Шарварку(-і) адрабляць. Уласна бел. Марудліва, абыякава, без старання рабіць якую-н. справу. Пяе [артыстка] — усё адно як на ўзгароду вешае… Як тыя шарваркі адрабляе… Як цераз пень калоду тралюе…(Н.Гілевіч. Быў час, быў век, была эпоха).
Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, y якім устарэлы назоўнік шарварка(-і) абазначаў ‘грамадская працоўная павіннасць па будаўніцтве і рамонце дарог, мастоў, грэбляў y Вялікім княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай y XV–XVIII стст., a таксама ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг.’. Гэта павіннасць адраблялася прымусова і, зразумела, без асаблівай ахвоты і старання, што і стала асновай для фразеалагізацыі словазлучэння.
Шаркі на баркі. Уласна бел. Схапіць з сабой свае манаткі (ужываецца ў ролі дзеяслоўнага выказніка пры дзейніку са значэннем асобы). A як выхадны, дык ён [масавік-забаўнік] шаркі на баркі і ў горад патлы завіваць (А. Петрашкевіч. Трывога).
Апошні кампанент у гэтым фразеалагізме, — хутчэй за ўсё, запазычанне з польск. м. (barki ‘плечы’). A першы, як і ў некаторых іншых рыфмаваных выразах, прыдуманы, нематываваны, падагнаны пад гукавую сіметрыю фразеалагізма, узніклы ў працэсе рыфмоўкі. Лексіка-семантычныя і логіка-сінтаксічныя сувязі, як слушна зазначае В. М. Макіенка, «адыгрываюць другарадную ролю ў арганізацыі рыфмаваных пар» (напрыклад: шурум-бурум, цюха-мацюха, цямця-лямця).
Шахер-махер. Агульны для ўсходнесл. м. Махлярская здзелка, лоўкая ашуканская аперацыя. У вас тут хтось шахер-махер Маслаку робіць, пасабляе (І.Мележ. Людзі на балоце).
Утвораны зрашчэннем двух запазычанняў з ням. м.: Schacher — ‘махлярства’ + Macher — ’дзялок’. У немцаў такога выразу няма.
Шашкі ў мяшкі браць, складаць і пад. Уласна бел. Свае пажыткі з сабой (браць, збіраць і пад. перад адыходам, ад’ездам, уцёкамі). Такая была кватэра!.. Такая пасада — упершыню ў жыцці! I вось зноў збірай шашкі ў мяшкі і—па асінавыя шышкі (П. Палітыка. Свой хлопец).
Першапачатковае значэнне апошняга кампанента зразумелае, хоць ён тут мае абагульнены сэнс (маецца на ўвазе зусім неабавязкова мех як пэуны прадмет хатняга ўжытку). Першы ж кампанент, як і ў некаторых іншых рыфмаваных фразеалагізмах, склаўся ў працэсе рыфмоўкі.
Шостае пачуццё. Калька з франц. (sixième sens) або англ. (sixth sеnsе) м. Здольнасць інтуітыўна ўспрымаць, прадбачыць, угадваць што-н. Шостым пачуццём ён намагаецца зразумець сэнс трагедыі: «Чаму? Чаму менавіта гэтае зялёнае дзяўчо стала ахвярай натоўпу?» (А. Кудласевіч. «Жэзл Жалезны»).
Чалавек і вышэйшыя жывёлы ўспрымаюць з’явы навакольнага асяроддзя з дапамогай пэўных органаў пяці пачуццяў — зроку, слыху, нюху, смаку, дотыку. Выразам шостае пачуццё назвалі інтуіцыю — як бы дапаўненне да гэтых пяці пачуццяў.
Што босаму разуцца. Гл. як (што) босаму разуцца.
Што костка ў горле каму. Гл. як (што) костка ў горле каму.
Што называецца. Калька з франц. м. (ce gu’on appelle). Як прынята гаварыць. Гэтае раніцы Дзераш быў, што называецца, не ў гуморы (Х. Шынклер. Сонца пад шпалы).
