Узнік у выніку пераасэнсавання састаўнога тэрміна, які ў маўленні шафёраў абазначае ‘паскараць рух машыны, павялічыўшы паступленне гаручага’.
Даваць (даць) галаву на адрзз (на адсячэнне). Калька з франц. м. (dоnnеr sа têtе á соuрег). Браць на сябе поўную адказнасць за што-н. Я магу даць галаву на адрэз, што ён [Метак] недзе тут сноўдаецца з хутара на хутар (А. Бажко. Позняе ворыва).
Фразеалагізм успрымаецца як матываваны.
Даваць (даць; задаваць, задаць) перцу каму. Калька з ням. м. (Рfеffеr gеbеn). Ужыв. са значэннямі ‘рэзка прабіраць каго-н.’ і ‘сурова распраўляцца з кім-н., біць з бязлітаснасцю’. [Жэня: ] Дай ты яму, Роза, перцу. А то ён тут да нашых дзяўчат заляцацца пачаў (І. Козел. Над хвалямі Серабранкі). — Трымайся! Задай яму перцу! — падахвочвалі буйвала з усіх бакоў (Я. Маўр. Амок).
Фразеалагізм з жывой унутранай формай.
Даваць (даць; задаваць, задаць) стракача ад каго, адкуль, куды. Запазыч. з руск. м. Кідацца наўцёкі, імкліва ўцякаць. [Адзінота: ] Жарты жартамі, а Пацуку, брат, горача. [Кучма: ] Як ноч, так ён з плытоў стракача дае (У. Галубок. Плытагоны).
Уваходзіць у групу фразеалагізмаў, сэнсава тоесных і аднатыпных паводле ўзнікнення: даваць дзёру, даваць драла, даваць лататы, даваць цягу. У іх першы кампанент семантычна «выветрыўся», сэнсаўтваральную ролю выконвае другі кампанент, этымалагічна «цёмны». Лічаць, што дыял. назоўнік стракач ‘паганялка для жывёлы’ утварыўся ад дзеяслова стрекать ‘падскокваць, скакаць; біць паганялкай’.
Даваць (даць; задаваць, задаць) тон <каму, чаму, у чым>. Паўкалька з франц. м. (dоnnеr lе tоn). Паказваць прыклад у чым-н., аказваць уплыў на ход падзей. Бацькавы словы даюць тон грамадзе. З кожным словам лік Марысіных праціўнікаў расце (Я. Колас. Туды, на Нёман!).
Склаўся ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні музыкантаў.
Даваць (даць; задаваць, задаць) храпака. Агульны для ўсходнесл. м. Моцна спаць: Сон жа, як на злосць, ніяк не змыкаў яму вочы. Праўда, удзень Мікола даў храпака і выспаўся (Я. Колас. Трывога).
Сэнсаўтваральную ролю тут выконвае назоўнікавы кампанент. Неўжывальны па-за межамі фразеалагізма, ён утварыўся на базе дзеяслова храпці.
Даваць (даць) задні ход. Агульны для ўсходнесл. м. Адступаць ад раней сказанага, зробленага, адмаўляцца ад ранейшага намеру, рашэння. — Ды я так, — даў задні ход Валодзя. — Я хацеў ведаць, што вы скажаце... (П. Рунец. Аб чым шэпчацца аер).
Склаўся на аснове адпаведнага свабоднага словазлучэння, якое ў маўленні машыністаў-чыгуначнікаў або шафёраў ужываецца з прамым значэннем ‘ад’язджаць назад’: «Урэшце поезд, даўшы задні ход, спыніўся ля таварнай платформы» (І. Шамякін).
Даваць (даць) знаць каму. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. Ужыв. са значэннямі ‘паведамляць пра што-н.’ і ‘намякаць на што-н. якім-н. чынам’. Аўгіня прадумала ўсе спосабы і расказала аб іх бабцы Насце. Трэба даць знаць у Вепры жонцы Мартына Рыля (Я. Колас. Дрыгва). Старшыня рэўкома даў знаць Парасцы, што яму ісці трэба (М. Лобан. На парозе будучыні).
Выраз з агульным аналітычным значэннем. Абодва кампаненты сэнсава суадносяцца (але не супадаюць) з прыватнымі значэннямі адпаведных слоў: даваць — ‘перадаваць’, знаць — ‘мець звесткі аб кім-, чым-н.’. Выраз неаднаразова сустракаецца ў помніках старажытнай беларускай пісьменнасці — «Лістах Філона С. Кміты-Чарнабыльскага» (XVI ст.): «… и до вашей панскей милости давал знать». Ужываўся і ў варыянтнай форме даваць ведаць: «Даю ведать вашей панскей милости».
Даваць (даць) перуноў каму. Уласна бел. Гнеўна, з абурэннем гаварыць, пагражаць. Звычайна Рыгошка ніколі не даваў перуноў, толькі пратне вокам, як зазлуе, але ў незвычайны час, калі хваляванне раз’ятрыць яго марудную натуру, то ён мог нарабіць бяды (А. Наварыч. Сутыкненне з вечнасцю).
