Выраз узнік аб’яднаннем двух фразеалагізмаў-сінонімаў y адзін, вынікам іх кантамінацыі стаў фразеалагізм з той самай семантыкай: (ісці) y свет+(ісці) куды вочы глядзяць = y свет вочы.
У свіныя галасы. Агульны для бел. і ўкр. м. Позна, запознена. Потым стары ўспамінае пра сваё ранішняе здарэнне. Спазніўся вось толькі дарма, выбраўся з дому ў свіныя галасы (Я. Брыль. Надпіс на зрубе).
У свіныя галасы — гэта «калі свінні вішчаць, падаюць галасы». Свінні прачынаюцца позна, пазней за іншых жывёл. Таму пра таго, хто любіць многа спаць, кажуць, што ён «кладзецца з курамі, a ўстае з свіннямі». Відаць, і прывычка позна прачынацца выпрацавалася ў свіней таму, што кармілі іх пазней, чым іншых жывёл ці птушак, для якіх не трэба было варыць у печы. «Гаспадыня звычайна даглядае свіней пасля таго, як уходзіцца каля печы, дагледзіць гаспадарку, і галодныя свінні падаюць галасы» (Ф. Янкоўскі).
<Усе> карты зблытаны (змешаны) чые, каго. Агульны для ўсходнесл. м. Чые-н. планы, намеры, разлікі разбураны, разладжаны. Адным словам, пан Зыгмусь быў аглушаны, а ўсе яго карты аказаліся змешанымі (Я. Колас. Хата над балотцам).
Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утвораны на аснове дзеяслоўнага блытаць (зблытаць) <усе> карты чые, каму, каго (гл.) ‘разладжваць, разбураць чые-н. планы, намеры, разлікі’
<Усе> карты раскрыты чые. Агульны для ўсходнесл. м. Чые-н. планы, намеры, дзеянні выяўлены, перасталі быць тайнай каго-н.
Пра гэта трэба было спытаць у самым канцы, калі б мы ўжо раскусілі, што за птушка пакупнік нашай солі. Але маскіравацца позна, нашы карты раскрыты… (І.Навуменка. Снежань).
Вытворны ад дзеяслоўнага фразеалагізма раскрываць (раскрыць) карты каму (гл.), сэнс якога — ‘пачынаць дзейнічаць адкрыта, не хаваючы сваіх тайных намераў, планаў’.
Усе шышкі ляцяць (валяцца) на каго. Агульны для ўсходнесл. м. Абрушваюцца ўсякія непрыемнасці на кагосьці. Максім пасмяяўся са страхаў Рагачоўскага, заспакоіў, сказаўшы, што на гэты раз усе шышкі паляцяць на яго, галоўнага (І.Шамякін. Атланты і карыятыды).
Зыходнай формай фразеалагізма з’яўляецца прыказка На беднага Макара ўсе шышкі валяцца. Як «абломак» прыказкі, фразеалагізм мае незамкнёную структуру і ў маўленні заўсёды кіруе назоўнікам са значэннем асобы ў він. скл. з прыназоўнікам на.
Усёй душой. Калька з лац. м. (tota mente). Ужыв. са значэннямі: 1) шчыра, сардэчна (любіць, кахаць, верыць і пад.), 2) поўнасцю, цалкам (быць на баку каго-н., падтрымлівадь каго-, што-н. і пад.), 3) з вялікім жаданнем, вельмі ахвотна (хацець, імкнуцца, рвацца і пад.). Гарбачэня адчуў, што ён пакахаў Кацю не на жарты, усёй душой (І.Гурскі. На берагах Прыпяці). Усёй душой падтрымліваю прапанову, выказаную ў дакладзе… (В.Вітка. Гэта шчасце — пісаць для дзяцей). Дачушка мая! A я зусім не супраць вяселля. Наадварот, я ўсёй душой хачу гэтага (І.Козел. Папараць-кветка).
Можна лічыць, што тут абодва кампаненты выконваюць сэнсаўтваральную функцыю. Кампанент душа суадносіцца са значэннем ‘нематэрыяльная аснова жыцця чалавека, носьбіт псіхічных працэсаў’.
<Усімі> праўдамі і няпраўдамі. Калька з лац. м. (per fas et nefas). Любымі сродкамі, нічым не грэбуючы. Упершыню давялося жыць праўдамі і няпраўдамі, як кажуць, хітруючы і выкручваючыся (М. Лужанін. Дзівадла).
