MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

4. Утварэнне ад выразаў дзеяслоўнага тыпу суадносных з імі назоўнікавых фразеалагізмаў. Новы выраз фарміруецца ў выніку ўтварэння аддзеяслоўнага кампанента-назоўніка ад граматычна галоўнага слова; пры неабходнасці замяняецца і склонавая форма залежнага слова-кампанента: абіваць парогі — абіванне парогаў, перамываць костачкі — перамыванне костачак, сыходзіць са сцэны — сыход са сцэны. Такія назоўнікавыя ўтварэнні адрозніваюцца ад суадносных дзеяслоўных выразаў семантыкай, катэгарыяльным значэннем, марфалагічнымі формамі, сінтаксічнай роляй. Фразеалагічны фонд актыўна папаўняецца падобнымі назоўнікавымі выразамі: ад'яда душы, вайна з ветракамі, выхад у свет чаго, гульня з агнём, закручванне гаек, таптанне на месцы і інш.

5. Утварэнне на базе фразеалагізмаў дзеяслоўнага тыпу выразаў, структурна арганізаваных як двухсастаўны сказ. Так, на аснове звязваць (звязаць) рукі каму ‘пазбаўляць магчымасці свабодна дзейнічаць’ узнік фразеалагізм рукі звязаны ў каго ‘хто-н. пазбаўлены свабоды дзеянняў, магчымасці рабіць так, як хочацца’. Аналагічна ўтварыліся такія, напрыклад, выразы: вочы вялікія зрабіліся ў каго, канцы з канцамі зводзяцца ў каго, дзе, мячы скрыжоўваюцца дзе, святло праліваецца на што.

6. Утварэнне прыслоўных фразеалагізмаў на базе дзеяслоўных. Так, выразы ні вока ні бока, пад сукном, з затоеным дыханнем, з разбітым сэрцам сфарміраваліся на аснове дзеяслоўных фразеалагізмаў не глядзець ні вока ні бока, ляжаць пад сукном, затаіць дыханне, разбіваць (разбіць) сэрца каму, чыё.

Іншыя працэсы ўнутрыфразеалагічнай дэрывацыі непрадуктыўныя. Гл., напрыклад, як неаднатыпна ўтварыліся фразеалагізмы без задняй думкі, без цара ў галаве, да белых мух, да глыбіні душы, лезці смалой у вочы каму, да каго, на вярбе грушы растуць у каго, язык дрэнна падвешаны ў каго.

Калі фразеалагізм мае два значэнні, а то і больш, у слоўніку часта паказваецца, якое значэнне непасрэдна звязана з першаасновай і як складваліся іншыя значэнні.

У некаторых слоўнікавых артыкулах этымалагічная даведка адсутнічае, а этымалогія абмяжоўваецца паказчыкам, з якой мовы пэўны выраз скалькаваны.

Пры апісанні фразеалагізмаў выкарыстоўваюцца скарачэнні (гл. «Спіс скарачэнняў»).

Перш чым падаваць у алфавітным парадку слоўнікавыя артыкулы, ёсць неабходнасць асобна і больш падрабязна спыніцца на трох фразеалагізмах, этымалагізацыя якіх не ўкладваецца ў прынятую схему слоўнікавага артыкула.

1. Многія сучаснікі не ведаюць, што акадэмічны «Руска-беларускі слоўнік» (1953) укладаўся ў цяжкіх умовах ваеннага часу і ў першыя пасляваенныя гады і што ў яго складальнікаў і рэдактараў не было пад рукамі ні картатэкі, ні даведачнай літаратуры. А без шматтысячнай картатэкі з ілюстрацыйным матэрыялам як асновы любога слоўніка, перакладнога і тлумачальнага, цяжка пазбегнуць памылак. Напрыклад, рускі назоўнік кожимит (утварэнне ад «имитация кожи») пераклалі з парушэннем яго этымалагічнай матывацыі: скураміт. Фразеалагізму в порядке вещей у якасці адпаведніка даецца свабоднае словазлучэнне «звычайная рэч». Згаданы слоўнік пасля перавыдаваўся шмат разоў, але ва ўсіх выданнях так і захавалася: «в порядке вещей — звычайная рэч».

