Склаўся на аснове фразеалагізма (не магчы) звязаць двух слоў (гл.) — недакладнай калькі з лац. м.
Дзве дзюркі ў носе і сканчылося. Запазыч. з польск. м. (dwіе (dzіurkі w nоsіе і skоńсzуłо sіę). Ужыв. са значэннем ‘на гэтым і канец’, звычайна як жартаўлівае выказванне пра завяршэнне чагосьці. Напрыклад, у камедыі Я. Купалы «Паўлінка» Сцяпан пад заслону кажа: Каханенькія, родненькія, дзве дзюркі ў носе і сканчылося. Або ў камедыі К. Крапівы «Брама неўміручасці»: Вось і ўся неўміручасць. Дзве дзюркі ў носе і сканчылося, як той казаў. Ізноў мы ўсе роўныя. I ніхто нас не дзеліць на вечных і абязвечаных. М. Федароўскі занатаваў у народных гаворках варыянт гэтага запазычання: дзве дзіркі ў носе дый сканчылося.
Выраз усведамляецца як матываваны.
Дзевяты вал. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі: 1) самая моцная і небяспечная хваля ў часе марской буры, 2) грозная, нязломная сіла, 3) чаго; найбольшае праяўленне чаго-н. Гаварыў Асілак брату: — Глянь, дзе хвалі пеніць шторм, ці то грывай вал дзевяты, ці то зломаным крылом птушка, тонучы, махае? (М. Танк. Казка пра Музыку). Няхай не цешыць сябе стары лад тым, што дзевяты вал мінуў! (Я. Колас. Забастоўшчыкі). Проста з моста скакаў рэдактар на дзевятым вале злосці (П. Палітыка. Свой хлопец).
Звычайна ў выразе выдзяляюць два апошнія значэнні, а першае лічаць тэрміналагічным, аднак гэта тыповае фразеалагічнае значэнне, не звязанае са значэннямі кампанентаў. Назва дзевяты ідзе ад міфалагічнага ўяўлення пра дзевяць як свяшчэнны лік. На аснове гэтага зыходнага значэння развіліся метафарычным шляхам астатнія два значэнні.
Дзеля понту. Гл. для (дзеля) понту.
Дзень добры! (Добры дзень!). Калька з франц. м. (Bonjour!) ці ням. (Gutеn Тад!) м. Прывітальны зварот пры сустрэчы раніцай або днём. [Куторга: ] Дзень добры, пане Пратасавіцкі! Здарова, пані Пратасавіцкая! (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта).
Першапачаткова ўсведамляўся як пажаданне добрага дня каму-н.
Дзе сабака закапаны. Калька з ням. м. (dа іst dеr Нund bеgrаbеn; замест іst выкарыстоўваецца і liеgt). У чым сутнасць справы, сапраўдная прычына чаго-н. Было крыўдна, як гэта ён, майстра сваёй справы з вялікім, яшчэ даваенным стажам, не можа дабрацца, дзе тут, як кажуць, сабака закапаны (Мік. Ткачоў. Светлы агонь).
Мяркуюць, што выраз нарадзіўся ў перыяд сярэднявечча, калі модным было шукаць скарбы, і першапачаткова абазначаў ‘вось дзе скарб закапаны’. Выкарыстанне замест скарб слова сабака вытлумачваецца тым, што існавала павер’е, быццам закапаныя ў зямлі скарбы ахоўваюцца нячыстай сілай у вобразе чорнага сабакі.
Дзесятаму заказаць. Агульны для бел. і ўкр. м. Ні ў якім разе не паўтарыць падобнага і другіх папярэдзіць. Ды я сёння сказала: глядзі, хлопчык, калі яшчэ раз убачу — будзе до-о-брая лазня. Так адхрышчу, што дзесятаму закажаш (А. Кудравец. На зялёнай дарозе).
Калі ўстарэлае слова заказаць са значэннем ‘забараніць’ было ў актыўнай лексіцы, то фразеалагізм усведамляўся як «забараніць не толькі сабе, але і дзесятаму», дзе гіпербалічнае дзесятаму абазначала ‘кожнаму, іншаму, пятаму-дзесятаму’. Субстантываваны лічэбнік дзесятаму замацаваўся ў фразеалагізме як яго сталы кампанент, відаць, не з моманту ўзнікнення выразу. Напрыклад, у помніку XVI ст., у лістах аршанскага старасты Філона С. Кміты-Чарнабыльскага, сустракаем: «…таковое досады ужил, не только молвити сметь, же се вернет, але и другому закажет!»
Дзесятая (сёмая) вада на кісялі. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі далёкі сваяк. Нябожчыцы матцы Яніны яна даводзілася стрэчнай сястрой, вось і ўсё сваяўство — от так, дзесятая вада на кісялі (Р. Мурашка. Салаўі святога Палікара). Антоні Плахінскі… даводзіўся ёй дваюрадным ці траюрадным братам, адным словам, сёмая вада на кісялі (М. Гарэцкі. Віленскія камунары).
Даўней кісель рабілі пераважна з аўса, які намочвалі, прарошчвалі, сушылі і таўклі ў ступе. Затым солад заквашвалі і працэджвалі. Маглі і яшчэ раз ці два заліваць вадой выціснутую гушчу і працэджваць на сіта. Але ўжо атрымліваўся рэдкі кісель, далёка не падобны на першы цэд. Зразумела, што ні сем, ні тым больш дзесяць цэдаў не практыкавалі, бо іх вынікам была б амаль чыстая вада. Таму на пачатку свайго фразеалагічнага жыцця выраз дзесятая (сёмая) вада на кісялі ўсведамляўся як гіпербала.
