MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Склаўся праз супастаўленне чалавека, змучанага работай, з канём, які пасля працяглага бегу пакрываецца белай пенай, падобнай на мыльную (яе называюць мылам). Параўн.: «Конь быў увесь у мыле і цяжка дыхаў» (М. Лынькоў).

Умыць рукі. Запазычанне з царк. — слав. м. Ухіліцца ад адказнасці, ад удзелу ў чымсьці. Я во не разумею. Чаму гэтыя дзядзі важныя не паклапаціліся, каб не было гэтых самых — бязвесных? Няўжо яны ўсе ўмылі рукі? (В. Быкаў. Абеліск).

Выраз ідзе з евангельскага сюжэта пра распяцце Ісуса (Матфей, 27,24). Рымскі намеснік y Іудзеі Пілат, перад тым як аддаць натоўпу Ісуса на пакаранне, узяў вады, умыў рукі перад народам і сказаў: «Не вінаваты я ў крыві праведніка гэтага; глядзіце вы». У старажытных яўрэяў быў сімвалічны абрад умывання рук як знак няўдзельнасці ў чым-небудзь. Біблія павучала тых, хто знойдзе мёртвае цела, умыць рукі: гэта абазначала, што яны не віноўнікі забойства.

Унтэр прышыбееў. Запазыч. з руск. м. Самачынны ахоўнік парадку, душыцель свабоды. Платон Грушка і Вера Ігнатаўна таксама мараць аб будучыні Серадзібора… дзе не будзе ні Вераб’ёў ні Зашчамілаў і, вядома, такіх унтэр прышыбеевых, як Чухноўскі… (П. Пестрак. Серадзібор).

Выраз з аднайменнага апавядання (1885) А. П. Чэхава. Герой гэтага твора лічыць сваім абавязкам умешвацца ва ўсе справы, душыць усіх сваім унтэр-афіцэрскім аўтарытэтам.

У парадку рэчаў. Калька з франц. м. (s’est dans j’ordre des choses, літаральна «гэта у парадку рэчаў»). Звычайна, нармальна, натуральна. Увогуле першы павінен паміраць мужчына. Гэта ў парадку рэчаў (І.Навуменка. Цёмныя змрокі).

Гл. больш падрабязна на с. 12–13.

Упасці духам. Гл. падаць (упасці) духам.

У піку каму. Паўкалька з франц. м. (faire piques contre qn). 3 намерам даняць, раззлаваць каго-н.; на злосць каму-н. Крэйна таксама была на сходзе і ў піку мне крытыкавала наш план (А. Мрый. Запіскі Самсона Самасуя).

У поце твару (чала) <свайго>. Паўкалька з царк. — слав. м. Фразеалагізм абазначае ‘з вялікай стараннасцю, напружаннем’ і ўступае ў лексічную і граматычную сувязь з дзеясловамі рабіць, працаваць, здабываць, зарабляць і пад. Есці хлеб у поце твару мы не лічым больш за кару (К. Крапіва. Біблія). Нядаўна чытаў і па радыё чуў, як жыць будуць некалі ўнукі. Не трэба ім будзе касіць і араць, і песні складаць, і быліны, y поце чала свайго хлеб здабываць — бо ўсё за іх зробяць машыны (М. Танк. Пасланне вучонаму).

Паводле Бібліі (Быццё, 3,19), Бог прагнаў з раю Адама, пакараўшы яго вечнай цяжкай працай: «В поте лица твоего будешь есть хлеб».

У рожкі з кім. Уласна бел. Уступаць у сутычку з кім-н. Ці праўда тое, жвенькаюць людзі, дужа ён [поп] жыла вялікая і з пападдзёй у рожкі заўсёды (М. Лынькоў. На чырвоных лядах).

Узнік на аснове фразеалагізма брацца ў рожкі з кім (гл.) y выніку апушчэння дзеяслоўнага кампанента. Першапачаткова (у 20-я гады) ужываўся толькі ў кантэксце ў рожкі са старымі ў мове маладых беларускіх літаратараў, якія ўваходзілі ў аб’яднанне «Маладняк», часам не прызнавалі літаратурных аўтарытэтаў, выступалі супраць старэйшых пісьменнікаў, нярэдка захапляліся фармалістычным штукарствам. «Сярод маладнякоўцаў нават хадзячы лозунг бытаваў: „У рожкі са старымі“. „Старыя“ глядзелі на малады задзёр хто з крыўдай, хто з іроніяй» (К. Крапіва).

