MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Узнік з параўнальнага звароту, звязанага з вельмі дакладным узважваннем у аптэцы састаўных частак лякарства.

Як у ваду глядзеў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как в воду глядел, укр. як у воду дивився). Угадаў, нібы прадбачыў, нібы загадзя ведаў Яечкаў колькі зберагла. Нібы ведала… Раптам, думаю, госць які з ’явіцца. І на табе, як у ваду глядзела, — з’явіўся (І.Мележ. Завеі, снежань).

Этымалагічна выраз звязаны з былой верай у чараўніцтва, калі варажбітка, паглядаючы ў пасудзіну з вадой, «угадвала», што было ў чыімсьці жыцці раней, і прарочыла будучы лёс. Вада была нібыта не звычайная, a «жывая». Відаць, фразеалагізм раней меў больш поўную форму як у жывую ваду глядзеў a затым вызваліўся ад сэнсаўтваральнага кампанента. У сучаснай мове поўная форма фразеалагізма — рэдкі выпадак: «I во такі спаўняецца маё прароцтва — як у жывую ваду глядзела!..» (А. Карпюк).

Як у ваду кануў. Усходнесл. Нечакана прапаў, бясследна знік. Шкода толькі, сынок яго, Казік, сабака кручаны, як у ваду кануў. A па ім асіна даўно плача. Ён самы вараціла (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка).

Паходзіць з параўнальнага звароту пры дзеясловах прапаў, знік, які захоўвае свае параўнальныя адносіны і выступае як аднародна-ўдакладняльная адзінка: «Андрэй знік, як у ваду кануў» (Л. Арабей). Ужываючыся без дзеясловаў знік, прапаў, выраз набыў цэласнае значэнне. Агульнаславянскае слова кануў абазначае тое ж, што і пазнейшае, утворанае на яго аснове капнуў, г. зн. ‘упаў капляй’. Адсюль першапачатковае значэнне параўнальнага звароту — ‘як у ваду ўпаў капляй, бясследна зліўшыся з астатняй вадой’.

Як укопаны. Паўкалька з руск. м. (как вкопанный). Ужываецца з прыфразеалагічным словам стаяць і абазначае ‘нерухома’. Дзяцей, дзяцей на аселіцу адвядзі… Што стала як укопаная… (І.Пташнікаў. Тартак).

Этымалагічнай асновай фразеалагізма было пакаранне ў Расіі XVII ст. — закопванне жывых у зямлю. Злачынца, абвінавачанага ў забойстве, ставілі ў яму і закопвалі да самай галавы. У такім стане ён і паміраў на другі ці трэці дзень. Узнікшы са свабоднага словазлучэння як укопаны ў зямлю, фразеалагізм скараціўся. Яго першапачатковая вобразнасць даўно ўжо пацьмянела, a таму спараджае іншыя асацыяцыі (напрыклад, y паэме «Адплата» Я. Коласа:…стаіць, нібы ўкопаны слуп).

У даўгу як у шаўку. Паўкалька з руск. м. (в долгу как в шелку). Звыш усякай меры. Далікатны намёк на мой доўг закрануў мяне за жывое. Нядобра, калі чалавек у даўгу як у шаўку (А. Якімовіч. З франтавых запісаў).

У гэтым рыфмаваным комплексе (спалучэнне + фразеалагізм) наўрад ці варта шукаць якія-небудзь лексіка-семантычныя і лагічна-сінтаксічныя сувязі, апрача падгонкі пад гукавую сіметрыю гэтых дзвюх з’яў, y пэўнай ступені як бы супрацьпастаўленых: «непрыемнае» (у даўгу) і «прыемнае» (як у шаўку). Такіх рыфмаваных комплексаў, непадзельных і марфалагічна нязменных, шмат: турбот повен рот, муж аб’еўся груш, з’явіўся не запыліўся, не купіш за кукіш і інш. Фразеалагізм як у шаўку выкарыстоўваецца і ў форме як у шаўках, калі гэтага вымагае папярэдняе спалучэнне ў даўгах: «Вечна Васіль рублі лічыць, y даўгах як у шаўках» (І.Капыловіч).

Круціцца як уюн на гарачай патэльні (скаварадзе). Уласна бел. Бесперастанку і не знаходзячы выйсця з цяжкіх абставін. A ты ж не ведаеш, што няшчасце ўбіла мяне і на кароўнік. Як уюн на гарачай скаварадзе буду круціцца…(П.Місько. Градабой).

Узнікшы як параўнальны зварот, выраз ужываецца з абавязковым дзеясловам-суправаджальнікам круціцца, y якім адначасова суіснуюць два значэнні: зыходнае і адзіна лагічнае ў дачыненні да ўюна ‘рухацца, звіваючыся, скручваючыся’ і яшчэ якое-небудзь са значэнняў гэтага мнагазначнага слова (‘быць у пастаянным клопаце’, ‘выкручваючыся, хітрыць’ і інш.).

Як фенікс з попелу. Паўкалька з ням, м. (wie Phönix aus der Asche). Ужыв. як сімвал неўміручасці, вечнага абнаўлення, адраджэння. Як фенікс з попелаў [вольны дух] узносіцца з канаў, на дно якіх яго спіхаюць цемраў зверы (Я. Купала. Чаму?).

