Арыядніна ніць. Крылаты выраз з грэч. міфалогіі. Сродак выйсці з цяжкага становішча. Ада, Арыяда, Арыядна! Мне б цябе і любіць і сніць, толькі дзе, скажы, Арыядна, Арыядніна твая ніць? (А. Вярцінскі. Арыядніна ніць).
Паходзіць з міфа пра афінскага героя Тэзея. Найважнейшым подзвігам Тэзея было знішчэнне Мінатаўра — пачвары з чалавечым тулавам і бычынай галавой. Гэтаму страшыдлу, які жыў у лабірынце, адкуль ніхто не мог знайсці выхаду, афіняне, паводле загаду крыцкага цара Мінаса, кожны год (другі варыянт: адзін раз у тры гады) ахвяравалі сем юнакоў і столькі ж дзяўчат. Дайшла чарга і да Тэзея. Але яму дапамагла Арыядна — дачка цара Мінаса, якая пакахала юнака і дала яму востры меч і клубок нітак. Прывязаўшы нітку ля ўваходу і размотваючы клубок, Тэзей дабраўся да Мінатаўра і, забіўшы яго, па нітцы знайшоў выйсце з заблытаных хадоў лабірынта, а таксама вывеў іншых асуджаных на з’ядзенне.
Арэдавы вякі. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі доўга (жыць, пражыць). Гэта во мая Мар’я Васільеўна. Пражылі мы з ёю арэдавы вякі, а дзяцей не займелі (М. Лобан. Шэметы).
Паходзіць з біблейскага аповеду (Быццё, 5, 15) пра патрыярха Іарэда, які пражыў нібыта 962 гады.
Асадзі назад! Уласна бел. Прэч (як патрабаванне пазбавіцца ад каго- ці чаго-н.). Цемра, мукі, гора, — асадзі назад! (Н. Гілевіч. Асадзі назад).
Крылаты выраз з аднайменнага верша Я. Коласа. Выраз як рэфрэн паўтараецца ў вершы амаль ва ўсіх строфах:
Асёл маляваны. Уласна бел. Тупы, неразумны чалавек. Дурні! Аслы маляваныя! Пасядзець бы паболей з дзядзькам Піліпам, навучыцца б плесці з лазы «фірмовыя» кошыкі… (Я. Рагін. Пра асла маляванага, босую яечню і неўтаймаваныя жаданні).
Паводле Ф. Янкоўскага, гэты фразеалагізм «ідзе ад вандроўных цыркаў, калі такога „ўдзельніка“ спектакля, як асёл, размалёўвалі, але гэта не змяняла характару, упартасці „цыркача“, асёл заставаўся аслом». Пры ўзнікненні гэтага выразу адбылася адначасовая каламбурная рэалізацыя двух слоўнікавых значэнняў назоўніка асёл: ‘жывёліна’ і ‘тупы, неразумны чалавек’.
Асінае гняздо. Відаць, калька з англ. (а wasps`nest) ці ням. (Wеsрепnest) м. Прыстанішча, зборышча небяспечных, шкодных людзей. Ліха ведае, што там, у Вялікім Лесе, робіцца… Складваецца уражанне, што там нейкае асінае гняздо, цэлая банда… (Б. Сачанка. Вялікі Лес).
Вобразнасць фразеалагізма звязана з такой прыметай, як агрэсіўнасць патрывожаных у гняздзе восаў. Параўн.: «Яны цяпер злыя, як гады, як восы тыя, калі іх кіем зачэпіш, разварушыш гняздоўе іхняе, асінае…» (М. Лынькоў).
Асіна плача па кім. Уласна бел. Хто-н. заслугоўвае павешання. — Судзіць гадаў! — Які там суд? Асіна па іх даўно плача, — закрычаў Цярэшка (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка). Ужыв. і з эпітэтам да назоўнікавага кампанента: Па табе і твайму сынку даўно сухая асіна плача (М. Лобан. На парозе будучыні).
Узнік па мадэлі фразеалагізмаў вяроўка плача, пятля плача (выкарыстана граматычная структура і дзеяслоўны кампанент). Асіна, а не яшчэ якое-небудзь дрэва выбрана, відаць, з той прычыны, што яна раней не ішла на апал, амаль не скарыстоўвалася як будаўнічы матэрыял і прыдатная была, на думку людзей, хіба толькі на шыбеніцы. Тым больш што яе ўжо калісьці апаганіў евангельскі здраднік Юда (гл. трыццаць срэбранікаў), які нібыта пасля раскаяння сам павесіўся на асінавым суку.
