Паходзіць, відаць, з маўлення краўцоў, якія адзенне для першай прымеркі толькі збольшага прыхопліваюць звычайна белымі ніткамі. Параўн. прыклад y М. В. Гогаля, які агаляе ўнутраную форму фразеалагізма адпаведным параўнаннем: «Ні ў якім разе не варта было выдаваць твор, які хоць выкраены быў не кепска, але сшыты сяктак, белымі ніткамі, як адзенне, што прыносіць кравец толькі на прымерку».
Э
Эзопаўская (эзопава) мова. Паўкалька з ням. (äsopische Sprache) ці франц. (langue d’Esope) м. Іншасказальнае, алегарычнае выказванне думак. Антось сварыўся з Алаізаю, крычаў на яе, што яна загубіць газету, што трэба хаваць думкі за эзопавай мовай, што трэба ўстаўляць у газеты і лаяльныя матэрыялы (Л. Арабей. На струнах буры).
Узнікненне выразу звязана з літаратурнай дзейнасцю старажытнагрэчаскага байкапісца Эзопа (VI ст. да н. э.). Будучы рабом, Эзоп не мог свабодна і адкрыта гаварыць пра многае, бо гэта было небяспечна, таму ён выказваў свае думкі ў алегарычнай, баечнай форме, y вобразах жывёл.
Ю
Юдаў пацалунак. Гл. іудаў (юдаў) пацалунак.
Я
Яблык разладу. Калька з лац. м. (malum discordiae). Прычына сваркі, спрэчак. 3 яблыка разладу гервяцкі «астравок» ператварыўся, як пісаў у вершы адзін з мясцовых паэтаў, y «бастыён дружбы» (А. Мальдзіс. Астравеччына, край дарагі…).
Выраз упершыню выкарыстаў рымскі гісторык Юсцін (II ст.). Яно склалася на аснове грэч. міфа пра багіню разладу Эрыду. Пакрыўджаная за тое, што яе не запрасілі на вяселле фесалійскага цара Пелея і багіні Фетыды, Эрыда падкінула гасцям залаты яблык з надпісам: «Найпрыгажэйшай». Паміж багінямі Герай, Афінай і Афрадытай пачалася спрэчка: кожная лічыла сябе найпрыгажэйшай. Траянскі царэвіч Парыс, якому даверылі вырашыць сварку, аддаў яблык Афрадыце. Удзячная, яна дапамагла Парысу ўкрасці Алену — жонку спартанскага цара Менелая. A гэта стала прычынай дзесяцігадовай Траянскай вайны.
Яблыку няма (не было) дзе ўпасці. Паўкалька з руск. м. (яблоку негде упасть). Ужыв. са значэннямі ‘у вялікай колькасці (пра мноства людзей у якім-н. месцы)’ і ‘вельмі цесна, няма свабоднага месца’. У зале людзей — яблыку няма дзе ўпасці. Усе паднядзеліліся, пры гальштуках (Полымя. 1978. № 1). У аўтобусе, які ідзе ў Асавец з Мінска, яблыку няма дзе ўпасці (І.Навуменка. Развітанне ў Кавальцах).
У руск. м. фразеалагізм прыйшоў, напэўна, з ням. м. як недакладная калька (es konnte kein Apfel zur Erde fallen, літаральна «нельга яблыку на зямлю ўпасці»).
Язык адняўся ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. раптам змоўк, страціў здольнасць гаварыць (ад страху, здзіўлення і пад.). Тут y Міколы і язык адняўся. Ён баяўся зірнуць у акно, бо быў упэўнены, што ў акне ўжо тырчыць страшная галава (Я. Колас. Трывога).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, які мог узнікнуць пад уплывам свабодных словазлучэнняў тыпу рука аднялася, нага аднялася, дзе аднялася абазначае ‘перастала дзейнічаць у выніку паралічу’.
Язык без касці (касцей) у каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. вельмі балбатлівы, гаворыць лішняе. У Юлі язык без касцей, вось яна і плявузгае абы-што, псуе нервы і сабе, і яму, Цімоху… (І.Капыловіч. Абходчык).
