MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Варона загуменная. Уласна бел. Разявака, нерастаропны, нехлямяжны чалавек. Ш-ша! Замрыце, вароны загуменныя! — павысіў гаспадар голас (Л. Калодзежны. Дубовы крыж).

Выраз пры супастаўленні з адпаведным свабодным словазлучэннем не ўспрымаецца як метафарычны. Ён, хутчэй за ўсё, узнік у выніку адначасовай рэалізацыі прамога і пераноснага значэнняў слова варона (‘птушка’ і 'разявака’) і яго каламбурнага дапаўнення прыметнікам. Параўн. цікавы ў гэтых адносінах прыклад: «— Вароны мы, вароны загумснныя! — лаяў самога сябе і сваіх таварышаў адзін з трох» (Р. Хацксвіч).

Варона ў паўлінавых пёрах. Паўкалька з руск. м. (ворона в павлиньих перьях). Чалавек, які марна імкнецца паказаць сябе лепшым, больш значным, чым ён ёсць на самай справе. — Аднак з эсэрам Керанскім лічыцца ўвесь цывілізаваны свет… — Не вельмі. Керанскі — гэта варона ў паўлінавых пёрах, — наступаў Сяргей (І. Гурскі. Вецер веку).

Склаўся на аснове байкі І. А. Крылова «Варона» (1825). Уставіўшы сабе ў хвост паўлінавыя пёры, варона фанабэрыста пайшла гуляць з павамі, мяркуючы, што цяпер усе будуць глядзець на яе, як на дзіва. Атрымаўся, аднак, непрадбачаны канфуз (гл. ні пава ні варона).

Вароты пірагамі падпёрты ў каго. Уласна бел. Усяго ўволю, колькі хочаш (пра багатае жыццё). У Кунцэвічаў для Лазовіка заўсёды вароты пірагамі падпёрты. Алена Пятроўна, убачыўшы яго, замітусілася: —Ах, прагаладаліся, нябось… (В. Блакіт. Шануй імя сваё).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, узяты з народных казак.

Варочаць (звярнуць, зрушыць, перавярнуць) горы <з кім, з чым>. Відаць, калька з ням. м. (vеrsеtzеn Вегде). Выконваць празмерна вялікую работу, справу. У прасторным клубе сядзелі адны мужчыны, здаравякі, як на падбор. 3 такімі людзьмі можна было варочаць горы (А. Асіпенка. Жыта).

У аснове фразеалагізма — нерэальны, гіпербалізаваны вобраз.

Варфаламееўская ноч. Відаць, паўкалька з ням. м. (Вагtholоmäusnacht). Масавае, нечаканае знішчэнне каго-н. Ляцяць! Нашы ляцяць! Родныя мае! Хутчэй! Хутчэй! Пачакай. Пачакай хвіліначку. Зараз будзе варфаламееўская ноч фашыстам. Ляцяць! (І. Шамякін. Шшобная ноч).

Паходзіць ад гістарычнай падзеі — масавага знішчэння гугенотаў-пратэстантаў католікамі ў Парыжы ўначы на 24 жніўня 1572 г. перад днём святога Варфаламея. Арганізаваная царквой разня перакінулася на іншыя гарады Францыі і працягвалася некалькі дзён.

Варыцца ў сваім (ва ўласным) саку. Калька з англ. м. (tо stеw іn опе’s оwn juiсе). Жыць ці працаваць без зносін з іншымі, не выкарыстоўваючы чужога вопыту. Мастакам трэба асяроддзе. Таму і ёсць правінцыялы, і проста самадзейнікі, таму што няма ў іх асяроддзя, у сваім саку варацца, падняцца не могуць (А. Жук. Белым снегам).

Выраз з жывой унутранай формай.

Вастрыць (навастрыць) вушы. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. вострить уши, укр. гострити уші). Напружана, уважліва прыслухоўвацца, насцярожвацца. Віктару не спадабалася, што такая размова вядзецца пры малых. Нават Кацька і тая «навастрыла вушы» (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).

Паводле паходжання гэта метафара, узятая з жывёльнага свету, вынік пераносу на чалавека дзеянняў і ўласцівасцей, напрыклад, сабакі ці каня, якія, адчуўшы небяспеку, настаўляюць вушы, пільна прыслухоўваюцца.

Вастрыць (тачыць) зубы на каго, на што. Відаць, запазыч. з польск. м. (оstrzуć zęby); параўн. таксама: руск. вострить (точить) зубы, укр. гострити (точити) зуби. Ужыв. са значэннямі ‘ненавідзячы каго-н., рыхтаваць яму якую-н. непрыемнасць’ і ‘старацца завалодаць чым-н. ці трапіць куды-н.’. Калі яшчэ калгасаў не было, ён [Філютчык] ужо тачыў на мяне зубы. У кулакі мяне за маю працу дабіваўся ўпісаць (М. Лобан. Гарадок Устронь). Яшчэ за месяц усё панства мястэчка В. знала, што пісар першага верасня імяніннік, і кожны местачковы пан ужо вастрыў зубы на гэтыя імяніны (Я. Колас. Пісаравы імяніны).

Паводле І. Снегірова, узнікненне фразеалагізма звязана з перыядам дзейнасці польскага караля Стафана Баторыя (1574–1586), у гербе якога было тры зубы. Калі ён гневаўся на каго-небудзь, то гаварылі, што вострыць зубы на яго.

