Гуляць (згуляць) у паддаўкі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. играть в поддавки, укр. грати в піддавки). Ісці на ўступкі, хітравата згаджаючыся з кім-н. Сотнікаў.. не ведаў, як лепш: гуляцьу паддаўкі ці адразу адмовіцца ад паказанняў, каб не блытацца ў хлусні (В. Быкаў. Сотнікаў).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага з гульнёй у шашкі, у якой выйграе той, хто хутчэй аддасць усе свае шашкі праціўніку.
Гуляць (пагуляць) у кошкі-мышкі (у ката і мышку). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. играть в кошки-мышки, укр. грати в кота й мишки). Хітраваць, стараючыся падмануць, правесці каго-н. Я прыехаў да Антаніны без дасягненняў, якія б мелі вартасць у яе вачах. У гэтым прычына таго, што мы бясконца гуляем у кошкі-мышкі… (І. Навуменка. Развітанне ў Кавальцах).
Утвораны ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага з дзіцячай гульнёй. Яна заснавана на падабенстве з тым, як кот ці кошка, перш чым з’есці мышку, гуляюць са сваёй ахвярай. Гл. пра гэта ў прыпавесці В. Быкава «Кошка і мышка».
Гуляць у адны вароты. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. играть в одни ворота, укр. грати в одне ворота). Дзейнічаць аднабакова з непрыманнем чужых поглядаў, інтарэсаў і пад. Рэдакцыя таксама прызвычаілася гуляць у адны вароты, заціскае рот апанентам… (У. Агіевіч. Рэха з бочкі).
Узнік у выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння з галіны спорту, дзе яго дастасоўваюць да мацнейшай каманды, якая перамагае сапернікаў.
Гуляць у бірулькі. Паўкалька з руск. м. (играть в бирюльки). Займацца пустымі справамі, дарма траціць час. Гуляцьу бірулькі, Лізура, не будзем. Лёс нас звёў мусіць, надоўга і моцна. Ты ія будзем рабіць адну справу (Я. Ермаловіч. Малады старшыня).
Паходзіць са свабоднага словазлучэння, звязанага з даўнейшай дзіцячай гульнёй. На стол насыпалі кучку бірулек — маленькіх драўляных фігурак (малаточкаў, лапатачак, сякерак і г. д.). Трэба было спецыяльным кручком даставаць адну бірульку за другой, не закранаючы астатніх. Такі занятак успрымаўся дарослымі як пустая справа.
Гуляць у жмуркі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. играть в жмурки, укр. грати у жмурки). Скрываць, утойваць што-н. ад каго-н. Мы тут галасавалі… даваць ці не даваць сваю згоду на звальненне Саевіч з работы. I, чаго там у жмуркі гуляць, галасы раскалоліся… Трое за звальненне і трое супраць… (П. Кавалёў. Сёмы член мясцкома).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага з адпаведнай гульнёй. Аднаму з яе ўдзельнікаў ручніком завязвалі вочы, і ён павінен быў лавіць, адгадваць іншых удзельнікаў гульні.
Гуляць у маўчанку. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. играть в молчанку, укр. грати в мовчанку). Ухіляцца ад размовы. Гуляць у маўчанку не раю. Не помніце? Я памагу вам, завуць Сараеў Нікодзім? (А. Александровіч. Нараджэнне чалавека).
Утвораны са сзабоднага словазлучэння, звязанага з гульнёй, у якой кожны стараецца не прагаварыцца першым, бо інакш ён выбывае з гульні ці плаціць штраф.
Гуляць у хованкі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. играть в прятки, укр. грати в хованки). Скрываць, утойваць што-н. ад каго-н. — Вось што, Яворскі, — пачаў Сушко, калі яны засталіся ў святліцы адзін на адзін, — даволі нам гуляць у хованкі... (Я. Колас. Адзін).
Склаўся на аснове свабоднага словазлучэння, звязанага з дзіцячай гульнёй. Адзін з яе ўдзельнікаў шукае іншых, якія пахаваліся хто дзе, і калі знаходзіць каго-небудзь, то той пачынае выконваць яго ролю.
Гусіныя лапкі. Відаць, калька з франц. м. (раttе-d’оіе). Ужыв. са значэннямі ‘травяністая расліна сямейства ружакветных са складкаватымі лістамі; гусялапка’ і ‘веерападобныя маршчынкі (каля вока)’. На той часці, што яшчэ заставалася над вадою, спяшаліся дацвісці гусіныя лапкі і жоўты падбел (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім). Сядзела звычайная жанчына ў гадах, і гэтыя няўмольныя гады значыліся і на руках, што, відно было, перарабілі нямала рознае работы, і на твары з прыкметнымі ўжо добра «гусінымі лапкамі» каля вачэй, хоць і былі яны падведзены спраўнай рукой санаторнай касметыкі (А. Васілевіч. «Трэці слухае…»).
