MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Вынас смецця з хаты. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. вынос сора из избы, укр. винос сміття з хати). Выдаванне таго, што не павінны ведаць іншыя, што няславіць каго-, што-н. (сям’ю, калектыў і пад.). За вынас смецця з хаты па галоўцы не пагладзілі, але Міхаіл Васільевіч не раскайваўся (Звязда. 29.05.1986).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выносіць смецце з хаты (гл.).

Вынаходніцтва веласіпеда. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. изобретение велосипеда, укр. винахідництво велосипеда). Абвяшчэнне чаго-н. даўно вядомага ўсім у якасці нібыта новага. Пра галоўны крытэрый, вынаходніцтва веласіпеда і кодэкс гонару настаўніка (Настаўн. газ. 22.03.2001).

Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма вынаходзіць веласіпед ‘гаварыць, аб’яўляць пра даўно ўсім вядомае’, мае прадметнае значэнне і іншыя ўласцівасці назоўнікавых фразеалагізмаў.

Вынесці смецце з хаты. Гл. выносіць (вынесці) смецце з хаты.

Вынесці ўперад нагамі каго. Агульны для ўсходнесл. м. Пахаваць (нябожчыка). Ніхто не ўбачыць апошняй дзеіў апошняй драме пра забойцу планеты — апошняга Каіна: некаму будзе з руін і развалін вынесці ўсіх уперад нагамі (В. Вітка. Паэма-араторыя).

Узнік у выніку метанімічнага пераносу. Пэўнае дзеянне атрымала назву па характэрнай дэталі старадаўняга звычаю: нябожчыка выносяць з хаты нагамі ўперад.

Выносіць (вынесці) смецце з хаты. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. выносить сор из избы, укр. виносити сміття з хати); параўн. у польск. м.: wynоsіć sтіесі zа рróg. Выдаваць тое, чаго не павінны ведаць іншыя, што няславіць каго-, што-н. (сям’ю, калектыў і пад.). [Гудзееў:] I вы правільна зрабілі, што прадралі яго [Самасеева] з пясочкам. Але да райкомая б вам не раіў даводзіць. Навошта смецце выносіць з хаты? (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся).

Існуюць розныя меркаванні аб паходжанні гэтага фразеалагізма. Лічаць, напрыклад, што ў яго аснове — даўнейшае павер’е: у хатнім смецці бываюць і часцінкі чалавека (валасы, ногці), па якіх, калі іх выкінуць за парог, нядобразычлівец, злы дух нагоніць на хату насланнё, таму, каб не мець бяды, непрыемнасці, смецце не выкідвалі з хаты, а спальвалі ў печы.

Выпіць <горкую> чашу да дна. Гл. піць (выпіць) <горкую> чашу да дна.

Выпрастаць ногі. Гл. ногі выцягнуць.

Выпусканне пары. Уласна бел. Нядоўгае, узбуджанае, але супакойлівае рэагаванне на што-н. Неяк у «Народнай газеце» з мэтай выпускання пары былі дадзены ацярушкі з партыйнага архіва (Р. Барадулін. Апостал нацыі).

Утвораны на базе суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выпускаць пару (гл.).

Выпускаць (выпусціць) лейцы з <сваіх> рук. Агульны для бел. і ўкр. (випускати віжкі з своіх рук) м. Аслабляць кіраўніцтва чым-н., сілу ўлады над кім-н. Круты і скупы чалавек дзед Грысь. Хоць сам і не гож ужо гаспадарыць, аднак лейцы з рук не выпускае. 3 печы камандуе ўдавой-нявесткай і ўнукамі (А. Васілевіч. Расці, Ганька).

Выраз мог узнікнуць дваякім спосабам. Першы — шляхам метафарызацыі адпаведнага свабоднага словазлучэння, звязанага з кіраваннем канём, запрэжаным у воз ці сані. Другі — як антанімічнае па форме і змесце ўтварэнне ад фразеалагізма браць лейцы ў <свае> рукі (гл.). Параўн. ужыванне фразеалагізма з разгортваннем на яго аснове метафарычнага кантэксту і паўтарэннем замененага займеннікам кампанента лейцы: «Мы павінны нешта рабіць, а не выпускаць лейцы з сваіх рук, каб іх падабраў нехта іншы» (К. Крапіва).

Выпускаць (выпусціць) пару. Уласна бел. (у слоўніках іншых моў не фіксуецца). Узбуджана, як выбух раздражнення, рэагаваць на што-н. і пасля супакойвацца. Простаў гэтую хвіліну Ядзі патрэбна было выпусціць пару і хоць за вочы аблаіць, прынізіць Калесніка (Маладосць. 1999. № 4).

Відаць, выраз «паравознага паходжання». З дапамогай пары паравоз гудзеннем падае розныя сігналы.

