MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Паходзіць з параўнальнага звароту, які набыў цэласнае значэнне. Ужываецца з абавязковым дзеясловам-суправаджальнікам загарэцца, y якім адначасова суіснуюць два значэнні: зыходнае ‘заняцца агнём, пачаць гарэць’ і пераноснае ‘напоўніцца пачуццём гарачнасці’.

Як з гусака вада з каго. Уласна бел. Абсалютна аднолькава, без розніцы, не мае значэння для каго-н., не хвалюе, не кранае каго-н. Адлучыць [ад гарэлкі] хіба якая страшная хвароба. Ужо званочкі былі, пару разоў вярталі яго з таго свету. Але са Шмулькі — як з гусака вада (М.Гіль. Як я абганяў бульбу).

Склаўся на аснове сінанімічнага выразу што (як, нібы) з гусі вада (гл.) з заменай кампанента гусі, які часта ў маўленні ўжываюць з парушэннем нормы (з гусі, з гуся), кампанентам-назоўнікам мужчынскага роду (гусака).

Як з крыжа зняты. Агульны для бел., укр. (як з хреста знятий) і польск. (jak z krzyża zdjęty) м. Знямоглы, вельмі слабы. Папрауляйся ты, такі худы, як з крыжа зняты. Няўжо і твае таварышы такія? (У. Дамашэвіч. Студэнты апошняга курса).

Паходзіць з параўнальнага звароту, які з’яўляецца водгукам старажытнага віду пакарання, калі прыгаворанага да смерці раскрыжоўвалі (прыбівалі рукі і ногі да крыжа).

Сячы (смаліць, пячы) як з кулямёта. Уласна бел. Вельмі шпарка і не змаўкаючы (гаварыць што-н.). На ўсе пытанні адказвае ён. Сячэ як з кулямёта. Можа, і праўду кажа, але і брэша (В. Карамазаў. Бежанцы).

Выраз каламбурнага паходжання, заснаваны на ўкутраным кантрасце паміж непасрэдна самім фразеалагізмам і яго абавязковымі словамі-суправаджальнікамі, кожнае з якіх мае больш як па дзесяць зкачэнняў (з адценнямі), a смаліць і паліць утвараюць аманімічныя групы. Пры рэалізацыі фразеалагізма на адно (перыферыйнае) значэнне, напрыклад, дзеяслова сячы ‘гаварыць, выказвацца’ наслойваецца, пад уплывам генетычна параўнальнага звароту, другое значэнне ‘весці бесперапынна моцны абстрэл’. Параўн. таксама: смаліць5 — ‘рабіць што-н. хутка, спрытна, умела’ і смаліць4— ‘страляць’.

Як з месяца зваліўся (-лася, — ліся). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как с луны свалился, укр. як з місяца впав). Не разумее таго, што відавочна ўсім. Ну і дурань, наіўны дурань… Ты як з месяца зваліўся (А. Асіпенка. Вогненны азімут).

Развіўся (у форме параўнальнага звароту) на аснове семантычна тоеснага фразеалагізма з неба (месяца) зваліўся — калькі з франц. м. (гл.).

Як з рога дастатку. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как из рога изобилия, укр, як з рогу достатку). У вялікай колькасці, невычарпальна і бесперастанку (сыпаць, сыпацца, выдаваць і пад.). Са свае званіцы, «свайго пункту гледжання», як з рога дастатку сыплецца пахвала… (Б. Сачанка. Думкі ўроссып).

Гэты прыслоўна-акалічнасны выраз склаўся пад уплывам суадноснага з ім назоўнікавага фразеалагізма, які ёсць у многіх мовах, напрыклад: лад. cornu соріае (рог дастатку), франц. corne d'abondance (рог дастатку), англ. the horn of abundance (рог дастатку). Выток фразеалагізма — грэч. міфалогія. Паводле аднаго з міфаў, каза Амалфея, якая выкарміла сваім малаком Зеўса, аднойчы, зачапіўшыся за дрэва, абламала сабе рог. Зеўс надаў гэтаму рогу цудадзейную сілу ў дастатку напаўняцца ўсім, чаго пажадаюць яго ўладары — німфы.

Берагчы, аберагаць і пад. як зрэнку вока. Паўкалька з царк. — слав. м. (как зеницу ока). Вельмі старанна, клапатліва. Лёнька бярог свайго новага «козліка» як зрэнку вока і ганарыўся ім (В. Дайліда. Мне — пару слоў).

Неаднаразова сустракаецца ў біблейскіх тэкстах; напрыклад, y «Псалтыры» (16, 8): «Храни меня как зеницу ока».

Як іерыхонская (ерыхонская) труба. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘вельмі гучны, моцны, прарэзлівы (голас)’ і ‘вельмі гучна, моцна (грымець, крычаць і пад.)’. Ну, брат Лукаш, іголас жа ў цябе: як труба ерыхонская! (Я. Колас. На ростанях). [Паветрадуў] каля самай зямлі. Грыміць як іерыхонская труба. Глушыць людзей. Ад такога грукату любы ачмурэць можа (В. Макарэвіч. На галоўным напрамку).

Склаўся на аснове фразеалагізма іерыхонская труба (гл.) — калькі з франц. м. — і развіў y сабе іншыя, чым у гэтым выразе, значэнні.

