Завесціся з паўабароту. Гл. заводзіцца (завесціся) з паўабароту.
Заводзіцца (завесціся) з паўабароту. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. заводиться с полуобррота, укр. заводитися з півоберту). Вельмі хутка прыходзіць ва ўзбуджанасць, узрушанасць, хваляванне. Пасля гісторыі ў тэрмаабрубным начальнік цэха таксама заводзіцца, як кажуць, з паўабароту (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).
Паводле паходжання гэта выраз каламбурнага характару. Тут на рэалізаванае спачатку значэнне слова заводзіцца ‘прыходзячы ва ўзбуджанасць, распачынаць спрэчку з кім-н.’ накладзена яшчэ адно значэнне гэтага ж слова ‘пачынаць дзейнічаць у выніку пуску ў ход якога-н. механізма’ з адначасовым яго дапаўненнем экспрэсіўным дадаткам з паўабароту. Параўн. прыклад, дзе перадаецца працэс разгортвання слова ў фразеалагізм: «Ён [Ролік] на хвіліну змоўк, але потым зноў завёўся. З паўабароту» (У. Караткевіч). Параўн. таксама: «Бліноў ускіпеў, завёўся з паўабароту. — Ты што падколваеш? — шалёным позіркам апёк ён Косцю… — Ну-у? А ты скажы, — завёўся ўжо і Косця, хоць знаку яшчэ і не падаваў» (Я. Радкевіч).
Заводзіць (завесці) катрынку. Уласна бел. Дакучліва гаварыць пра адно і тое ж. — Ну! Ну! Завяла ўжо катрынку! — глуха загукаў Арцём са студні (Я. Колас. Недаступны).
Утварыўся ў выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, звязанага з ігрой на катрынцы — пераносным механічным аргане ў выглядзе невялікай скрынкі, на якім ігралі вандроўныя музыканты. Калі заводзілі, пускалі ў ход гэты арган, чулася працяглае, нуднае, тужлівае гучанне. Гэта і стала асновай для пераасэнсавання. Лічыцца, што першай мелодыяй, якая выконвалася вандроўнікамі-немцамі, была франц. песенька «Сhаrmаntе Саthеrinе» («Прыгожая Кацярына») ці яе ням. пераклад «Sсhаrmаntе Каthаrinе». Ад другога кампанента гэтай назвы паходзіць слова катрынка. У польск. м. ёсць таксама фразеалагізм з гэтым кампанентам: (gаdаć, mоwіć) jаk паkręсопа kаtагупка.
Заводзіць (завесці) <сваю> шарманку. Агульны для бел. і руск. м. Дакучліва гаварыць пра адно і тое ж. [Пранцісь — Быкоўскаму: ] Собственно, пане дабрудзею, завядзі яшчэ сваю шарманку: яна ў цябе, прост, як грамафон, вось-цо-да, трубіць (Я. Купала. Паўлінка).
Узнік гэтак жа, як і фразеалагізм заводзіць (завесці) катрынку (гл. вышэй), — на аснове назвы франц. песенькі «Сhаrmаntе Саthеrіnе». Толькі слова шарманка паходзіць ад першага кампанента гэтай назвы, а катрынка — ад другога.
Завязваць (завязаць) вузялок. Агульны для ўсходнесл. м. Цвёрда запамінаць, улічваць на будучыню. [Гары: ] Па дарозе ў лясгас да Алешкі зазірні. Скажы, што засеў Гары ў Харытонавым ручаі… Алешка трактар арганізуе. Не забудзеш, кандыдат?.. [Ягор: ] Вузялок завяжу (В. Лукша. Калі вяртаюцца буслы…).
У аснове фразеалагізма — адгалосак даўнейшага звычаю завязваць на нітцы вузялкі для запамінання лікаў ці яшчэ чаго-небудзь.
Загавець душой. Гл. душой загавець.
Загаворваць зубы каму. Гл. зубы загаворваць каму.
