Цягнуць (выцягнуць) жылы з каго. Агульны для ўсходнесл. м. Мучыць, знясільваць цяжкай працай ці празмернымі патрабаваннямі. Раскажы маім хлопцам, як я тут гаравала. Як гэтыя вылюдкі цягнулі з мяне жылы. Сэрца маё чуе, што ты вернешся (І.Мележ. Мінскі напрамак).
У аснове фразеалагізма, хутчэй за ўсё, нерэальны, гіпербалізаваны вобраз.
Цягнуць каніцель. Запазыч. з руск. м. Займацца чым-н. нудным, аднастайным ці занадта марудзіць з ажыццяўленнем якой-н. справы. Кастусь Аляшкевіч гаварыў неахвотна, на пытанні адказваў скупа. — Ударыў прызнаюся. Толькі не цягніце каніцель, судзіце хутпчэй, — паўтараў ён упарта (А. Капусцін. Дзённік суддзі Верасаўца).
Склаўся ў выніку пераасэнсавання адпаведнага свабоднага словазлучэння, якое абазначае марудную, нудную работу — выраб, выцягванне тоненькай металічнай, звычайна залатой або сярэбранай ніці (каніцелі) для вышывання.
Цягнуць ката за хвост. Агульны для бел. і руск. м. Ужыв. са значэннямі: 1) нудна і аднастайна гаварыць, марудзіць з адказам, 2) занадта доўга рабіць што-н. Кажыце хутчэй. Што вы цягнеце ката за хвост (І.Гурскі. Патрыёты). 3 памольным зборам справа ясная. Не прыйдзеш, не скажаш: — Таварышы калгаснічкі, таварышы аднаасобнічкі, ды мяліце ж вы свой хлябец скарэй, чаго цягнуць ката за хвост? (М. Лобан. Гарадок Устронь).
У абодвух выпадках сэнс сказаў ніколькі не змяніўся б, калі б y іх было прапушчана спалучэнне ката за хвост. Справа ў тым, што дзеяслоў цягнуць мнагазначны: ён мае больш як дваццаць значэнняў, y тым ліку ‘марудзіць’ і ‘нацягваючы, прыбліжаць штосьці да сябе’. Пры ўзнікненні фразеалагізма цягнуць ката за хвост адбылася адначасовая каламбурная рэалізацыя двух гэтых значэнняў, накладанне на значэнне ‘марудзіць’ другога значэння з далейшым далучэннем камічнага дадатку. Узнікшы як чыясьці цікавая моўная знаходка, выраз стаў узнаўляльным агульнавядомым зваротам. Такі мастацкі прыём сутыкнення двух значэнняў y адным слове можна назіраць у шмат якіх беларускіх народных параўнаннях; напрыклад, y выразе прыстаць, як смала да падэшвы першае слова выступае з двума значэннямі адначасова: ‘прыліпнуць’ і ‘неадчэпна прывязацца да кагосьці’.
Цягнуць лямку. Паўкалька з руск. м. (тянуть лямку). Займацца нялёгкай, аднастайнай справай. Пяць год я цягнуў лямку студэнта, жывучы на не надта высокім акладзе старшага лабаранта ў навукова-даследчым інстытуце (У. Дамашэвіч. Хараство душы).
Выраз прыйшоў з мовы бурлакоў, якія і ў прамым сэнсе цягнулі лямку — шырокі скураны рэмень, надзеты цераз плячо. Бурлакі запрагаліся ў свае лямкі з пастронкамі, прымацаванымі да доўгай тоўстай вяроўкі, і, напружваючыся, цягнулі супраць цячэння баржу ці іншае судна. Цяжкая бурлацкая доля адбілася ў прыказцы Цягні лямку, пакуль не выкапаюць ямку.
Цягнуць рызіну. Агульны для ўсходнесл. м. Mae значэнні ‘марудзіць з адказам’ і ‘марудна рабіць што-н., марна траціць час’. — Тут нам падказваюць… Толькі прабачце, калі ласка… — Ды ладна… Не цягні рызіну… Па якой справе? (І.Аношкін. Плямачка). — Каб вы далі ватоўку: — На. На і ватоўку, — рашуча шкуматнуў яе з плеч Брытвін. — Толькі не цягні рызіну (В. Быкаў. Круглянскі мост).