Што сліна на язык прынясе (прынесла). Уласна бел. Зусім не думаючы і абы-што (гаварыць, плесці, балабоніць і пад.). [Сучасны: ] Каб балабоніць што сліна на язык прынясе ды не дастаць за гэта па мазгах, трэба быць братам дырэктара. Родным! (С. Яновіч. Гутарка Сучаснага з Хворым).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. У крыху іншай форме гэты выраз сустракаецца ў старажытным помніку палемічнай літаратуры «Антиризисъ, или Апологія противъ Христофора Филалета» (1599): «И тамъже далей лжить, соромотить владыковъ, што ядовита слина до губы прынесла, запаметавши своее обетницы, же ни кому лаяти не мелъ».
Што ўбіў то < і > уехаў. Уласна бел. Бесклапотны, гультаяваты, такі, што толькі пад прымусам робіць што-н. (пра чалавека). Сярод дзяцей таксама трапляліся неслухі, «што ўбіў то і ўехаў», падпадалі пад уплыў людзей не лепшых у вёсцы (Б. Сачанка. Вечны кругазварот).
Хутчэй за ўсё, гэта выраз «конскага паходжання»: пра каня, якога ўвесь час трэба падганяць. Першапачаткова выкарыстоўваўся, як мяркуe М. А. Даніловіч, «у дачыненні да цяглавай жывёлы, пераважна каня, са значэннем ‘не шпаркі ў хадзе, працы, наравісты’; y далейшым адбылася пераарыентацыя на чалавека».
Што шыла ў мяшку. Гл. як (што) шыла ў мяшку.
Што (як, нібы) з гусі вада з каго, каму. Агульны для ўсходнесл. (руск. как с гуся вода, укр. як з гуски вода), польск. (jak z gęsi woda) i чэшск. (co z husy voda) м. Абсалютна аднолькава, без розніцы, не мае значэння для каго-н., не хвалюе, не кранае каго-н. 3 адзінокай Клаўдзі Рабертаўны — што з гусі вада, a Дабрамыслаў перажываў (М. Лобан. Гарадок Устронь).
У шмат якіх працах рускіх даследчыкаў узнікненне гэтага фразеалагізма звязваюць з эліпсацыяй выслоўяў-захлінанняў Лейся беда, как с гуся вода або Как с гуся вода, с тебя худоба (худоба — ‘хвароба’) — Аднак, паводле В. М. Макіенкі, гэты выраз узнік не ў выніку скарачэння народных заклінанняў, a на аснове канкрэтных гусі ці гусака, з якіх лёгха скочваецца вада (з-за адмысловай тлушчавай змазкі апярэння). Дадатковым доказам на карысць гэтага меркавання з’яўляецца існаванне ўжо ў XVI ст. аналагічных выразаў y польск. (Jak z gęsi woda) і чэшск. (со z husy voda) м., дзе яны фіксуюцца асобна, a не ў прыказкавых ці заклінальных кантэкстах.
Шукаць учарашняга дня. Калька з ням. м. (den gestrigen Tag suchen). Траціць час на бяссэнсавыя пошукі. A мы ходзім па лесе, як тыя дурні, шукаем учарашняга дня, калі тут усё гатовае (І.Сяркоў. Мы — хлопцы жывучыя).
Узнікненне фразеалагізма звязваюць з гістарычным эпізодам.
Паводле М.І.Міхельсона, аднойчы курфюрст Іаган Фрыдрых вымавіў свой любімы выраз: «Дзень гэты я згубіў». Прыдворны весяльчак Клаус (памёр y 1515 г.) адказаў на гэта: «Заўтра мы ўсе добра пашукаем і абавязкова знойдзем дзень, які ты згубіў».
Шуры-муры. Запазыч. з руск. м. Любоўныя справы, прыгоды. Надакучыла седзячы ў канцылярыі. Можна для разнастайнасці наганяй даць каму-небудзь, можна з машыністкай шуры-муры завесці… (К. Крапіва. Вайна).
