Браць (узяць) у пераплёт каго. Запазыч. з руск. м. Рашуча ўздзейнічаць на каго-н., прымушаючы паступаць пэўным чынам. Няхай Комлік — майстар сваёй справы, але няма незаменных! I калі ўзяць яго ў пераплёт, з трэскам выгнаць з цэха, астатнія будуць шаўковыя — вунь з кім не палічыліся, з Комлікам! (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).
Утварыўся, на думку В. М. Макіенкі, у выніку кантамінацыі, аб’яднання частак двух фразеалагізмаў: трапляць у пераплёт (гл.) + браць у абарот.
Браць (узяць) у <свае> рукі. Калька з франц. м. (ргеndrе еn mаіns; літаральна «браць у рукі»). Ужыв. са значэннямі: ‘падпарадкоўваць сваёй волі каго-н.’, ‘прымаць на сябе кіраўніцтва чым-н.’ і ‘сілай авалодваць чым-н. (часцей пра ўладу)’. Я прыйшла менавіта да вас, Іван Мікалаевіч. І як да старшыні сельсавета, і як да старэйшага Косцікавага брата. Вазьміце ў рукі Косціка, інакш… (Б. Сачанка. Вялікі Лес). Старшыня сельсавета намогся ўзяцьу свае рукі кіраванне сходам на гэты час (Р. Мурашка. Салаўі святога Палікара). Рабочых грамады ў свае возьмуць рукі заводы і фабрыкі, шахты і домны… (Я. Купала. Настане такая часіна).
Фразеалагізм з жывой унутранай формай.
Браць (узяць) уцям што. Уласна бел. Разумець, усведамляць што-н. Я вось сяджу, думаю — і ніяк не магу ўзяць уцям, што вы з ім не падзялілі? (Маладосць. 1980. № 4).
Выраз аднолькавай сінтаксічнай і дэрывацыйнай структуры з узяць <сабе> у толк (што). У «Слоўніку беларускай мовы» (1870) І. І. Насовіча пададзена ўцям як прыслоўе са значэннем ‘прыкметна, зразумела’. Ёсць у сучаснай бел. м. аднакаранёвыя словы: няўцям, няўцямны, няўцямна, няўцямнасць, цямлівы, цямлівасць, цяміць, уцяміць. Параўн. ва ўкр. м.: назоўнік тяма ‘кемлівасць, цямлівасць’, фразеалагізмы брати (узяти) втямки (втямку), брати (взяти) до тями, без тями (тямки) в голові.
Браць (узяць) у шоры каго. Агульны для ўсходнесл. м. Рашуча ўздзейнічаць на каго-н., прымушаючы паступаць пэўным чынам. Старэйшы хлопец ужо ў армію пайшоў… Там яго добра возьмуць у шоры. Зробяць з хлопца чалавека… (А. Васілевіч. Сястра мая, Антаніна).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. Шоры — бакавыя шчыткі, прымацаваныя да вуздэчкі, каб конь не мог глядзець убок і палохацца чаго-н.
Будаваць на пяску. Агульны для амаль усіх славянскіх, а таксама франц. і ням. м. Засноўваць на ненадзейных звестках, паказчыках. Старыя пазіцыі светаразумення аказаліся хісткімі, пабудаванымі на пяску (Я. Колас. На ростанях).
Склаўся на базе евангельскай прытчы (Матфей, 7, 26–27): «Усякі, хто слухае гэтыя словы мае і не выконвае іх, стане падобны на чалавека безразважнага, які пабудаваў дом свой на пяску. I пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры і налеглі на дом той, і ён паваліўся».
Будаваць паветраныя замкі. Гл. паветраныя замкі будаваць.
Будоўля паветраных замкаў (палацаў). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. строительство воздушных замков, укр. будівництво надхмарніх замків). Прыдумванне нерэальных, фантастычных планаў. [Каліноўскі:] Я чуў усё, але не хацеў да часу перапыняць будоўлі паветраных палацаў Серакоўскага (Е. Міровіч. Касіусь Каліноўскі).
Паходзіць з дзеяслоўнага фразеалагізма будаваць паветраныя замкі (гл.) ‘планаваць нерэальнае, нездзяйсняльнае’, мае прадметнае значэнне і іншыя ўласцівасці назоўнікавых фразеалагізмаў.
Бура ў шклянцы вады. Калька з франц. м. (unе tетрêtе dаns un vеrrе d’еаu). Шум, спрэчка за нявартую ўвагі дробязь. Але ж у тым самым абзацы, услед за нібыта пахвалою, ідзе нявінная на першы погляд агаворачка: маўляў, некаторыя з пералічаных твораў грэшаць схематычнасцю, жывыя пачуцціў іх падменены папяровымі, а размах падзей не вышэй за буру ў шклянцы вады (М. Лужанін. Роздум перад маладымі).
Гэты крылаты выраз, як сведчыць Бальзак, належыць французскаму палітычнаму дзеячу і філосафу XVIII ст. Мантэск’ё; гэтымі словамі ён вобразна ахарактарызаваў палітычнае бязладдзе, якое ў той час мела месца ў Сан-Марына — карлікавай рэспубліцы на Апенінскім паўвостраве.
