быццё, 25, 31–34) пра братоў-блізнят Ісава і Якава — сыноў патрыярха Ісака. Ісаў нарадзіўся на некалькі мінут раней, чым Якаў, і атрымаў права першародства, якое гарантавала яму падвойную долю спадчыны і значную перавагу ў жыцці. Аднойчы галодны Ісаў папрасіў Якава накарміць яго сачавічнай поліўкай. Якаў згадзіўся, але пры ўмове, калі Ісаў уступіць яму права першародства. Ісаў даў згоду.

Быць, заставацца і пад. за сямю пячаткамі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. за семью печатями, укр. за сьома печатями). (Быць і пад.) недаступным, прыхаваным. Планы вытворчасці цалкам мірнай, але небяспечнай, можа стацца, для здароўя людзей прадукцыі ўсё яшчэ застаюцца за сямю пячаткамі (ЛіМ. 1.01.1988).

Утвораны на аснове запазычанага з царк. — слав. м. выразу кніга за сямю пячаткамі, якім называюць штосьці незразумелае, недаступнае. Ён упершыню ўжыты ў біблейскім тэксце (Апакаліпсіс, 5,3), дзе гаворыцца пра таямнічую кнігу, прачытаць якую яшчэ нікому не ўдалося.

Затрашчаць па <усіх> швах. Гл. трашчаць (затрашчаць) па <усіх> швах.

За трыдзевяць зямель. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае ‘вельмі далёка’, спалучаецца з дзеясловамі паехаць, жыць і інш. А хібая не «скарылася», калі пасмела ў такім выглядзе ў вёску з’явіцца? Магла ж і за трыдзевяць зямель з’ехаць… Свет вялік, і ўсюды людзі жывуць… (П. Місько. Ціхае лета).

Узнік са свабоднага словазлучэння, якое нярэдка сустракаецца ў народных казках і абазначае ‘на вельмі далёкай зямлі’. Слова трыдзевяць першапачаткова мела значэнне ‘дваццаць сем’ і засталося як перажытак былой дзевяцярычнай сістэмы лічэння.

Затыканне дзірак <у чым>. Уласна бел. Ліквідацыя якіх-н. недахопаў, прагалаў у чым-н. Куды ж дзяваецца розніца, якую возьмуць з нашай кішэні? Ды ўсё туды ж: на затыканне дзірак, якіх шмату паміраючай эканоміцы, у бюджэце (М. Дзелянкоўскі. Газавая дуля).

Вытворны назоўнікавы фразеалагізм ад суадноснага дзеяслоўнага затыкаць дзіркі (кім, чым, у чым), што значыць ‘спехам ліквідаваць няхватку, недахопы ў чым-н.’.

Затыканне рота (ратоў). Уласна бел. Забарона свабодна выказваць свае думкі. Для нас карціна злачынства ўвогуле ясная. Як ясная і мэтанакіраваная палітыка па затыканню ратоў.. (П. Шарамет. Знік адвакат Аксінчык).

Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма затыкаць рот (каму), які абазначае ‘прымушаць замоўкнуць каго-н., не даваць гаварыць каму-н.’.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code