Дзённа і ночна. Уласна бел. (параўн. ва ўкр. м.: денно і нічно). Увесь час, пастаянна. Улады рабілі (і робяць) выгляд, што раяцца з простымі людзьмі, што прыслухоўваюцца да іх разваг і меркаванняў, што дзённа і ночна дбаюць аб іх здароўі, шчасці і дабрабыце (ЛіМ. 23.10.1998).
Склаўся на аснове царк. — слав. выразу денно и нощно, які абазначаў ‘суткі’.
Дзірка ад абаранка. Паўкалька з руск. м. (дырка от бублика). Зусім нічога. Я стараўся, стараўся… А за мае старанні — дзірка ад абаранка (І. Капыловіч. Чарнабурка).
Стваральнік выразу — У. У. Маякоўскі. У яго «Містэрыі Буф» (1918) чытаем: «Чего канителитесь? Обещали и делим поровну: одному бублик, другому — дырка от бублика. Это и есть демократическая республика». Доказам на карысць такога меркавання з’яуляецца тое, што ў рускіх парэміяграфічных і фразеалагічных працах (У. Даля, М. Міхельсона і інш.) выраз не фіксуецца, няма яго і ў ранейшых беларускіх і ўкраінскіх зборніках. Яго пачалі ўключаць ў слоўнікі толькі ў 1950-я гады.
Дзіцячы лепет. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. детский лепет, укр. дитячий лепет). Наіўныя, несур’ёзныя, павярхоўныя думкі, меркаванні і пад. Вершы [я] пачаў пісаць, калі адолеў граматыку, а складаў іх яшчэ раней. Мабыць, гэта быў дзіцячы лепет (Полымя. 1987. № 8).
Узнік, хутчэй за ўсё, са свабоднага словазлучэння ў выніку яго метафарычнага пераасэнсавання на аснове падабенства з’яў. Выраз у такім разе ўсведамляецца як прыхаванае параўнанне з дзіцячым лепетам у прамым значэнні гэтых слоў. Параўн. і аналагічнае тлумачэнне фразеалагізма ў ТСБМ (т. 3, с. 35): «Дзіцячы лепет — пра што-н. вельмі бездапаможнае, па-дзіцячаму наіўнае». З другога боку, можна лічыць, што гэта выраз з агульным аналітычным значэннем і што абодва кампаненты — сэнсаўтваральныя: дзіцячы суадносіцца са значэннем ‘наіўны, не сталы, неўласцівы даросламу’, а лепет — са значэннем ці адценнем ‘невыразная, непераканаўчая гаворка, разважанне, тлумачэнне і пад.’.
Дзяліць шкуру (скуру) незабітага мядзведзя. Агульны для ўсходнесл. м. Загадзя размяркоўваць прыбытак ад чагосьці яшчэ не ажыццёўленага. Кожны хоча нешта ўрваць. А рваць пакуль што няма чаго. Дзелім шкуру незабітага мядзведзя (Б. Сачанка. Вялікі Лес).
Склаўся на аснове прыказкі, вядомай многім народам у блізкіх разнавіднасцях: Не забіўшы мядзведзя, шкуры не прадавай (руск.), Не прадавай мядзведжай шкуры, пакуль не забіў мядзведзя (ням.), Не варта прадаваіць шкуру мядзведзя, не забіўшы яго (франц.). Параўн. беларускія адпаведнікі, занатаваныя М. Федароўскім: На жывым мядзведзі шкуры не купляй; Калі мядзведзь у лесе, то шкуру не дзяруць.
Дзяльба скуры незабітага мядзведзя. Гл. падзел (дзяльба) скуры незабітага мядзведзя.
Дзям’янава юшка. Паўкалька з руск. м. (демьянова уха). Тое, што назойліва прапануецца каму-н. у вялікай колькасці. Заставілі і пельмені есці. Смехата. Я іх туды, а яны — назад. Дзям’янава юшка (В. Ткачоў. Дзень у горадзе).
Выраз з аднайменнай байкі (1813) І. А. Крылова, у якой расказваецца, як Дзям’ян так частаваў юшкай суседа Фоку, што той мусіў уцячы і пасля гэтага «да Дзям’яна ні нагой».
Для адводу вачэй. Агульны для бел. і руск. (для отвода глаз) м. З мэтай адцягнуць увагу, стварыць знешняе ўражанне, падмануць. Нават неспрактыкаваны слых адразу адчуў бы самае звычайнае бразгаценне металу, якое бывае тады, калі часткі машыны не падагнаны як след адна да адной, зроблены наспех, для адводу вачэй (М. Лынькоў. Векапомныя дні).
Утвораны на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма адводзіць вочы каму (гл.), набыў уласцівасці прыслоўна-акалічнасных выразаў.
Для ачысткі сумлення. Калька з франц. м. (раг асquіt dе сопsсіепсе). У апраўданне сваіх учынкаў, каб потым не шкадаваць аб чым-н., не раскайвацца ў чым-н. Ды якія там грошы, нічога не трэба!.. Ну, калі вам так карціць, то, як гаворыцца, для ачысткі сумлення вышліце… (В. Гігевіч. Варыянт).
У франц. м. фразеалагізм мог сфарміравацца на базе дзеяслоўнага выразу ачысціць сумленне, які прыйшоў з перакладам біблейскіх тэкстаў, напрыклад: «Хрыстос ачысціць сумленне наша ад мёртвых спраў» (Пасланне да яўрэяў, 9, 14).
Для блізіру. Агульны для бел. і руск. (для блезиру) м. З мэтай стварыць падманлівае ўражанне. У Грыбаўцах гэтым часам нашы зайшлі да Карповіча, бацькі начштаба, пабілі для блізіру вокны, забралі лесніка (А. Карпюк. Пушчанская адысея).