Утварыўся шляхам «разгортвання слова ў фразеалагізм» (В. М. Макіенка): узнік на аснове слова цягнуць y выніку накладання на прамое значэнне ‘падаўжаць выцягваннем’ яшчэ аднаго значэння гэтага полісемічнага дзеяслова — ‘марудзіць, марудна рабіць’ і каламбурнага дапаўнення яго дадаткам рызіну.
Цягнуць ярмо (ярэмца) <каго, якое>. Агульны для бел. і ўкр. (тягнути ярмо) м. Доўгі час займацца нялёгкай і аднастайнай справай. Ён [Купала] не хацеў цягнуць ярмо бацькі і ў 1903 годзе пайшоў «у людзі» шукаць службы (В. В. Барысенка, B.У.Івашын. Беларуская літаратура). У гаспадара было пяць дачок і тры сыны, яны і цягнулі ярэмца хлебаробаў (М. Машара. «Крэсы» змагаюцца).
Паходзіць са свабоднага словазлучэння, звязанага з ранейшай цяжкай працай валоў, на якіх надзявалі ярмо — драўляны хамут для іх запрэжкі.
Цяжкая артылерыя. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. тяжелая артиллерия, укр. важка артилерія). Тое, што прытрымліваецца на крайні выпадак як самы дзейсны сродак для дасягнення чаго-н. Цяпер ён [Ігар] хуценька напісаў запіску: «Дзед, трэба хутчэй класці Мамрука на лапаткі. Выступай, а я потым з цяжкай артылерыяй» (Л. Гаўрылкін. Мы яшчэ будзем сябрамі).
Утварыўся ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні ваенных для абазначэння магутных гармат вялікіх калібраў і габарытаў.
Цяжкая рука ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. прыносіць няўдачу, няшчасце ў якой-н. справе, пачынанні і пад. — Я такі казаў вам, што ў Язэпа цяжкая рука, — весела крыкнуў Гілёрык, рады, што выйшла так, як ён казаў (Я. Колас. Калодка пчол).
Склаўся на аснове былога павер’я, паводде якога ў адных людзей лёгкая рука (яна прыносіць удачу), a ў другіх — цяжкая (прыносіць няўдачу).
Цямна вада ва облацэх. Запазыч. з царк. — слав. м. Незразумелае, туманнае. [Грэнка: ] I вы, едучы сюды, я думаю, не хваліліся, куды і чаго едзеце? [Гарнак: ] Цямна вада ва облацэх (Я. Колас. Забастоўшчыкі).
Выраз з біблейскага тэксту (Псалтыр, 17, 11): «И положи тму закров свой, окрест его селение его, темна вода во облацех воздушных». Во облацех — старая форма меснага скл. мн. л. ад слова облако —‘у воблаках’.
Цяп ды ляп (цяпляп). Запазыч. з руск. м. Абы-як, нядбала, спехам (рабіць што-н.). Цяп ды ляп, ды на «а можа» — рабіць не гожа…
Ні к чорту не варта такая работа! (Х. Шынклер. Сонца пад шпалы).
Паходзіць з прыказкі Тяп-ляп да й корабль, якой характарызуюць работу, выкананую хутка і абыякава, і якая абазначае ‘абы-як, спехам — і гатова’.
Ч
Чакаць з мора пагоды. Відаць, паўкалька з руск. м. (ждать у моря погоды). Заставацца ў пасіўным, вымушаным, няпэўна доўгім чаканні каго-, чаго-н. A мой жа яшчэ пад Новы год абяцаўся прыехаць. Чакай з мора пагоды!.. (М. Ракітны. На свята).
Узнікненне фразеалагізма звязваюць з перыядам паруснага флоту, калі даводзілася чакаць добрых для плавання ўмоў.
