MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Мяркуюць, што сучасная форма гэтага фразеалагізма з’яўляецца пераробкай даўнейшага выразу ў чорта на куліжках, дзе куліжкі абазначаюць ‘выпаленыя, расчышчаныя пад раллю лясныя палянкі’. Тут аралі і сеялі на працягу некалькіх гадоў, a пасля палянкі зноў зарасталі лесам; існавала павер’е, што тут водзяцца чэрці.

Ф

Фама няверны. Агульны для ўсходнесл. (руск. Фома неверный, укр. Хома невірний) і польск. (niewiemy Tomasz) м. Чалавек, якога цяжка прымусіць паверыць чаму-н. Заслонаў, весела смеючыся, дастаў з кішэні гімнасцёркі сваё колішняе пасведчанне… — Чытай, Фама ты няверны… (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Пра недаверка часам кажуць: не паверыць, пакуль не памацае. Так было і з апосталам Фамой, як пра гэта расказваецца ў евангельскай прытчы (Іаан, 20, 24–29). Пачуўшы, што распяты на яго вачах Хрыстос уваскрэс, Фама сказаў, што не паверыць гэтаму, пакуль не ўбачыць і не памацае на яго руках ран ад цвікоў і не ўкладзе сваёй «рукі ў рэбры яго». I тады, як гаворыцца ў прытчы, з’явіўся перад ім Ісус і сказаў: «Падай палец твой сюды і падзівіся на рукі мае, падай руку тваю і ўкладзі ў рэбры мае, — і не будзь няверны, a верны». На аснове гэтай легенды склаўся фразеалагізм. Яго прыметнікавы кампанент — семантычны архаізм, слова, адно са значэнняў якога ўстарэла. Раней прыметнік няверны ўжываўся і са значэннем ‘які не верыць’. Часам выраз ужыв. y літаратуры і ў такім афармленні: няверны Тамаш (М. Танк), няверны Хама (Я. Колас), Фама няверуючы (А. Жалязоўскі), Хама няверуючы (А. Жук), недаверлівы Фама (М. Танк), Хаманявернік (Ф. Янкоўскі).

Фігавы лісток. Агульны для ўсходнесл., польск., чэшск. м. Крывадушная маскіроўка ганебных учынкаў, прыкрыцце чагосьці непрыстойнага. Хто ў гэтай драме — герой, хто статыст, распішуць стратэг і статыстык, схаваўшы лоб за браніраваны ліст, сумленне — за фігавы лісцік (В.Вітка. Спакуса).

Узнік на аснове біблейскага падання пра першых людзей на зямлі (Быццё, 3, 7). Адам і Ева пасля выгнання іх з раю (гл. y касцюме Адама) упершыню пазналі сорам і, каб схаваць сваю галізну, зрабілі сабе паясы з лісця фігавага дрэва. Выраз атрымаў асаблівае пашырэнне ў сувязі з тым, што жывапісцы і скульптары XVI–XVIII стст., калі трэба было адлюстраваць голага чалавека, выкарыстоўвалі фігавы лісток як умоўнасць: царква не дазваляла паказваць галізну ў мастацтве.

Фіга на талерцы. Уласна бел. Непрыемнасць для кагосьці, прыхаваная ветлівасцю, далікатнасцю. Гэта будзе для Анішчука і яго кампаніі нешта накшталт хвігі на талерцы (І.Гурскі. Хлеб).

У XIX ст. фразеалагізм ужываўся ў больш поўнай форме: той жа кукіш (фіга), ды на талерцы. Ён падаецца ў зборніку І.Насовіча з такім тлумачэннем сэнсу: «кажуць, калі хто грубасць, дакор і непрыемнасці прыхоўвае формамі далікатнасці». Вызваленне ад лішніх кампанентаў, сціск выразу адбыліся непасрэдна ў жывой народнай мове, адкуль фразеалагізм трапіў y мастацкія тэксты (упершыню выкарыстаны ў 1927 г. y вершы К. Крапівы «Фіга на талерцы»).

Фіглі-міглі. Запазыч. з польск. м. (figle-migle). Жарты, хітрыкі, спрытныя прыёмы для дасягнення чаго-н. Шчэпкін мусіў вярнуцца, зрабіць рукамі фіглі-міглі, і толькі тады яму заапладзіравалі (А. Карпюк. След на зямлі).

Назоўнік figel, адно са значэнняў якога ў польск. м. — ‘жарт’ (figle — ‘жарты’), — сэнсаўтваральны кампанент фразеалагізма. Другі ж кампанент — прыдуманы, нематываваны, узніклы ў працэсе рыфмоўкі, падагнаны пад гукавую сіметрыю выразу, a можа, і звязаны з коранем дзеяслова migać — ‘мігаць, падміргваць’.

Фігу з макам. Гл. дулю (фігу) з макам.

Фігу з маслам. Гл. дулю (фігу, кукіш) з маслам.

Фількава грамата. Паўкалька з руск. м. Пустая паперка, несапраўдны ці няправільна напісаны дакумент. 3’явілася на тых валях розная шума несусветная, усялякія фуражыры-драпежнікі, якія бралі ў сялян і пошар, і коні пад шарлатанскія распіскі, фількавы граматы… (У. Дубоўка. Пялёсткі).