Выраз антытэзнай пабудовы.
Усім мірам. Запазыч. з руск. м. Супольна, усе разам. Суботнікам выйшлі вяскоўцы, мужчыны і жанчыны, усім мірам, хто на коніку; хто насілкамі навазілі, нацягалі пяску, высыпалі каля разбуранага мастка… аб'езд (В. Казько. Сад, альбо Заблытаны след рамана).
Першапачатковае значэнне выразу — ‘усёй грамадой’. Мір — агульнае для ўсходнесл. м., цяпер ужо ўстарэлае слова са значэннем ‘сельская грамада’; яно захавалася ў прыказцы З міру па нітцы — голаму сарочка; параўн. таксама: Што будзе міру, то і бабінаму сыну.
Усмоктваць (усмактаць) з малаком маці што. Калька з лац. м. (cum lacte nutricis suxisse). Цвёрда засвойваць з самых ранніх гадоў. Уладарыць над ім [словам] можа толькі той, хто з малаком маці ўсмактаў таямніцу яго ўнутранай энергіі, да каго гэта слова прыйшло ў хвіліны першага азарэння як яго першая моўная плынь (М. Лобан. Пяць раніц тыдня).
Выраз належыць старажытнарымскаму аратару і пісьменніку Цыцэрону (106 — 43 да н. э.).
Уссесці на карак каму, чый, каго. Гл. садзіцца (сесці, уссесці) на карак каму; чый, каго.
Уставаць на дыбкі. Гл. станавіцца (стаць; уставаць, устаць) на дыбкі.
Уставаць (падымацца, паднімацца) з каленяў. Агульны для ўсходнесл. м. Пераставаць быць паднявольным, прыніжаным, пакорлівым. Мы, беларусы, выжывем фізічна толькі тады, калі паднімемся з каленяў адродзім мову, культуру, свае спаконвечныя мудрыя традыцыі… (С. Законнікаў. Наш паратунак — Адраджэнне).
Відаць, узнік на аснове фразеалагізмаў стаяць на каленях (перад кім), поўзаць на каленях (перад кім) як параўнальна нядаўняе ўтварэнне, антанімічнае папярэднім па сваёй унутранай форме.
Уставіць пяро каму. Гл. пяро ўставіць (уваткнуць) каму.
Устаўляць палкі ў кола каму, чаго. Гл. ставіць (устаўляць, соваць, сунуць) палкі ў кола каму, чаго.
Устаць з левай нагі. Калька з англ. (get out of bed with left leg) ці франц. (se lever du pied gauche) м. Быць у дрэнным настроі, y раздражнёным стане. — У гэтым пытанні я кансерватар. Чулі такое слова? — Ніякі вы не кансерватар. Хутчэй за ўсё, з левай нагі ўсталі (А. Пальчэўскі. Перастаўленае крэсла).
Выток фразеалагізма — павер’е, якое з антычных часоў існавала ў многіх народаў. Лічылася, што правы бок — добры, a левы — дрэнны, што ўстаць раніцай з левай нагі — значыць пачаць новы дзень пад уладай злога духу.
Устаць не з той нагі. Агульны для сходнесл. м. і руск. встать не с той ноги, укр. встати не на ту ногу). Быць у дрэнным настроі, y раздражнёным стане. Ты проста, Мацвееў; не з той нагі ўстаў. Ваяваць тут можна. Я з грамадзянскай ведаю. Давалі прыкурыць немцам, белапалякам…. (І.Навуменка. Сасна пры дарозе).
Склаўся на аснове сінанімічнага фразеалагізма ўстаць з левай нагі (гл.) з заменай y ім аднаго з кампанентаў спалучэннем не з той (г. зн. «не з правай, не з той, з якой трэба»).
Уступаць (уступіць) y строй. Агульны для ўсходнесл. м. Станавіцца дзеючым. [Шугаеў:] Завод толькі яшчэ ўступіў y строй, дзе ж тут даб’ешся, каб усё было выдатна (К. Крапіва. Зацікаўленая асоба).
Узнік y выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні ваенных, дзе слова строй абазначае ‘воіны, пастроеныя радамі’ і ‘састаў дзеючай арміі’.