MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Гады ў рады. Уласна бел. Занадта рэдка, з вялікімі, працяглымі прамежкамі (бываць дзе-н., бачыцца, сустракацца з кім-н., зайсці куды-н. і пад.). Жэня паехала, як многія тады, у Пецярбург, працавала там на панчошнай фабрыцы, гады ў рады наведваючыся ў Аўсянікі (Я. Брыль. Золак, убачаны здалёк). Зрэдку фразеалагізм ужыв. і з перастаноўкай кампанентаў (у форме рады ў гады). А кніжка ж не з тых, якія чытач бярэ і будзе браць у рукі толькі «рады ў гады» (Ф. Янкоўскі. Навукова, грунтоўна).

Знешняя нелагічнасць унутранай формы гэтага фразеалагізма вытлумачваецца тым, што тут спайка кампанентаў рэгулюецца рыфмай. У падобных рыфмаваных выразах фармальнае нярэдка пераважае над лагічным, семантычным. Магчыма, у аснове фразеалагізма — вобраз гадоў, выстраеных у рады. Абумоўлены рыфмай кампанент рады першапачаткова мог асацыіравацца з радзей, чым трэба, чым хацелася б. Параўн. у «Слоўніку беларускай мовы» І. І. Насовіча: рэдзь у рэдзь ‘вельмі рэдка’.

Газеты чытаць. Уласна бел. Галадаць (звычайна пра каня). [Ладымер: ] Мы старыя гаспадарскія хлявы паразбіралі, а новага не паробім, от на зіму і паставім коні на скавышы газеты чытаць (К. Чорны. Лета).

Склаўся, відаць, на аснове даўнейшага, зафіксаванага І. І. Насовічам выразу глагалы чытаць ‘іржаць, будучы без корму’, першапачатковае значэнне якога ‘гучна чытаць малітвы на пачатку ютрані — ранішняй царкоўнай службы’ Устарэлае і незразумелае глагалы было заменена словам газеты.

Галава варыць у каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. разумны, кемлівы, знаходлівы. Васька — маладзец: галава варыць у яго (І. Козел. Над хвалямі Серабранкі).

Можна лічыць, што кампанент галава тут удзельнічае ў стварэнні агульнага фразеалагічнага сэнсу сваім зыходным, першасным значэннем ‘верхняя частка чалавечага цела, якая заключае ў сабе мозг’ — з патэнцыяльнымі семамі, якія ў слоўнікавых дэфініцыях не паказваюцца: ‘умяшчальня разумовых здольнасцей’. Параўн., напрыклад: «Галава ў яго не дурная…» (Ц. Гартны). Або: «Сэрца ў цябе залатое. А галава, дык я ўжо і не ведаю, як сказаць… міністэрская, не іначай» (К. Крапіва). Дзеяслоўны ж кампанент варыць выконвае фразеўтваральную функцыю. Параўн. паралелі ў некаторых іншых мовах: польск. głоwkа ргасujе (літаральна «галоўка працуе»), балг. сече главата (літаральна «працуе галава»), іспан. саbеzа сагburа (літаральна «галава карбюрыруе»), турэц. кufаsі іаlетеk (літаральна «галава робіць»).

Галава тлуміцца чыя, каго чым, кім. Уласна бел. Хто-н. уводзіцца ў зман, заблытваецца кім- ці чым-н. У маналозе даецца ясны адказ на ўсе гэтыя «быць альбо не быць», якімі ўжо каторае дзесяцігоддзе тлумяцца галовы неразумных людзей (В. Гігевіч. I сказана было…).

Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага тлуміць (дурыць) галаву (каму), першае значэнне якога — ‘знарок падманваць каго-н.’.

Галаву мыліць (намыліць) каму. Абазначае ‘моцна прабіраць каго-н., выгаворваць з дакорам’. Бывала, у нас, на Кубані, калі жніво, камбайн пастаіць у стэпе гадзіну, то таму камбайнеру галаву адразу намыляць. А тут!.. (І. Мележ. Мінскі напрамак).