Узнікненне фразеалагізма растлумачваюць па-рознаму. Адны лічаць аўтарам выразу Івана Грознага, які нібыта пагардліва назваў маскоўскага мітрапаліта Філіпа Фількай, a яго пісьмы да цара, накіраваныя супраць апрычніны і палітыкі тэрору, — «филькиной грамотой». Другое меркаванне (М. М. Шанскі) больш пераканальнае: выраз узнік па мадэлі састаўных тэрмінаў тыпу духоўная грамата. Прыметнікавы кампанент фразеалагізма ўтварыўся ад назоўніка філька — уласна рускага слова са значэннем ‘недалёкі чалавек, дурань’ (параўн. таксама рускае простофиля). Першапачатковы сэнс выразу быў вузейшы, чым цяпер: ‘бязглузда складзены дакумент’.

Х

Хаваць галаву ў пясок. Калька з ням. м. (den Kopf in den Sand stecken). Палохаючыся, старацца ўхіліцца ад чаго-н. Давайце не будзем хаваць галаву ў пясок — нашым юнакам і дзяўчынкам ведаў [пра маральна-палавое выхаванне] катастрафічна нехапае (Настаўн. газ. 20.05.2000).

Узнік y выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў дачыненні да страуса. Параўн.: «Тыя палітыкі, якія агітуюць не ўдзельнічаць у выбарах пры любых саступках існуючага рэжыму, нагадваюць страуса, які перад небяспекай хавае галаву ў пясок» (Нар. воля).

Хаваць (схаваць) канцы <у ваду>. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. прятать концы <в воду>, укр. ховати кінці <в воду>). Спрытна знішчаць ці ўтойваць тое, што было доказам віны. Каб схаваць канцы ў ваду, прынялі Саламонава рашэнне: перадаць завод на баланс калгаса «Прагрэс» (І.Дуброўскі. Незамкнуты круг).

Відаць, узнік на аснове фразеалагізма <і> канцы ў ваду (гл.).

Хаджэнне на галаве (галовах). Агульны для ўсходнесл. м. Бурнае свавольства, гарэзлівасць (звычайна з боку дзяцей). Па-мойму, «хаджэнне на галовах» на ўроках павінен, пры неабходнасці скідвання назапашанай энергіі, «арганізаваць» сам настаўнік (Н. Цыпіс. Настаўнік — галоўны чалавек у дзяржаве).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма хадзіць на галаве (галовах), які абазначае ‘вельмі сваволіць, дурэць; рабіць, што захочацца’.

Хадзіць гогалем. Агульны для ўсходнесл. м. Мець бравы, незалежны выгляд, трымацца зухавата. [Ермашоў:] Майце на ўвазе: калі ўбачу ў каго з вас у вачах сум — ласкі маёй не чакай!.. Тут мы адзін на адзін яшчэ можам паўздыхаць, a пры байцах — хадзі гогалем! (К. Губарэвіч. Брэсцкая крэпасць).

Утвораны на аснове свабоднага словазлучэння, y якім дзеяслоў спалучаецца з назоўнікам у форме творнага параўнальнага склону.

Гогалем — ‘як гогаль’, дзе гогаль — ‘вадаплаўная птушка з сямейства качыных’. Яна ходзіць павольна і перавальваючыся, нібы важная, самазадаволеная асоба.

Хадзіць (захадзіць) ходырам (хадуном). Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘моцна хістацца, калыхацца’ і‘бурна праяўляцца, прыходзіць у рух (пра справы, падзеі і пад.)’. Захадзілі жорны хадуном, аж трасуцца сцены ветраковы (Я. Непачаловіч. Вятрак). Ходзіць ходырам свет цэлы, смела ў бітву йдзе нясмелы, y бой за лепшы час (Я. Купала. Час!).

Узнік па мадэлі таўталагічных выразаў тыпу есці поедам, прападзі пропадам. Сэнсаўтваральным тут выступае дзеяслоў хадзіць, выкарыстаны ў сваіх перыферыйных значэннях. Далучанае да дзеяслова аднакаранёвае прыслоўе ходырам ці хадуном, неўжывальнае па-за гэтым фразеалагізмам, дапаўняе яго значэнне семай узмацняльнасці, робіць выраз экспрэсіўным сродкам.

Хадзіць на задніх лапках перад кім. Гл. на задніх лапках хадзіць перад кім.

Хадзячая газета. Калька з англ. (walkind newspáper) ці паўкалька з франц. (gazette vivante, літаральна «газета жывая», або gazette du quortier, дзе 1-е значэнне — ‘бульварны лісток’, a 2-е — ‘мясцовы пляткар’) м. Чалавек, які распаўсюджвае розныя навіны і чуткі. «Ці тут падманулі, ці там?» — вырашалі адны заблытаную дылему; a другія, якіх звычайна называюць «хадзячай газетай», з палёгкай уздыхнулі: ніяк не маглі яны змірыцца з тым, што іншыя разнеслі навіну ў масах — такія ўвогуле ніколі, нікому і нічому не вераць, але вельмі крыўдзяцца, калі не вераць ім (А. Кудласевіч. «Жэзл Жалезны»).

У аснове фразеалагізма — нерэальная вобразнасць, якой і матывуецца яго сэнс.

Хадзячая энцыклапедыя. Паўкалька з франц. (encyclopédie ambulante) ці калька з ням. (ein wandelndes Leksikon) м. Чалавек, які валодае самымі разнастайнымі ведамі. Сяргея нездарма звалі «хадзячай энцыклапедыяй». Ён слова ў слова прадоўжыў верш (В. Жуковіч. Як адна вясна).

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code