Узнік y маўленні ваенных: пераможаныя складвалі, здавалі зброю (у прамым значэнні гэтых слоў).
Скласці зброю. Гл. складваць (скласці, злажыць) зброю.
Склаўшы (злажыўшы) рукі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. сложа руки, укр. склавши руки). Нічога не робячы, бяздзейнічаючы. Душна ў панскім бары. Доўга так дa зары склаўшы рукі чакаць. Час збірацца, сябры! (А. Куляшоў. Грозная пушча).
Выраз з’яўляецца «абломкам» дзеяслоўнага фразеалагізма сядзець склаўшы рукі (гл.). Адарваўшыся ад кампанента сядзець, ён стаў спалучацца са шмат якімі дзеясловамі поўнага лексічнага значэння (жыць, чакаць, хадзіць і інш.): «Не хачу, не прывык склаўшы рукі хадзіць: я гарбар — працаўнік. Я жыву — каб рабіць» (Ц. Гартны). Фразеалагізм можа спалучацца і з дзеясловам сядзець, калі той захоўвае сваё лексічнае значэнне: «Сядзяць паны, як мурашкі, на купіне сярод лужыны… Але не век жа сядзець злажыўшы рукі, трэба ж даваць якую раду» (Я. Колас).
Скрозь зубы. Гл. праз (скрозь) зубы.
Скрыжоўваць (скрыжаваць) шпагі (мячы) <з кім>. Калька з франц. м. (croiser les epees). Горача спрачацца, даказваць, змагаючыся за што-н., адстойваючы чые-н. інтарэсы. Над галавой гэтага дарослага дзіцяці скрыжоўваюць шпагі польскія і рускія палемісты (А. Мальдзіс. Восень пасярод вясны).
Утвораны ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое з прамым значзннем слоў ужывалася ў маўленні рыцараў.
Скрыня Пандоры. Паўкалька з франц. (boîte de Pandora) ці італ. (il vasa di Pandora) м, Крыніца ліха, бедстваў. Дзеля ілюстрацыі можна было б прывесці нямала прыкладаў з прапагандысцкай скрыні Пандоры (Полымя. 1986. № 4).
Выток фразеалагізма — грэчаская міфалогія. Паводле аднаго з міфаў, доўгі час людзі жылі, не ведаючы ніякіх хвароб, няшчасця і старасці. Калі ж Праметэй выкраў ад багоў агонь і аддаў яго людзям, раззлаваны Зеўс паслаў на зямлю прыгожую жанчыну Пандору, даўшы ёй таямнічую скрыню і забараніўшы адчыняць яе. Будучы цікаўнай, Пандора прыадчыніла вечка, і са скрыні тут жа вылецелі ўсе чалавечыя няшчасці і разляцеліся па ўсёй зямлі. Так Зеўс адпомсціў людзям за Праметэеў учынак.
Скура ды косці. Гл. <адна> скура ды косці.
Скура ды косці засталіся на кім, y каго, ад каго. Гл. <адны> скура ды косці засталіся на кім, y каго, ад каго.
Следам за дзедам. Уласна бел. Па шляху іншых, шляхам папярэднікаў (ісці, ехаць, рабіць што-н.). То ж сёння ў нас не трыццаты, a сорак сёмы год канчаецца. І нам з калгасамі не пачынаць, — мы ўжо следам за дзедам паедзем. Ведаем ужо тым часам, што і ў людзей на свеце робіцца, — былі, глядзелі (Я. Брыль. У Забалоцці днее). Або: У вячорнай размове ён ад трагічнай смерці акцёра перайшоў да смерці паэта… — Мусіць, і мне хутка — следам за дзедам (М. Лужанін. Колас расказвае пра сябе).
Гэты звязаны ўнутранай рыфмай выраз раней меў больш канкрэтны сэнс: пад словам дзед меўся на ўвазе муж. Відаць, першапачатковай сферай ужывання выразу была якраз тая моўная сітуацыя, пра якую піша І.Насовіч: «Кажуць, калі жонка прыходзіць туды, дзе яе гаспадар». Далейшае семантычнае развіццё ад канкрэтнага да абстрактнага і выкарыстанне выразу, напрыклад, са значэннем ‘як дзед (муж)’ можна бачыць у такім кантэксце з камедыі Я. Купалы «Паўлінка», дзе Альжбета, жонка Сцяпана, які толькі што пайшоў y бакоўку спаць, гаворыць Паўлінцы: «Ну, дык паглядзі ж ты, дзе карты, ды пазабаўляйцеся яшчэ трохі з панам Адольфам, бо я, мусіць, зраблю следам за дзедам. Трохі ж сягоння такі натупалася».
