MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.


Шрифт:

Выводзіць (вывесці; спісваць, спісаць) у расход каго. Агульны для ўсходнесл. м. Знішчаць, расстрэльваць. Войта Васіля Бусыгу ў расход вывелі як зацятага контррэвалюцыянера (Я. Колас. Дрыгва).

Склаўся шляхам пераасэнсавання састаўнога тэрміна, якім у рахункаводстве карыстаюцца для абазначэння ўліку выдаткаў.

Выдаваць (выдаць) нагара што. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘рабіць што-н., займацца чым-н.’, ‘даваць жыццё чаму-н., спараджаць што-н.’ і ‘ствараць у працэсе творчай дзейнасці’. Як ні дзіўна, але да гэтага часу найменш выдалі нагара нашы кансультанты (М. Танк. Час і літаратура). Цяпер галоўная функцыя дырэктара заключалася ў тым, што ён выдаваў нагара новыя ідэі (І. Шамякін. Вазьму твой боль). Гэта тваё самае лепшае апавяданне, якое ты калі-небудзь выдаваў нагара. Ты проста малайчына! (В. Зуб. Дзве галавы лепш).

Утвораны на аснове горнага тэрміналагічнага словазлучэння, у якім нагара абазначае ‘наверх, на паверхню зямлі’. Параўн. ужыванне ў тэрміналагічным значэнні: «Брыгада Уладзіміра Шульгі выдала нагара за суткі тысячу тон руды» (М. Шыманскі).

Выдаць з галавой каго. Усходнесл. Аддаць на расправу. Жыгун жа «дружка» не пакрые: ён выдаў яго з галавою (Я. Колас. Адплата).

Першапачатковая форма фразеалагізма — выдаць галавой (у такой форме ён нярэдка выкарыстоўваецца і цяпер), а першапачатковая сфера яго ўжывання — суды Кіеўскай Русі. «Выдача галавой» абазначала, што вінаватага аддавалі ў рукі істца, у поўнае яго распараджэнне. Так, «выданы галавой» даўжнік станавіўся рабом таго, у каго пазычаў, і працаваў у яго, пакуль не адрабляў усяго доўгу. З «выданым галавой» абыходзіліся як з рабом, здзекаваліся, а то і забівалі.

Выдаць сябе з галавой. Гл. з галавой выдаць сябе.

Выдраць лысаму валасы (валоссе). Уласна бел. Зрабіць ці, выхваляючыся, мець намер зрабіць што-н. недарэчнае. — Ну што, выдраў лысаму валасы, вызначыўся? — Зраблю вывады, Сцяпанавіч… (А. Масарэнка. Баргузінскае лета).

Выраз з паэмы К. Крапівы «Хвядос — Чырвоны нос» (1930). Ужыты ў такім кантэксце: «— Дык і я магу пад кіпець Там якога Чэмберлена. Перад гэтым толькі выпіць Дзеля смеласці нядрэнна… — Так, нішто з цябе ваяка — Выдраць лысаму валоссе, Ды, шкада, вайны ніякай Для цябе не засталося».

Выйсці на арбіту. Гл. выходзіць (выйсці) на арбіту.

Выйсці са строю. Гл. выбываць (выбыць; выходзіць, выйсці) са строю.

Выйсці ў тыраж. Гл. выходзіць (выйсці) у тыраж.

Выкідванне за вароты каго. Агульны для ўсходнесл. м. Звальненне з работы, пазбаўленне сродкаў існавання. Выкарыстоўваючы слова «вызваленне», трэба мець на ўвазе, што гэта не выкідванне людзей за вароты прадпрыемстваў і ўстаноў, а перагрупоўка іх з улікам інтарэсаў грамадстваў цэлым (Звязда. 4.12.1986).

Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны на базе суадноснага дзеяслоўнага выкідваць за вароты каго ‘звальняць з работы, пазбаўляць сродкаў існавання’.

Выкідвацца за борт. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. выбрасываться за борт, укр. викидатися за борт). Адхіляцца як непатрэбнае, непрыдатнае. Цяпер жа, калі адроджаная беларуская гісторыя выкідваецца за борт, калі ўсё вяртаецца на кругі свае, ход развіцця шмат якіх падзей зноў падаецца неаб’ектыўна і тэндэнцыйна, у духу бальшавіцкіх ідэй… (Г. Лагуновіч. Калі двойчы два — пяць).

