MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Трымаць порах сухім. Калька з англ. м. (keep one’s powder dry). Быць пільным, быць у баявой гатоўнасці. Вораг гатоў выкарыстаць любую нашу слабасць, любы зручны момант. Гэта абавязвае нас быць увесь час напагатове, трымаць порах сухім (І.Мележ. Завеі, снежань).

Узнікненне выразу звязваецца з імем Олівера Кромвеля — кіраўніка англійскай буржуазнай рэвалюцыі XVII ст. Калі яго войска павінна было фарсіраваць раку, ён нібыта сказаў: «Спадзявайцеся на Бога, але порах трымайце сухім».

Трымаць руку на пульсе чаго. Паўкалька з руск. м. (держать руку на пульсе). Быць у курсе падзей, сочачы за іх развіццём. Паэт трымаў руку на пульсе часу, апяваў жыццё ў яго перспектыве… (Ю. Свірка. «Прымі мой зорны спеў…»).

Утвораны на базе састаўнога медыцынскага тэрміна ў выніку яго пераноснага ўжывання.

Трымаць (стрымаць) <сваё> слова. Калька з франц. м. (tenir <sa> parole). Выконваць абяцанне. Скончылі працу, гаспадар стрымаў сваё слова, і вячэра была сытая і смачная (У. Дамашэвіч. Дзявочая клятва).

Трымаць хвост трубой (дудой). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. держать хвост трубой, укр. тримати хвіст трубою). Трымацца ўпэўнена, з гонарам, не баючыся, не сумуючы. Хадзем, браце, апранацца, наводзіць глянец. Як сябе ні адчуваеш, а, як той казаў, хвост трэба трубой трымаць (Р. Сабаленка. Пчаліны мёд).

Утварыўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое з прамым значэннем слоў ужываецца ў дачыненні да некаторых жывёл (напрыклад, сабакі ці ваўка).

Трымаць язык за зубамі. Калька з ням. м. (die Zunqe im Zaum halten, літаральна «язык за зубамі трымаць»). Нічога не гаварыць лішняга, быць асцярожным у выказваннях; маўчаць, калі трэба. Сеня адмовіўся [адказваць], можа, таму, што яму толькі што загадалі «трымаць язык за зубамі» (І.Шамякін. Трывожнае шчасце).

У многіх навуковых працах сцвярджаецца, што гэты выраз «уласна рускі» і з’яўляецца вынікам скарачэння прыказкі «Ешь пирог с грибами, a язык держи за зубами». Часам да гэтага дадаюць яшчэ і сюжэтны аповед з часоў імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Думаецца, аднак, што гэты выраз склаўся ў немцаў і ў яго аснове — нерэальны вобраз, звязаны з языком як органам маўлення. Параўн. іншыя сінанімічныя фразеалагізмы: трымаць язык на прывязі, трымаць язык на замку, прытрымліваць язык. Параўн. і ў франц. м.: tenir sa lanque (літаральна «трымаць язык»).

Трын-трава для каго, каму. Запызыч. з руск. м. Не заслугоўвае ніякай увагі, не мае значэння, не хвалюе каго-н. Звінела б тая струна ды брала нас за жывое! Астатняе ўсё — нажыўное, астатняе ўсё — трын-трава! (А. Вярцінскі. Запаветная струна).

Лічаць, што неўжывальнае па-за фразеалагізмам слова трын — фанетычнае змяненне крын (грэч.) ‘кветка лілея’. У руск. помніках XVIII ст. сустракаецца тэрміналагічнае спалучэнне крин-трава як батанічна-ўрачэбнае абазначэнне лекаў ці лекавай сыравіны. Параўн. іншыя падобныя ўтварэнні: сон-трава, размарын-трава. Спалучэнне магло фразеалагізавацца ў маўленні ўрачоў ці знахароў, a фанетычнае пераўтварэнне адбылося, відаць, пад уздзеяннем пачатковага т y слове трава. Выраз ёсць і ў І.Насовіча — y такой форме: трынь трава. З мяккім н, але ў напісанні праз злучок сустракаецца ў З. Бядулі («Усё рэшта — трынь-трава»), Я. Коласа («Усё гэта трынь-трава»).

Трыццаць срэбранікаў (сярэбранікаў). Паўкалька з царк. — слав. м.(параўн. y «Трыёдзі поснай», спіс XI ст.: «Продаеши на трьхъ десятехъ серебрышцехъ»). Ужыв. са значэннем ‘плата за здраду, цана здрады’. [Мігуцкі:] Падумайце. Лібрэта гатова. Ганарар — трыццаць… [Гудовіч (падхоплівае):]Срэбранікаў (К. Крапіва. 3 народам).

Паходзіць з евангельскай прытчы (Матфей, 26,15) пра Юду Іскарыёта, які прадаў свайго настаўніка Ісуса Хрыста за трыццаць срэбранікаў. Каб стражнікі ведалі, хто з дванаццаці Ісус і каго трэба схапіць, Юда падышоў і пацалаваў яго.