Ужыв. толькі ва ўсходнесл. м., і гэта дало падставу некаторым даследчыкам звязваць узнікненне фразеалагізма з даўнейшай бестэрміновай салдацкай службай у Расіі, са звычаем брыць навабранцам ілбы, а значыць, і намыльваць галаву. На самай справе выраз намыліць (мыліць) галаву склаўся ў XIX ст. на аснове фразеалагічнай калькі з ням. м. (dеп Корf wаsсhеп — «галаву мыць»; параўн. у сучаснай польск. м.: zmуć — таксама калька з ням. м.). Ва ўсходнесл. м. атрымалася замена дзеяслоўнага кампанента словам той жа семантычнай групы (мыць — мыліць).

Галаву прыхінуць (прыхіліць, прытуліць) дзе, да каго. Калька з царк. — слав. м. (приклонить главу). Знайсці прыстанішча, жыць, знаходзіцца дзе-н. ці ў каго-н. А каму цяпер лёгка? Да самага Падмаскоўя ўсё спалена, зруйнавана, адны коміны стаяць, галавы няма куды прыхінуць (С. Грахоўскі. Ранні снег). Я прашу вас… мне каб толькі… галаву прыхіліць… дачакаць дню… (Э. Самуйлёнак. Будучыня).

Крыніцай выразу паслужыў евангельскі тэкст (Лука, 9, 58). Ісус сказаў пра сябе беспрытульнаму бедняку: «Лісіцы маюць норы і птушкі свае гнёзды, а сын чалавечы не мае дзе прыхінуць галаву».

Галасаваць (прагаласаваць) абедзвюма рукамі за кого, за што. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. голосовать обеими руками, укр. голосувати обома руками). З вялікай ахвотай і поўнасцю падтрымліваць каго-, што-н. — Палешукі абедзвюма рукамі галасуюць за Саветы, — адказаў Галавін, — аднак баяцца, што адна Беларусь не выстаіць супраць белапольскіх легіянераў (І. Гурскі. Вецер веку).

Утвораны па аналогіі з ужо існуючым фразеалагізмам хапацца абедзвюма рукамі за што (гл.). У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.

Галопам па еўропах. Запазыч. з руск. м. (галопом по европам). Павярхоўна, не сур’ёзна, не ўдаючыся ў дэталі (рабіць што-н.). Аўтар нават не перагарнуў падручнікі, не кажучы ўжо пра тое, каб прайсціся па іх хоць бы ў сваёй манеры «галопам па еўропах» (Р. Шкраба. Супраць нігілізму і дылетанцтва ў літаратуразнаўстве).

Паходзіць ад назвы апублікаванага ў 1928 г. артыкула рускага паэта А. А. Жарава. У артыкуле апісваецца кароткая паездка аўтара па краінах Еўропы.

Ганяць гусей. Уласна бел. Ужыв. у дачыненні да п’янага са значэннем ‘ісці хістаючыся’. Лядзяш, ацяжэлы, лічы, віснуў на Алесевым плячы і, як кажуць, ганяў гусей — хістаўся ўбакі, гроб нагамі зямлю, падаў (Г. Далідовіч. Гаспадар-камень).

Склаўся на аснове аднайменнага свабоднага словазлучэння ў выніку яго метафарызацыі. Пастух, гонячы чараду гусей, мусіць ісці ўслед за імі не па прамой, а па ламанай лініі.

Гарадзіць плот. Уласна бел. Выкручваючыся ў размове, гаварыць глупства, выдумляць што-н. Янка, Янка! Што віляеш? Каго за нос водзіш? Ці мяне за дурня маеш? Што ты плот гародзіш? (Я. Колас. Як Янка забагацеў).

Выраз генетычна каламбурнага характару. Склаўся ў выніку адначасовай рэалізацыі прамога і пераноснага значэнняў дзеяслова гарадзіць (‘ставіць што-н.: паркан, плот і пад.’ і ‘гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць’) з далейшым дапаўненнем каламбурна выкарыстанага дзеяслова экспрэсіўным дадаткам плот.