Якім ветрам занесла каго куды. Відаць, калька з франц. м. (quel bon vent vous amène). Як, пры якіх абставінах аказаўся хто-н. дзе-н. [Шалёхін: ] А, бацька Талаш? Ды якім жа ветрам занесла вас сюды? (Я. Колас. Дрыгва).

Фразеалагізм успрымаецца як матываваны.

Як кошка з сабакам (як сабака з кошкай) жыць (пражыць). Фразеалагізм з аналагічнай вобразнасцю і структурай ёсць амаль ва ўсіх славянскіх мовах(руск. как кошка с собакой, укр. як кішка з собакаю, чэшск. jako kоčkа a pes, польск. jak pies z kotem i інш.). Параўн. y другіх еўрапейскіх мовах аналагічны выраз з крыху іншай структурай (літаральна «як сабака і кошка»): ням. wie Hund und Katze, франц. comme chier et chat, iтал. coмe cani e gatti, icnaн. como perros y gatos. У пастаяннай варожасці, сварцы, нядружна. — Ці ведаеш ты старых Тодараў? — Ну?.. Усё сваё жыццё як кошка з сабакам пражылі (Я. Янішчыц. Трое сутак надзеі).

Фразеалагізм успрымаецца як матываваны.

Дагадзіць як ксёндз Магдусі. Відаць, запазыч. з польск. м. (dogodzić jak ksiądz Magdusi). Вельмі добра (дагадзіць каму-н.). Калі наш здаравенны чырвоны певень пераможна саскочыў з курыцы, сусед, што быў якраз на нашым двары, пануры дзядзька Ёсіп, сказаў майму багцьку пры мне, шасцігадоваму смаркачу, яшчэ ўсё нявопытна гарадскім: «Во дагадзіў, як ксёндз Магдусі!..» (Я. Брыль. Пра слова).

Паводле Я. Брыля, узнікненне выразу звязваюць з такім аповедам: «Ксёндз-пробашч памірае, a ахмістрыня Магдуся абвязала яму, як паратунак, горла хусткай з цёртым макам. I пытаюцца тыя, што сабраліся каля ложка, каму ж айцец адпісвае сваё дабро. A ён толькі з прыплачам: „Мак дусі!.. Мак дусі-і!“ I выйшла пры сведках, што ён, пры светлым розуме, усё пакідае Магдзе».

Ляпнуць як лапцем па балоце. Уласна бел. Вельмі недарэчна, нетактоўна (сказаць што-н.). — Ну до, дзеўкі, до! — узялася наводзіць мір Варка. — Вечна быля-што ляпнеш як лапцем па балоце, тады сядзім совамі (А. Кажадуб. Канец свету).

Выраз этымалагічна каламбурнага характару, заснаваны на абыгрыванні двух значэнняў дзеяслова-суправаджальніка ляпнуць. Тут на першае значэнне дзеяслова, рэалізаванае пачаткам лексіка-фразе-алагічнага кантэксту (‘сказаць штосьці неўпапад, неабдумана’) імгненна наслойваецца, праз параўнальны зварот, другое значэнне гэтага ж дзеяслова (‘біць, удараць па чым-н. з шумам’).

Ляпнуць як лапцем па цымбалах. Уласна бел. Вельмі недарэчна, нетактоўна (сказаць што-н.). Брахун ты!.. Менціш вот цэлы вечар попусту языком. Ляпаеш як лапцем па цымбалах! (Г. Далідовіч. Гаспадар-камень).

Як і ў папярэднім (сінанімічным) фразеалагізме, яго вобразнасць грунтуецца на эфектыўным, двухсэнсавым выкарыстанні дзеяслова-суправаджальніка ляпнуць.

Як ліпку. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как липку, укр. як липку). Поўнасцю, начыста. Гэты сабака Ліпскі падаў на мяне ў суд, што я яго адлупцаваў, дык вот і асэсара прыслалі. Ну, абдзярэ як ліпку! (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта). Ужываецца з абавязковым прыфразеалагічным словам абдзіраць, y якім адначасова суіснуюць два значэнні: ‘рабаваць, адбіраць усё’ і ‘здзіраць верхні слой’.

Узнік з параўнальнага звароту, які набыў цэласнае значэнне. Ліпавае лыка выкарыстоўвалася ў гаспадарцы: з яго плялі лапці, рабілі посуд. Лыка з ліпы вельмі чыста і гладка абдзіралася.

Як лунь сівы, белы. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім (сівы). Гасцей сустракае начальнік штаба злучэння Багун, маленькі, мітуслівы, увесь як лунь сівы (І.Навуменка. Асеннія мелодыі).

Узнік з параўнальнага звароту. Лунь — драпежная птушка з шаравата-белым апярэннем. У палявога дарослага луня пер’е зверху светла-шэрае, a знізу белае.

Як мага. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘вельмі хутка, імкліва (бегчы, спяшацца, уцякаць і пад.)’, ‘у найвышэйшай ступені (рабіць што-н.)’ і ‘наколькі магчыма, па магчымасці (хутчэй, больш, менш, далей і пад.)’. Маленькі нядошлы конік, прыціснуўшы вушы і цягнучы за сабою ўчарнелы сноп, ад удараў гарапніка як мага ўцякаў y сасоннік (М. Лобан. На парозе будучыні). Стараліся ўвесь мінулы месяц як мага (К. Чорны. Броня Казакевіч). Трэба было навучыцца як мага болей пратрымацца пад вадой (Я. Маўр. Слёзы Тубі).

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code