Утвораны ад фразеалагізма выкідваць за борт каго, што — паўкалькі з франц. м. (гл.).

Выкідваць (выкінуць) за борт каго, што. Паўкалька з франц. м. (jеtеr рагdеssus bоrd). Адхіляць што-н. ці выракацца каго-н. як непатрэбнага. Вы зразумейце, Пётр Аляксеевіч, мы жадаем вам толькі лепшага. Мы не хочам, каб само жыццё выкінула вас за борт… (Л. Гаўрылкін. Не магу без цябе).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, у якім борт абазначае ‘верхні край бакавой сценкі марскога або рачнога судна’.

Выкідваць (выкінуць) на вуліцу каго. Калька з франц. м. (jеtеr sur le раvе). Ужыв. са значэннямі ‘пазбаўляць жылля’ і ‘звальняць з работы, пазбаўляць сродкаў існавання’. У практыцы нярэдка здараліся выпадкі, калі сваякі забіралі састарэлых [з дома-інтэрната] і выкідвалі іх потым на вуліцу, выцягнуўшы ўсе зберажэнні (Звязда. 11.10.1987). Дзесяткі тысяч рабочых былі выкінуты на вуліцу (С. Анісаў. Крутымі шляхамі).

Фразеалагізм з жывой унутранай формай.

Выклікаць агонь на сябе. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. вызывать огонь на себя, укр. викликати вогонь на себе). Ужыв. са значэннямі: 1) знарок адцягваць увагу ворага на сябе замест іншых, 2) прымаць на сябе самае цяжкае, першаму трапляць у небяспеку. Нашы гарады — гэта мужныя байцы, Валя. I тыя, якія трапляюць у рукі ворага, выклікаюць агонь на сябе (У. Карпаў. Без нейтральнай паласы). Парушалі ж дысцыпліну і парадак, як выявілася, найперш і найбольш «пазваночнікі» — дзеці і ўнукі розных начальнікаў. Прымаць супраць іх нейкія меры пакарання — гэта выклікаць агонь на сябе (Б. Сачанка. Родны кут).

Паходзіць з маўлення вайскоўцаў. У часе баявых дзеянняў іншы раз, каб выратаваць астатніх, даводзіцца знарок адцягваць увагу праціўніка на адзін аб’ект. Параўн.: «— Агонь па НП! — паспеў скамандаваць Алесь і нырнуў у ровік… Рашэнне выклікаць агонь на сябе прыйшло само сабой — другога выхаду не заставалася» (І. Новікаў).

Выкручванне рук. Агульны для ўсходнесл. м. Грубы націск на каго-н., каб дабіцца якіх-н. выгад для сябе. Кіраўнікі адміністрацыі асабіста займаліся выкручваннем рук кангрэсменам, не грэбуючы макарцісцкімі прыёмамі (Звязда. 22.03.1986).

Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выкручваць рукі (каму), які абазначае ‘груба націскаць на каго-н., каб дабіцца выгаднага для сябе рашэння якога-н. пытання’.

Выкручваць (выкруціць) сырыцу з каго. Уласна бел. Поўнасцю падпарадкоўваць сваёй волі, свайму жаданню; муштраваць каго-н. [Вярэніч: ] Самі сабою толькі хвоі растуць. А ты, Вулляна, з свайго [сына] сырыцы не выкруціла (А. Петрашкевіч. Трывога).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. Сырыца — саматужна вырабленая скура, якую ў працэсе апрацоўкі пасля вымочвання мнуць і выкручваюць.

Вылятаць (вылецець) з галавы (памяці) <у каго>. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім забыцца. [Чарнавус: ] Скажыце, Аляксандр Пятровіч, да якога перыяду адносіце вы сваю знаходку? [Гарлахвацкі:] Да гэтага… як яго… вылецела з галавы… (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім).

Усе кампаненты выступаюць як сэнсаўтваральныя, суадносныя з адпаведнымі словамі свабоднага ўжывання, але «кожны кампакент паасобку не перадае таго, што яны выражаюць сумесна» (У. П. Жукаў), і не валодае асобным лексічным значэннем як часткай агульнага фразеалагічнага значэння.

Вымазаць дзёгцем каго, што. Гл. мазаць (абмазаць, вымазаць) дзёгцем каго, што.

Вымушае жадаць лепшага. Гл. пакідае (вымушае) жадаць лепшага.

Перейти на стр:
Шрифт:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code