MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Сякера пад лаўкай (лавай). Уласна бел. Не знаходка, не адкрыццё, даўно вядомая рэч, з’ява, факт і пад. Сякера пад лаўкай! — Скарупкаў «Slownik fraseologiczny», які так доўга чакаў маёй пільнейшай увагі (Я. Брыль. Дзевяноста чацвёрты).

Узнік унутрыфразеалагічным спосабам — на аснове выклічнікавага выразу знайшоў сякеру (тапор) пад (за) лаўкай (гл.). Параўн. y М. Федароўскага: «На Палессі кажуць: От нахадка: тапор за лаваю».

Сякі-такі нямазаны (такі-сякі нямазаны). Агульны для ўсходнесл. м. Выраз, які ўжыв. замест разгорнутай характарыстыкі ці ацэнкі каго-н., звычайна адмоўнай. [Жлукта: ] Хацеў бы я яшчэ зайсці да таварыша Бывалава… Перадайце яму прывітанне. Скажыце, што прыехаў сякі-такі нямазаны (К. Крапіва. Мілы чалавек).

Утвораны на аснове фразеалагізмаў сякі-такі, такі ды сякі шляхам пашырэння іх кампанентнага складу словам нямазаны, якое першапачаткова, відаць, усведамлялася як «не мазаны мірам у часе хрысціянскага абраду памазання» або як «няхры шчаны», «непрычашчоны». У «Зборніку беларускіх прыказак» І.І.Насовіча пададзены ў форме такі-сякі сухі, нямазаны.

Сямі пядзяў y лбе. Паўкалька з руск. м. (семи пядей во лбу). Вельмі разумны, здольны, здатны. Як ні дзіўна, сярэдневяковае праваслаўе страшэнна абыякавае да творцы, да асобы, якая на яго працавала, да дойліда, майстра фрэскі і іконы, разьбяра. І так паўсюль. Трэба быць сямі пядзяў y лбе, каб заслужыць на ўпамінанне (УКараткевіч. Дыяментны горад).

Узнік на аснове ўяўленняў, што высокі лоб — прымета вялікага розуму. Пядзя — даўнейшая мера даўжыні, роўная адлегласці паміж канцамі расцягнутых вялікага і ўказальнага пальцаў, г. зн. 18–20 см. Выраз засноўваецца на прыёме гіпербалы (сем пядзяў — гэта амаль паўтара метра). Фразеалагізмы з падобным гіпербалізаваным вобразам ёсць у некаторых раманскіх мовах: румынскай (eu sapta palme in frunte, літаральна «з сямю пядзямі ў лбе»), іспанскай (tener mas de dos palmos de frente, літаральна «мець больш як дзве пядзі ў лбе»).

Т

Табаку важыць. Уласна бел. Драмаць седзячы ці стоячы, то апускаючы, то падымаючы галаву. Што ты, табаку важыш? Ідзі ды кладзіся спаць. Гэта ж табе тут не карчма! (Я. Купала. Паўлінка).

Узнік з аманімічнага свабоднага словазлучэння ў выніку яго метафарызацыі на аснове падабенства з’яў «Табаку важылі на маленьхіх шаліках, вельмі адчувальных нават ад шчопця табакі» (Ф. Янкоўскі), яны доўга хадзілі то ўверх, то ўніз, пакуль не ўсталёўвалася раўнавага.

Так бы мовіць. Запазыч. з укр. м. (так би мовити). Калі можна так выказацца. Я ўжо даўно мінуў той дзіцячы ўзрост, пазбавіўся, так бы мовіць, ланцугоў чароўнага і, шчыра кажучы, трохі жорсткага туману… (А. Асташонак. Драматургічныя тэксты).

Гэта нядаўкяе запазычанне ўжываецца ў нашай мове паралельна з сінанімічным выразам так сказаць.

Так трымаць! Паўкалька з руск. м. (так держать). Заклік ці пажаданне і надалей прытрымлівацца ранейшай лініі паводзін. Малайчына, Андрэй, так трымаць, я ведаў, што ты не здасіся ўсякім жыццёвым перыпетыям (І.Капыловіч. Калі трэба жыць).

Паходзіць з маўлення маракоў, дзе «Так держать!» — каманда рулявому на судне, па якой ён павінен утрымліваць ход карабля па зададзеным курсе. Параўн. выкарыстанне фразеалагізма з паказам на сферу яго першапачатковага ўжывання: «Пылец па-сяброўску ляпае Алеся па плячы: — Так трымаць, старшына! Гэтак, здаецца, па-флоцку?» (І.Шамякін).