Склаўся на аснове міфа, які ўзнік y старажытнай Аравіі і быў вядомы таксама егіпцянам і грэкам. Паводле міфа, свяшчэнная птушка фенікс, арол з вогненна-залацістым апярэннем, праз кожныя пяцьсот гадоў прылятае ў егіпецкі храм бога сонца, дзе яе спальваюць і яна зноў адраджаецца з попелу.

Як чорт ад ладану. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как черт от ладана, укр, як чорт від ладану). Усімі сродкамі, як толькі можна (пазбаўляцца, адмахвацца, уцякаць і пад. ад каго-, чаго-н.). [Гурман] на просты харч глядзець не можа нават — іблізка не паднось! Як чорт ад адану ён верне нос… (Э. Валасевіч. Гурман).

Этымалагічная аснова фразеалагізма тая самая, што і ў выразе як чорт ладану (гл.).

Як чорт ладану. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как черт ладана, укр. як чорт ладану). Вельмі моцна (баяцца каго-, чаго-н.). Чыноўнік той, y каго з ’яўляюцца… зноў паўтараю… нават не думкі, думак ён баіцца як чорт ладану, а перажыванні, эмоцыі мешчаніна (І.Шамякін. Атланты і карыятыды).

Паходзіць з параўнальнага звароту, y аснове якога рэлігійныя ўяўленні: чорт спакушае ка благія ўчынкі і баіцца толькі крыжа і ладану — духмянай смалы для абкурвання ў царкве пры набажэнстве.

Як чорт панёс каго, што. Уласна бел. Хто-н. ці што-н. вельмі хутка памчаўся (памчалася). Каровы рванулі праз сенажаць да рэчкі: мучыць смага, бо паспелі нахапацца хутаранцавай канюшыны, a цяляты — тых як чорт панёс (Ф. Янкоўскі. Сны мае).

Паходзіць з прыказкі Баба з калёс, a калёсы як чорт панёс. «Абломак» прыказкі ўпершыню як фразеалагізм ужыты ў байцы К. Крапівы «Дзед і Баба» (1925), сюжэт якой пабудаваны на аснове гэтай прыказкі з выкарыстакнем яе вобразнасці і асобных элементаў: Потым — гоп яна з калёс, села ля дарогі, a каня як чорт панёс, — дзе ўзяліся й ногі!

Як швед пад Палтавай. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как швед под Полтавой, укр. як швед під Полтавою). Зусім, канчаткова (прапасці, праваліцца і пад.). Ну, Мікола, лічы, прапаў ты цяпер як швед пад Палтавай… (А. Махнач. За вушка ды на сонейка).

Паходзіць ад гістарычнай падзеі — бітвы паміж расійскімі і шведскімі войскамі, якая была 27 чэрвеня 1709 г. пад Палтавай і закончылася перамогай над шведамі. Фразеалагізм выкарыстаны ў камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта», фіксуецца ў «Зборніку беларускіх прыказак» І.І.Насовіча (са значэннем ‘кажуць пра таго, хто прайграўся ці прапіў сваю маёмасць’).

Як (што) босаму разуцца. Уласна бел. Вельмі лёгка, проста, не складае ніякіх цяжкасцей (зрабіць што-н.). Ды якая там, здавалася, небяспека, жылка тоненькая, смеху варта, y вадзе і не бачна яе, парваць яе [карпу] такую што босаму разуцца (В. Казько. Цвіце на Палессі груша).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, сумяшчэнне несумяшчальных паняццяў.

Як (што) костка ў горле каму. Уласна бел. Вялікая перашкода для каго-н., тое, што дапякае каму-н. Стаяў тады ў Крайску паліцэйскі гарнізон. Быў ён нам і вілейскім партызанам што костка ў горле (М. Вышынскі. Па вясну).

Склаўся, відаць, на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма стаць косткай у горле (каму, каго), які абазначае ‘вельмі перашкаджаць, выклікаючы ў каго-н. неспакой, хваляванне, раздражненне і пад.’.

Як (што) сабаку муха для каго, каму. Агульны для бел. і ўкр. (як собаці муха) м. Нічога не значыць для каго-н., зусім не дастаткова каму-н. (пра ежу, пітво). Тая ўчарашняя шклянка самаробкі для Нагніля як сабаку муха (І.Канановіч. Старыя званы).

Паходзіць з параўнальнага звароту, y аснове якога вынік назіранняў за паводзінамі сабакі: ён у летні час, лежачы каля будкі, як бы між іншым, імгненна хапае пралятаючую побач муху, хоць для яго гэта занадта мізэрны наедак. Параўн.: «Рэкс, які на ланцугу… толькі сярдзіта, нягучна пагаўквае на камароў, на ляту хапаючы ды чаўкаючы іх. Гаворыцца: „як сабаку муха“. A тут яшчэ меншая назола» (Я. Брыль).

Як (што) шыла ў мяшку. Агульны для бел. і руск. (шило в мешке) м. Што-н. відавочнае, яўнае, якое нельга ўтаіць, схаваць. Любая, нават мізэрная радасць што шыла ў мяшку. Ну паспрабуй яе схаваць! (П. Палітыка. Свой хлопец).

Паходзіць з прыказкі Шыла ў мяшку не схаваем, сэнс якой ‘немагчыма ўтаіць тое, што само сябе выдае’.

Як шчыгрынавая скура. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как шагреневая кожа, укр. як шагренева шкірка). Прыкметна, адчувальна (скарачацца, звужацца, меншаць і пад.). Чаму настаўніцкі заробак увесь час сціскаецца як шчыгрынавая скура? (А. Куліцкі. Фількава грамата).

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code