MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Секчы гордзіеў вузел. Агульны для ўсходнесл. (руск. разрубать гордиев узел, укр. розрубувати гордіïв вузол) іпольск. (przeciać węzel gordyjski) м. Смела і рашуча вырашаць якія-н. цяжкасці, супярэчнасці. Урэшце і сам даследчык зразумеў, што не хапае яму той нітачкі, знайшоўшы якую можна разблытаць увесь клубок. Тут трэба было або шукаць гэтых кончыкаў ніткі, або секчы гордзіеў вузел (І.Шамякін. Сэрца на далоні).

Крылаты выраз з грэч. міфалогіі. Паходзіць з таго ж міфа, што і фразеалагізм гордзіеў вузел (гл.). Аракул прарочыў, што той, хто развяжа хітры вузел, зроблены фрыгійскім царом Гордзіем, стане ўладаром усёй Азіі. Ніхто, аднак, не мог справіцца з вузлом, пакуль Аляксандр Македонскі не рассек яго мячом.

Сем пятніц на тыдні ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. семь пятниц на неделе, укр. сім п’ятниць на тиждень). Сінанімічны беларускаму ў адзін дзень сем перамен і вобразна характарызуе людзей нясталых, якія часта і лёгка мяняюць свае рашэнні, намеры, настрой, не выконваюць абяцанага. Кажы гэта дурнейшым ад самога, a не мне, валацуга! Ці ж можна табе верыць, калі ў цябе сем пятніц на тыдні! (Я. Колас. Адзінокае дрэва).

Сярод розных меркаванняў адносна этымалогіі гэтага выразу найбольш пераконвае прапанаванае С. Максімавым. Здаўна пятніца традыцыйна лічылася нерабочым днём. Гэта быў базарны дзень. Яшчэ ў канцы XIX ст. на адну толькі Магілёўскую губерню выпадала «семнаццаць пятнічных кірмашоў», a ў яе чатырнаццаці гарадах і мястэчках адбываліся «базары абавязкова ў кожны пяты дзень хрысціянскага тыдня, які (дзень) несумненна быў галоўным святочным і першым у тыдні язычніцкіх крывічоў» (С. Максімаў). Базарная пятніца была днём разлікаў, аддачы пазычанага. Пра чалавека, які не выконваў абяцанага, прасіў пачакаць да другога дня ці да другой пятніцы, a потым і зноў адкладваў, сталі гіпербалічна гаварыць, што ў яго «сем пятніц на тыдні».

Сена на асфальце. Уласна бел. Гараджанін y першым пакаленні, ахоплены настальгіяй па роднай вёсцы. Ты, значыць, агітуеш за горад? Ну правільна. Што табе вёска? Паўзабытае мінулае. Ты даўно перастала быць «сенам на асфальце». Твой дом у горадзе (А. Цяжкі. Дзе мой дом?).

Выраз з аднайменнага апавядання (1963) і назвы зборніка апавяданняў (1966) М. Стральцова.

Серада з-пад пятніцы відаць, вылазіць і пад. Уласна бел. Ніжняе адзенне з-пад верхняга (відаць і інш.). Суседка наша, Карабуціха, да вайны бязладная жанчына, y якой заусёды серада з-пад пятніцы вылазіла, аказалася практычнай кабетай (Л. Арабей. Камандзіроўка за мяжу).

Назоўнікавыя кампаненты ў гэтым выразе атрымалі няслоўнікавае значэнне, асацыююцца адзін з ніжнім адзеннем, a другі з верхнім. На выбар менавіта серады і пятніцы, a не якіх-небудзь іншых дзён тыдня, відаць, паўплывала тое, што гэтыя дні даўней былі, што называецца, на слыху. Есці мясное і малочнае забаранялася не толькі ў пасты, але і ў сераду ды пятніцу амаль кожнага тыдня. Параўн. таксама гісторыю фразеалагізма (крывіцца, скрывіцца) як серада на пятніцу (гл.).

Сесці на карак каму, чый, каго. Гл, садзіцца (сесці, уссесці) на карак (на шыю) каму, чый, каго.

Сесці на свайго <любімага> канька. Гл. садзіцца (сесці) на свайго <любімага> канька.

Сесці на хлеб і ваду. Гл. садзіцца (сесці) на хлеб і ваду.

Сесці не ў свае сані. Гл. не ў свае сані садзіцца (сесці).

Сёмая вада на кісялі. Гл. дзесятая (сёмая) вада на кісялі.

Сініца ў руках. Агульны для ўсходнесл. м. Што-н. пэўнае, канкрэтнае, супрацьпастаўленае чаму-н. няпэўнаму, ненадзейнаму, хоць і жаданаму. I калі ўдасца дабіцца волі, то яна не абміне і селяніна: ён будзе мець хоць сініцу ў руках (А. Якімовіч. Кастусь Каліноўскі).

Паходзідь з прыказкі Лепш сініцаў руках, чым журавель у небе, сэнс якой — ‘лепш мець хоць што-н. пэўнае менавіта цяпер, чым спадзявацца на болыпае і лепшае ў аддаленай будучыні’. Дарэчы, гэта прыказка спарадзіла два фразеалагізмы (гл. журавель у небе). Параўн. кантэкст, дзе выкарыстаны абодва прыказкавыя вобразы: «I лёгкая перамога яго ўжо не задаволіла б, хоць яму пакутліва хацелася мець, пакуль той журавель у небе, хоць нейкую сініцу…» (П.Місько).