У рожкі пайсці з кім. Уласна бел. Выяўляючы сваю самастойнасць, незалежнасць, задзірацца, спрачацца, сутыкацца з кім-н. — A чаго яны [паліцаі] прыходзяць да вас? — Ды ўсё да яе, да Танюшы. У рожкі з імі наважылася пайсці дзеўка. Ты б, Максімка, пагаварыў з ёй… Яна цябе паважае. Можа б, паслухала, уціхамірылася. Не за дзявочую справу ўзялася (М. Машара. «Крэсы» змагаюцца).

Выраз узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння: яно ўжываецца, калі гавораць пра быкоў, якія пачынаюць борацца.

У роце чорна ў каго. Гл. <аж> y роце чорна ў каго.

У ружовым святле (колеры). Паўкалька з франц. м. (tout couleur de rose). Ідэалізавана, лепш, чым на самай справе (бачыць, паказваць, уяўляць і пад.). Не, я не імкнуся бачыць усё і ўсіх y ружовым колеры. Сустракаюцца ў нас і злачынцы, і дармаеды, і раскрадальнікі дзяржаўнай маёмасці… (Звязда. 22.06.1986).

Ружовы колер заўсёды асацыіраваўся з прыемным, прыгожым.

У рукаў смяяцца, хіхікаць і пад. Калька з англ. м. (to laugh in one’s sleeve). Ціха i непрыкметна. Прыстаў грозна зірнуў на ўрадніка. Ураднік апусціў вочы і зірнуў на стражніка, стражнік — на соцкага. Соцкі стаяў бокам і смяяўсяў рукаў (Я. Колас. Соцкі падвёў).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.

У руку чыю, каму. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі: 1) на карысць каго-н., так, як каму-н. хочацца (гаварыць), 2) падыходзіць каму-н., задавальняе каго-н. Стась трымаўся з хлопцамі добра, гаварыў усім y руку (К. Чорны. Нянавісць). A ўсе абставіны, умовы якраз Данілу не ў руку (Я. Колас. Рыбакова хата).

Фразеалагізм, відаць, узнік y выніку скарачэння выразу на руку (у руку) іграць (гл.), які паходзіць з арго карцёжнікаў.

У сабакі вачэй пазычыць. Уласна бел. Страціць сумленне, сорам, набрацца нахабнасці. Вочы якія ў Аляксея… Як у вінаватага сабакі… Праўду кажуць: y сабакі трэба вочы пазычыць, каб пасля такога з’явіцца сюды… (П.Місько. Ціхае лета).

Відаць, склаўся на аснове фразеалагізма хоць у сабакі вачэй пазыч (гл.). Параўн. падобную этымалагічную сувязь паміж фразеалагізмамі хоць зубы на паліцy кладзі (гл.) і зубы на паліцу класці (гл.).

У саку. Гл. y <самым> саку.

У <самым> саку. Агульны для ўсходнесл. м. У поўным росквіце сіл. Уніят быў яшчэ не стары, як кажуць, y самым саку (М. Машара. Сонца за кратамі).

Узнік на аснове падабенства з’яў. Спалучэнне ў саку (з прамым значэннем слоў) ужываецца, калі гавораць пра расліны: y веснавы час яны ўзмоцнена жывяцца сокамі зямлі.

У сарочцы (кашулі) нарадзіўся. Агульны для ўсходнесл. м. Удачлівы, шчаслівы, шчаслівец. Штаб быў на месцы. Павел Адамавіч дужа ўзрадаваўся, што я вярнулася. — У сарочцы ты нарадзілася, Валя (І.Шамякін. Шлюбная ноч).

Паходжанне фразеалагізма звязваецца з павер’ем: калі дзіця прыходзіць на свет не голае, як звычайна, a ў «сарочцы», — г. зн. калі яго галоўка пакрыта каляплоднай плеўкай, якая ў хуткім часе спадае, то яму наканавана шчаслівая будучыня.

У свет вочы. Уласна бел. (параўн. падобны выраз ва ўкр. м.: світ за очі). У невядомым напрамку, не выбіраючы дарогі, абы-куды (ісці, пайсці і пад.). Вось ім солтыс прывёў нейкага з тых, што пасля турмы за камуну не маюць права жыць у сваім павеце, a ідуць у свет вочы на высылку (Я. Брыль. Праведнікі і зладзеі).

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code