Паходзіць з прыказкі Чужымі рукамі добра жар заграбаць (у такой форме яе падае М. Федароўскі; параўн. таксама ў І.Насовіча: Чужымі рукамі толькі жар заграбаць добра). Прыказка вызвалілася ад слова добра, якое тут мае літаральнае значэнне і не ўдзельнічае ў стварэнні яе алегарычнага, пераноснага сэнсу.
У нашай мове, a таксама ў руск., укр. і польск. (cudzymi rękami) м. ёсць яшчэ фразеалагізм чужымі рукамі са значэннем ‘несамастойна, намаганнямі іншых’: «Ён бы з вялікім задавальненнем асвятліў бы гэтым святлом сваю нару. Але каб усё гэта было зроблена чужымі рукамі, так, як калісьці рабіў на Скуратовіча» (К. Чорны). Крыніца фразеалагізма — тая самая прыказка Чужымі рукамі добра жар заграбаць. Выраз — яе «абломак».
Чуць золак. Гл. чуць свет.
Чуць свет. Агульны для ўсходнесл. м. (укр. чуть світ). Вельмі рана, на світанні. Каця вельмі перажывала. Цэлы месяц не вылазіла з фермы; пойдзе чуць свет і вяртаецца позна вечарам (А. Кудравец. У нас вяселле).
Паходзіць са словазлучэння чуць свет настаў, апошні кампанент якога адпаў. 3 аналагічным значэннем ужыв. фразеалагізм чым свет, які ўзнік з раней, чым свет настаў: «А як вы ўбачылі б такога, — злавіць, звязаць — і к нам чым свет» (Я. Купала). Відаць, на аснове чуць свет склаўся ўласна бел. выраз чуць золак. Ён сустракаецца ў паэме «Тарас на Парнасе» («Чуць золак — стрэльбу ён за плечы»), y «Пінскай шляхце» В. Дуніна-Марцінкевіча, y творах М. Чарота, М. Грамыкі, П. Глебкі, некаторых іншых аўтараў.
Чым свет. Гл. чуць свет.
Чым чорт не жартуе! Агульны для ўсходнесл. м. (руск. чем черт не шутит!,укр. з чим чорт не жартуе!). Ужыв. са значэннем ‘усё можа здарыцца, усякае бывае’ як выказванне дапушчальнасці ці магчымасці чаго-н. непрадбачанага, нечаканага. [Надзя: ] A наконт студэнта ты так і паверыў? [Валодзя: ] У жыцці ўсяк здараецца. Чым чорт не жартуе, думаю сабе (К. Крапіва. Зацікаўленая асоба).
Паходзіць, відаць, з прыказкі Чым чорт не жартуе, калі бог спіць.
Чын чынам. Агульны для ўсходнесл. м, Так, як трэба, як належыць. Быстроў за Сонцава адказаў: — Усё будзе чын чынам, таварыш гвардыі старшы лейтэнант (І.Мележ. Мінскі напрамак).
Узнікненне выразу ставяць у сувязь з вясельным абрадам. Слова чын раней абазначала ‘устаноўлены парадак выканання чаго-небуцзь’. Гэтым словам называлі таксама свата, сваццю, дружкоў і інш. («вясельныя чыны»). Быў «чын поезда да нявесты», «чын з дома нявесты». Беларускае вяселле Е. Раманаў называў «своеасаблівай операй», дзе ўсё ішло з пэўнай паслядоўнасцю, паважна, «чынна», чын чынам.
Чырвонай ніткай праходзіць. Калька з ням. м. (sich wie ein roter Faden hindurch). Вельмі выразна, ярка (праходзіць). У праекце Прыкладнага Статута сельгасарцелі чырвонай ніткай праходзіць думка аб тым, што кожная гаспадарка абавязана з максімальнай эфектыўнасцю выкарыстоўваць зямлю (Звязда. 16.11.1969).
Гэты выраз у сучасным, пераносным яго значэнні ўпершыню выкарыстаў Гётэ ў рамане «Роднасныя натуры», адначасова паказаўшы, ад якога канкрэтнага значэння ён ішоў: «Нам давялося чуць, што ў англійскім марскім ведамстве існуе такое правіла: усе снасці каралеўскага флоту, ад самага тоўстага каната да найтанчэйшай вяроўкі, сукаюцца так, каб праз іх, на ўсю даўжыню, праходзіла чырвоная нітка, якую нельга выцягнуць іначай, як распусціўшы ўсё астатняе; так што нават па самым маленькім абрыўку вяроўкі можна пазнаць, што яна належыць англійскай кароне. Якраз гэтак жа і праз увесь дзённік Атыліі цягнеццачырвоная нітка сімпатыі і прыхільнасці, якая ўсё спалучае ў адно і знамянальна для цэлага».
Чырвоны памешчык. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. красный помещик, укр. червоний поміщик). Старшыня калгаса як гаспадар з неабмежаванай уладай. «Чырвоныя памешчыкі» паўсюдна рабілі, што хацелі, ператвараючы падначаленых у паслухмяных балванчыкаў (М. Дзелянкоўскі. Бойся, a то…).
У выразе абодва кампаненты — сэнсаўтваральныя. Чырвоны суадносіцца з вытворным значэннем ‘звязаны з савецкай дзяржавай, сацыялістычным ладам’, a памешчык — асацыіруецца па падабенстве з памешчыкам мінулых эпох, землеўладальнікам з неабмежаванай уладай над прыналежнымі яму бяспраўнымі сялянамі.
