MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Паходзіць з маўлення механікаў. Пры пераасэнсаванні адпаведнага словазлучэння актуалізацыю атрымала патэнцыяльная, мэтавая сема гэтага словазлучэння (гайкі закручваюць, каб механізм працаваў надзейна, бездакорна).

Закрыванне (заплюшчванне) вачэй нашто. Агульны для ўсходнесл. м. Утойванне, замоўчванне чаго-н. Пад уплывам тэндэнцыйнага і аднабаковага асвятлення [войнаў], выпуклення гераічнага і наўмыснага закрывання вачэй на цёмныя бакі, у Лабановіча злажылася ўяўленне, у корні фальшывае, аб ваяцкіх здольнасцях царскай Расіі і аб яе непераможнасці ў вайне (Я. Колас. На ростанях).

Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага закрываць (заплюшчваць) вочы на што ‘знарок не заўважаць чаго-н. важнага, значнага’.

Закрываць (закрыць) вочы каму. Агульнаслав. (руск. закрывать глаза, укр. заплющувати очі, балг. затварям очите, польск. zamknąć осzу іінш.). Быць побач з тым, хто памірае, у апошнія хвіліны жыцця. Маня адвярнулася. Слёзы душылі яе. Нядобра пакідаць маці ў такі час. Можа, яна, калі вернецца, і не застане яе… Чужы чалавек мусіць закрыць ёй вочы… (А. Якімовіч. Піянер Геня).

Выток фразеалагізма — старажытны звычай закрываць вочы нябожчыку. Калі гэтага не зрабіць своечасова, то, паводле павер’я, нябожчык «выглядзіць» сабе ахвяру.

Закрываць (закрыць) лавачку. Калька з франц. м. (fermеr bоutіquе). Спыняць якую-н. справу, дзейнасць (часцей заганную). Не кватэра, а цэх, у якім і не разбярэш, што робяць, — не то сталярнічаюць, не то лапці плятуць… Кацярына Сафронаўна гэту лавачку закрыла… (М. Ракітны. Капаніца).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, у якім лавачка мае значэнне ‘дробная гандлёвая ўстанова’.

Закусваць (закусіць) цуглі. Агульны для ўсходнесл. м. Распаліўшыся, ісці напралом, дзейнічаць, ні з чым не лічачыся. Жэня ўжо закусіла цуглі і не магла сябе стрымаць. Нагаварыла яна Валянціну шмат чаго крыўднага, можа, нават і лішняга (Б. Стральцоў. Між крутых берагоў).

Утвораны ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое, ужываючыся ў дачыненні да каня, абазначае ‘заціснуць цуглі зубамі’.

Залатая сярэдзіна. Калька з лац. м. (аuгеа mеdіосгіtаs). Ужыв. са значэннямі: 1) прамежкавае становішча, 2) спосаб паводзін, пры якім пазбягаюць крайнасцей, рызыкоўных рашэнняў. Не сказаць каб вельмі, але і ў раёне старшыню паважалі: як-ніяк калгас займаў залатую сярэдзіну (В. Праскураў. Сонца ў зеніце). Дзе яна, залатая сярэдзіна тая, дзе яны, залатыя словы аб праўдзе, аб вечнасці, аб айчыне (М. Лынькоў. На чырвоных лядах).

Аўтар крылатага выразу — старажытнарымскі паэт Гарацый (65 — 8 гг. да н. э.), які ў одзе выкарыстаў яго са значэннем ‘прамежкавае становішча’.

Залатое дно. Калька з англ. (gоld mіnе) або ням. (еіn gоldепег Воdеn) м. Вельмі багатая крыніца даходу. Пасля смерці бацькоў, па спадчыне, да яе [Марты] пераходзіла ферма. А гэта лічылася ў Германіі залатым дном (М. Машара. Ішоў дваццаты год).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.

Залаты дождж. Калька з ням. м. (Gоldгедеп). Вялікія грашовыя сумы, прыбыткі. Я гавару аб Амерыцы прадпрыемцаў, бізнесменаў, пражорлівых і ненасытных манапалістаў, для якіх вайна была не чым іншым, як залатым дажджом, невычэрпнай крыніцай шалёных прыбыткаў і звышпрыбыткаў (М. Лынькоў. Гісторыя ідзе наперад).

Выток фразеалагізма — грэчаская міфалогія. Жрэц-прарок прадказаў аргоскаму цару Акрысію, што ў яго дачкі Данаі народзіцца хлопчык, які пасля знішчыць свайго дзеда-цара. Акрысій загадаў трымаць дачку ў падземным будынку пад аховай служанак. Захоплены прыгажосцю Данаі, вярхоўны бог Зеўс пранік у падзямелле ў выглядзе залатога дажджу і апладніў яе. Фарміраванню фразеалагізма садзейнічала тое, што многія вядомыя мастакі (Тыцыян, Ван Дэйк, Рэмбрант і інш.) на карцінах адлюстроўвалі Данаю ў дажджы залатых манет.

Залаты фонд чаго, чый. Агульны для ўсходнесл. м. Самае лепшае, самае каштоўнае, самае значнае. Казкі гэтыя шырока друкуюцца іў нас у рэспубліцы, і перакладаюцца на іншыя мовы. Яны — залаты фонд нашай народнай класікі (А. Якімовіч. Аўтабіяграфія).

Узнік у выніку метафарызацыі ўстойлівага тэрміналагічнага словазлучэння, якім у галіне фінансаў выражаюць спецыяльнае паняцце, ужываючы з прамым значэннем ‘фонд каштоўных металаў, пераважна золата’.