А між тым в порядке вещей — гэта паводле свайго ўзнікнення не ўласна рускі фразеалагізм, а калька з французскай мовы: с’еst dans J’оdre dеs сhоsеs (літаральна «гэта ў парадку рэчаў»). Таму ў форме ў парадку рэчаў ён мае ўсе падставы на функцыянаванне і ў беларускай літаратурнай мове. Сведчаннем яго нарматыўнасці з’яўляецца маўленчая практыка аўтарытэтных аўтараў. Ён шырока выкарыстоўваецца ў нашым друку. Вось толькі тры прыклады з вялікага мноства: «Цяжар таго, што застаецца толькі тваім, да болю ясны позірк на самога сябе збоку, незадавальненне сабой наогул і апошняй работай у прыватнасці. Няўжо гэта — у парадку рэчаў, нармальна?» (Я. Брыль); «Жонка бегала па магазінах, варыла, мыла бялізну, нават машыну вадзіла. Ён [муж] лічыў, што гэта ў парадку рэчаў» (І. Навуменка); «Тут усё ў парадку рэчаў А зямля так пахне зямлёй!» (А. Вярцінскі).

Як бачым, і ў нашай мове, гэтак жа, як у французскай, рускай і некаторых іншых, фразеалагізм ужываецца як выказнік, часцей пры дзейніку-займенніку гэта, і абазначае ‘звычайна, нармальна, натуральна’. Можна спадзявацца, што беларускія акадэмічныя слоўнікі ўключаць гэты выраз у фразеалагічны фонд мовы як неаспрэчны моўны факт.

2. У беларускай літаратурнай мове ёсць каля 300 фразеалагізмаў з нерэальным вобразам у іх аснове. Іх узнікненне — плён народнай фантазіі. Асобныя з іх склаліся і пад пяром пісьменнікаў. Напрыклад, К. Крапіва стварыў выраз выдраць лысаму валоссе, З. Бядуля — рыцар ночы, К. Чорны — адмыкаць адамкнёныя дзверы.

У аснову гэтых і падобных фразеалагізмаў пакладзены прыдуманыя, нерэальныя вобразы, вельмі многія з іх сэнсава алагічныя: ваду ў ступе таўчы, грушы на вярбе, дзірка ад абаранка, сёрбаць лапцем боршч, голаму за пазуху, як босаму разуцца, сабакам сена касіць, сем пятніц на тыдні, ад яйца адліць, вароты пірагамі падпёрты (у каго), выходзіць сухім з вады, абуць сэрца ў лапці, смаловы дуб, бярозавая каша, цырк на дроце і шэраг іншых залацінак народнай мудрасці.

Сюды можна было б аднесці і фразеалагізм птушынае малако, але гэта патрабуе некалькіх агаворак.

Па-першае, у адрозненне ад папярэдніх, ён інтэрнацыянальны, яго ўжываюць (з такой самай вобразнасцю, значэннем, стылістычнай афарбоўкай і аднолькавай ці пашыранай граматычнай структурай) не толькі славяне, але і грэкі, італьянцы, іспанцы, французы, літоўцы, татары, венгры, албанцы і шмат якія іншыя народы. Выраз з’яўляецца калькай з грэчаскай мовы: gаlа огпithon (літаральна «малако птушынае»). Ён неаднаразова сустракаецца ў творах старажытных грэчаскіх паэтаў, якія, апяваючы прыродныя багацці вострава Самаса, пісалі, што там ёсць нават птушынае малако.

