Душа наросхрыст у каго. Паўкалька з руск. м. (душа нараспашку). Хто-н. вельмі шчыры, адкрыты. Памятаеце па Гомелю? Партызан, душа наросхрыст. Некалькі танкаў падарваў (У. Карпаў. За годам год).
Мяркуюць, што ў словазлучэнні, з якога ўзнік фразеалагізм, рэалізуецца значэнне слова душа (засведчанае ў слоўніку У. Даля) — ‘ямачка на шыі пад кадыком’. Паводле народных уяўленняў, у гэтым месцы знаходзіцца душа. На грудзях, каля душы («ямачкі»), раней насілі, хавалі грошы. Першапачаткова словазлучэнне душа наросхрыст абазначала, як піша М. М. Шанскі, «чалавека з расшпіленым каўняром кашулі, які не баіцца паказаць, што ў яго за пазухай». Параўн.: «Гэта ўражанне як бы дапаўняла тое, што каўнер касавароткі быў расшпілены, нібы паказваў: уся душа наросхрыст» (І. Мележ. Подых навальніцы).
Душа ў пяткі <схавалася, ускочыла> у каго. Недакладная калька з лац. м. (аnіmus іn реdеs dесіdit — душа ў ногі (ступні) упала). Каго-н. ахоплівае моцны страх. Не, я перапалохалася вельмі. Як ён пачаў гаварыць, дык у мяне душа ў пяткі схавалася (А. Асіпенка. Вогненны азімут).
У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.
Душой загавець. Уласна бел. Памерці, загінуць. Закон, бачыш, такі ёсць: як хто сам праз сябе памрэ, дык датуль няможна хаваць, пакуль не дойдуць, як і праз што ён душой загавеў (Я. Купала. Раскіданае гняздо).
Слова загавець, апрача свайго асноўнага значэння ‘паесці скаромніны апошні раз перад постам’, у бел. гаворках ужываецца з іншымі значэннямі; напрыклад, у «Матэрыялах для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» (1974): загавець — ‘захварэць’. Параўн. таксама: «Я не хачу загавець жыццём чорт ведама за што» (Р. Мурашка). Тут ужо сэнс дзеяслова загавець іншы: ‘загінуць’. Такое ж устар. ці дыял. значэнне і ў дзеяслоўным кампаненце фразеалагізма душой загавець. Яно выяўляецца пры супастаўленні гэтага фразеалагізма з антанімічным душой адгавець — ‘ажыць’. Параўн. у слоўніку У. Даля: гавець — ‘жыць, быць’ (з паметай «устарэлае»). «Магчыма, словы загавець, адгавець ад таго кораня, што і жыць, гаіцца (загаіцца)» (Ф. Янкоўскі). Як бачым, сэнсавым цэнтрам фразеалагізма душой загавець першапачаткова выступаў дзеяслоў загавець.
Дымавая заслона. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. дымовая завеса, укр. димовая завіса). Маскіроўка, наўмыснае адцягванне ўвагі ад чаго-н. У ходзе следства і суда дымавая заслона рассеялася, і хапугі паўставалі такімі, якші былі (Звязда. 3.10.1982).
Узнік у выніку пераасэнсавання састаўнога тэрміна, якім у маўленні ваенных называюць штучна ўтвораныя воблакі дыму як спосаб маскіроўкі.
Дым каромыслам. Запазыч. з руск. м. Дзе-н. пануе вялікае ажыўленне ці падымаецца шум, беспарадак, сумятня. У другой [вёсцы] паліцаі вяселле гуляюць, нейкага бобіка жэняць: панаехала, па вуліцах поўна падвод, п’янка — дым каромыслам (В. Быкаў. Круглянскі мост).
Узнікненне фразеалагізма звязваюць з даўнейшым сялянскім бытам, калі існавалі курныя хаты, г. зн. хаты, якія абаграваліся печкай без коміна. Дым выходзіў праз спецыяльнае акенца або ў дзверы. Калі ў хаце было спакойна, а на дварэ стаяла добрая пагода, дым выходзіў роўным патокам. Калі ж пачынаўся шум, сумятня, то дым падымаўся каромыслам, г. зн. выбіваўся клубам і пасля перавальваўся дугой.
Дыхаць на ладан. Гл. на ладан дыхаць.
Е
Егіпецкая кáра. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. египетская казнь, укр. египетська кара). Нязносна цяжкае становішча, бяда, бядота. [Ухватаў:] Не-е, я на вас аброцьку знайду. Я табе такую кару егіпецкую зараз знайду, на ўсё жыццё табе хопіць! (А. Макаёнак. Пагарэльцы).