Заганяць (загнаць) у тупік каго. Агульны для бел. і руск. м. Даводзіць да разгубленасці, збянтэжанасці. I як заўсёды, нягледзячы на Алесева красамоўства, Кастусь заганяў яго ў тупік (М. Ваданосаў. Пад чужым паролем).
Узнік у выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння з маўлення чыгуначнікаў, дзе тупік абазначае ‘чыгуначны станцыйны пуць, злучаны з іншымі пуцямі толькі адным канцом’.
Загнанасць у тупік. Уласна бел. Крайняя разгубленасць. А маглі б ужо і сёння жыць іначай… Не было б адчування няпэўнасці, безвыходнасці, загнанасціў тупік (Н. Гілевіч. У роздумах аб жыцці-быцці нашым).
Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма загнаць у тупік (каго), які абазначае ‘давесці да разгубленасці, збянтэжанасці’ (гл.).
Загнаць у тупік каго. Гл. заганяць (загнаць) у тупік каго.
З агню ды ў полымя. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. из огня да в полымя, укр. из вогню та в полум’я). З адной непрыемнасці ў другую (трапляць, кідаць, кідацца). Нават маці была рада, што, нарэшце, яе сын пазбавіцца ад вечнай крыўды. Але Казік трапіў з агню ды ў полымя (А. Чарнышэвіч. На сажалках).
Пабудаваны як градацыйная канструкцыя на супастаўленні двух блізкіх у сэнсавых адносінах слоў.
Заграбаць жар чужымі рукамі. Гл. чужымі рукамі жар заграбаць.
Заграбаць лапатай грошы. Гл. грэбці (грабці, заграбаць) лапатай (грошы).
За гуж узяцца. Уласна бел. Пачаць якую-н. справу, лічачы сябе здольным выканаць яе. — Ты ўсё знаеш! Усе падходы! — Знаю. А і табе знаць бы трэба. Калі за гуж узяўся (І. Мележ. Завеі, снежань).
Паводле паходжання гэта «абломак», першая частка прыказкі Узяўся за гуж, дык не кажы, што не дуж, якая абазначае ‘калі ўзяўся за якую-н. справу, не адмаўляйся, спасылаючыся на цяжкасці яе выканання’. Адарваўшыся ад прыказкі, яе фрагмент стаў ужывацца ў розных асобах абодвух трыванняў: узяўся за гуж (В. Гардзей), узяліся за гуж (А. Васілевіч), бяруся за гуж (М. Лужанін), бярэшся за гуж (М. Гроднеў) і інш.
Задаваць (задаць) труса. Уласна бел. Баяцца, палохацца. Толькі не трэба труса задаваць: глядзі смела, кажы адважна, рэж з-за пляча — храбрасць гарады бярэ! (Я. Колас. На ростанях).
Склаўся, відаць, пад уплывам фразеалагізма труса святкаваць (гл.) з заменай у ім дзеяслоўнага кампанента.
Задаваць (задаць) фефару каму. Паўкалька з ням. м. (Рfеffеr geben). Сурова распраўляцца з кім-н., караць каго-н. — Гэта напэўна святыМікалай памыліўся і замест цябе мяне пакараў. —Ён яшчэ, глядзі, і мне каб фефару не задаў. Чорт яго, брат, ведае (Я. Колас. На ростанях).
Унутраная форма фразеалагізма становіцца зразумелай, калі мець на ўвазе, што ням. Рfеffеr — перац.
Задаваць (задаць) храпавіцкага. Запазыч. з руск. м. Моцна спаць. — Алё, здароў! — прывітаў яго Сеўка. — Ты, як звычайна, храпавіцкага задаваў? (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).
Назоўнікавы кампанент, неўжывальны па-за межамі гэтага фразеалагізма, выконвае тут сэнсаўтваральную ролю і ўзнік на аснове дзеяслова храпці. Магчыма, выраз склаўся пад уплывам сэнсава тоеснага даваць храпака (гл.) з заменай апошняга кампанента ўтварэннем каламбурнага характару на ўзор прозвішчаў.
Задаваць перцу каму. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) перцу каму.
Задаваць стракача ад каго, адкуль, куды. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) стракача ад каго, адкуль, куды.