Выпусціць джына з бутлі. Ужыв. ва ўсходнесл. м. са значэннем ‘выклікаць нейкі непрыемны неабарачальны працэс, зрабіць штосьці неспадзяванае’. [Генка: ] Заварыў БарысПятровіч кашу, цяпер, відаць, і сам не рад. [Антаніна Васільеўна: ] Чаму ж не рад? Найвялікшае адкрыццё ўсіх вякоў —як жа тут не радавацца? [Генка: ] Адкрыццё-то адкрыццё, але што з ім рабіць далей?.. Выпусціў джына з бутлі, з якім ніхто справіцца не можа (К. Крапіва. Брама неўміручасці).

Выраз узнік на аснове персідскай і арабскай міфалогіі, дзе джын — добры або злы дух. У «Казцы пра рыбака» («Тысяча і адна ноч») гаворыцца пра незвычайнае здарэнне з рыбаком. Выцягнуўшы сетку з мора, ён знайшоў у ёй закаркаваны свінцом збанок. Калі свінец быў сарваны, са збанка доўга выходзіў дым, падымаючыся пад неба, а пасля сціснуўся, затрапятаўся і зрабіўся джыкам «з галавой у хмарах і нагамі на зямлі». Злы дух пагражае «забіць рыбака найзлейшай смерцю». Аднак вынаходлівы рыбак знайшоў выйсце, і казка мае шчаслівы канец.

Высалапіўшы язык. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. высунув язык, укр. висолопивши язик). Ужыв. са значэннямі ‘вельмі хутка, спяшаючыся (бегчы, імчацца і пад.)’, ‘да знямогі, у бясконцых клопатах (бегаць)’ і ‘не шкадуючы сіл, стараючыся (рабіць што-н.)’ [Алёшу] тады брала злосць на Насту: не можа нічым памагчы. Бегай толькі па яе босы гародамі язык высалапіўшы… (І. Пташнікаў. Тартак). Гэтак за пятнаццаць дзён лёгка зараблю на вучобу; замест таго каб цэлы месяц высалапіўшы язык бегаць па Вільні пасыльным (А. Карпюк. Данута). [Лушка: ] Ды яшчэ і сваёй карове посцілку травы з поля цягні язык высалапіўшы! (А. Макаёнак. Лявоніха на арбіце).

Склаўся на аснове свабоднага словазлучэння, звязанага з паводзінамі сабакі, які пры гарачыні ці стамляльным бегу высалоплівае язык.

Высмоктваць (высмактаць) з пальца што. Відаць, калька з ням. м. (sісh аus dеn Fіngеrn sаugеn). Гаварыць, сцвярджаць што-н. без належных падстаў; выдумваць. [Моцкін: ] А што вы думаеце? Гэту лічбу я з пальца высмактаў? У мяне ёсць квітанцыі (А. Макаёнак. Выбачайце, калі ласка).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.

Высокай пробы. Агульны для ўсходнесл. м. Ужываецца са значэннем ‘выключнай вартасці, якасці, дасканаласці’, калі характарызуюць асобу ці прадмет. Драма «Партызаны» — дасканалая па мастацкай форме. Мастацтва, майстэрства тут такой высокай пробы, што яго як быццам не заўважаеш (І. Навуменка. З прастораў жыцця).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое бытуе ў асяроддзі ювеліраў; у іх золата ці серабро як матэрыял для вырабу розных рэчаў можа быць самай высокай, высокай або нізкай пробы, што залежыць ад долі высакароднага металу ў сплаве. На колькасць частак гэтага металу ў сплаве паказвае кляймо, якое ставіцца на залатых, сярэбраных і плацінавых вырабах і таксама называецца пробай.

Выстаўляць дулю (фігу, кукіш) каму. Гл. паказваць (выстаўляць) дулю (фігу, кукіш).

Высцебаць самога сябе. Паўкалька з руск. м. (высечь самого себя). Выявіць свае дзеянні, слабасці, недахопы і тым самым нашкодзіць сабе. [Наталля: ] Што гэта? Выклік? Я і прыняць магу. [Лютынскі:] Прымі, калі ласка! Высцебай сама сябе. Адной унтэр-афіцэрскай удавой больш будзе (К. Крапіва. Канец дружбы).

Пераасэнсаваны крылаты выраз з камедыі М. В. Гогаля «Рэвізор», дзе гараднічы гаворыць Хлестакову, прыняўшы яго за рэвізора: «Унтэр-афіцэрша нахлусіла вам, быццам бы я яе высцебаў; яна лжэ, дальбог, ілжэ. Яна сама сябе высцебала».

Выхад з-пад пяра. Агульны для ўсходнесл. м. Напісанне, стварэнне кім-н. (літаратурнага твора). Масаваму чытачу, мабыць, і не сніўся такі дарунак… Амаль праз трыццаць гадоў пасля выхаду з-пад пяра твор [ «Сказ пра Лысую гару»] выйшаў у свет (В. Жуковіч. «Быў час, быў век, была эпоха…»).

Утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выходзіць з-пад пяра каго, чыйго, які абазначае ‘быць напісаным кім-н.’.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code