MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Вадзіць за нос каго. Магчыма, калька з франц. (mеner раг lе nеz) ці ням. (аn dеr Nаsе hеrumfürеn) м. Уводзіць у зман, абяцаць што-н. і не выконваць. Рытвінскага вельмі злавала думка, што нейкі хлапчук колькі часу вадзіў яго за нос (С. Баранавых. Калі ўзыходзіла сонца).

Мяркуюць, што крыніца мастацкага вобраза, пакладзенага ў аснову фразеалагізма, тая самая, з якой выйшла і прыказка Мядзведзь скача, а цыган грошы бярэ. Даўней у многіх краінах Еўропы мядзведнікі вадзілі напаказ у людныя месцы мядзведзяў за кольца ланцуга, прасунутае ў нос. Мядзведзь, спадзсючыся на падачкі і не заўсёды атрымліваючы іх ды скоса пазіраючы на палку ў руках гаспадара, мусіў вырабляць розныя фокусы.

Вадзіць казу. Агульны для бел. і ўкр. м. Ужыв. са значэннямі: 1) хадзіць гуртам у стане ап’янення, 2) п’янстваваць, напівацца. [Грачоў гаворыць тром п’яным калгаснікам, якія ідуць абняўшыся: ] Што вы сабе думаеце, хлопцы! Пасяўная не за гарамі, а вы ў рабочы дзень казу водзіце па сяле (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся). «Вадзілі казу» беларускія творцы і да вайны, натхніцелямі былі такія «геніі», як Алесь Кучар, і ён жа даносіў на п 'яную «свабодалюбівую» балбатню сваіх калег, і некаторыя з іх патаціліся за гэта жыццямі ці доўгай катаргай (І. Шамякін. Слаўся, Марыя!).

Паходзіць са свабоднага словазлучэння, звязанага з ранейшым звычаем, які бытаваў на Украіне і ў многіх раёнах Беларусі, асабліва на Усходнім Палессі. Як сведчаць фалькларысты і этнографы, звычай захоўваўся яшчэ і на пачатку XX ст. У святочныя дні, пераважна перад Новым годам, гурт хлопцаў хадзіў па хатах калядаваць. Адзін з хлопцаў быў адзеты пад казу — з драўлянай казінай галавой і саламяным хвастом. Хлопцы віншавалі гаспадароў, спявалі калядныя песні, «каза» танцавала пад музыку. Каляднікаў частавалі гарэлкай, давалі падарункі. Усё гэта называлася «вадзіць казу». Абрад «ваджэння казы» падрабязна апісаны ў энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» (Мн., 1989, с. 230–231). У некаторых сучасных працах па ўкраінскай фразеалогіі выраз вадзіць казу згадваецца як устарэлы. Але яшчэ ў «Слоўніку ўкраінскай мовы» пад рэдакцыяй В. Д. Грынчанкі (1958–1959) ён падаецца без паметы аб устарэласці як «п’янстваваць доўгі час, некалькі дзён».

Вадой не разальеш каго. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі дружныя, неразлучныя, заўсёды разам. На першых лекцыях мы толькі прыглядаемся адна да аднае. Пад канец заняткаў нас ужо не разальеш вадою (А. Васілевіч. Пачакай, затрымайся…).

У аснове фразеалагізма — вобраз, звязаны са спробай, разліваючы вадой, разняць, разагнаць жывёл, калі яны б’юцца. Параўн. ужыванне фразеалагізма з ажыўленнем яго ўнутранай формы шляхам далучэння да яго ў якасці аднароднага члена структурна-аднатыпнага свабоднага словазлучэння: «Не, гэта старыя прыяцелі, спрадвечныя дружбакі, якіх не разальеш вадой, не разгоніш парай» (М. Лынькоў).

Ваду ў ступе таўчы. Агульны для ўсходнесл. м. Ужываецца са значэннямі ‘марнаваць час, займацца бескарыснай справай’ і ‘весці пустыя размовы, пустасловіць’. На чорта мне такая работа, што не дае карысці ні мне, ні людзям? Не хачу таўчы ваду ў ступе (А. Макаёнак. Твой хлеб). А што ты там бачыў, на сходах гэтых самых? Ваду ў ступе таўкуць? Таўкуць (МЛынькоў. Апошні зверыядавец).