Гарачая галава. Калька з франц. (têle сhаudе) ці ням. (еіn hіtzіgеr Корf) м. Нястрыманы, неразважлівы чалавек, які захапляецца, дзейнічае паспешліва. Хто пра іх паклапоціцца, абароніць ад такіх гарачых галоў, як ротмістр Ягашын? (І. Шамякін. Першы генерал).

Абодва кампаненты сэнсава суадносяцца з такімі ж словамі свабоднага ўжывання ў пэўных іх перыферыйных значэннях ці адценнях: гарачы — са значэннем ‘запальчывы, нястрыманы’: «Юра гарачы, упарты» (Я. Бяганская); галава — з адценнем ‘чалавек як носьбіт якіх-н. уласцівасцей, якасцей’: «Букрэй быў вядомы ў батальёне як адважная, смелая, камбінатарская галава» (Я. Колас). Дарэчы, у ням. м. прыметнік hіtzіg абазначае ‘гарачы, запальчывы’, а складаны назоўнік Ніtzkорf — ‘запальчывы чалавек’.

Гарматнае мяса. Калька з франц. м. (сhаіr а сапоп). Салдацкая маса, асуджаная на знішчэнне, на пагібель. Гарматнае мяса скуплялі вярбоўшчыкі ўсюды ў цёмных прытонах зямлі (П. Панчанка. Да ганебнага слупа!).

Крылаты выраз належыць франц. пісьменніку Ф. Шатабрыяну, які ў памфлеце «Пра Банапарта і Бурбонаў» (1814) пісаў, што пры Напалеоне пагарджалі чалавечым жыццём і Францыяй, а «навабранцаў называлі сыравінай і гарматным мясам».

Геркулесавы слупы чаго. Ужыв. ва ўсходнесл., польск. і некаторых іншых мовах са значэннем ‘вышэйшая, крайняя ступень, мяжа чаго-н.’. Тры арыфметычныя дзеянні — складанне, адыманне і множанне — з’яўляліся геркулесавымі слупамі яго [Дамініка Ануфрыевіча] пісьменнасці (В. Івашын. Янка Купала).

Выток фразеалагізма — грэч. міфалогія, міфы пра подзвігі Геркулеса. Першапачаткова геркулесавымі слупамі называлі дзве скалы на супрацьлеглых берагах Гібралтарскага праліва — «край свету», паводле ўяўлення старажытных грэкаў. Паставіў гэтыя слупы нібыта Геркулес, які прайшоў усю Афрыку і дасягнуў «канца зямлі».

Гісторыя з геаграфіяй. Агульны для ўсходнесл. м. Нечаканы ход падзей, непрадбачаныя абставіны. — Слухай, Свіст, а завошта ты ў лагер трапіў? — Ах, гэта доўгая гісторыя. Гісторыя з геаграфіяй. Была справа, ага (В. Быкаў. Жураўліны крык).

Даўней у школах царскай Расіі выкладаўся прадмет «гісторыя з геаграфіяй». Ад гэтай назвы і ўзнік фразеалагізм, які будуецца на каламбурным сутыкненні і адначасовым выкарыстанні двух значэнняў слова гісторыя: ‘вучэбная дысцыпліна’ і ‘здарэнне, выпадак’.

Глухая цяцера. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. глухая тетеря, укр. глуха тетеря). Ужыв. у дачыненні як да жанчыны, так і да мужчыны і абазначае ‘чалавек, які кепска чуе’. I так, відаць, Хвядосу было прыемна валтузіцца з возам, што ён не пачуў, калі падышла Насця. Яна пабаялася, каб хоць не злякаць гэтую глухую цяцеру, і яшчэ за колькі метраў моцна кашлянула: — Кхе-кхе! (В. Гардзей. Жыта ганьбу не заслоніць).

Утварыўся на аснове фразеалагізма глухі цецярук (гл.).

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code