Ва ўвесь дух. Гл. на (ва) увесь дух.

Ва ўнісон. Паўкалька з італ. м. (аll’ unіsопо). Ужыв. са значэннямі ‘сугучна з чым-н. (спяваць, гучаць і пад.)’, ‘узгоднена, зладжана з кім-, чым-н. (рабіць што-н., дзейнічаць)’ і ‘згодна (адказваць, рэагаваць на што-н.)’. Пасля [матор] загуў роўна і сцішана, ва ўнісон вячэрняй цішыні (У. Ліпскі. Вогненны рэйс). Напэўна ж, не адзін уладальнік «Праменя» пазірае на мінскі гадзіннік, чакаючы, пакуль ва ўнісон з Крамлёўскімі курантамі дакладна супадуць стрэлкі, каб адзначыць надыход Новага года (Вожык. 1983. № 1). —Акурат так яно і бывае, — ва ўнісон пагадзіліся [суразмоўнікі] (М. Замскі. У пошуках нажніц).

Першапачаткова слова ўнісон ужывалася як музычны тэрмін для абазначэння сугучча, што ўзнікае пры адначасовай перадачы гуку некалькімі галасамі ці інструментамі.

Ва ўсякім (у кожным) выпадку. Калька з франц. м. (еntоut саs). Ужыв. з прыслоўным значэннем ‘пры любых абставінах, безумоўна’ і ў ролі пабочнага словазлучэння са значэннем ‘прынамсі’. Можна было не хвалявацца — Верамеек у кожным выпадку не прамінеш нават з завязанымі вачамі, абы ішоў паўз раку (І. Чыгрынаў. Плач перапёлкі). Данілка думаў, што на гэтым уся цырымонія і скончыцца, ва ўсякім выпадку, для яго (П. Пестрак. Вярнуўся).

Ва ўсякім (у кожным) разе. Агульны для бел. і ўкр. (у всякому разі) м. Ужыв. са значэннямі ‘пры любых абставінах, безумоўна’, ‘прынамсі’ і ‘усё-такі’ Усё спрачаліся, хоць пастанову прынялі вядома ўжо якую: бараніцца ў кожным разе! (М. Гарэцкі. Віленскія камунары). Сяргей Карага пачуў, што канвойнікі будуць трымаць яго руку і што яны, ва ўсякім разе, не ворагі яму (Я. Колас. Сяргей Карага). Магчыма, і тут яго [Стася] не лічылі за чалавека, але ва ўсякім разе гэтага не сказалі (А. Чарнышэвіч. На сажалках).

Утвораны па мадэлі з сэнсава тоесным выразам ва ўсякім (у кожным) выпадку (гл.) — калькай з франц. м.

Ваяваць (змагацца) з ветракамі. Калька з ням. м. (mit Wіndmühlеn kämрfеn). Дарэмна траціць сілы ў барацьбе з уяўнай небяспекай ці несапраўднымі цяжкасцямі. Самі [бацька і Лёдзя] ускладняюць сабе жыццё… Ваююць з ветракамі, выдумляюць грозных, каверзных праціўнікаў (У. Карпаў. Сотая маладосць).

Склаўся на аснове аднаго з эпізодаў рамана Сервантэса «Дон Кіхот» (1615), дзе галоўны герой змагаецца з ветракамі, палічыўшы іх за злых веліканаў.

Вежа са слановай косці. Калька з франц. м. (tоur d’іvоіrе). Абазначае ‘індывідуалістычны свет’. А ўсякія спробы ўцячы ў вежу са слановай косці ад грамадства і тым самым ад сябе як асновы ва ўзаемаадносінах з часам канчаліся марна... (М. Лужанін. Роздум перад маладымі).

Крылаты выраз належыць франц. паэту і крытыку Сент-Бёву, які ўжыў яго ў вершаваным пасланні «А. М. Vіllетаіn» (1837), характарызуючы паэтычную творчасць А. дэ Віньі.

Векі вечныя (век вечны). Агульны для ўсходнесл. м. Заўсёды, вечна. Ды не будзе ж так векі вечныя, а прыйдуць ніяк часы лепшыя (А. Гурыновіч. Бор).

Вытворны ад фразеалагізма ва векі вякоў (гл.).

Весці (павесці) рэй. Паўкалька з польск. м. (wоdzіć rеj). Быць завадатарам, верхаводзіць, аказваць уплыў на ход чаго-н. Весці рэй даручылі Дзіміну, і бяседа зашумела, як шуміць яна, калі ёсць юбіляры, аматары тостаў і людзі, якія паважаюць гаспадароў і сябе (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).

Слова рэй у польск. м. па-за фразеалагізмам не ўжываецца, але з’яўляецца часткай складанага слова wоdzіrеj ‘распарадчык (танцаў)’, якое ўзнікла на аснове нямецкага Rеіgеn ‘танец, хор, карагод’. Першапачаткова фразеалагізм wоdzіć rеj у польск. м. ужываўся ў дачыненні толькі да танцаў — са значэннем ‘быць распарадчыкам танцаў’. З блізкім да гэтага значэннем ён выкарыстаны ў паэме Я. Купалы «Бандароўна»: «У гульні сама рэй водзіць, весела міргае, задзіўляе ўсіх чыста, як зара якая».

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code