MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Часанне языка. Уласна бел. Пустаслоўе, балбатня. Лазовіку карцела папікнуць: ну-ну, ты па часанню языка не ўступіш любой кабеце, — але стрымаўся (В. Блакіт. Шануй імя сваё).

Утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма часаць язык, першае значэнне якога — ‘гаварыць упустую, пустасловіць’.

Чорна ў роце ў каго. Гл. <аж> y роце чорна ў каго.

Чорная кошка (прабегла) перабегла паміж кім. Агульны для ўсходнесл. (руск. черная кошка пробежала, укр. чорна кішка пробігла) ібалг. (минала е черна котка) м, Хто-н. пасварыўся з кім-н. Некалькі дзён таму назад паміж Шэметам і Марозам зноў перабегла чорная кошка (М. Лобан. Гарадок Устронь).

Выток фразеалагізма — даўняе павер’е: чалавека чакае непрыемнасць, калі яму перабяжыць дарогу чорная кошка.

Чорны воран. Запазыч. з руск. м. Аўтамашына для перавозкі арыштаваных. Аўтух спярша думаў, што трапіў у страхавіты «чорны воран», пра якога начуўся ў турме і нават раней — на вёсцы (В. Быкаў. Жоўты пясочак).

Слова воран y вуснай народнай творчасці і ў мастацкіх тэкстах досыць часта ўжываецца са сталым эпітэтам чорны: «Чорны воран, белы лебедзь — хто адолее з дваіх?» (С. Гаўрусёў); «Не для чорных воранаў песня салаўя!» (Л. Геніюш). Звычайна словазлучэнне чорны воран выклікае негатыўныя экспрэсіўна-ацэначныя асацыяцыі, дадатковае адценне прадвесніка бяды, няшчасця. Відаць, гэта і стала асновай для фразеалагізацыі словазлучэння.

Чорны дзень. Агульны для ўсходнесл. м. Цяжкі, змрочны час для каго-н. Запасы Сымона Чарнюка на «чорны дзень», на «канец свету» запоўнілі хатку дзе-нідзе да самай столі (З. Бядуля. Язэп Крушынскі).

Прыметнікавы кампанент тут выступае як сэнсаўтваральны, ён суадносіцца з такімі перыферыйнымі значэннямі слова чорны, як ‘цяжкі, беспрасветны’ ці ‘звязаны з горам, няшчасцем’. Ды і кампанент дзень захоўвае часавае значэнне, праўда, няпэўнага характару, y сэнсе ‘перыяд, час’. Параўн. y польск. м.: czarna godzina. Аслабленая знітаванасць паміж кампанентамі дапускае ўстаўку азначэнняў паміж імі: «У Куранях ягадамі карміліся, ягады збіралі, сушылі на продаж, на грошы, на чорны зімовы ці веснавы дзень» (І.Мележ).

Чорным па белым. Калька з франц. (noir sur blanc) або ням. (schwarz auf weiß) м. Вельмі дакладна, выразна, зусім пэўна, недвухсэнсава (напісана, сказана, надрукавана і пад.). Там жа чорным па белым напісана, якія трэба даведкі, каб памяняць ваш дакумент (Б. Сачанка. Форма).

Выраз усведамляецца як матываваны, пабудаваны на антанімічным супастаўленні двух слоў.

Чортава акно. Гл. чортава вока.

Чортава вока. Уласна бел. Багністая бяздонная прорва. Дзе толькі льга было прайсці паміж крынічышчаў, там вілася сцежка. Адна ішла паўз самы край «чортавага вока» (К. Чорны. Трэцяе пакаленне).

Раней у народным уяўленні балота было любімым прыстанкам чарцей. Гэта адбілася ў шматлікіх казках і ў такіх, напрыклад, прыказках: Без чорта балота не бывае; Абы балота, чэрці будуць; Чэрці без балота, a балота без чарцей не будзе. Самыя гіблыя мясціны ў балоце называюць царствам чарцей. Тут сустракаецца нямала правалаў, запоўненых смаліста-чорнай вадой. Праз гэтыя «вокны» чэрці нібыта цікуюць за ахвярамі. Таму бяздонная прорва і называецца чортавым вокам ці чортавым акном.

Чортава гібель каго, чаго. Агульны для бел. і руск. м. Вельмі многа, y вялікай колькасці (пра людзей ці неадушаўлёныя прадметы). A даўней шмат пастоў людзі зналі і вялікіх шэсць тыдняў пасцілі ды дробных пастоў усякіх розных яшчэ была чортава гібель: пятроўка, іспасаўка, піліпаўка ды штотыдня серада з пятніцаю (Л. Калюга. Нядоля Заблоцкіх).

