Царства нябеснае. Запазыч. з царк. — слав. м. Рай, замагільнае жыццё ў раі. I Ясік, чацвёртакласнік, y бацькаву дуду: «Ты што, мама, y царства нябеснае верыш?» (Т. Гарэлікава. Перыферыя).
Паходзіць з Бібліі, дзе ўжываецца неаднаразова; напрыклад: «Блаженны нищие духомъ, ибо ихъ есть царство небесное» (Матфей, 5, 3). У далейшым на аснове назоўнікавага фразеалагізма царства нябеснае склаўся выклічнікавы царства нябеснае каму, які ўжываецца пры ўпамінанні нябожчыка як пажаданне яму замагільнага жыцця ў раі. «— Адмучыўся!.. — Царства яму нябеснае, — перахрысцілася жанчына, захутаная ў коўдру» (С. Грахоўскі). У абодвух выпадках парадак кампанентаў адваротны, як і ў царк. — слав. тэксце.
Цераз пень калоду. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае ‘абы-як, нядбала рабіць што-н.’ і ‘нязладжана, нягладка, з перашкодамі (ісці)’. Звычаёвае права вялося ледзь не з літоўскіх часоў.. і за стагоддзі так уелася ў плоць і кроў жыхароў, што мяняць яго было проста небяспечна: пачнуць працаваць цераз пень калоду… (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім). Бываюць жа такія дні: як нешта не зладзіцца зранку, так потым і ідзе цераз пень калоду (Полымя. 1982. № 7).
Этымалагічна гэта «абломак» фразеалагізма валіць цераз пень калоду (гл.).
Ціпун на язык каму. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. як рэзкае асуджэнне чыйго-н. недарэчнага выказвання і як нядобрае пажаданне таму, хто гаворыць не тое, што трэба. Гэтая накаркала. Помніце, я сказала: «Аднімуць у вас правы». A ён: «Ціпун вам на язык» (І.Шамякін. Сэрца на далоні).
Сучасная форма фразеалагізма, магчыма, з’яўляецца вынікам скарачэння кленіча; напрыклад, y «Вечарніцах» В. Дуніна-Марцінкевіча: «Каб на язык напаў ім ціпун!» (параўн. y сучаснай польск. м.: bodajbyś рурсіа na języku dostal — літаральна «каб ціпун на язык дастаў»). Ціпун — птушыная хвароба, нараст на кончыку языка і пашкоджанне гартані, поласці носа.
Ціхай сапай. Агульны для ўсходнесл. м. Цішком, потайкам і паступова рабіць што-н. Нямала недабітых яшчэ бандытаў ходзіць. I ціхай сапай, скрыта краіне нашай шкодзяць (А. Александровіч. Пра ворага).
Выраз узнік y асяроддзі ваенных, дзе тэрмін сапа, запазычаны, як і роднаснае сапёр, з франц. м., абазначае ‘падкоп або роў y кірунку да непрыяцельскай пазіцыі’. Такія падземныя хады, звычайна для падрыву крапасных сцен, a таксама траншэі рабіліся непрыкметна, цішком. Ва ўзнікненні метафарычнага зместу фразеалагізма семантыкаўтваральную ролю адыгрывае і эпітэт ціхай, што «прырос» да пераасэнсаванай формы сапай.
Ціхая завадзь. Уласна бел. Спакойнае, бяспечнае месца, без клопатаў і трывог. Хочаце жыць y ціхай завадзі? Дзянісаў вам перашкаджае? Не, дарагі калега. Такія людзі, як Дзянісаў,вельмі нам патрэбны (М. Гамолка. Шосты акіян).
Утвораны ў выніку пераасэнсавання адпаведнага свабоднага словазлучэння, y якім завадзь — ‘невялікі заліў рэчкі або возера з запаволеным цячэннем’.
Цішэй вады <і> ніжэй травы. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. тише воды ниже травы, укр. тихше воды нижче трави). Ужыв. са значэннямі ‘вельмі пакорлівы, сарамлівы, ціхі; такі, што трымаецца непрыкметна, нясмела’ і ‘вельмі пакорліва, нясмела, непрыкметна (трымацца, весці сябе)’. Добра, добра, дзядзька, не хвалюйцеся, Мы будзем цішэй вады ніжэй травы, маўчаць ды слухаць (Б. Сачанка. Вялікі Лес). Няма ўжо таго ініцыятыўнага і аптымістычнага Астапчыка, якім мы яго ведалі. Трымае сябе цішэй вады і ніжэй травы, a паліцэйскія ўсё роўна ходзяць за ім следам і не спускаюць з вока (М. Машара. Лукішкі).
Выраз усведамляецца як матываваны. У яго вобразнасці знаходзіць адбітак фальклорная традыцыя, якая «трывала звязала ваду з эпітэтам ціхі, a траву — з эпітэтам нізкі» (В. М. Макіенка).
Цуд(-а) y рэшаце. Паўкалька з руск. м. (чудеса в решете). Штосьці незвычайнае, неверагоднае. Сам таварыш Вепручкоў Зябліку пакланіўся? Можа рашыў, што большую пасаду яму адвалілі? Цуда ў рэшаце, дый годзе! (І.Аношкін. Не па Юрку шапка).
Паходзіць з прыказкі Чудеса в решете: дыр много, a вылезть некуда.
Цукар мядовіч. Паўкалька з руск. м. (сахар медович). Празмерна ласкавы, прытворна-ветлівы чалавек. Ідучы са сходу, калгаснікі мармыталі: — Не старшыня, a цукар мядовіч… — Словы салодкія, a справы ніякай… — Звоніць, пакуль ахвоту згоніць (П.Місько. Наватар).