Відаць, паходзіць з прыказкі Язык без касці: што хочаш пляшчы, з якой, y выніку скарачэння другой часткі, узнік фразеалагізм. Параўн. іншыя варыянты прыказкі: Язык без косці, што хоча, то хлосціць; Язык — мяса без касцей, куды хочаш павернеш.
Язык гладка ходзіць y каго, чый. Уласна бел. Хто-н. умее свабодна, лёгка і прыгожа гаварыць. — A я што? Лыкам шыты? — Язык у цябе гладка ходзіць, — усміхнуўся Якуб Колас (С. Белы. На бацькоўскай зямлі).
Узнік, відаць, на вобразнай аснове сэнсава тоеснага фразеалагізма язык добра падвешаны ў каго (гл.) — калькі з франц. м. Упершыню ўжыты ў вершы Я. Купалы «Мужык» (1905) y такім кантэксце: «Чытаць, пісаць я не ўмею, не ходзіць гладка мой язык, бо толькі вечна ару, сею, — бо я мужык, дурны мужык».
Язык добра падвешаны ў каго. Калька з франц. м. (à la langue bien pendue). Хто-н. умее свабодна, лёгка і прыгожа гаварыць. Генка Навіцкі.. не стаў бы асабліва хвалявацца. Язык добра падвешаны. I тэму б для размовы знайшоў, і пра нафту беларускую, і анекдоты расказаў бы салёненькія (Я. Каршукоў. Сустрэча).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, які, магчыма, мае сувязь з языком (металічным стрыжнем) y звоне.
Язык дрэнна (кепска) падвешаны ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. не ўмее свабодна, лёгка і прыгожа гаварыць. A што гэта за дацэнт, y якога язык кепска падвешаны?.. (Я. Радкевіч. Сутокі дзён).
Антанімічнае ўтварэнне на аснове фразеалагізма язык добра падвешаны ў каго (гл.) — калькі з франц. м.
Язык заплятаецца (заплятаўся) y каго, чый. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. не можа выразна, членараздзельна гаварыць, сказаць што-н. За сталом, як рой перад вылетам, гула бяседа. У таго-сяго ўжо заплятаўся язык (В. Адамчык. Чужая бацькаўшчына).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, які ўзнік, відаць, пад уплывам свабоднага словазлучэння ногі заплятаюцца, дзе заплятаюцца абазначае ‘няўпэўнена, з цяжкасцю рухаюцца, чапляючыся адна за адну’.
Язык зломіш. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. язык сломаешь, укр. язика зламаеш). Цяжка вымавіць што-н. (слова, фразу і пад.). У зямлю была ўторкнута лучына, і на ёй напісана: «традысканцыя». «Ого, якая назва! Язык зломіш!» — усміхнуўся сам сабе Сяргей (Л. Левановіч. Чатыры цюльпаны).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, звязаны з языком як органам маўлення.
Язык каля (ля) вушэй матляецца ў каго. Уласна бел. Хто-н. празмерна балбатлівы, гаворыць многа лішняга. [Яўхім: ] Жаба ты малая, бачыў ты, ці ён там нагу адстаўляў ці язык высалапляў! Язык у цябе каля вушэй матляецца (К. Чорны. Лета).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, выкліканы, магчыма, вобразнасцю сэнсава тоеснага фразеалагізма язык доўгі ў каго.
Язык на шарнірах у каго. Уласна бел. Хто-н. умее свабодна, гладка, добра гаварыць. — Маўклівы я. Прамоў гаварыць не ўмею. — Па-твойму; толькі той добры кіраўнік, y каго язык на шарнірах? (І.Шамякін. Не той гонар).
Параўнальна нядаўняе ўтварэнне. Яно склалася пад уплывам сінанімічнага фразеалагізма язык добра падвешаны (у каго) (калька з франц. м. a la langue bien pendue), відаць, y маўленні механізатараў, дзе шарнірам называюць рухомае злучэнне дэталей або канструкцый, якое дазваляе змацаваным часткам паварочвацца пад вуглом.
Язык не паварочваецца ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. баіцца, не адважваецца, саромеецца ці не мае ахвоты (сказаць, запытаць і пад.). Схлусіць, што Люся тут ні пры чым, — y мяне не паварочваецца язык, a сказаць праўду я не хачу (В. Быкаў. Трэцяя ракета).