Узнік праз супастаўленне з малюнкам перапончатых гусіных лап. Абодва значэнні склаліся ў выніку пачарговай метафарызацыі аднаго і таго ж свабоднага словазлучэння.
Д
Да Абрама на піва трапіць. Агульны для бел. і польск. (роjść dо Аbrаhата nа ріvо) м. Памерці. Так і сапраўды не шпука захварэць і да Абрама на піва трапіць (Я. Колас. На ростанях).
У вершы К. Крапівы «Вось такія дактары вымуць душу без пары» гаворыцца, як аднойчы шарлатан даў дзядзьку Янку шклянку самаробных лекаў. «Выпіў Янка — й фур за браму: зразу к праайцу Абраму ў нябеснае ён царства, — надта добрае лякарства!» I тут, і ў фразеалагізме да Абрама на піва трапіць адзін і той Абрам — біблейскі персанаж. Ён быў вельмі адданы Богу, у чым апошні пераканаўся, загадаўшы яму праз анёла ахвяраваць родным сынам. За пакорлівасць і адданасць Бог узяў Абрама пасля смерці ў нябеснае царства. Трапіць да Абрама — першапачаткова «трапіць на той свет, туды, дзе знаходзідца Абрам». А на піва — дасціпны жартоўны дадатак, які каламбурна накладвае на імя біблейскага персанажа іншае, тоеснае, пашыранае сярод яўрэйскага насельніцтва імя Абрам (як гаспадар карчмы).
Да абуха дабіваць (дабіць) і пад. Уласна бел. Да поўнай непрыгоднасці. Як гаспадарылі.. немцы ў часова захопленых імі абласцях, гэта сапраўды вядома ўсяму свету. Дагаспадарыліся, як гэта гаворыцца, да абуха, да ручкі (МЛынькоў. Востраць сякеры беларусы).
Першапачатковае канкрэтнае (але ўжо з перабольшаннем) значэнне спалучэння да абуха, відаць, дастасоўвалася толькі да сякеры, лязо якой ад доўгага карыстання зрэзалася, пакарацела ледзь не да самага абуха. Такая прылада была ўжо непрыгодная. У далейшым пераасэнсаваны выраз стаў прымяняцца да зусім іншых рэчаў.
Да апошняга дыхання. Калька з франц. м. (jusqu’au dеrnіеr sоuріr). Да самай смерці, да канца жыцця (біцца, змагацца, кахаць і інш.). — Ну што, змагар, намераны ваяваць за Бераг? — Да апошняга дыхання (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).
Склаўся на аснове свабоднага словазлучэння ў выніку сінекдахічнага пераносу (назва часткі ўжыта ў значэнні цэлага).
Да белага калення даводзіць (давесці). Запазыч. з руск. м. Да поўнага адчаю, да поўнай страты самавалодання. Антось Кручок сваімі жартамі даводзіў Сідара да белага калення (А. Чарнышэвіч. Новы дом).
Паходзіць з тэрміналагічнага словазлучэння, якое ў маўленні кавалёў ужываецца ў прамым значэнні. Метал перад коўкай ці плаўкай награваюць, у залежнасці ад тэмпературы ён становіцца спачатку чырвоным, а затым светлым (белым).
Да белых мух. Агульны для ўсходнесл. м. Да першага снегу, да халадоў (рабіць што-н.). Ну, дарагі мой, з такім настроем і да белых мух не закончыце ўборку (Л. Левановіч. Шчыглы).
Утварыўся на аснове назоўнікавага фразеалагізма белыя мухі (гл.), набыў уласцівасці прыслоўна-акалічнасных выразаў.
Дабры бабры. Уласна бел. Хітры, выкрутлівы чалавек. Напрыклад, у оперы В. Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» Навум кажа Юліі, якая падвучвае яго пераапрануцца ў жаночае адзенне і прыйсці замест яе на спатканне да Яна: «Ой, цікунка ты, цікунка! відна, што дабры бабры. Глядзі, мая перапёлачка, штоб з гэтага піва не выйшла якога дуру…».
Генетычна выраз з’яўляецца часткай прыказкі Усе бабры дабры, адна выдра ліхая (у такой форме яна занатаваная ў зборніку М. Федароўскага; параўн. у зборніку І. І. Насовіча: Усе бабры дабры, адна выдра — ліха яе бяры). Адарваўшыся ад прыказкі, выраз стаў ужывацца з іншым, чым у прыказцы, парадкам кампанентаў.
Даваць (даць) газу каму. Відаць, паукалька з ням. (Gаs gеbеn) ці франц. (dоnnеr lеs gаz) м. Прымушаць каго-н. быць больш энергічным. — Правільна! Правільна… Харошы будзе наш камандзір… — Дзякуй за выбары… А цяпер трымайцеся, я вам дам газу… — і [Пятрэнка] чамусьці прыўзняўся на пальчыках (П. Пестрак. Гараць вёскі).