Склаўся ў выніку некаторага скажэння французсхага свабоднага словазлучэння cher amour (чытаецца як «шэр амур»), дзе cher — дарагі, мілы’, a amour — ‘любоў, каханне’ і ‘страсць, жарсць’. У руск. і ўкр. слоўніках выраз звычайна падаюць не як назоўнікавы, a як частку дзеяслоўнага — руск. разводить шуры-муры, укр. розводити шури-мури, са значэннем ‘займацца любоўнымі прыгодамі, фліртам’ ці ‘фліртаваць з кім-н.’. Аднак, па-першае, дзеяслоў разводзіць (развесці) не павінен уваходзіць у склад фразеалагізма, бо рэалізуе слоўнікавае значэнке ‘пачаць рабіць тое, аб чым гаворыцца ў назоўніку’ Па-другое, шуры-муры спалучаецца не толькі з гэтым дзеясловам, a і з іншымі: завёў шуры-муры (І.Шамякін, В. Быкаў), павёў шуры-муры з правадніцай (В. Блакіт), шуры-муры закруціла з папом (М. Чарот), шуры-муры ў атрадзе круціў (А. Кобец-Філімона-ва) і інш. Параўн., відаць, індывідуальна-аўтарскае ўжыванне фразеалагізма, y якім апошні кампанент блізкі да прататыпнага: «Ды хутка бескантрольнае жыццё наша скончылася — шуры ды амуры і нейкая ўсё ж практыка на заводзе» (І.Шамякік).
Шчодрай рукой. Калька з лац. м. (larga manu). Не шкадуючы. К. Чорны шчодрай рукой, не важачы, рассыпаў y творах сінтаксічныя пабудовы і лексіку Случчыны (М. Лужанін. Магчымасці мовы).
Выраз усведамляецца як матываваны.
Шыварат-навыварат. Запазыч. з руск. м. Не так, як трэба, як павінна быць (ісці, пайсці, выходзіць і пад.). Рыгор быў уладзіў y атрад,і, здавалася, больш нічога не патрэбна… Але вазьмі ды змяніся начальнік, і ўсё шыварат-навыварат… Перагляд рабочых, і я са старшага рабочага зноў на дарозе, але ўжо без каня (Ц. Гартны. Сокі цаліны).
Першы кампанент фразеалагізма — уласна рускае слова, якое цяпер не ўсведамляецца як складанае, утворанае аб’яднаннем асноў двух слоў: шивъ (зніклае слова са значэннем ‘шыя’) + воротъ (‘каўнер’) = шивоворотъ. У далейшым з шываварат атрымалася шыварат як вынік гаплалогіі (з дзух адколькавых суседніх складоў адзін знікае). Пры Іване Грозным з’явіўся на свет выраз шыварат-навыварат, праўда, яшчэ не метафарызаваны, з канкрэтным зместам. Слова шыварат тады абазначала ‘каўнер, вышыты золатам, серабром і жэмчугам’. Такія «шывараты» насілі знатныя, паважныя асобы. Калі які баярын правінавачваўся, то цар, не зважаючы на яго прыгожы каўнер, загадваў надзець на баярына верхняе ўбранне навыварат ды яшчэ пасадзіць на каня тварам да хваста. Такое ганебнае пакаранне называлася «шыворот на выворот» (яшчэ на пачатку XX стагоддзя пісалася як тры словы).
Шыта (сшыта) белымі ніткамі. Калька з франц. м. (cousu de fil blans). Ужыв. y ролі выказніка і азначэння, a таму развіў два суадносныя значэнні: 1) няўмела схавана, скрыта што-н., 2) няўмела, няўдала схаваны, скрыты. Відаць, следчы зразумеў, што ў гэтай справе ўсё шыта белымі ніткамі, і пастараўся хутчэй збыць Сяргея з рук (М. Машара. Сонца за кратамі). Часам Зоська пачынала яго ненавідзець за яўны, шыты белымі ніткамі, разлік (В. Быкаў. Пайсці і не вярнуцца).