Па-другое, у беларускіх, рускіх, украінскіх і польскіх тлумачальных і фразеалагічных слоўніках выраз падаецца не як двухкампанентны, а ў пашыранай граматычнай структуры — толькі (аднаго) птушынага малака няма (не хапае, бракуе) у каго — і абазначае ‘усяго ўволю, удосталь’. Напрыклад: «Пра Казіміра Ляшчынскага гаварылі, што ў таго не хапае толькі птушынага малака» (М. Парахневіч). Праўда, як будзе далей паказана, на самай справе ў нашай мове выраз існуе і як назоўнікавы — у форме птушынае малако.

Па-трэцяе, можна меркаваць, што на ўзнікненне гэтага фразеалагізма паўплывалі не прыдуманыя, а рэальныя з’явы з жывёльнага і расліннага свету. Як вядома, шмат якія птушкі, напрыклад галубы ці пінгвіны, кормяць сваіх птушанят падобнай на малако тварожыстай масай, што выпрацоўваецца ў валляку бацькоў-птушак. Біёлагі называюць такую ежу птушыным малаком. I яшчэ: ва ўсіх батанічных даведніках адна з раслін мае назву птушкамлечнік (оrnithодаlum), вядомую ўжо старажытным рымлянам. Гэта — цыбулевая расліна з бязлістым сцяблом (кветкавай стрэлкай) і прыкаранёвым лісцем. Сокам гэтай расліны, якую ў народзе называюць птушыным малаком, ласуюцца птушкі. Такім чынам, птушкамлечнік можна лічыць першым значэннем фразеалагізма птушынае малако. Прыклад з рамана З. Бядулі «Язэп Крушынскі»: «— Не бойся, маленькая, — супакойвае Настачка. — На табе птушынае малако! — Настачка нагінаецца, адрывае траўку пад назваю „птушынае малако“. 3 сцяблінак мяккай расліны паказваецца густы, як малако, сок».

Найбольш вядомае ж і ўсім знаёмае значэнне гэтага фразеалагізма — ‘нешта неверагоднае, казачнае, яўна немагчымае (часцей пра яду)’: «У нас, бывае, разбэшчваюць спартсменаў з самых юных гадоў Ты толькі выступі добра, а мы табе і птушынага малака не пашкадуем. Рэкорды спартсменаў адыходзяць, а звычка да птушынага малака застаецца» (М. Замскі); «У рэстаранах гэтых, казалі, хіба толькі птушынага малака не падавалі» (І. Шамякін); «Сакратар [паслаў мяне] да вас. У нёго, кажэ, все е, і картопля, і, калі захочаце, птушынае малако»(А. Макаёнак); «Лідачка старалася ўсяк дагадзіць яму. Каб захацеў ён птушынага малака, то, здаецца дастала б» (Г. Далідовіч); «Чаго ж у нас бракаваць будзе? Птушынага малака хіба?» (І. Козел). Дарэчы, у англійскай мове прыметнікавы кампанент фразеалагізма з гэтым значэннем іншы, канкрэтызаваны: рідеоп's тіlk (літаральна «галубінае малако»).

Птушыным малаком называюць яшчэ і вельмі смачны торт, а таксама цукеркі асобнага гатунку: «Няёмка спрачацца з прадстаўнікамі радыяцыйнай службы, бо няма ніякіх сумненняў, што яны добра ўяўляюць абстаноўку ў пацярпелых раёнах, калі іх не заманіш у забруджаныя мясціны нават птушыным малаком — дэфіцытам, які сапраўды вырабляецца з мясцовых прадуктаў у брагінскай кулінарыі» (А. Крыга); «Люда знайшла на вышках у саломе скрынку з-пад „птушынага малака“» (В. Бабкова).

3. Апошнім часам сталі даволі моднымі асобныя выразы і словы. Сустракаючы іх у друкаваных тэкстах ці чуючы ў вусным маўленні, не заўсёды лёгка дакапацца да іх сэнсу. Ды і многія з тых, хто іх ужывае, наўрад ці адкажуць, што абазначае той ці іншы выраз або слова. У свой час Леў Талстой, можа, і занадта сурова ставіўся да такіх выпадкаў: «Калі б я быў цар, то выдаў бы закон, што пісьменнік, які ўжыў слова, значэнне якога ён не можа растлумачыць, пазбаўляецца права пісаць і атрымлівае сто ўдараў розгаў».

