У аснове фразеалагізма — гіпербалічны вобраз, матываваны практычнай, гумарыстычна афарбаванай развагай: калі няма чаго есці, дык і няма занятку зубам, a таму хоць кладзі іх на паліцу.
Хоцькі-няхоцькі. Уласна бел. Насуперак жаданню, незалежна ад жадання, старання каго-н. Хоцькі-няхоцькі прыйшлося выбрацца з роднага гнязда (З. Бядуля. Дванаццацігоднікі).
Утвораны на аснове тоеснага выразу хочаш не хочаш (гл.), складаецца з кампанентаў, неўжывальных па-за фразеалагізмам.
Хоць кол на галаве чашы каму. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. хоть кол на голове теши, укр. хоч кіл на голові теши). Немагчыма пераканаць каго-н., растлумачыць каму-н. што-н. (пра ўпартага, няўступчывага чалавека). Палажка адразу прымоўкла — ведала Антонаў характар: калі ўжо задумае што, дык назад не заверне, хоць кол на галаве чашы (М. Даніленка. Сініца ў руцэ).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, заснаваны на гіпербале, на ўяўленні аб вельмі моцнай галаве, якую нічым не праб’еш. Параўн. прыметнік цвердалобы ‘вельмі ўпарты’.
Хоць патоп. Калька з франц. м. (après nous le déluge, літаральна «пасля нас хоць патоп»). Ужыв. пасля слоў a там, пасля і інш. і абазначае ‘не мае значэння для каго-н., не хвалюе, не кранае каго-н.’. Яму [Антушкову] было важна закрыць па ўсіх паказчыках год, a там хоць патоп (В. Супрунчук. Жывеш толькі раз).
Лічаць, што выраз пасля нас хоць патоп належыць франц. каралю Людовіку XV (1710–1774). У часы яго праўлення амаль уся ўлада была ў руках фаварытак. Калі яму аднойчы паведамілі пра цяжкае эканамічнае становішча ў краіне і пагрозлівае нарастанне пратэсту народных мас, то разбэшчаны дэспат нібыта сказаў: «Манархія пратрымаецца, пакуль мы жывыя, a пасля нас хоць патоп». Паводле іншых крыніц, фраза прыпісваецца фаварытцы гэтага караля маркізе Пампадур. Яна сказала яе ў 1757 г., каб суцешыць караля пасля паражэння яго войск.
Хоць разарвіся каму. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. хоть разорвись, укр. хоч разірвися). Ужыв. са значэннямі ‘каму-н. неабходна адразу рабіць некалькі спраў’ і ‘нягледзячы ні на якія старанні, намаганні; што ні рабі (не выходзіць, не атрымліваецца што-н.)’. У каго дзесяць якіх дзесяцін ці, скажам, чатырнаццаць, як у мяне, таму няўпраўка, таму хоць разарвіся (П. Галавач. Праз гады). A кабыла Андрэева — важная кабыла! Не скора такую цяпер набудзеш. Чалавеку цяпер проста хоць ты разарвіся з жалю (К. Крапіва. Мядзведзічы).
Узнік, відаць, на вобразнай аснове фразеалагізма разрывацца на часткі (гл.) і сэнсава суадносіцца з ім y сваім першым значэнні.
Хоць рэпку спявай. Агульны для ўсходнесл. м. Выказванне роспачы, адчаю, бяссілля, немагчымасці зрабіць штосьці, каб выйсці з цяжкага становішча. Горка, горка давядзецца, ты старога запытай. Ой, часамі так прыпрэцца, што хоць рэпачку спявай! (Я. Колас. Сымон-музыка).
У Старажытнай Русі рэпкай называлі спецыяльныя, мудрагелістыя абцугі, верхняя палавінка якіх знешне падобная на рэпку. Гэта быў інструмент для катавання. Ім так сціскалі ногці, што ахвяра пачынала прызнавацца, a то і нагаворваць абы-чаго на сябе і на другіх. Рэпка змушала чалавека плакаць. Відаць, тыя, хто паспытаў яе, склалі ў гонар рэпкі песню-галашэнне, не зусім, як зазначае У. Даль, прыстойную.
Хоць святых вынось. Агульны для ўсходнесл. м. Няма сіл цярпець што-н.; нясцерпна, нязносна для іншых. Адно кепска — пад раніцу паветра стала гэткае, што хоць, як кажуць, святых вынось… (М. Машара. Ішоў двадцаты год).
Узнікненне фразеалагізма звязана з умовамі старога быту, звычаем шанавання ікон. Абразы, якія можна было бачыць у кожным доме над застоллем, называліся «святымі». У выпадку пажару першымі выносіліся з агню абразы. У прысутнасці «святых» нельга было дапускаць нічога грэшнага. Стараверы, напрыклад, калі такое здаралася ў іх хаце, завешвалі абразы або пераносілі іх куды-небудзь. Такім чынам, хоць святых вынось — гэта першапачаткова ‘хоць абразы вынось’ (бо пачалося нешта абразлівае для «святых» — шум, хлусня і г. д.).
Хоць у плуг запрагай каго. Уласна бел. Хто-н. вельмі моцны, здаровы. — Доктар! Я здаровы, як бык… — Што яго глядзець?! Гэтага буйвала хоць у плуг запрагай… (Я. Палубятка. Дуралесіца).
У аснове выразу — гіпербалічнае супастаўленне з канём (паводле сілы, стану здароўя).