Чалом біць. Агульны для ўсходнесл. і польск. (bić czołem) м. Ужыв. са значэннямі: 1) каму> пачціва кланяцца, вітаючы каго-н., 2) каму, пачціва прасіць каго-н., 3) чаму, з глыбокай пачцівасцю ставіцца да чаго-н., вітаючы што-н. Біце ж чалом тром сакалом, маладзіцы! Гэта ж кветкі з свойскай веткі, славянскай зямліцы! (В. Дунін-Марцінкевіч. Верш Навума Прыгаворкі). — Прыйшоў чалом біць, — звярнуўся [Сурма] да Кляпца. — Дайце нашым меліяратарам сена накасіць (І.Дуброўскі. На новыя кругі). Над Бесяддзю, у лясной акрузе, сялянскай хаце б’ю чалом (П. Прыходзька. Размова).
Выраз мае ў сваім складзе ўстарэлае слова чало са значэннем ‘лоб’. Узнік y сувязі са звычаем кланяцца пры падачы просьбы або скаргі так нізка, каб чалом (ілбом) даставаць да зямлі, злёгку б’ючы ім аб падлогу ці зямлю. Гэтым самым выказвалі пашану, віталі. Фразеалагізм даволі часта сустракаецца ў помніках старажытнай беларускай пісьменнасці, напрыклад y лістах аршанскага старасты Філона С. Кміты-Чарнабыльскага (XVI ст.), пераважна са значэннем ‘вітаючы, выказваць пашану’: «…покорно и ниско бью чолом пану моему милостивому». У творах В. Дуніна-Марцінкевіча фразеалагізм выкарыстоўваецца і са значэннем ‘прасіць’: «Пара, баш, дзяцей жаніць; яно ўсякі адклад не вельмі ідзе ў лад: пойдам пані чалом біць».
Чамярыца яго ведае. Уласна бел. Невядома. І чамярыца яго ведае, як гэта неяк хітра на свеце ўстроена! (Я. Купала. Тутэйшыя).
Утвораны па гатовай мадэлі — на ўзор тых шматлікіх сінанімічных фразеалагізмаў, якія ўжо былі ў мове (чорт яго ведае, ліха яго ведае, трасца яго ведае і г.д.). Чамярыца (або чэмер) — травяністая ядавітая лугавая расліна.
Часам з квасам, a парою з вадою. Агульны для бел. і руск. (часом с квасом, порой с водой) м. Ужыв. пры дзеяслове жыць, радзей— быць і абазначае ‘па-рознаму — сытна і надгаладзь’. Мелі такі-сякі асабісты агарод, з якога жылі часам з квасам, a парою з вадою (В. Якавенка. Акно на плошчу). На франтах было ўсяляк, як гаворыцца, часам з квасам, a парой з вадой (М. Лынькоў. Аб часе, аб сабе).
Фразеалагізм, y якім кампаненты структуры часам… a парой… з’яўляюцца сэнсаўтваральнымі, склаўся ў жывой народнай мове і характарызуецца згусткам сродкаў мастацкай выразнасці. У ім ёсць кампаненты-сінонімы (часам — парою), дзве ўнутраныя рыфмы, свая рытмічнасць у кожнай частцы і антанімічнае супрацьпастаўленне (квасам — вадою). Іншы раз пішуць, што гэты выраз «уласна рускі». Аднак наўрад ці так гэта. Ён занатаваны І.Насовічам, М. Федароўскім, запісаны Я. Чачотам y 1846 г., прыводзіцца ў польскіх слоўніках — з паметай «устарэлы» і ў форме czasem z kwasem, a czasem z wodą. Дарэчы, y такой жа форме выраз знаходзім y апавяданні В. Каваля «Шчасце Сілівея Зязюлі» (1936): «3 таго часу я пайшоў па людзях і ўсё жыццё так і хадзіў — часам з квасам, a часам з вадою». Першы кампанент фразеалагізма (часам) — нарматыўнае міжстылёвае слова ў сучасных літаратурных бел., укр. і польск. м.