Склаўся на аснове біблейскага аповеду (Зыход, 7-12) аб дзесяці карах (ператварэнне вады Ніла ў кроў, падзеж жывёлы, маравая пошасць, нашэсце саранчы, шматдзённая цемра і інш.), якімі Бог пакараў егіпцян за тое, што фараон адмаўляўся вызваліць яўрэяў, што жылі ў Егіпце на становішчы рабоў.
Ездзіць па левым баку. Уласна бел. Парушаць нормы літаратурнай мовы. У нас, аднак, для некаторых людзей моўныя нормы — не закон. Яны «ездзяць палевым баку» (Настаўн. газ. 1.04.2000).
Крылаты выраз з артыкула К. Крапівы «Ці будзем мы ездзіць па левым баку?» (1973). I ў загалоўку, і ў тэксце артыкула словазлучэнне ўжыта з метафарычным, пераносным значэннем. Падаецца і аснова пераасэнсавання — супастаўленне з правіламі дарожнага руху (у прыватнасці, такога правіла, як «трымайся правага боку»).
Ерыхонская труба. Гл. іерыхонская (ерыхонская) труба.
Есці поедам каго. Агульны для ўсходнесл. м. Бесперастанку мучыць папрокамі, дакараць, зневажаць. Ты ж яго грызла і грызла, поедам ела. Ды не адна, а ўдвух з маткаю (П. Місько. Градабой).
Узнік па мадэлі таўталагічных выразаў тыпу прападзі пропадам. Сэнсаўтваральным тут выступае дзеяслоў есці, ужыты ў пераносным значэнні ‘даймаць каго-н. сваркамі, папрокамі’. Далучанае да дзеяслова аднакаранёвае прыслоўе поедам, неўжывальнае па-за гэтым выразам, узмацняе экспрэсію фразеалагізма і дапаўняе яго значэнне элементам бесперапыннасці.
Есці просіць(-яць). Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. пры дзейніку, які абазначае назвы абутку, і мае сэнс ‘вельмі знасіўся, патрабуе рамонту (бот, чаравік і пад.)’. У лодцы і босай сядзець можна. Вунь, адзін чаравік мой — есці просіць (А. Шашкоў. Белы камень).
Утвораны праз супастаўленне дзіравага абутку з адкрытым ротам немаўляці, які гэтай мімікай просіць есці.
Ехаць з кірмашу. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. ехать с ярмарки, укр. іхати з ярмарку). Блізіцца к канцу жыцця. Гэта ж трэба, Антось Клепча, які ўжо з кірмашу едзе, запісаўся з гэтай самай Хлёркавай Ганнай… (М. Скрыпка. Збоку прыпёку).
У вобразнай аснове фразеалагізма — супастаўленне чалавечага жыцця з дарогай на кірмаш і вяртаннем з кірмашу.
Ё
Ёлкі зялёныя. Запазыч. з руск. м. Вокліч захаплення, прыкрасці і пад. — Хлопчыкі мае! — крычаў Валодзя ўжо на самым вільчыку страхі. — Ах вы, ёлкі зялёныя, як далёка відаць! (Я. Брыль. У Забалоцці днее).
Ёсць меркаванне, што ўзнікненне выразу звязана з тым, што даўней на карчомных шыльдах малявалі яловыя галінкі.
Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах у каго. Паўкалька з руск. м. (есть еще порох в пороховницах). Хто-н. мае сілу, энергію, каб зрабіць, здзейсніць што-н. Каб даказаць, што сапраўды ёсць яшчэ порах у парахаўніцах, ён, Пратасевіч, разагнаўся і, зусім не адчуваючы сваіх ног, як хлапчук, перасігнуў тады двухметровы язык полымя (А. Васілевіч. Пратасевіч).
Крылаты выраз з аповесці М. В. Гогаля «Тарас Бульба». У час бітвы з непрыяцелем Тарас тройчы звяртаецца да казакоў: «Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах? Ці не аслабела казацкая сіла? Ці не гнуцца казакі?» I чуе іх адказ: «Ёсць яшчэ, бацька, порах у парахаўніцах. Не аслабела яшчэ казацкая сіла; яшчэ не гнуцца казакі!»
Ж
Жаба ў каляіне. Уласна бел. Нікчэмнасць, асуджаная на пагібель. — А што такое Абрамчык? Гандлярчык, і то дробны… — Жабаў каляіне, — дадае Навумовіч (Л. Прокша. Інтрыгі прэзідэнцкага двара).