Узнік для абазначэння занадта саладжавага чалавека на ўзор імёнаў і імёнаў па бацьку (тыпу «Пятро Іванавіч»). Фіксуецца ў «Зборніку беларускіх прыказак» (1874) І.І.Насовіча, праўда, з недакладнай дэфініцыяй: «кажуць пра чалавека капрызнага, сярдзітага, злой натуры».
Цыганскае сонца. Агульны для бел. і ўкр. (циганське сонце) м. Месяц, начное свяціла. Ты цыганскаму cонцу павер і спакою істотай даверся, адгадаеш тады па траве, што пад ёй і што ў небе наверсе (Ю. Голуб. Незнаёмыя шолахі траў…).
Выраз адлюстроўвае даўнейшы быт цыганоў, якія начавалі ў шатрах або пад адкрытым небам, пераязджалі на новае месца, асабліва ў гарачую летнюю пару, пры святле месяца і для якіх «ноч — матка: усё гладка» (намёк на крадзеж коней).
Цьма цьмушчая каго, чаго. Усходнесл. Незлічоная колькасць, вялікае мноства. Грыбоў улетку mym цьма цьмушча, народ сюды йдзе — гушчай-гушча (Я. Колас. Новая зямля).
Выраз з перажытачнымі моўнымі з’явамі мінулых эпох. Першы яго кампанент — архаічны лічэбнік, які даўней абазначаў ‘дзесяць тысяч’. Калі трэба было перадаць паняцце «сто тысяч», гаварылі цьма цем. Гэта свабоднае словазлучэнне пасля стала ўжывацца ў пераносным сэнсе для абазначэння незлічона вялікай колькасці людзей ці прадметаў. На аснове цьма цем узнік вытворны ад яго выраз цьма цьмушчая.. Першы кампанент фразеалагізма ў сучаснай мове ўсведамляецца як назоўнік, другі — як прыметнік. Таму магчымае іх ужыванне і ва ўскосных склонах, асабліва вінавальным: «Емяльян Пугачоў падняў цьму цьмушчую мужыкоў на сялянскую вайну!» (А. Макаёнак).
Цэнтр цяжару. Паўкалька з франц. м (centre de gravité). Самае асноўнае, галоўнае, сутнасць чаго-н. Ва ўсякім выпадку ясна адно: прэзідэнт пераарыентоўвае на хаду свой курс, цэнтр цяжару ў амерыканскай блізкаўсходняй палітыцы перамяшчаецца (А. Вярцінскі. Нью-Йоркская сірэна).
Склаўся ў выніку пераасэнсавання адпаведнага тэрміналагічнага словазлучэння, якое ў сваім прамым значэнні ўжываецца ў маўленні фізікаў і інжынераў-будаўнікоў.
Цягаць з агню каштаны для каго. Калька з франц. м. (tirer les marrons du feu). Выконваць з рызыкай для сябе цяжкую працу на карысць кагосьці. Яны спадзяюцца, што мужык для іх пачне цягаць з агню каштаны (А. Куляшоў. Хамуціус).
Крылаты выраз з байкі вядомага франц. паэта XVII ст. Лафантэна «Малпа і кот», y якой расказваецца, як хітрая малпа Бертран, убачыўшы смачныя печаныя каштаны, прымусіла прастадушнага ката Ратона даставаць іх з агню для яе.
Цягнуць ваду на сваё кола. Уласна бел. Рабіць усё на сваю карысць, служыць выключна асабістым інтарэсам, не клапоцячыся аб іншых. Яму, Валеру, увесь час здавалася, што не мізэр, як лічыў Пятро, a шмат людзей імкнецца прыстасавацца ў жыцці як найлепeй і цягнуць ваду адно на сваё кола (У. Рубанаў Каштаны).
Паходзіць з прыказкі Усякі чорт на сваё кола ваду цягне ці Кожны млын на сваё кола ваду цягне. «У беларусаў,—піша І.І.Насовіч, — ёсць павер’е, што ўсякі млын і нават кожнае млынавое кола мае свайго асобнага апекуна-чорта».
Цягнуць валынку. Запазыч. зруск. м. Займацца чым-н. нудным, аднастайным ці занадта марудзіць з ажыццяўленнем якой-н. справы. — Я пастараюся паклікаць яшчэ аднаго ці двух сведак. Паклікаць? — A навошта яны? Я ведаю, што ўсё роўна зробіце так, як вам захочацца. A мне няма часу з вамі валынку цягнуць (А. Цяжкі. Інцыдэнт).
Склаўся, відаць, пад уплывам сэнсава тоеснага фразеалагізма цягнуць каніцель (гл.), назоўнікавы кампанент якога заменены словам валынка. Гэта замена можа быць абумоўлена тым, што валынка як духавы музычны інструмент, зроблены з трубак, устаўленых у скураны мяшок, іграе нудныя, цягучыя, аднастайныя мелодыі.
Цягнуць (выцягнуць) гізунты з каго. Уласна бел. Мучыць, знясільваць цяжкай працай ці празмернымі патрабаваннямі. Ого, занадта добра ты пра гэтага шыбеніка думаеш! Не адстане ён, гізунты выцягне. I з цябе, і з мяне. Пабачыш вось (Б. Сачанка. Забытыя селішчы).
Узнік шляхам аб’яднання двух сэнсава блізкіх фразеалагізмаў y адзін: цягнуць жылы з каго (гл.) + даставаць гізунты з каго. Кантамінаваны выраз захаваў значэнне фразеалагізма цягнуць жылы з каго. Слова гізунты з’яўляецца запазычаннем з мовы ідыш (яўрэйскай мовы, y аснове якой ляжаць нямецкія дыялекты); гізунты — ‘здароўе’; параўн. y ням. м.: gesund— ‘здаровы’.