Асядлаць Пегаса. Відаць, паўкалька з ням. м. (den Редаsus satteln). Заняцца паэзіяй, стаць паэтам, пачаць пісаць вершы. Асядлаў Пегаса з адзіным імкненнем — хутчэй перасесці на ўласны аўтамабіль (ЛіМ. 23.05.1975).
Выток фразеалагізма — грэч. міфалогія. Пегасам у старажытных грэкаў называлі чарадзейнага крылатага каня, які сімвалізаваў паэтычную творчасць. Паводле міфа, музы так цудоўна спявалі аднойчы, што гара Гелікон, на якой яны жылі, пачала ад вялікага захаплення расці і паднялася была ўжо да неба. Тады Пегас ударыў капытом, вярнуў гару на ранейшае месца і высек цудадзейную крыніцу, якая стала крыніцай паэтычнага натхнення.
Атрасаць рукі ад каго, ад чаго. Гл. атрэпваць (атрапаць; атрасаць, атрэсці) рукі ад каго, ад чаго.
Атрымліваць (атрымаць) гарбуз(-а). Паўкалька з укр. м. (одержувати гарбуза). Абнеслаўляцца пры сватаўстве, не дабіўшыся згоды на шлюб. Ну, а скажыце, ці не было ў вас ніякіх падазрэнняў наконт Вароны? Скажам так. Варона сватаеццада Яноўскай, атрымлівае гарбуза і пасля, каб адпомсціць, пачынае выкідваць жарцікі з дзікім паляваннем (У. Караткевіч. Дзікае паляванне караля Стаха).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. На Украіне быў звычай даваць маладому або свату гарбуз як знак нязгоды, калі дзяўчына ці яе бацькі непрыхільна ставіліся да сватання. Такі звычай быў і ў некаторых паўднёвых раёнах Беларусі. Гэта апісана ў аповесці А. Кажадуба «Высока сонейка, высока». Параўн. таксама ўрывак з апавядання У. Мяжэвіча «Жаніх з Чыкага» (дзеянне адбываецца «за Рэчыцай, на мяжы з Украінай»): «Пасля маёй гаворкі Ксеня пабегла на гарод, вынесла адтуль самы вялікі гарбуз і, як толькі паказаўся Бэйбл, — падкаціла, як футбольны мяч, да яго ног, а сама ўцякла. — Што гэта такое? — запытаў Бэйбл. — Па мясцоваму звычаю, — сказаў я Друйзу, — гэта канчатковая адмова жаніху… Цяпер ужо ніякай надзеі».
Атрэпваць (атрапаць; атрасаць, атрэсці) рукі ад каго, ад чаго. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘рашуча пазбаўляцца ад каго-, чаго-н.’ і ‘катэгарычна адмаўляцца ад каго-, чаго-н.’. Зыдор Пніцкі, атрапаўшы рукі адусяго хатняга дробнага капеечнага клопату, зрабіўся нязменным спадарожнікам Адама Бародзіча і Курца (К. Чорны. Ідзі, ідзі). [.Гаспадыня: ] Ну што, возьмем падпаска? [Гаспадар: ] Ты сабе бяры, а я атрасаю рукі. Хутка самому ў пастухі наймацца прыйдзецца (У. Галубок. Бязвінная кроў).
Утвораны ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў сувязі са звычкай атрасаць рукі па заканчэнні якой-н. пыльнай работы.
Аўгіевы канюшні (стайні). Калька з грэч. м. Абазначае ‘вельмі забруджанае памяшканне’ і ‘поўнае бязладдзе, надзвычайная запушчанасць спраў у якой-н. арганізацыі’. Калі чысціць аўгіевы стайні, дык чысціць пад мяцёлку! (У. Гурскі. Вецер веку). На фронце адбываецца рэвалюцыя. На фронце салдаты праводзяць карэнную чыстку вашых [эсэраўскіх] аўгіевых канюшняў (Полымя. 1956. № 5).
Паводле міфа, у элідскага цара Аўгія былі вялізныя канюшні, якіх ніхто не прыбіраў трыццаць гадоў. Каб ачысціць іх, спатрэбілася сіла і розум міфічнага героя Геракла (Геркулеса). Ён зрабіў гэта за адзін дзень, перагарадзіўшы плацінай раку Алфей і пусціўшы ваду ў канюшні.
А ўсё ж такі яна рухаецца! Калька з італ. м. (Еррut sі muovе). Выклічнікавы выраз як вокліч цвёрдай упэўненасці ў слушнасці свайго выказвання. Не будзе нам страшны гэты паганы над намі торг нашых нязваных і насланых апекуноў. Ужо цяпер мы можам смела сказаць ім: «А ўсё ж такі яна рухаецца!», г. зн. усё ж такі мы жывём і будзем жыць! (Я. Купала. А ўсё ж такі мы жывём!..).
