MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Першапачатковае значэнне выразу — ‘пакуль заспяваюць трэці раз пеўні’. А гэта бывае, калі ўжо світае.

Дах (страха) над галавой. Агульны для ўсходнесл. (руск. крыша над головой, укр. дах над головой, польск. (dасh nаd głova) м. Дом ці кватэра, пакой. Важна, што ў мяне ёсць дах над галавою. А ў людзей і таго няма (У. Дамашэвіч. Німфа).

Паходзіць са свабоднага словазлучэння ў выніку сінекдахічнага пераносу (заменена назва цэлага назвай яго часткі).

Даць газу каму. Гл. даваць (даць) газу каму.

Даць галаву на адрэз. Гл. даваць (даць) галаву на адрэз (на адсячэнне).

Даць гарбуз каму. Запазыч. з укр. м. (дати гарбуза). Адмовіць таму, хто сватаецца. Яе асабліва трывожыла тое, што Глушакі сваты не абы-якія, ім не так проста даць гарбуз, паказаць, як ісці туды, адкуль прыйшлі, ні з чым… (І. Мележ. Людзі на балоце).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. На Украіне і ў некаторых раёнах Беларусі быў звычай: калі дзяўчына ці яе бацькі непрыхільна ставіліся да сватання, то маладому або свату давалі гарбуз як знак нязгоды.

Даць дуба. Гл. дуба даць.

Даць дыхту каму, чаму. Відаць, запазыч. з польск. м.; яго падае толькі «Słownik jęzуkа роlskіедо» (1900): zаdаć котu dусhtu — ‘даць лазню, узяць у абарот’. У гэтым слоўніку сярод пяці значэнняў, уласцівых слову dусht, называецца і значэнне ‘пабоі’, з якім звязваецца ўзнікненне выразу даць дыхту.

У сучаснай бел. м. фразеалагізм ужыв. з чатырма значэннямі: 1) каму; моцна сварыцца на каго-н., прабіраць каго-н.; 2) каму; сурова распраўляцца з кім-н., біць бязлітасна каго-н.; 3) чаму і без дап.; рабіць што-н. хутка, энергічна; 4) чаму; натруджваць (рукі, ногі). Як толькі на парозе пакажацца нявестка, ну і дам ёй дыхту! (Ядвігін Ш. Важная фіга). Каб яны [нашы «ястрабкі»] толькі паявіліся, дык далі б дыхту гэтым нахабнікам-фашыстам (Р. Сабаленка. Іду ў жыццё). Даюць дыхту, даюць жару, «Сербіянку», «Польку» шпараць… (Я. Купала. Вечарынка). Эх, і наскакалася ж Яніна ў нядзельку ў Манькоўцы! Ну, і дала дыхту нагам, што дала дык дала (Р. Мурашка. Салаўі святога Палікара).

Даць задні ход. Гл. даваць (даць) задні ход.

Даць знаць каму. Гл. даваць (даць) знаць каму.

Даць лататы. Агульны для бел. і руск. м. Імкліва ўцячы, кінуцца ўцякаць. Даў, як заяц, лататы праз дарогу — у кусты (А. Александровіч. Шчаслівая дарога).

Для сучаснага носьбіта бел. м. выраз даць лататы — нематываваная фразеалагічная адзінка, пазбаўленая свайго семантычнага вобраза. Для таго ж, хто некалі першы раз ужыў гэты выраз, і яго апошні кампанент не быў «цёмны». Паводле ўзнікнення ён адносіцца да ліку гукапераймальных: сваім складам (лата-та) ён нагадвае гукі, характэрныя для дзеяння, названага гэтым словам (тупат ног уцекача). У выразе даць лататы яго апошні кампанент, па аналогіі з выразамі адной сэнсавай сям’і даць цягу, даць дзёру, даць драла і падобных, прыняў форму род. скл. Часам у мастацкай літаратуры можна сустрэць прыклады, калі пісьменнік агаляе вобразны стрыжань фразеалагізма, напрыклад, падзелам апошняга кампанента на склады: «Па запыленых будынках чуем плач мы беднаты… — Дзе ж цяпер шукаць прыпынку? Ці даваць мо лата-ты?» (М. Чарот. Босыя на вогнішчы).

Даць ляшча каму. Відаць, запазыч. з укр. м. Моцна ўдарыць, выцяць каго-н. Даўшы ляшча аднаму, другому, Фурсевіч злавіу трэцяга і скамандаваў:—Клічусіх на аўдыенцыю (Звязда. 9.10.1987).

