MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Задаваць тон <каму, чаму, у чым>. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) тон <каму, чаму, у чым>.

Задаваць храпака. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) храпака.

Задаць труса. Гл. задаваць (задаць) труса.

Задаць фефару каму. Гл. задаваць (задаць) фефару каму.

Задаць храпавіцкага. Гл. задаваць (задаць) храпавіцкага.

За дзедам шведам. Уласна бел. Вельмі даўно (было, будавалася што-н. і пад.). Шыкялёўскі млын быў стары, мусіць, пабудаваны яшчэ за дзедам шведам (І. Новікаў. Тварам да небяспекі).

Прыгадаем радкі з пазмы «Барысаў» Я. Купалы: «Былі войны, бітвы, слёзы, кроў ліліся, шведа, Банапарта сляды засталіся». Адзін з такіх слядоў, толькі моўны, — фразеалагізм за дзедам шведам: шведскія заваёўнікі прыходзілі на беларускія землі двойчы (1655, 1706–1708). Кампанент дзедам, відаць, уліўся для сугучнасці ў першапачаткова свабоднае спалучэнне з канкрэтным часавым значэннем (параўн. падобныя: за царом, за палякамі).

З адкрытым (паднятым) забралам. Калька з ням. м. (mіt оffепеm Vіsіеr — «з адкрытым забралам»; варыянт з паднятым забралам узнік на аснове нямецкага dаs Vіsіеr luftеп — «забрала падняць»; дарэчы, у немцаў ёсць яшчэ адзін фразеалагізм з кампанентам забрала: тіt vеrsсhlоssепет Vіsіеr — «з апушчаным забралам»). Ужыв. са значэнняммі: 1) адкрыта, не тоячыся, 2) шчыры, нічым не прыхаваны. Ён [Туляга] і цяпер не спяшаецца ісці ў бой з паднятым забралам (А. Сабалеўскі. Доўгае жыццё камедыі). Дарагі мой Піліп Макаравіч, дык я ж тады самы заядлы кар’ерыст. Як кажуць, з адкрытым забралам (І. Дуброўскі. Зямныя вузлы).

Выраз «рыцарскага» паходжання. На галаве ў рыцара быў шлем, пярэдняя рухомая частка якога называлася забралам і, калі трэба, выпускалася і засланяла твар. (Параўн. у А. Вольскага: «Здаецца, зараз з цаглянай вежы вылезе рыцар і скажа: „Стой!“ На твар забрала апусціць нізка».) Рыцары ваявалі звычайна з апушчаным забралам; найбольш смелыя хадзілі ў бой з адкрытым (паднятым) забралам.

Заднім розумам моцны. Паўкалька з руск. м. (задним умом крепок). Няздольны своечасова прыняць патрэбнае рашэнне. Не, я зусім не так сябе з ім трымала. Заднім розумам моцная, хоць пабяжы ды дагані тую «Волгу», пачні ўсю размову спачатку (Л. Арабей. Дзень мінулы, дзень наступны).

Паходзіць з прыказкі Мужык задним умом крепок.

Задняя думка. Калька з франц. м. (аrrіèrе-репsее). Скрыты намер, таемны замысел. Дырэктар жа не проста частуе. Заднюю думку, відаць, мае, хоча дапамогі на экзамене ці што іншае (І. Навуменка. Бульба).

Выраз з драмы «Марнатравец» (1736) французскага пісьменніка Дэтуша. У выразе падразумяваецца падабенства з фонамі карціны — пярэднім і заднім.

За дрэвамі не бачыць лесу. Калька з англ. (nоt tо sее thе wооd for thе tгееs) ці ням. (dеn Wald vor Вäumen nісht sеhеn) м. За чым-н. дробным не заўважаць значнага, вялікага. Цяпер я ведаю, што азначалі твае словы «нас разбілі»… Але ты вельмі шырока бярэш, за дрэвамі не бачыш лесу. Толькі слабы чалавек можа разгубіцца ад першай няўдачы (У. Дамашэвіч. Між двух агнёў).

У вобразнай аснове фразеалагізма — алагізм як стылістычны прыём.