Паводле паходжання гэта першая частка прыказкі Ваду ў ступе таўчы — вада і будзе. Выраз мае той жа сэнс, што і ў прыказцы; у кантэкст уключаецца без граматычных абмежаванняў, рэалізуючы ўсе формы асобы і ліку дзеяслоўнага кампанента (таўку, таўчэш і г. д.).

Вады не замуціць каму. Відаць, калька з ням. м. (kann kеіn Wässегсhеn trübеn). Не зрабіць ніякай шкоды, кічога кепскага каму. Бяры кажу, сынок, мая ягадка, хоць і Агатку — па мне што? Не я, а ты, Сымонка-дзіцятка, будзеш з ёй жыць: я ўжо старая, нядужая, і вады вам не замучу (Ядвігін Ш. Важная фіга).

Першааснова фразеалагізма — свабоднае словазлучэнне, звязанае з разнастайнымі жыццёвымі выпадкамі на берагах рэк, дзе мылі бялізну, паілі коней, бралі ваду. Добры чалавек не забываўся пра суседа, стараючыся не замуціць яму вады, калі той знаходзіўся ніжэй па цячэнні вады.

Шмат (многа, нямала, колькі, столькі) вады сплыло (сплыве). Калька з франц. м. (іl раssега bіеn dе 1’еаu sоus lеs ропts — літаральна «сплыве многа вады да той пары»), (Шмат) адбылося змен, прайшло часу. І хоць з той пары, як кажуць, шмат вады сплыло, — гэтулькі ж гадоў прайшло! — успомнілася мне з усімі драбніцамі гісторыя яго «хваробы» (М. Чавускі. Рэжым дык рэжым). Як даўно тое было… Колькі вады сплыло з таго часу (У. Кузьмянкоў. Два білеты ў цырк).

Паходжанне фразеалагізма тлумачаць такой з’явай: у старажытнасці час вызначалі вадзяным гадзіннікам — па ўзроўні вады, якая сцякала кроплямі. Можна таксама меркаваць, што фразеалагізм — скарочаны варыянт ранейшай, больш поўнай формы шмат вады сплыло ў раку (параўн. у зборніку М. Федароўскага: яшчэ многа вады у мора ўпадзе; у сучаснай англійскай мове (у перакладзе): шмат вады працякло пад мостам, у нямецкай: шмат вады працякло ў мора (Эльбу, Рэйн і г.д.).

Вазіць ваду на кім. Агульны для ўсходнесл. м. Абцяжарваць каго-н. непасільнай, зневажальнай работай. Будуць на табе ваду вазіць, во пабачыш… У каго ты такі недарэка? (А. Дудараў. Кола).

Паходзіць з прыказкі На сярдзітых ваду возяць.

Вайна (бітва, змаганне) з ветракамі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. сражение с ветряными мельницами, укр. війна з вітряками). Дарэмная трата сіл, здольнасцей у барацьбе з уяўнай небяспекай ці несапраўднымі цяжкасцямі. Платон Восіпавіч… са злой іроніяй адрэзаў: — Прынцьтовасць у дадзеным выпадку — бітва з ветракамі (А. Асіпснка. Непрыкаяны маладзік).

Паходзіць з дзеяслоўнага фразеалагізма ваяваць (змагацца) з ветракамі (гл.).

Валаамава асліца (валаамаў асёл). Відаць, паўкалька з англ. (Ваlаат’s аss) ці франц. (апеssе dе Ваlаат) м. Пакорны, маўклівы чалавек, які раптам выказаў сваю думку або нязгоду, пратэст. [Антох: ] I лепей бы я з бесам піў, чым з папом, які з Бесавічаў. [Поп: ] Ой, заклею я твой вобраз. [Антох: ] Паспрабуй, асёл валаамаў (У. Караткевіч. Маці ўрагану).

Утвораны на аснове біблейскай легенды (Лічбы, 22, 27–28) пра чараўніка Валаама і яго асліцу, якая, калі гаспадар пачаў біць яе, запратэставала чалавечай мовай, стала ўгаворваць гаспадара, каб ён не ішоў супраць Божай волі і адмовіўся ад намеру выконваць загад маавітанскага цара Валака.