Слізганне па паверхні. Гл. коўзанне (слізганне) па паверхні.
Слова ў слова. Калька з франц. (mot a mot) ці англ. (word for word) м. Даслоўна, абсалютна дакладна, без скажэння (пераказаць, паўтарыць, запомніць і пад.). Міша расказаў усё, што было ў сельсавеце. Слова ў слова расказаў (С. Грахоўскі. Ранні снег).
Сляды замятаць. Агульны для ўсходнесл. м. Спрытна знішчаць тое, шю можа быць доказам у выкрыцці чагосьці. Ты паедзеш, a што падумае Абрамаў? Уцёк, сляды замятае. Значыць, вінаваты (С. Грахоўскі. Ранні снег).
Узнік са свабоднага словазлучэння, якое пераасэнсавалася на аснове падабенства з’яў: ліса, уцякаючы, замятае сляды. Параўн. ужыванне словазлучэння замятаць сляды з прамым значэннем гэтых слоў: «Ліса спыталася ў Зайца, чаму ён гэтакі палахлівы — сам сябе баіцца. — Бо я не маю такога, як у цябе, хваста, якім бы мог замятаць за сабою сляды, — адказаў Заяц» (Б. Сачанка).
Смактаць кроў з каго, чыю. Гл. піць (смактаць) кроў з каго, чыю.
Смактаць лапу. Агульны для ўсходнесл. м. Жыць надгаладзь, галадаць. — Тых, хто згодзіцца ехаць у Францыю, з заўтрашняга дня ўрад бярэ на сваё ўтрыманне. — Амерыканскай тушонкай і канадскімі булкамі заманьваеце. — Францыя сама лапу смокча, — прагучалі кплівыя галасы (А. Пальчэўскі. Вяртанне).
Утвораны ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага са звычкай мядзведзя жыць зімой у бярлозе за кошт тлушчавых запасаў, смокчучы сваю лапу.
Смаловы (смаляны) дуб плесці. Агульны для бел. і ўкр. (смаленого дуба плести) м. Небыліцы, недарэчнасць. — Чаго ж вы тут смаляныя дубы плялі? — не вытрымаў я. — Васільку такое неслі, што… —A я не Васільку, a табе (А. Шлег. Весялун).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, плён народнай фантазіі. Выраз ужываецца і ў польск. літаратурнай мове (у форме duby smalone), куды ён трапіў з творчасці А.Міцкевіча, які запазычыў яго з родных для паэта навагрудскіх гаворак.
Смертны грэх. Гл. смяротны (смертны, смяртэльны) грэх.
Смех у зале. Агульны для ўсходнесл. м. Выказванне здзіўлення, абурэння і пад. з прычыны чаго-н. недарэчнага, вартага смеху. Смех у зале, як кажа сучасная моладзь, — гадаваўся на бульбе, ды каб не ведаць, як яе пасадзіць ці акучыць ды выкапаць? (А. Ярась. Дзень сонечных промняў).
Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое сустракаецца ў чыім-н. апублікаваным выступленні, дакладзе як паказчык адносін слухачоў да асобных выказванняў прамоўцы.
Смяротны (смертны, смяртэльны) грэх. Запазыч. з царк. — слав. м. Вельмі вялікая загана, недаравальны ўчынак. Міхаіл Іпалітавіч напісаў запіску ў міністэрства. I добра, што напісаў. Там паспелі ўжо абвінаваціць яго ў самых смяротных грахах (М. Кацюшэнка. Урок маўчання).
Паходзіць з Бібліі (1-е пасланне Іаана, 5, 16–17). Паводле рэлігійных уяўленняу, гэта грэх, які нельга нічым згладзіць і вынікам якога з’яуляецца вечная мука ў пекле. Лічылася, што ёсць сем смяротных грахоў: зайздрасць, скупасць, распуста, аб’ядзенне, гордасць, маркота, гнеў. У далейшым царкоўнаславянскае словазлучэнне фразеалагізавалася, набыло абагульнены сэнс.
Соваць палкі ў кола каму, чаго. Гл. ставіць (устаўляць, соваць, сунуць) палкі ў кола каму, чаго.
Соваць (сунуць, утыкаць) <свой> нос куды, y што. Калька з ням. м. (die <seine> Nase stecken). Умешвацца ў што-н. — A ты не сунь свайго носа, куды цябе нг просяць, бо дастанеш, — пацьмянеў Грамабой (К. Крапіва. Мядзведзічы).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.