Выраз прыпісваецца італьянскаму вучонаму Г. Галілею (1564–1642), які на судзе інквізіцыі хоць і мусіў быў адрачыся ад вучэння Каперніка пра рух Зямлі, але нібыта, тупнуўшы нагою, усклікнуў, што ўсё ж яна рухаецца.
Ахілесава пята. Калька з грэч. м. Найбольш слабае, паражальнае месца. — Семдзесят працэнтаў прамысловасці ў вобласці — на маіх плячах. Умей цаніць гэта! — папракнуў ён Сасноўскага, хоць той аб кіраўніцтве прамысловасцю сёння слова не сказаў. Але Ігнатовіч ведаў «ахілесаву пяту» сакратара абкома і бязлітасна стрэліў туды. Вось табе! За твой намёк пра маю няшчырасцьу сяброўстве (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).
Паводле міфа, марская багіня Фетыда, каб зрабіць свайго сына Ахілеса несмяротным, акунула малога ў свяшчэнную ваду падземнай ракі Стыкс. Цела Ахілеса стала пасля гэтага непаражальнае. Толькі пятка, за якую, апускаючы ў ваду, трымала маці сына, засталася адзіным неабароненым месцам. У час Траянскай вайны Ахілес праславіўся подзвігамі, апетымі ў паэме Гамера «Іліяда», але быў забіты царэвічам-траянцам Парысам, стралу якога нібыта бог Апалон накіраваў у пяту героя.
Б
Бабіна лета. Агульнаслав. (толькі ў балг. м. існуе іншы адпаведнік: сиромашко лято, літаральна ‘беднае, няшчаснае лета’). У бел. м. ужыв. са значэннямі: 1) ранняя восень з яснымі цёплымі днямі, 2) серабрыстае павуцінне, якое плыве над зямлёй у дні бабінага лета, 3) астра новабельгійская, 4) час прыліву новых сіл, творчай энергіі або ўзнікненне кахання ў пажылыя гады. Для Івана Майсеевіча восень, асабліва бабіна лета, — чаканы і радасны час, пара вялікай і мудрай раўнавагі (Г. Пашкоў. За восеньскай Лошыцай). «Бабіна лета» плыло даўжэзнымі пасмамі ў паветры, асядала на траву, чаплялася за дрэвы ды плыты (Р. Мурашка. Сын). Да самых маразоў пад вокнамі цвіце бабіна лета (К. Чорны. Скіп’ёўскі лес). У жыцці маім — бабіна лета, на душы маёй квецень вясны! Мабыць, сэрца такое паэта? Можа, гэта чароўныя сны? (П. Пруднікаў. У жыцці маім — бабіна лета…).
Серабрыстае павуцінне, што бабіным летам плыве і плыве над зямлёй, падобнае на доўгія сівыя валасы старой жанчыны. Мяркуюць, што гэта падабенства і было падставай, каб назваць цёплыя (нібы зноў лета вярнулася!) асеннія дні бабіным летам. Ёсць і шэраг іншых версій пра ўзнікненне гэтага выразу ў яго першым значэнні. Другое значэнне развілося на аснове першага ў выніку метанімічнага пераносу. Вынікам метафарычнага пераносу, з актуалізацыяй патэнцыяльных сем (‘працяг ці вяртанне лета’), сталі трэцяе і чацвёртае значэнні: ‘астра новабельгійская’ (расліна, якая цвіце да глыбокай восені) і ‘час прыліву новых сіл, творчай энергіі’.
Бабка надвое варажыла (гадала). Усходнесл. Ужыв. са значэннямі ‘невядома, ці ўдасца ажыццявіць жаданае’ і ‘невядома, ці адпавядае сапраўднасці тое, пра што гавораць’. Дык от: дабярэцеся вы [праз лінію фронту] ці не — бабка надвое гадала. А біць немца і тут можна (П. Місько. Мора Герадота). Тут, бачыш, на каго нарвешся… Ёсць сярод іх і разявы. Ёсць і ласыя да грошай. Ёсць і такія, што спачуваюць нам. У такіх выпадках кажуць: бабка надвое варажыла… (Р. Няхай. Туман над стэпам).
Узнік як выказванне недаверлівых, іранічных адносін да варажбітак (бабак), якія спрабавалі ўгадаць чый-небудзь лёс, прадказаць надвор’е, ураджай і інш. Сустракаецца ў помніках старажытнай беларускай пісьменнасці — «Лістах Філона С. Кміты-Чарнабыльскага» (XVI ст.): «А теж і тогды тая бабка на двое ворожила. Был бы паном, был а не был. Ино от него Бог збавил».