Першапачаткова ўжываўся ў форме грош цана, яго літаральнае значэнне — ‘самая мізэрная цана’. Узнік, відаць, пасля таго як у выніку грашовай рэформы 1838 г. у Расіі грош стаў самай дробнай разменнай манетай — паўкапеечнай. Пашырэнне кампанентнага складу фразеалагізма экспрэсіўным дадаткам у базарны дзень — з’ява пазнейшага часу.
Грушы (грушкі) на вярбе. Агульны для бел., укр. (на вербі груші) і польск. (guszkі nа wiеrzbіе) м. Недарэчнасць, несусвеціца. Фантазія неадлучная ад логікі, свайго фундамента. Іначай гэта — грушы на вярбе (У. Караткевіч. Самая цікавая навука — жыццё).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, плён народнай фантазіі.
Грэбці (грабці, заграбаць) лапатай грошы. Агульны для ўсходнесл. м. Многа зарабляць, атрымліваць, нажываць (грошай). Людзі, далёкія ад маёй прафесіі, думаюць, што архітэктары грабуць грошы лапатай (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).
Засноўваецца на гіпербале. Відаць, напачатку меліся на ўвазе не папяровыя, а металічныя грошы, якія можна «грэбці лапатай». Лапата тут прылада не металічная, якой капаюць зямлю, а драўляная, з шырокім ніжнім канцом для перамяшчэння, перамешвання зерня на таку.
Грэць (пагрэць) рукі на чым, каля чаго, аб што, дзе. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. греть руки, укр. гріти руки). Нажывацца несумленным спосабам. Усе — хто менш, хто больш — грэлі рукі на панскім дабры (С. Александровіч. Крыжовыя дарогі).
Мяркуюць, што ў літаратурную мову гэты выраз прыйшоў як унутранае запазычанне — са зладзейскага жаргону.
Губа не дура ў каго. Агульны для бел. і руск. м. Хто-н. мае добры густ, умее выбраць найлепшае. — Што, ужо ўлюбіўся?.. — Мог бы, а што ты думаеш. — Хм. Губа не дура. Самая прыгожая дзяўчына ў тэхнікуме (М. Лобан. Гарадок Устронь).
Паходзіць з прыказкі Губа не дура: знае, што прымае. У XIX ст. яна мела, як сведчыць І. І. Насовіч, вузкае значэнне: выкарыстоўвалася, з жартаўлівым адценнем, толькі пры пачастунку. «Абломак» былой прыказкі набыў у сучаснай мове куды шырэйшы сэнс.
Губляць (згубіць; траціць, страчваць, страціць) галаву. Калька з франц. м. (регdrе lа têtе). Ужыв. са значэннямі ‘бянтэжыцца, пазбаўляцца развагі, не ведаць ад хвалявання, як паступіць, што рабіць’ і ‘безразважна, моцна ўлюбляцца ў каго-н.’ Ва ўсякія пераплёты трапляў Дубок у першыя дні вайны і за час свайго партызанства і ніколі не губляў галавы (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Валя баялася, каб ён [Лукашык] па вачах не зразумеў яе патаемных думак і страхаў, каб не падумаў, што яна страціла ад яго галаву (У. Дамашэвіч. Між двух агнёў).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. Можна таксама лічыць, што тут назоўнікавы кампанент — сэнсаўтваральны, суадносны з адным са значэнняў слова галава (‘розум, свядомасць, развага’).
Гула асмаленая. Уласна бел. Зусім нічога не (атрымаць, зрабіць, дастанецца і пад.). Грошы кладуць у кішэню Ліскоўскія, вы нават не ведаеце колькі. Вам жа з рэдактарам — падстаўным, трэба сказаць, — гула асмаленая (Я. Колас. На ростанях).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, дзе гула — «вытачаная ці выразаная з дрэва моцная кулька-шарык, якую ў гульні ганялі ўдарамі палкі»; «гулу звычайна абсмальвалі над агнём» (Ф. Янкоўскі).