Чырвоны певень. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. красный петух, укр. червоний півень). Пажар. Мы хацелі сёння ж, y такі ўрачысты час, аддаць твой двор чырвонаму пеўню (С. Баранавых. Калі ўзыходзіла сонца).
Назоўнікавае ўтварэнне на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма пускаць чырвонага пеўня <каму, куды, дзе> ‘зламысна падпальваць што-н., рабіць пажар’ (гл.).
Чыстай (самай чыстай) вады. Калька з ням. м. (von reinsten Wasser). Сапраўдны, несумненны, дакладны. Таму я і маўчу; хоць гэта была, як тыя людзі кажуць, самай чыстай вады праўда, без ніякай выдумкі і спецыяльнай апрацоўкі (У. Ляўданскі. На прывале).
Узнік y выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якім ювеліры называюць зусім бясколерныя і празрыстыя, як чыстая вада, брыльянты, алмазы і іншыя каштоўныя камяні.
Чытаць (прачытаць) паміж радкоў <што>. Ужыв. амаль ва ўсіх еўрапейскіх м. Магчыма, калька з англ. (read between the lines) ці ням. (zwischen den Zeilen lesen) м. Здагадвацца пра скрыты сэнс чаго-н. нявыказанага. Корзун ніколі не меў асаблівага поспеху ў дзяўчат. Можа, таму што, як некалі зло ўпікнула Святлана, выбіраў надта прыгожых. Паміж радкоў, гэты папрок, падобна, трэба было чытаць так: не па сабе (У. Шыцік. Па жураўля ў небе).
Вобраз усведамляецца як нерэальны.
Ш
Шайка-лейка. Гл. <адна> шайка-лейка.
Шалёная муха ўкусіла <за вуха> каго. Уласна бел. Хто-н., нечакана раззлаваўшыся, занадта гарачыцца. Была [Іра] такая ласкавая, вясёлая, заўсёды радая кожнаму яго званку, кожнай сустрэчы, нават слову. І раптам… Нібы яе падмянілі, муха шалёная ўкусіла… (Б. Сачанка. Родны кут).
Склаўся, відаць, пад уплывам фразеалагізма якая муха ўкусіла каго (гл.) — калькі з франц. м. Даецца ў «Зборніку беларускіх прыказак» І.І.Насовіча.
Шапка Манамаха. Запазыч. з руск. м. Ужыв. са значэннямі ‘галаўны ўбор як сімвал царскай улады ў Расіі’ і ‘адзінае, поўнаўладнае кіраўніцтва дзяржавай’. Хто б мог падумаць, акрамя хіба самога авантурыста Глінскага, што ён, хоць і не ў шапцы Манамаха, a ўсё ж пакіруе Масковіяй пры малалетнім цару (А. Петрашкевіч. Ахвяра ўласнага авантурызму). Афанасій Філіповіч сем год вучыў «царэвіча маскоўскага» — яшчэ аднаго самазванца на шапку Манамаха (В. Чаропка. Афанасій Філіповіч).
Паходзіць з выразу «Ох, тяжела ты, шапка Мономаха», упершыню ўжытага ў трагедыі А. С. Пушкіна «Барыс Гадуноў» (1825) са значэннем ‘цяжка кіраваць дзяржавай’. Лічыцца, што гэту шапку насіў вялікі князь кіеўскі Уладзімір Манамах (1053–1125). Шапкай Манамаха як сімвалам улады вянчаліся на царства маскоўскія цары.
Шарашкіна кантора. Запазыч. з руск. м. Несалідная, неаўтарытэтная ўстанова, арганізацыя, прадпрыемства. Раз пастаўлен на дзела, значыць, павінен адказваць. У нас табе не шарашкіна кантора (І.Чыгрынаў. Залатая рука).
Паходзіць з турэмна-лагернага жаргону. Утвораны ў выніку разгортвання слова шарашка ў фразеалагізм. У перыяд сталінска-берыеўскага масавага тэрору зняволеныя называлі шарашкай спецыяльныя зоны, абнесеныя калючым дротам, дзе, пазбаўленыя свабоды і грамадзянскіх правоў, матэматыкі, фізікі, хімікі, інжынеры-радысты і інш. абавязаны былі займацца загаданай тэматыкай навуковых даследаванняў. Вучоныя жылі там у адносна някепскіх умовах, нядрэнна харчаваліся. У шарашцы працавалі ў свой час відныя фізікі-атамшчыкі, ракетчыкі і многія іншыя спецыялісты. Пабываў там і А. Салжаніцын, які пасля жыццё бяспраўных насельнікаў «шарашкі Марфіна» адлюстраваў y славутым рамане «У крузе першым».
Шарая (шэрая) гадзіна. Запазыч. зпольск. м. (szara godzina). Так называюць змрок, прыцемак, час на стыку дня і ночы, калі пачынае шарэць, цямнець. Чубар чакаў шарай гадзіны, таму ляжаў на схоне спакойна, падкурчыўшы пад сябе ногі, якія ажно смылілі ў закарэлых анучах (І.Чыгрынаў. Плач перапёлкі). У польскай мове паняцце «прыцемак» абазначаецца і словам szarówka.
У нашай літаратурнай мове першы кампанент фразеалагізма замяняецца часцей за ўсё беларускім адпаведнікам шэрая: «На шэрай гадзіне ўсе пайшлі з хаты, a я задрамаў» (К. Чорны).