Танцаваць ад печы (ад печкі). Запазыч. з руск. м. Пачынаць з самага прывычнага, паўтараючы ўсе дзеянні з самага пачатку. Мне, Гарасім Сямёнавіч, здаецца, што я танцую, як кажуць, ад печы. Нешта хочацца знайсці такое… зразумець, чаму ўсё ж дзяўчына вярнулася з горадаў вёску (У. Саламаха. Напрадвесні).

Выраз з рамана В. А. Сляпцова «Добры чалавек» (1871). У адным з эпізодаў герой рамана Церабенеў успамінае, як яго, малога, калісьці вучылі танцаваць. Пачынаючы танец ад печкі, хлопчык збіваецца з такта і спыняецца. Настаўнік танцаў зноў вяртае хлопчыка да печкі, зноў усё пачынаецца спачатку. Праз пятнаццаць гадоў Церабенеў вяртаецца на радзіму пасля бясплённых блуканняў па Еўропе і са страхам думае, што прыйдзецца пачынаць жыццё спачатку. «Чаго я еду ў Расію? — раптам з жахам падумаў ён. — Гэта я вяртаюся да печкі!..»

Танталавы мукі (пакуты). Гл. мукі Тантала.

Таптанне на месцы. Агульны для ўсходнесл. м. Адсутнасць развіцця, руху наперад. [Язва: ] Пара канчаць гэту камедыю. Іначай будзе таптанне на месцы, чаго глядач цярпець не можа (К. Крапіва. Мілы чалавек).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма таптацца на <адным> месцы ‘не рухацца наперад, не развівацца, не ўдасканальвацца’.

Таптанне ў гразь каго, чаго. Гл. утоптванне (таптанне) y гразь каго, чаго.

Таптацца ў гразь. Агульны для ўсходнесл. м. Усяляк прыніжацца, знеслаўляцца, зневажацца. У краіне, дзе верхаводзяць «праваслаўныя атэісты», тысячагадовыя традыцыі мудрых продкаў топчуцца ў гразь (С. Кліменценка. Не згасайце, свечкі памяці).

Утвораны ад фразеалагізма таптаць у гразь (каго, што) — выразу з жывой унутранай формай.

Таптаць (утоптваць; утаптаць) y гразь каго, што. Калька з франц. м. (saucer dans la boue). Усяляк чарніць, прыніжаць, знеслаўляць каго-, што-н., зневажальна адзывацца, несправядліва абвінавачваючы. Як з «хамамужыка» ў палацах умела панства пасмяяцца! Як твае думы, тваё слова ў гразь таптала адмыслова! (Ю. Свірка. Хат вячысты дар).

Вобразнае ўяўленне, якое спадарожнічае фразеалагічнаму значэнню, усведамляецца даволі выразна. Адчуваецца і гіпербалічнасць у супастаўленні з’яў.

Тармазы адказваюць y каго. Агульны для бел. і руск. (тормоза срываются) м. Хто-н. страчвае кантроль над сваімі дзеяннямі, учынкамі. Мабыць, многія чулі, як юнак, які зрабіў нешта кепскае, апраўдваецца: «Адказалі тармазы… Быў п’яны» (Маладосць. 1988. № 2).

Паходзіць з маўлення шафёраў.

Таўчы ваду ў ступе. Гл. ваду ў ступе таўчы.

Тачыць зубы на каго, на што. Гл. вастрыць (тачыць) зубы на каго, на што.

Тачыць (патачыць) лясы (балясы) з кім. Агульны для ўсходнесл. м, Займацца пустымі размовамі, пустасловіць. Ёй [бабулі] няма часу з намі тачыць лясы — трэба бульбу перабраць: што варыць, што на насенне (І.Сяркоў. Мы з Санькам у тыле ворага).

Прынята лічыць, што фразеалагізм склаўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння тачыць балясы, г. зн. выточваць, апрацоўваць з дрэва фігурныя слупкі (балясы), якія ішлі на ўпрыгожванне лесвічных поручняў. Майстры, выконваючы гэту няцяжкую работу, займаліся вясёлымі размовамі, пустасловілі. Ёсць і другое меркаванне пра паходжанне фразеалагізма; на думку В. М. Макіенкі, выраз на пачатку свайго існавання меў агульнае аналітычнае значэнне: кампанент тачыць суадносіўся са значэннем ‘выконваць’, a кампанент балясы — са значэннем ‘пустыя размовы’.

Толькі (аднаго) птушынага малака няма (не хапае, бракуе) у каго, дзе. Агульны для ўсходнесл. (руск. только нет птичьего молока, укр. тільки пташиного молока нема) і польск. (brakuje komu tylko ptasiego mleka) м. Усяго ўволю, удосталь. I пажылі ж мы з Нэлечкай — ёсць што ўспомніць! Можна сказаць, аднаго птушынага малака бракавала (І.Аношкін. Дружбакі).

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code