Валасы сталі дыбам у каго. Фразеалагізм, з нязначнымі варыяцыямі, ёсць амаль ва ўсіх славянскіх і іншых еўрапейскіх мовах (напрыклад, у немцаў: dаs Нааг stеht zu Вегgе — валасы сталі ўгору; у французаў: сеlа fаіt dгеssеr lеs сhеvеuх — ад гэтага валасы становяцца дыбам). Выраз, хутчэй за ўсё, трапіў да нас як фразеалагічная калька з лац. м. (steteruntgue сотае).

Узнік як гіпербала для выражэння пачуцця неспадзяванага страху, калі здаецца, што на галаве нібы падымаюцца валасы. Ужыв. са значэннем ‘каго-н. ахоплівае жах’: Я крычаць, я тукаць на іх, валасы ў мяне дыбам (М. Ракітны. Жоўты). Замест дыбам выкарыстоўваюцца яго варыянты: валасы стануць дубка (К. Крапіва), валасы дуба становяцца (З. Бядуля), валасы ў дыбкі сталі (В. Каваль). Генетычна фразеалагізм можна кваліфікаваць і як «метафару, узятую з жывёльнага свету» (В. У. Вінаградаў): у жывёл пры небяспецы валасы становяцца дыбам.

Валіць цераз пень калоду. Агульны для ўсходнесл. м. Рабіць няўмела, абы-як. Пасля ў закусачнай на памяць хлапец асмеліўся на верш… Яшчэ валіў праз пень калоду; але рабіў мяне раднёй свае радні, свайго завода, тае касыначкі рабой (М. Лужанін. Як нараджаўся новы свет).

Раней фразеалагізм меў больш поўную форму, у зборніку І. Насовіча ён падаеццатак: цераз пень, цераз калоду валіць без уходу. Гл. цераз пень калоду.

Валоданне пяром. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. владение пером, укр. володіння пером). Уменне свабодна і выразна выказваць свае думкі на паперы. Гэта вельмі непрыемна і прымушае яшчэ раз напамінаць аб неабходнасці дасканалага валодання пяром (Я. Колас. Аб літаратурнай працы).

Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага валодаць пяром.

Валоданне словам. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. владение словом, укр. володіння словом). Здольнасць выразна, красамоўна гаварыць, пісаць. Творчую адоранасць Мікола Раманоўскі выявіў у Цімкавіцкім двухкласным вучылішчы, а пазней і ў гады вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Яго хвалілі за добрае валоданне словам (А. Бельскі. Сын зямлі і зорнага неба).

Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма валодаць словам, мае прадметнае значэнне і іншыя ўласцівасці назоўнікавых выразаў.

Валтасараў баль. Паўкалька з царк. — слав. м. Вясёлае, легкадумнае існаванне каго-н. у бядотную для іншых часіну. Робіцца гэта ўсё ў дагоду і па камандзе тых сіл, якія сёння ладзяць валтасараў баль на Беларусі (М. Скобла. Палімпсесты Ларысы Геніюш).

Паходзіць з Бібліі. У кнізе Даніілы (5) расказваецца пра баль у халдзейскага цара Валтасара. Падчас балю таямнічая рука напісала на сцяне чатыры прарочыя словы пра непазбежную пагібель цара, той жа ноччу цар быў забіты, а яго царства дасталося Дарыю.

Ва (на) усе лапаткі. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае ‘вельмі хутка (бегчы, імчацца і пад.)’ і ‘з вялікім напружаннем (рабіць што-н.)’. Абрыцкі прэ ва ўсе лапаткі, бяжыць, як можа, без аглядкі, але Пшавара даганяе, у ход дугу сваю пускае (Я. Колас. Новая зямля). Работы на ўсё лета во так во… I то трэба на ўсе лапаткі завіхацца, каб управіцца (І. Дуброўскі. Навіны Старога Свержаня).

Выраз у сваім 1-м значэнні сэнсава і граматычна спалучаецца толькі з дзеясловам бегчы ці яго сінонімамі, яго значэнне развілося ў выніку метафарызацыі: у каня, калі ён бяжыць вельмі хутка, рухаюцца і лапаткі. 2-е значэнне сфарміравалася ў фразеалагізме пры яго спалучэнні і іншымі дзеясловамі-суправаджальнікамі.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code