Часцей парушаюць дакладнасць маўлення якраз не пісьменнікі, а людзі іншых прафесій. За апошнія два гады я выпісаў з газет, часопісаў, кніг больш як 30 прыкладаў з ужываннем фразеалагізма па вялікім рахунку. Немагчыма зразумець, што значыць гэты выраз, напрыклад, у такіх сказах: «Уся мая хітрасць, па вялікім рахунку, — у прастаце, у адмаўленні ад „цяжкавагавых“ тэхналогій навучання замежнай мове»; «Калі настаўнік сам для сабе не вызначыць цвёрдай грамадзянскай пазіцыі, мала верагодна, што выхаванцы яго стануць сапраўднымі патрыётамі Беларусі, ды і ўвогуле па вялікім рахунку людзьмі».

У беларускую мову гэты фразеалагізм прыйшоў як паўкалька з рускай мовы (по большому счету), дзе ён упершыню быў ужыты ў рамане В. Каверына «Здзяйсненне жаданняў» (1935), але стаў шырока выкарыстоўвацца ў газетных жанрах толькі ў 1960-х гадах — пасля 3-га выдання згаданага рамана масавым тыражом у 1959 г. У В. Каверына гэты выраз склаўся на базе іншага — гамбургскі рахунак, — папулярнага ў літаратараў 1920–1930-х гадоў, асабліва пасля таго, як у 1928 г. пад такой жа назвай выйшаў у свет зборнік крытычных артыкулаў літаратуразнаўца В. Шклоўскага. Сэнс гэтай назвы сам аўтар тлумачыць так: «Гамбургскі рахунак — надзвычай важкае паняцце. Усе барцы, калі боруцца, жульнічаюць і кладуцца на лапаткі па загадзе антрэпрэнёра. Раз у год у гамбургскім тракціры збіраюцца барцы. Яны боруцца пры зачыненых дзвярах і завешаных вокнах… Тут устанаўліваюцца сапраўдныя класы барцоў, — каб не схалтурыцца». Зрэдку гэты выраз можна напаткаць і ў сённяшнім друку: «Сяброўства, знаёмствы, агульныя справы не мелі тады той улады, як сёння. Рахунак быў гамбургскі — мяркуйце самі…» (Г. Кісліцына). Сустрэўся і такі маўленчы гібрыд, як па вялікім гамбургскім рахунку: «У сэнсе патэнцыяльнай недапраяўленасці па вялікім гамбургскім рахунку — Барыс Пятровіч адзін з вельмі і вельмі нямногіх сярод трывала сфармаваных літаратараў» (В. Акудовіч).

Выраз па вялікім рахунку, як і яго папярэднік, напачатку меў адзінае акалічнасна-прыслоўнае значэнне ацэнкі чаго-небудзь з найбольшай патрабавальнасцю. Прыкладна такі ж сэнс гэтага фразеалагізма, а менавіта ‘сур’ёзна, прынцыпова, без скідак і ўступак’, захаваўся і сёння, не парываючы, такім чынам, першапачатковай, хоць і забытай ужо, этымалагічнай сувязі з першакрыніцай. Вось толькі некалькі прыкладаў: «Я абураны тым, што рэпрэсіўныя метады прымяняюцца супраць такога таленавітага вучонага… Аднойчы камусьці за гэта прыйдзецца адказваць па вялікім рахунку» (Н. Гілевіч); «Апошнімі гадамі часцяком успамінала цябе, асабліва калі хацела папракнуць мяне у нечым. I не па дробязях, а, як кажуць, па вялікім рахунку» (А. Петрашкевіч); «Хочацца большага? Але чаго? Паразумення? Поўнага? Відаць, так. Знешне яно нібыта і ёсць. А вось калі па вялікім рахунку, шмат чаго не хапае для ўзаемнага шчасця» (А. Крэйдзіч); «Уважліва прыгледзьцеся да сённяшняга мужыка: хто ён зараз, калі браць па вялікім рахунку?» (В. Гроднікаў).