У аснове фразеалагізма — адгалосак даўнейшай веры ў Перуна— бога грому і маланкі ва ўсходніх славян. Пад перунамі тут маюцца на ўвазе перуновы стрэлы — маланкі.
Да геркулесавых слупоў даходзіць, дагаварвацца і інш. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. до геркулесовых столпов, укр. до геркулесовіх стовпів). (Даходзіць і інш.) да крайнасці ў чым-н. I гэтак напісана?.. Ну, гэта ведаеце што?! Гэта значыць — дагаварыцца да геркулесавых слупоў (І. Дуброўскі. У пошуках залатога дна).
Склаўся на аснове назоўнікавага фразеалагізма геркулесавы слупы (чаго), які мае значэнне ‘вышэйшая ступень, мяжа чаго-н.’ і з’яўляецца паўкалькай з англ. м. (Негkules Рillаrs). Вытокам жа фразеалагізма стала грэчаская міфалогія. Першапачаткова геркулесавымі слупамі называлі дзве скалы на супрацьлеглых берагах Гібралтарскага праліва — «край свету», паводле ўяўленняў старажытных грэкаў. Паставіў гэтыя слупы нібыта Геркулес, які прайшоў усю Афрыку і дасягнуў «канца зямлі».
Да глыбіні душы. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі моцна (хваляваць, кранаць, уражваць і пад.). З маленства ведаю і да глыбіні душы люблю гэты рамантычны край, дзе жывуць добрыя і працавітыя людзі (Р. Няхай. «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»).
Склаўся, відаць, на аснове фразеалагізма ў глыбіні душы (гл.), які з’яўляецца калькай з лац. м.
Да грэчаскіх калёндаў (каляд) адкладваць (адкласці). Паўкалька з лац. м. (аd саlеndеs gгаесаs). На няпэўны час, надоўга ці назаўсёды. Калі і гавораць [афіцыяльныя асобы ЗША] аб магчымасці якіх-небудзь дагаворанасцей, то толькі па асобных, зразумела, выгадных для ЗША, пытаннях ядзерных узбраенняў, а праблему космасу трэба, маўляў, адкласці да грэчаскіх календаў (Звязда. 3.02.1985).
У Старажытным Рыме календамі называлі першы дзень месяца. З ім звязваліся тэрміны пагашэння даўгоў, выканання іншых абавязкаў. У грэкаў жа календаў не было. I гэта стала падставай для рымскага імператара Аўгуста (63 да н. э. — 14 н. э.) гаварыць пра даўжнікоў, што яны адклалі разлікі да грэчаскіх календаў.
Да другіх пеўняў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. до вторых петухов, укр. до других півнів). Незадоўга да світання (быць дзе-н., чакаць і пад.). Свёкар добра яе разумеў: сапраўды, якая гэта такая вучоба, што называецца, да другіх пеўняў ды яшчэ ў сістэме палітасветы? (М. Парахневіч. Кватэра).
Першапачатковае значэнне выразу — ‘пакуль заспяваюць другі раз пеўні’. А спяваюць яны незадоўга да досвітку.
Да другога прышэсця. Паўкалька з руск. м. (до второго пришествия). Неакрэслена доўга. Кастусь сярдзіта пазіраў на Магду. — Мне што, бегаць за вамі да другога прышэсця? (Л. Рублеўская. Пярсцёнак апошняга імператара).
Склаўся на аснове евангельскага прадказання аб вяртанні («другім прышэсці») Ісуса Хрыста на зямлю перад канцом свету.
Да зубоў узброіць, узброіцца. Калька з франц. (êtrе аrmé jusqu’auх dеnts, літаральна «быць узброеным да зубоў») ці ням. (bіs аn dіе Zähnе bеwаffnеt sеіn, літаральна «да зубоў узброіцца») м. Вельмі добра, вельмі моцна. «Дадому» вярталіся ўзброеныя да зубоў. 3 аднаго боку — рэвальвер, з другога — рэвальвер, ды яшчэ кінжал у дадатак (Я. Маўр. Палескія рабінзоны).
Магчыма, у французаў выраз склаўся па мадэлі — на ўзор другога іхняга выразу: êtrе sаvаnt jusqu’аuх dеnts («быць вучоным да зубоў»), а можа, на думку В. М. Макіенкі, перад намі «празрыстая метафара», «паколькі зубы — самая натуральная і заўсёды „зручная“ зброя».
Да карэння валасоў чырванець (пачырванець). Калька з франц. м. (jusqu’a lа гасіnе dеs сhеvеuх). Вельмі моцна. Віктар падумаў, што зараз пачырванее, і тут жа пачырванеў да карэння валасоў (У. Карпаў. Сотая маладосць).