Ва ўкр. м. слова ляшч ужыв. не толькі ў складзе фразеалагізма дати ляща ‘ударыць далонню па абліччы’, але і як назоўнік з самастойным лексічным значэннем ‘аплявуха’; першапачаткова дати ляща — ‘даць аплявуху’. Фразеалагізм ёсць і ў руск. м. (дать леща); яго ўзнікненне В. М. Макіенка звязвае з магчымым утварэннем ад дыял. дзеяслова лещить ‘біць’ слова-кампанента лещ са значэннем ‘удар’.

Даць перуноў каму. Гл. даваць (даць) перуноў каму.

Даць перцу каму. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) перцу каму.

Даць пудла. Уласна бел. Памыліцца, схібіць. І як далі яны такога пудла! Варту знялі тады, калі яна была найболей патрэбна. Дапусціліся да таго, што пратакол папаў у рукі паліцыі (Я. Колас. На ростанях).

Паходзіць з мовы паляўнічых, дзе пудла—‘няўдачны стрэл, промах’. Першапачатковае значэнне выразу — «спудлаваць, прамахнуцца, страляючы; толькі спудзіць (птушку ці звера)».

Даць пытлю каму. Уласна бел. Абазначае ‘напасці з дакорам, абвінавачаннем’ і ‘правучыць, разбіць’. Дык вы едзеце?.. Дайце там пытлю ўсім! (Х. Шынклер. Сонца пад шпалы). — Гарадскія хлопцы пастараліся. — Што ж, малайцы, і яны далі немцу пытлю! (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Сэнсаўтваральным кампанентам выразу выступае дзеяслоў даць, які ў свабодным ужыванні, без дапаўнення, здольны рэалізаваць такое ж значэнне, як і ўвесь фразеалагізм даць пытлю (параўн., напрыклад: «Дам я табе!», «Ну і далі ім…»). Дадатак пытлю «прырос» да дзеяслова як увасабленне хуткага руху, што ўсведамлялася носьбітамі мовы, калі слова пыталь было ў актыўнай лексіцы. Устарэлы назоўнік пыталь — гэта, паводле І. Насовіча, машына для пытлявання пшаніцы. Амаль тое самае і ў даўнейшых слоўніках польск. м., напрыклад у слоўніку 1912 г.: ‘млын для пытлявання’ і ‘спецыяльны млынавы мяшок для прасейвання мукі, які механічна прыводзіцца ў рух’; тут жа падаюцца і ўстойлівыя параўнанні: язык як пыталь, словы сыпле як з пытля.

Даць стракача ад каго, адкуль, куды. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) стракача ад каго, адкуль, куды.

Даць тон каму, чаму, у чым. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) тон каму, чаму, у чым.

Даць храпака. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) храпака.

Два канцы адной палкі. Уласна бел. Вельмі блізкія ці аднолькавыя ў якіх-н. адносінах з’явы (рэжымы, вучэнні і пад). Што ж тычыцца ідэалогіі, дык камунізм і фашызм маюць, так бы мовіць, асявую сіметрыю або, як кажуць у народзе, ёсць два канцы адной палкі (В. Быкаў. У ягоных сімпатыях няма нічога нечаканага).

Магчыма, склаўся на вобразнай аснове фразеалагізма палка з двума канцамі (гл.).

Двухаблічны Янус. Паўкалька з франц. м. (Jаnus à dеuх vіsадеs). Крывадушны чалавек. Двухаблічны Янус [Вігель] адно гаварыў людзям у вочы, зусім іншае пісаў пра гэтых людзей у сваіх даносах і лістах (Б. Сачанка. Думкі ўроссып).

Выток фразеалагізма — рымская міфалогія. Янус — старажытнарымскі бог часу, а таксама пачатку і канца, уваходу і выхаду. На малюнках і ў скульптуры яго паказвалі з двума тварамі, звернутымі ў супрацьлеглыя бакі. Маладым тварам ён глядзеў наперад, у будучыню, а старым — назад, у мінулае.

Двух слоў не звязаць. Агульны для ўсходнесл. м. Не ўмець звязна, прыгожа выказваць свае думкі. Ты вот пісаць не ўмееш, двух слоў не звяжаш, а колькі ў газеце трубіш? Гадоў пятнаццаць (І. Навуменка. Летуценнік).

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code