Задурванне галавы каму. Уласна бел. Заблытванне каго-н. глупствам, непатрэбнасцю. Цярпець не магу анкет, апытванняў і тэстаў. Па-мойму, гэта толькі задурванне галавы добраму чалавеку (У. Караткевіч. Ці дажывём да ста год…).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма задурваць галаву (каму), адно са значэнняў якога — ‘заблытваць каго-н., пазбаўляць здольнасці разумна разважаць’.

За душой. Агульны для ўсходнесл. м. У наяўнасці (быць у каго-н., мець што-н.). Каб толькі якая зачэпка была, а там даказаць лёгка будзе, асабліва калі грошы за душою будуць (М. Лобан. На парозе будучыні).

Першапачаткова слова душа тут мела ўстарэлае значэнне (засведчанае ў слоўніку У. І. Даля) ‘ямачка на шыі пад кадыком’. Паводле народных уяўленняў, у гэтым месцы знаходзіцца душа чалавека. На грудзях, каля душы (‘ямачкі’), раней насілі, хавалі грошы.

Пачынаць з азоў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. с азов, укр. з азів). З самага пачатку, з простага, элементарнага. Як вядома, пачалі мы тут з азоў. Адна электраўстаноўка і тры пілы — вось і ўсё, што мелі спачатку (М. Ваданосаў. У Баркоўскай пушчы).

Паходзіць ад слова аз, якім называлася літара «а» — першая ў стараславянскай азбуцы (кірыліцы). Параўн. у вершы А. Вярцінскага «Аз, букі і ведзі»: «Сумна не ведаць нічога на свеце. Жыць жыццём цёмных лясоў. Дзень добры, аз, букі і ведзі! Усё пачынаецца з вас, з азоў».

За і супраць узважваць, перабіраць. Калька з лац. м. (рго еt сопtrа). Аргументы на карысць чаго-н. у супастаўленні з тым, што адмаўляе іх. Сустрэўшыся з некаторымі таварышамі, узважыўшы ўсе за і сутраць, Краўчанка прыйшоў да вываду, што «спецыяльная канцылярыя» пакуль што за межамі дасягальнасці… (Б. Мікуліч. Цяжкая гадзіна).

Першапачаткова, ужываючыся пры абавязковым дзеяслове-суправаджальніку ўзважваць, выраз звязваўся з уяўленнем пра шалі (прыладу для ўзважвання) як сімвал правасуддзя.

Зайсці ў тупік. Агульны для бел. і руск. м. Трапіць у цяжкае становішча. Рабочыя страцілі веру да лідэраў. І не ведалі, што ім рабіць. Зайшлі ў тупік… (М. Гарэцкі. Віленскія камунары).

Свабоднае словазлучэнне, на базе якога ўтварыўся фразеалагізм, звязана не з чыгуначным тупіком, а з глухім завулкам, які таксама называюць тупіком. Даўней у кожным горадзе было шмат такіх завулкаў, адкуль цяжка было выйсці. Прыгадаем эпізод з «Новай зямлі» Я. Коласа (раздзел «Дзядзька ў Вільні»), дзе гаворыцца, як Антось «у кут глухі ўпнууся, сцяна прад ім і сцены збоку, ўпярод не ступіш ані кроку — прапала вуліца ды годзе!». Ва ўкр. м. эквівалентам нашага выразу выступае фразеалагізм з аднолькавай, але больш этымалагічна празрыстай асновай — зайти в глухий кут (в сліпий кут).

Заставацца (застацца) за кадрам. Агульны для бел. і руск. м. (Заставацца) неадлюстраваным, непаказаным. На старонках дэтэктыва выкопванне нябожчыка засталося за кадрам, аб ім толькі паведамляецца другой «экспедыцыі» эксгуматараў (ЛіМ. 13.03.1998).

Паходзіць з маўлення кінарэжысёраў, дзе кадрам называюць асобны здымак або асобны эпізод у фільме.

Закапаць <свой> талент у зямлю. Гл. закопваць (закапаць) <свой> талент у зямлю.

Закапыліць губы. Гл. капыліць (закапыліць) губы.

Закасаўшы рукавы працаваць, брацца за справу і пад. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. засучив рукава, укр. засукавши рукава). Не шкадуючы сіл, шчыра, старанна. Дык давайце, арляняты, закасаўшы рукавы возьмемся за працу! (І. Гурскі. Неспакойныя характары).

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code