Маюць пэўную сувязь з зыходным вобразам гамбургскага рахунку і два другія значэнні, якія развіліся ў фразеалагізме па вялікім рахунку. Адно з іх — ‘па-сапраўднаму, належным чынам, як і павінна быць’: «Па вялікім рахунку менавіта творчае парыванне, літаратурная дзейнасць мацуе духоўную і грамадскую актыўнасць» («Настаўн. газ.»); «Падзеі, што адбываюцца ў межах дзяржавы, па вялікім рахунку ёсць справа суверэннай дзяржавы» (С. Дзедзіч); «Ад кожнага з нас, дзе б хто ні працаваў, залежыць многае. А па вялікім рахунку — быць ці не быць Беларусі незалежнай, цывілізаванай, духоўна і матэрыяльна багатай дзяржавай» (С. Законнікаў); «А калі гаварыць па вялікім рахунку, Леанід Ігнацьевіч, ніякіх асабіста вашых комплексаў тут няма: вы ствараеце праекты, а мы іх ажыццяўляем» (Я. Кантылёў).

Яшчэ адно значэнне (трэцяе), якое можна выявіць на аснове маўленчай практыкі, — ‘фактычна, у адпаведнасці з рэальнасцю’: «Прайшло больш за сорак гадоў, а сітуацыя па вялікім рахунку тая ж. Хіба што сучасны чытач яшчэ больш зменшыўся і стаў зусім кароткім…» (Л. Галубовіч); «Па вялікім рахунку вышэйшай установе ўсё роўна, як ацэньваюцца веды вучняў у школе. Галоўнае, каб гэтыя веды былі не ніжэй, чым на ўзроўні прымянення ў стандартнай сітуацыі» («Настаўн. газ.»); «Цяжка сёння з упэўненасцю казаць, што з гістарычных дакументаў магло быць вядома Купалу, а па вялікім рахунку інфармацыя тады была больш даступнай, чым нават сёння» (І. Жук); «Дарэмна аўтар манаграфіі канстатуе ў ранняга Я. Чыквіна „дакладны памер“, „выразнасць рытмічнага малюнка, рыфмоўкі“. Гэтага па вялікім рахунку проста няма ў першым зборніку, хоць крытыку вельмі хочацца згаданыя здабыткі знайсці» (А. Пяткевіч).

Пераважаюць, аднак, выпадкі, калі выраз па вялікім рахунку ўжываюць недарэчна, без пэўнай сэнсавай нагрузкі, ператвараюць яго ў штамп (накшталт славутага Зноскавага «меджду протчым» з «Тутэйшых» Янкі Купалы), робяць яго нейкім пабочным словазлучэннем і выдзяляюць ці аддзяляюць коскамі: «А што робіць аўтар са сваімі героямі? Ён проста іх забівае. Бо, па вялікім рахунку, не ведае, што з імі рабіць»; «Па вялікім рахунку, дзякуючы ім [педагогам], мы на пытанне: „Ці хочаце вярнуцца ў школу?“ — адказваем: „А я там сёння ўжо быў“»; «Інвестыцый — кот наплакаў. А без іх і ні туды і ні сюды. Іх, па вялікім рахунку, і не будзе пры цяперашняй уладзе»; «Наша акадэмічная падрыхтоўка становіцца бездапаможнай на амерыканскіх вуліцах, у інтэрнатах і кавярнях, дзе ёсць свае правілы зносінаў, свае словы, свая па вялікім рахунку мова».

Зразумела, што такія недакладнасці — не на карысць культуры маўлення пэўных аўтараў і самой беларускай мове ў цэлым.

СПІС СКАРАЧЭННЯЎ

агульнаслав. — агульнаславянскі

адз. — адзіночны англ. — англійскі

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code