Бурыданаў асёл. Паўкалька з франц. м. (l’апе dе Вuridan). Крайне нерашучы чалавек, які вагаецца ў выбары паміж двума раўнацэннымі рашэннямі ці раўназначнымі жаданнямі. [Кардонскі:] Я зусім у органы не збіраўся, мяне накіраваў райкам камсамола. Бо сам як бурыданаў асёл… Стаяў на раздарожжы, не ведаючы, што выбраць: ці дарагую мне гісторыю, ці такую ж літаратуру, ці журналістыку (С. Дубавец. Мой народ).
Узнікненне фразеалагізма звязваецца з імем французскага філосафа Ж. Бурыдана (XIV ст.), які даказваў, што ўчынкі жывых істот залежаць не ад іх волі, а выключна ад знешніх прычын. У пацвярджэнне сваёй думкі ён узяў для прыкладу асла, які, знаходзячыся на роўнай адлегласці ад двух аднолькавых ахапкаў сена, абавязкова павінен загінуць ад голаду, бо пры абсалютнай свабодзе волі ён не зможа аддаць перавагу якомунебудзь аднаму ахапку сена. Параўн. ужыванне фразеалагізма з намёкам на яго першапачатковую вобразнасць: «— Пагубяць цябе гэтыя ягады, як бурыданавага асла сена, — смяецца з Машы Аркадзь» (В. Гігевіч).
Быллём парасло (зарасло). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. быльем поросло, укр. биллям поросло). Даўно забыта. Мілая!.. Усё быллём парасло, а пры ўсіх тут скажу… І я твайго Паўла кахала (М. Ракітны. На свята).
Узнік з прыказкі (падаецца ў зборніках І. Насовіча, М. Федароўскага) Калісьці было, ды быллём зарасло. Адарваўшыся ад прыказкі, у якой было і зарасло звязаны рыфмай, фразеалагізм набыў здольнасць рэалізаваць родавыя і лікавыя формы дзеяслоўнага кампанента: «Не быў я ў свеце бабылём, і ты не будзеш, братка, пакуль не зарасла быллём салодкая загадка…» (В. Вітка). Зрэдку замест быллём выкарыстоўваецца быльнягом: «Ну што ты! Нашто ты? Калі што некалі і было, дык быльнягом зарасло…» (М. Лужанін).
Бы на карове сядло. Гл. як (нібы, бы) на карове сядло.
Быццам аршын праглынуўшы. Гл. як (быццам, нібы) аршын праглынуўшы.
Бярозавая каша. Агульны для ўсходнесл. м. Розгі або дубец, рэмень і пад. Проста і ў думках не было, каб гэты клоп, як ён заўсёды называў сваю пляменніцу, ды раптам надумалася выходзіць замуж. А бярозавай кашы яна не хоча часам?.. (М. Лынькоў. Векапомныя дні).
Як мяркуюць, выраз узнік у школьным асяроддзі. Раней у школах, дзе вучылі дзяцей грамаце, пераход да чытання новай кнігі і іншыя поспехі ў вучобе адзначаліся кашай: бацькі ў такіх выпадках прыносілі гаршчок кашы, якую ўсе вучні елі разам. Калі вучань правінавачваўся, яго каралі розгамі, як правіла, бярозавымі. Такое пакаранне сталі называць бярозавай кашай. Фразеалагізм утварыўся па мадэлі словазлучэння тыпу прасяная каша.
Ва векі вякоў. Калька з лац. м. (іn sаесulа sаесulоrum). Назаўсёды, навечна. [Маці:] Ой, лясы, вы не шуміце, майго мужа не будзіце, бо ён спіць вечным сном ва векі вякоў (А. Кудравец. Раданіца).
3 формулы праслаўлення Бога ў часе хрысціянскага царкоўнага набажэнства (абедні).
В
Вавілонскае стоўпатварэнне. Агульны для ўсходнесл. м. Поўная неразбярыха, беспарадак, гармідар. [Генка: ] Мама мая, што робіцца!.. Стоўпатварэнне вавілонскае. Свае сваіх не пазнаюць (К. Крапіва. Брама неўміручасці).
Узнік на аснове біблейскага сюжэта (Быццё, 11, 1–9), як жыхары старажытнага горада Вавілона (на тэрыторыі сучаснага Ірака) задумалі зрабіць вялізную вежу — аж да самага неба. Будаўніцтва вежы было спынена ўгневаным Богам: ён «змяшаў» языкі будаўнікоў, і яны загаварылі на розных мовах, не разумеючы адзін аднаго. Людзям стала не да вежы, бо падняўся страшэнны гвалт, вэрхал — тое, што мы цяпер называем вавілонскім стоўпатварэннем. Назоўнікавы кампанент фразеалагізма ўтварыўся сінтаксічным спосабам, зрашчэннем двух слоў (столпа + твореные) у адно.
Вагавая катэгорыя. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. весовая категория, укр. весова категорія). Уплывова-ацэначная вартасць, велічыня каго- ці чаго-н. Выбачайце, Броўка і Пісарык, пры ўсім скептыцызме ў адносінах да першага, усё-такі розныя вагавыя катэгорыі (Л. Рублеўская. «Ці можна рукапіс прадаць?»).
Узнік у выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое выкарыстоўваецца пры класіфікацыі барцоў — спартсменаў класічнай або вольнай барацьбы. Параўн.: «У цяжкай вагавой катэгорыі, у якой перамог наш малады атлет, тады мелася сапраўднае сузор’е атлетаў… А чаму б Мядзведзю не скінуць дзесятак кілаграмаў і не перайсці ў паўцяжкую катэгорыю?» (А. Мяснікоў).