Хоць у пятніцу. Уласна бел. Абазначае ‘у любы момант, y самы блізкі час’, ужыв. пры словах замуж, жаніць. Хлапец мае семнаццаць гадоў (жаніць хоць у пятніцy можна), ды з падшывальцамі гешэфты вядзе. Куды гэта падобна! (Л. Калюга. Ні госць ні гаспадар).
Першапачатковы сэнс выразу — ‘хоць у той дзень, калі не дазвалялася спраўляць вяселле’. Вясельным днём была нядзеля. Пятніца з часоў язычніцтва лічылася нерабочым днём. Гэта традыцыя захоўвалася на Беларусі доўгі час. Яшчэ ў канцы XIX ст., як сведчыць С. Максімаў, y пятніцу нельга было шыць, купаць дзяцей, мыць бялізну; «калі ў Велікарусі засталіся ў народнай памяці і ў пашане толькі тры пятніцы… y Беларусі.. небяспечныя і страшныя ўсе пяцьдзесят дзве». «Хто ў пятніцу спявае, то ў нядзелю адплача» — народная прымета і перасцярога, занатаваная М. Федароўскім.
Хоць у сабакі вачэй пазыч каму. Уласна бел. Вельмі сорамна, непрыемна. — Ой, Валодзя, — кажу, a самому; зноў жа, хоць у сабакі вачэй пазыч, — дык жа мне ўжо во, Шмулька — абагнаў [бульбу] і пабаранаваў. Ты ўжо, калі ласка, не крыўдуй, што так выйшла… (М.Гіль. Як я абганяў бульбу).
Узнік як якаснае адлюстраванне пэўнага стану чалавека праз супастаўленне з сабакам, вобраз якога ў народным ўяўленні звязваецца часцей з негатыўнымі адзнакамі, чым са станоўчымі. Гэта бачым і ў шэрагу прыказак ды фразеалагізмаў: «Сабака і на Бога брэша», «Сабаку і сабачая смерць», «Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць», «пусціцца ў сабачую скуру», «(прапасці) за сабаку», «па сабаку з рота скача» і г.д.
Як, што, чаго хоча (захоча) левая нага каго, чыя. Запазыч. з руск. м. Ужыв. са значэннямі ‘(як, што, чаго) захочацца каму-н.’, калі гавораць пра недарэчныя, безразважныя ўчынкі, дзеянні таго, хто лічыцца толькі з уласным жаданнем. Для некаторых свабода раўназначная ўсёдазволенасці — маўляў рабі што твая левая нага захоча (Звязда. 3.04.1988).
Сфарміраваўся, відаць, на аснове выразу чаго мая нага хоча з п’есы А. М. Астроўскага «Грэх ды бяда на каго не жыве» (1863). У ёй купец Курыцын расказвае, як ён сярод знаёмых рашаў спрэчку, чыя жонка найбольш ветлівая: «Я ўсіх да сябе ў дом вяду, сяду на лаўку, вось гэтак нагу выстаўлю і адразу кажу жонцы: „Чаго мая нага хоча?“ A яна разумее, бо абучана гэтаму, ну і, значыць, тут жа ў ногі мне».
Хочаш не хочаш. Агульны для ўсходнесл, м. Насуперак жаданню, незалежна ад жадання, старання каго-н. Каб магла, яна [Надзя] б іні адзіную хвіліну не асталася тут. Але, хочаш не хочаш, трэба ж адбыць гэты цяжкі абавязак… (М. Лынькоў. Векапомныя дні).
Відаць, утвораны па аналогіі з ужо існуючым, сэнсава тоесным выразам воляй-няволяй, які з’яўляецца калькай з лац. м. (volens nolens).
Хто ёсць хто. Калька з англ. м. (who is who). Што ўяўляюць сабой тыя ці іншыя людзі, чаго варты хто-н. Дастаткова «дапытаць з прыдзіркамі» ўсіх, хто на той час працаваў y Цэнтральным аддзеле, — і стане зразумелым, хто ёсць хто (В. Праўдзін. Танцавальны марафон).
Паходзіць ад назвы штогадовага бібліяграфічнага даведніка, які выдаецца ў Вялікабрытаніі, ЗША і некаторых іншых краінах.
Хто ў лес хто па дровы. Паўкалька з руск. м. (кто в лес кто по дрова). Нязладжана, нядружна, уразброд (спяваць, гаварыць і пад.). Адным словам, y сэнсе палітычна-партыйным цягнулі нашы лектары «хто ў лес хто па дровы»… (М. Гарэцкі. Віленскія камунары).
Лічаць, што выраз паходзіць з байкі І.А. Крылова «Музыканты» (1808), дзе пра няўмелых спевакоў гаворыцца: «Запели молодцы: кто в лес, кто по дрова…». У іншых мовах, апрача бел. і руск., не сустракаецца, яго перакладаюць адпаведнікамі: укр. хто у луг, а хто у плуг; польск. jeden do Sasa, drugi do lasa i г.д. У бел. літаратурнай м. ёсць сінанімічны выраз хто ў плот xmo ў гарод.
Ц
Цалкам і поўнасцю. Калька з ням. м. (voll und ganz). У поўнай меры. [Матусевіч: ] А ў прынцыпея з вамізгодзен, як кажуць, цалкам і поўнасцю (М. Матукоўскі. Наследны прынц).
Абодва кампаненты, калі іх разглядаць на ўзроўні слоў, — сінанімічныя ў адным са сваіх значэнняў і выступаюць як сэнсаўтваральныя.