Залатыя горы абяцаць, даваць, чакаць і пад. Калька з лац. м. (mоntеs аurі роllісегі, літаральна «абяцаць горы золата»). Казачнае багацце, вялікае мноства чаго-н. Не трэба верыць тым крыкунам, што абяцаюць народу залатыя горы (Я. Колас. На ростанях).

У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.

Залегчы на дно. Гл. легчы (залегчы) на дно.

Заліваць (заліць) за гальштук (за каўнер). Калька з ням. м. (еіnеn hіntеr dіе Віndе gіеssеn, літаральна «за галышук заліваць»). Выпіваць, напівацца п’яным. Іншыя бабы што робяць, калі мужык за гальштук залівае? На работу бягуць, у міліцыю (Л. Дайнека. Футбол на замініраваным полі).

Фразеалагізм успрымаецца як матываваны, з іранічным падтэкстам у кампанентах за гальштук.

Заліваць (заліць) чарвяка. Паўкалька з польск. м. (zаlаć rоbаkа). Выпіваць спіртнога. Разуменне «заліць чарвяка» — рэч неазначаная і расцяжная: аднаму і кручка даволі, а для другога кручок — капля ў моры (Я. Колас. На ростанях).

У польск. м. фразеалагізм ужываецца з другой палавіны XVIII ст., выцесніўшы больш старажытны выраз zаlаć krzесzkа. Утварыўся пад уплывам недакладнай калькі з франц. м. (tuer lе vеr, літаральна «забіць чарвяка»). Zаlаć rоbаkа — вынік аб’яднання двух выразаў: zаlаć krzесzkа + zаbić rоbаkа.

Заліваць кулі каму. Уласна бел. Бессаромна лгаць, расказваць няпраўдападобнае. Залівайце кулі камусь другому, паганцы! (М. Машара. Лукішкі). Па-астрожнаму такіх людзей проста называлі залівакамі, ад выразу — заліваць кулі, што значыць ілгаць (Я. Колас. На ростанях).

Утварыўся, відаць, у выніку кантамінацыі рускага выразу лыть пулы і дзеяслова заліваць у значэнні ‘хлусіць, ілгаць’. Выраз ліць кулі, як мяркуе В. У. Вінаградаў, склаўся ўжо ў першай палавіне XVIII ст., узнікшы ў асяроддзі ліцейшчыкаў. Яго папярэднікам быў фразеалагізм ліць званы (руск. лить колокола, укр. дзвін великий лити). Узнікненне гэтага фразеалагізма звязана з прафесійнай міфалогіяй ліцейнай справы. Існавала павер’е, пра якое ў рускім часопісе «Навіны» (1901, 31 мая) чытаем: «Калі адліваюць званы, неабходна пусціць якую-небудзь чутку, якой паверылі б прастадушныя абывацелі. Чым недарэчнейшая выдумка і чым больш ёй павераць, тым удачнейшай будзе адліўка», тым галаснейшым будзе звон. Пра тое ж і ў М. Федароўскага: «Мусіць, дзесь звон адлілі, калі такую байку пусцілі цікавую». I яшчэ: «Недзе звон адлілі, то пусцілі аб гэтым пагалоску, каб быў галасны». Іншай думкі прытрымліваецца В. М. Макіенка. Ён лічыць, што «ліцейная» трактоўка паходжання фразеалагізма ліць кулі «не вытрымлівае крытыкі», і мяркуе, што выраз утварыўся шляхам нарашчэння кампанента куля да дзеяслова ліць ‘ілгаць’ «з экспрэсіўнай актуалізацыяй зыходнага слова».

Замарыць чарвяка (чарвячка). Запазыч. з руск. м. Злёгку перакусіць, спехам прагнаць голад. — Трэба чарвяка замарыць, — абазвауся і ён [Іван]. — Не ляжалі ж на баку — на цэлы стог палажылі травы… I ўся едкая, з гарошкам… (М. Капыловіч. Жаніх).

У руск. м. выраз прыйшоў як недакладная калька з франц. м. (tuer lе ver, літаральна «забіць чарвяка»), дзе ён абазначае ‘выпіць нашча спіртнога’. Узнікненне фразеалагізма звязана са старажытным народным павер’ем, паводле якога ад глістоў можна пазбавіцца, калі выпіць нашча спіртнога. Спачатку ў руск. м. выраз выкарыстоўваўся з тым жа значэннем, што і ў франц. м., а пасля стаў абазначаць ‘злёгку перакусіць’. Параўн. ужыванне фразеалагізма ў яго першасным значэнні: «[Даміцэля: ] Ай! Ужо ж я дурная! Гэта ж і ёсць чым чарвячка замарыць! Мой учора з прычыны першага дня сёмухі прызапасіў паўквартачку, каторай з палавінку выпіў, а рэшта асталася» (Я. Купала).

Замуж за <пана> Пясоцкага збірацца. Уласна бел. Паміраць. [Малады бадзяжнік] тутэйшай старой удавіцы абяцае: —Далібог, цётка, я вас замуж аддам. — А ідзі ты к чорту матары, п 'янчуга, — злуецца старая. — Мне не сёння дык заўтра ўжо замуж за пана Пясоцкага трэба збірацца (К. Камейша. Паміж кубкам і вуснамі).

Выраз каламбурнага характару. Тут кампанент Пясоцкага склаўся па мадэлі ўтварэння прозвішчаў — ад пясок у значэнні ‘зямля, якой закопваюць магілу’.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code