Сэнсаўтваральным тут выступае кампанент гібель, які і ў свабодным ужыванні можа абазначаць ‘вялікая колькасць чаго-н.’. Кампанент чортава выконвае экспрэсіўную функцыю.

Чортава процьма. Уласна бел. Вельмі многа, вялікае мноства. За ўвесь час… было., нагаворана ўсяго-ўсякага чортава процьма (Ц. Гартны. Сокі цаліны).

Назоўнікавы кампанент фразеалагізма — прыставачнае ўтварэнне ад старажытнага лічэбніка цьма, што абазначаў ‘дзесяць тысяч’ (гл. цьма цьмушчая). Прыметнік чортава ў складзе словазлучэння толькі знешне, па наяўнасці суфікса — ав-, паказвае на прыналежнасць, фактычна ж не мае гэтага значэння, a выступае з адмоўным ацэначна-экспрэсіўным адценнем і ўзмацняе сэнс назоўнікавага кампанента.

Чорта лысага. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннем ‘зусім не, гэтаму не бываць’ як выказванне катэгарычнай нязгоды, адмаўлення, пярэчання і ‘ні пры якіх абставінах не (возьмеш, выседзіш і пад.)’. Не, калі ён [Сяргей] ужо выберацца з гэтай завірухі, Тоську нікому не аддасць. Чорта лысага! (М. Кацюшэнка. Адзін рэйс). Чорта лысага ты тут да вечара пратрымаешся. Паб’юць, як мышэй (В. Быкаў. Жураўліны крык).

Утварыўся на аснове выразу чорт лысы (гл.), магчыма, пад уплывам фразеалагізма чорта з два, засвоіўшы абодва яго значэнні.

Чортаў тузін. Паўкалька з руск. м. (чертова дюжина). Тузін — гэта ‘дванаццаць’, a чортаў тузін — ‘трынаццаць’. [Андрэй: ] Раз сэрца занята табой, туды не пранікнуць другой. [Жэня: ] Ды ну! У вашых сэрцах і чортаў тузін нашага брата змясціцца можа (І.Козел. Над хвалямі Серабранкі).

Лічба «трынаццаць», паводле забабонных уяўленняў многіх народаў,— нешчаслівая. Магчыма, гэта ідзе з Евангелля, дзе гаворыцца, як Ісус на вячэры са сваімі дванаццаццю вучнямі сказаў, што адзін з іх здрадзіць яму, выдасць яго. Падобнае знаходзім і ў заходнееўрапейскіх міфах пра трынаццаць фей, адна з якіх ліхая. A ўсё ліхое, як павучае рэлігія, не ад Бога, a ад чорта. Таму «трынаццаць» — чортаў тузін.

Чорт дзяцей калыша каму. Уласна бел. Каму-н. вельмі шанцуе. Корзун лічыў,што ён не з тых, каму чорт дзяцей калыша (У. Шыцік. Па жураўля ў небе).

Паходзіць з прыказкі Багатаму чорт дзяцей калыша <а беднаму з калыскі выкідае>.

Чорт лысы. Агульны для ўсходнесл. м. Невядома хто. — Ну, ці ж ёсць у цябе розум! Навошта ж было сеч? Каму з гэтага карысць? — Чорту лысаму! — сказаў Андрэй. — Толькі ж чорту… (Я. Колас. Малады дубок).

Сэнсаўтваральную ролю ў гэтым выразе выконвае назоўнікавы кампанент, a прыметнік лысы выступае з узмацняльнай, экспрэсіўнай функцыяй. Такое спалучэнне двух слоў мае сувязь з уяўленнямі пра чорта, якога, пачынаючы са старажытных часоў, малявалі звычайна як істоту, падобную на чалавека, з выцягнутай галавой, лысую, голую, з куртатым хвастом і гусінымі пяткамі.

Чуваць (чутно) як муха пралятае (праляціць). Недакладная калька з франц. м. (on entendrait voler une mouche, літаральна «можна чуць, як ляціць муха»). Надзвычайна ціха дзе-н. Дысцыпліну Варановіч трымаць умее. На яго ўроку чуваць як муха праляціць (І.Навуменка. A немцы ў Парыжы…).

Заснаваны на ўяўнай, патэнцыяльна магчымай сітуацыі.

Чужымі рукамі. Гл. чужымі рукамі жар заграбаць.

Чужымі рукамі жар заграбаць. Агульны для ўсходнесл. м. Карыстацца з карыслівай мэтай вынікамі працы іншых. У сельсавеце былі непарадкі: старшыня — не свой чалавек — любіць чужымі рукамі жар заграбаць (В. Каваль. Ліпы).

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code