MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Без роду і <без> племені. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім адзінокі. У Чаплюка не было свайго двара. Ён быў, як кажуць, чалавек без роду і племені (М. Зарэцкі. Чаплюк).

Першапачаткова ў славян слова род абазначала бліжэйшых, а племя — аддаленых родзічаў.

Без руля (стырна) і <без> ветразяў. Паўкалька з руск. м. (без руля и без ветрил). Ужыв. са значэннямі ‘без акрэсленага накірунку (жыць, рухацца і пад.)’ і ‘без яснай, дакладнай жыццёвай мэты’. 3 таго часу, як у школе выявілі ў сына здольнасці дэкламатара, а ў Ірачкі харэаграфічныя задаткі, дык, ты, напэўна, не паверыш, я зусім страціў руль кіравання. Разумееш? Сямейны карабель паплыў, як кажуць, без руля і без ветразяў (М. Чавускі. Канфліктная сітуацыя). А бэсэсэраўская рускамоўная «Звезда» таго часу пераконвала ў іншым: «…віленскія беларускія нацыяналісты, гэтыя балбатуны і пустамолы, гэтыя людзі без стырна і без ветразяў… пабрыдуць за панам Алексюком» (А. Пашкевіч. Пляц Волі).

Паходзіць з паэмы М. Ю. Лермантава «Демон» (1834), дзе спалучэнне без руля и без ветрил не было яшчэ фразеалагізмам з яго сучаснымі значэннямі: «На воздушном океане без руля и без ветрил тихо плавают в тумане хоры стройные светил». Лічаць, што першым, хто выкарыстаў гэта лермантаўскае спалучэнне ўжо з фразеалагічным зместам, быў М. В. Гогаль.

Без сучка і <без> задзірынкі. Паўкалька з руск. м. (без сучка без задоринки). Ужыв. са значэннямі ‘вельмі лёгка, добра, без перашкод і ўскладненняў (ісці, выходзіць і пад.)’ і ‘вельмі добры, без заган і недахопаў’. Дзяжурства на лодачнай станцыі прайшло без сучка і задзірынкі… (І. Аношкін. Бублікаў затрымлівае хулігана). Я разумею Русаковіча: ён хоча, каб машына была без сучка без задзірынкі (К. Крапіва. Зацікаўленая асоба).

Паходзіць з прафесійнай мовы сталяроў, дзе ён ужываўся, калі гаварылася пра драўляныя вырабы высокай якасці.

Без цара ў галаве. Запазыч. з руск. м. Недалёкі, абмежаванага розуму. Гэта ў нашым пад’ездзе такая суседка жыве — забываецца вечна. Зусім без цара ў галаве (Н. Гілевіч. Пісьмо рэдактару адной газеты).

Узнік на аснове фразеалагізма з царом у галаве (гл.) як яго сэнсавая супрацьлегласць.

Белая варона. Калька з лац. (аlbа оwis) або англ. (withe crow) м. Чалавек, рэзка непадобны на іншых людзей сваімі паводзінамі ці знешнім выглядам, не такі, як усе. Апынуўшыся ў войску, ён адчуваў сябе белай варонай, няўмекам, самым няўдалым з усіх… (В. Быкаў. Жураўліны крык).

Словазлучэнне белая варона толькі на першы погляд здаецца нелагічным спалучэннем двух неспалучальных паняццяў: у прыродзе сустракаюцца, хоць і рэдка, белыя вароны. Такая незвычайная афарбоўка выклікаецца адсутнасцю ў арганізме нармальнай пігментацыі. Упершыню словазлучэнне было выкарыстана з метафарычным значэннем у сатыры рымскага паэта I–II стст. Ювенала. Адтуль як калька з лац. м. яно перайшло не толькі ва ўсходнеславянскія, але і ў многія іншыя еўрапейскія мовы.

Белая пляма. Агульны для ўсходнесл. м. Мае значэнні ‘недаследаваная тэрыторыя’ і ‘нераспрацаваная частка чаго-н. (пытання, праблемы і г. д.)’. Пазнаёмцеся. Генадзь Залужны… адкрывальнік белых плям на крутых адгор’ях Гіндукуша (Я. Радкевіч. Буяла лета). Мы, пісьменнікі, не асвятлілі гісторыі мастацкай літаратуры. Гэта белая пляма (ЛіМ. 21.05.1976).

Выраз узнік са свабоднага словазлучэння, звязанага з геаграфічнымі картамі. Калі той ці іншы раён або край яшчэ не быў даследаваны, то на картах, на фоне рознакаляровага адлюстравання зямной паверхні, ён выглядаў белай плямай. Першае значэнне (‘недаследаваная тэрыторыя’) развілося ў фразеалагізме метанімічным спосабам — на аснове прасторавай сумежнасці, другое (‘нераспрацаваная частка чаго-н.’) узнікла на базе першага метафарычным спосабам (на аснове падабенства з’яў).