Гульня з агнём. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. игра с огнем, укр. гра з вогнем). Неасцярожныя, рызыкоўныя дзеянні без уліку магчымай небяспекі. — А гульня ў вас была з агнём, — гаварыў нараспеў Высоцкі, пасміхваючыся сваімі чорнымі, як вугаль, вачыма (І. Гурскі. У агні).
Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма гуляць з агнём, які абазначае ‘дзейнічаць неасцярожна, не лічачыся з небяспекай’.
Гульня слоў. Калька з франц. м. (jеu dе mоts). Дасціпны, каламбурны выраз. [Вера] хацела, каб гэта гучала як жарт, як своеасаблівая гульня слоў, ды не выйшла так, як хацела (А. Кулакоўскі. Расстаёмся ненадоўга).
Гульня ў адны вароты. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. игра в одни ворота, укр. гра в одне ворота). Аднабаковая дзейнасць з непрыманнем чужых поглядаў, інтарэсаў і пад. Размова за круглым сталом усё нагадвала напачатку гульню ў адны вароты. Кожны даказваў перавагі прапарцыянальнай сістэмы выбараў (Нар. газета. 16.11.1994).
Назоўнікавае ўтварэнне ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма гуляць у адны вароты (гл.).
Гульня ў бірулькі. Агульны для бел. і руск. (игра в бирюльки) м. Марная трата часу, бескарысны занятак. Ананімшчына — гэта была не проста гульня ў бірулькі. Гэта была тактыка мярзотнікаў распраўляцца з тымі, хто перашкаджае жываглотам, хто паўстае ў іх на шляху ў дасягненні сваіх мэт (А. Петрашкевіч. I разгляду не падлягае).
Назоўнікавае ўтварэнне на базе суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма гуляць у бірулькі (гл.), мае катэгарыяльнае значэнне прадметнасці і іншыя ўласцівасці назоўнікавых фразеалагізмаў.
Гульня ў жмуркі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. игра в жмурки, укр. гра у жмурки). Скрытыя дзеянні, утойванне чаго-н. [Планы] вызначаліся без грунтоўнага разліку, нават без клопату, якую выгаду дасць выкананне іх дзяржаве і тым, хто націраў мазалі. Недарма Варанецкі называў такія планы гульнёйу жмуркі (I. Дуброўскі. Зямныя вузлы).
Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма гуляць у жмуркі (гл.).
Гульня ў кошкі-мышкі (у ката і мышку). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. игра в кошки-мышки, укр. грати в кота й мишки). Хітрасць, імкненне падмануць, правесці каго-н. Машыністу; напэўна, надакучыла ўся гэта гульня ў кошкі-мышкі, і ён даў сеісток (У. Нядзведскі. Хлопцы з другога корпуса). Лазавенка засмяяўся: — Глядзіце, Байкоў і Раднік памірыліся. Скончылася гульня ў ката і мышку (І. Шамякін. У добры час).
Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма гуляць у кошкі-мышкі (у ката і мышку) (гл.).
Гульня ў маўчанку. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. играть в молчанку, укр. гра в мовчанку). Адмоўчванне, ухіленне ад размовы. Ні ён, ні яна не паступіліся сваім гонарам і ўвечары — гульня ў маўчанку зацягнулася на ўсе апошнія дні (Б. Стральцоў. Між крутых берагоў).
Утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма гуляць у маўчанку (гл.).
Гульня ў паддаўкі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. играть в поддавки, укр. гра в піддавки). Хітраватая згода, наўмысныя ўступкі. Дабрэню пачынала надакучваць гэтая гульняў паддаўкі; што б ён ні сказаў, Лёнька адразу ж пагаджаўся (А. Асіпенка. Канец бабінага лета).
Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма гуляць у паддаўкі (гл.).
Гульня ў хованкі. Агульны дляўсходнесл. м. (руск. играть в прятки, укр. гра в хованки). Скрытыя дзеянні, утойванне чаго-н. ад каго-н. Андрэй нічога не разумеў. Навошта Тарашчуку нейкія блокі? Навошта трэба прадаўжаць гульню ў хованкП (А. Асіпенка. Новы сакратар).
Назоўнікавае ўтварэнне на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма гуляць у хованкі (гл.).