Тры чвэрці да смерці. Уласна бел. Зусім нядоўга (да смерці засталося каму-н.). Камісар… Камісар… Што з табою робіцца? Вазьмі сябе ў рукі… Mo тры чвэрці да смерці, a ты… (П.Місько. Мора Герадота).

У гэтым фразеалагізме этымалагізацыі патрабуюць яго кампаненты. Чвэрць — тут тое самае, што пядзя. I хоць працягласць жыцця ніхто не вымярае на чвэрці, аднак у фразеалагізмах з унутранай рыфмай часам бываюць такія лагічныя і моўныя «анамаліі». A чаму тры, a не дзве? Бо лік тры адзін з улюбёных у народнай фразеалогіі, як і ў фальклоры (параўн.: да трох не гавары, y тры пагібелі, на тры сажні пад зямлёй і г.д.).

Трышкаў кафтан (каптан). Паўкалька з руск. м. (тришкин кафтан). Непапраўнае становішча, сітуацыя, калі з ліквідацыяй адных недахопаў непазбежна ўзнікаюць другія. Зрэшты, я ведаю: гэта, лечачы лёгкія, я пасадзіў сэрца. Пракляты трышкаў каптан! Дранае ашмоцце, a не здароўе! (В. Быкаў. Мёртвым не баліць).

Выраз з аднайменнай байкі (1815) І.А. Крылова. У ёй гаворыцца, як Трышка, каб палапіць прадзёртыя локці кафтана, абрэзаў рукавы, a каб надтачыць рукавы, абрэзаў полы і канчаткова сапсаваў свой кафтан. У баечнай маралі выраз ужыты ў іншасказальным значэнні; ён дастасаваны да асоб, якія, заблытаўшы свае справы, так іх папраўляюць, што ў выніку «ў трышкавым кафтане францяць».

Туман у вочы. Гл. пыл (туман) y вочы.

Турусы на калёсах. Відаць, недакладная паўкалька з італ. м. (turres ambulatoriae, літаральна «турусы рухомыя, якія ходзяць»), Бязглуздзіца, балбатня, небыліцы. [Голас з грамады: ] Разводзь, разводзь, доўгавалосы, турусы на калёсах! (Я. Колас. На шляхах волі).

Турусамі ў старажытнасці называлі вялікія перасовачныя вежы для асады крэпасцей. Многія не верылі ў існаванне такіх асадных машын і гаворку пра іх успрымалі як лухту. Выраз фіксуецца ў «Зборніку беларускіх прыказак» І.І.Насовіча: гоніць турусы на калёсах ‘гаворыць бязглуздзіцу’.

Тысяча і адна ноч. Калька з ням. м. (Tausendundeine Nacht). Штосьці дзіўнае, незвычайнае, казачнае. Яна [гід] не стараецца здзівіць тысяччу і адной ноччу: «Венецыя-Венецыя, ну і што? Знайшлі чаму здзіўляцца» (С. Астравец. Венецыя).

Паходзіць ад назвы зборніка арабскіх казак. Кніга пад такой назвай (з казкамі і апавяданнямі народаў Усходу) канчаткова склалася ў Егіпце (XIV–XV стст.) і была перакладзена на многія раманскія, германскія, славянскія і іншыя мовы.

Тэт-а-тэт. Запазыч. з франц. м. (tête-a-tête). Без сведак, без пабочных асоб, удвух з кім-н. (гаварыць, пагаварыць, спытаць і пад.). Далікатнасць сітуацыі вымагала гаворкі з ім, як кажуць французы, тэт-а-тэт (С. Законнікаў. Ліёнскі тыдзень).

Літаральны пераклад франц. выразу — «галава да галавы».

У

У абдымкі (абдоймы) Марфея ісці, пайсці і пад. Паўкалька з англ. м. (in the arms of Morpheus). Спаць. Я npocma скептык, якому дa таго ж вельмі хочацца спаць і які не дачакаецца сустрэчы са Швальбе, каб пасля адправіць яго да д’ябла, пачытаць штосьці з твораў тутэйшых паэтаў… I пайсці ў абдоймы Марфея (У. Караткевіч. Млын на Сініх Вірах).

Склаўся на аснове грэчаскай міфалогіі, дзе Марфей — бог сну, y антычным мастацтве адлюстроўваўся як стары чалавек з крыламі.

У абозе. Агульны для ўсходнесл. м. Ззаду ўсіх (заставацца, плесціся, цягнуцца і пад.). Мы пераходзім на прапашную сістэму. A ты застанешся ў абозе. Гаспадарка твая паказальная, што ж ты будзеш паказваць? (І.Дуброўскі. Зямныя вузлы).

Паходзіць з маўлення ваенных. Вайсковы абоз як сукупнасць транспартных сродкаў знаходзіўся ззаду палка, дывізіі, замыкаў рух вайсковага злучэння.

У агонь і <у> ваду ісці (пайсці) за кім, за каго. Агульны для ўсходнесл. м. Усюды і на ўсё, на любыя ўчынкі, безразважна і самаахвярна. Гэта і ёсць той самы Янка… У сельпо працуе. Я за яго ў агонь і ваду пайшоў бы… (У. Краўчанка. Не верыць нельга).

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code