Белыя мухі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. белые мухи, укр. білі мухи). Снег, сняжынкі. Пра снег, што падае. Падобна, што на мароз бярэцца. Дый не дзіва: сёння ранкам лёталі ўжо белыя мухі!.. (А. Савіцкі. Зямля не раскажа).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, пабудаваны на супастаўленні падаючых сняжынак з лятучымі мухамі. Параўн. ужыванне гэтага ж вобраза ў якасці параўнальнага звароту: «А вакол было цёмна, і ў гэтай цемені, як белыя мухі, круціліся, скакалі сняжынкі» (Л. Арабей).

Бібікі біць. Уласна бел. Марнаваць час, гультаяваць. Адразу відаць, што тры гады хлопец бібікі біў, таму і разважаць па-чалавечы не навучыўся (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Асновай для ўтварэння фразеалагізма паслужыла мадэль: біць + этымалагічна «цёмны» назоўнік у мн. л. Гэта даволі прадуктыўная мадэль: біць лынды, біць брынды, біць байды, біць тылылы; параўн. ва ўкр. м.: бити байдики, бити баглаї, бити гандри, бити бурла; у рускай мове: бить баклуши. Усе яны, у тым ліку бібікі біць, — фразеалагізмы-сінонімы са значэннем ‘бадзяцца, займацца нявартымі справамі’. Назоўнікавы кампанент бібікі ўтварыўся паўтарэннем дзеяслоўнай асновы біць.

Бітая гадзіна. Паўкалька з руск. м. (битый час). Вельмі доўга. — А вы лічыце, што шафёр не павінен абедаць? — Хай наздароўе абедае, але мы чым вінаватыя? Стаім бітую гадзіну… (І. Аношкін. Прэмія).

Узнікненне выразу звязана з боем гадзінніка. Бітая — літаральна ‘поўная, цэлая’; «намёк на гадзіну, якая „прабіла“ пасля пачатку яе» (М. І. Міхельсон). У «Зборніку беларускіх прыказак» І. І. Насовіча фіксуецца ў форме біты час.

Бітва з ветракамі. Гл. вайна (бітва, змаганне) з ветракамі.

Біцца як рыба аб лёд. Агульны для ўсходнесл. м.; фразеалагізм з блізкай вобразнасцю ёсць і ў некаторых іншых мовах, напрыклад (у пакампанентным перакладзе): біцца як рыба на сушы (балг.), біцца як рыба на пяску (польск.), біцца як карп на сушы (чэшск.). Без выніку і плёну намагацца, старацца, дабівацца чаго-н. Думаеш, каб было лепей і табе, і тваім бліжнім, б’ешся як рыба аб лёд, а ўсё не так атрымліваецца… (Я. Радкевіч. Сутокі дзён).

У аснове фразеалагізма — параўнанне з рыбамі, толькі што злоўленымі і кінутымі на лёд.

Біццё бібікаў. Уласна бел. Гультайства, бяздзейнасць. Алесь Лявонавіч, відаць, з цікавасцю да магчымага сюжэту, а я проста ад працяглага біцця бібікаў выказалі пажаданне азнаёміцца з статутам і мэтамі казацкае вольніцы (М. Скобла. Дзярэчынскі дыярыуш).

Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма біць бібікі, які абазначае ‘гультаяваць, займацца пустымі справамі’ (гл.).

Біць адбой. Агульны для ўсходнесл. (руск. бить отбой, укр. бити відбій) і балг. (бия отбой) м. Адступаць, адмаўляцца ад ранейшага намеру, рашэння, погляду. Няўжо і ты спалохаўся? Ох, як мы баімося, каб не выцягнулі з-пад нас крэсла! Нехта там пазваніў, не разабраўшыся, і ты гатовы біць адбой, таксама не ўнікнуушы ў сутнасць (І. Шамякін. Снежныя зімы).

Паходзіць з ваеннай тэрміналогіі, дзе адбой першапачаткова абазначаў ‘барабанны бой ці іншы гукавы сігнал пра адступленне войска’, а біць адбой — ‘падаваць знак адступлення’.

Біць байды. Гл. байды біць.

Біць бібікі. Гл. бібікі біць.

Біць лынды. Гл. лынды біць.

Біць пад дых каго. Уласна бел. Раптоўна ашаламляць якім-н. паведамленнем, дзеяннем, учынкам. —А вось кніга Бугаёва «Чалавечнасць». У ёй не знойдзеш класавага падыходу да аналізу літаратурнага жыцця, — б’е нас пад дых Зяньковіч. — Так і ў іншых выданнях (М. Дубянецкі. «Трэба рызыкаваць…»).

Склаўся ў выніку пераасэнсавання адпаведнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні баксёраў.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code