Сіняя панчоха. Калька з англ. м. (blue-stocking). Так называюць непрывабных жанчын, якіх больш за ўсё цікавяць кніжныя, вучоныя заняткі. Адзін на адзін ён пераканаў бы любую сухастоіну, любую «сінюю панчоху». Але перашкаджала Даша (І.Шамякін. Атланты і карыятыды).

У Англіі ў другой палавіне XVIII ст. спачатку гэтым выразам называлі, a дакладней, празывалі адну асобу, прычым не жанчыну, a мужчыну — вучонага Б. Стэлінгфліта, які, насуперак модзе, апранаўся ў цёмнае, a панчохі насіў сінія. У такой форме ён прыходзіў y свой гурток, які аб’ядноўваў жанчын і мужчын і на пасяджэннях якога вяліся гутаркі на літаратурныя і навуковыя тэмы. Назва сіняя панчоха была перанесена на ўвесь гэты гурток і яго ўдзельнікаў. У далейшым выраз замацаваўся толькі за такімі жанчынамі, якія больш цікавяцца навукай, чым гаспадарчымі жаночымі справамі.

Сіняя птушка. Калька з франц. м. (aiseau bleu). Сімвал шчасця; тое, што ўвасабляе для каго-н. найвышэйшае шчасце. Сон яшчэ ціха гушкаў ля вокнаў зарапад, a золак сіняй птушкай зляцеў нячутна ў сад, што сум таіў дзявочы (Т. Бондар. Абуджэнне).

Аўтар крылатага выразу — бельгійскі паэт і драматург М. Метэрлінк (пісаў на франц. м.). Вяршыня яго творчасці — паэтычная п’еса «Сіняя птушка» (1908). Сюжэт п'есы казачны, пабудаваны на прыгодах дзяцей дрывасека, якія шукаюць «сінюю птушку» — «таямніцу рэчаў і шчасця», але не знаходзяць яе.

Сіямскія блізняты. Агульны для ўсходнесл. і польск, м. Аднадумцы, блізкія ў якіх-н. адносінах людзі ці неразлучныя сябры. В. Бечык імкнецца паказаць непадобнасць кожнага майстра, знайсці такія рысы і дэталі ў іх творчай манеры, каб паэты той ці іншай генерацыі пры ўсёй іх ідэйна-эстэтычнай, грамадзянскай агульнасці не выглядалі сіямскімі блізнятамі (В. Яраш. 3 удумлівай любоўю).

Склаўся ў выніку метафарызацыі адпаведнага словазлучэння, якім называлі двух зрослых блізнят — Чанга і Энга Букераў. Яны нарадзіліся ў 1811 г. y Сіяме (старая афіцыйная назва Тайланда) і, будучы зрослымі, пражылі 63 гады.

Скакаць пад дудку чыю. Калька з ням. м. (nach j-s Pfeife tanzen). Пакарацца каму-н., выконваць яго волю. «Скачы ж, браток, пад маю дудку, прызнай жа мне і ты пашану!» — Міхал у думках кажа пану (Я. Колас. Новая зямля).

У немцаў выраз склаўся на аснове байкі старажытнагрэчаскага байкапісца Эзопа «Рыбак і рыбы». Адзін рыбак ігранкем на флейце хацеў прывабіць да сябе рыб, але яны не выйшлі з мора. Тады ён закінуў сетку. Улоў быў добры. Бачачы, як рыбы трапечуцца і падскокваюць, рыбак сказаў з дакорам: «О нягодныя! Хопіць. Калі я іграў, вы не скакалі пад маю флейту, a як перастаў, вы скачаце».

Скідаць (скідваць, скінуць) з рахунку каго, што. Недакладная калька з руск. м. (сбрасывать со счетов). Пераставаць улічваць што-н., пераставаць надаваць значэнне чаму-н. Была, вядома, яшчэ адна надзвычай важная прычына, якую нельга скідаць з рахунку, калі гаварыць пра папулярнасць Косці на Першамайскай вуліцы (І.Навуменка. Вайна каля Цітавай копанкі).

Утварыўся ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні бухгалтараў, рахунковых работнікаў. Калі падлікі закончаны, то костачкі скідваюць з лічыльнікаў, паварочваючы рамку так, каб костачкі аказаліся справа.

Скінуць з рахунку каго, што. Гл. скідаць (скідваць, скінуць) з рахунку каго, што.

Скінуць з сябе ветхага Адама. Паукалька з франц. м. (dеpouiller le vieil Adam). Вызваліцца ад старых прывычак, поглядаў і стаць іншым чалавекам. — Паколькі мы сабраліся для таго, каб назаўсёды скінуць з сябе адзежу «ветхага Адама», — азваўся Іван Тадорык, — дык давайце наўперад пакупаемся ў Нёмане, a наш сход не мядзведзь, y лес не ўцячэ (Я. Колас. На ростанях).

У французаў выраз склаўся на аснове евангельскага тэксту: y «Пасланнях апостала Паўла» выказваецца заклік да грэшнага чалавека духоўна перарадзіцца, «скінуўшы з сябе ветхага чалавека са справамі яго».

Складваць галаву за каго, за што, дзе. Гл. класці (складваць) галаву за каго, за што, дзе.

Складваць (скласці, злажыць) зброю. Відаць, калька з ням. м. (die Waffen strecken). Ужыв. са значэннямі ‘спыняць узброенае супраціўленне, прызнаваць сябе пераможаным’ і ‘адмаўляцца ад працягу барацьбы, ад прындыпаў абароны сваіх інтарэсаў’. Паўлаўцы згаджаюцца скласці зброю. Патрабуюць гарантыі (І.Шамякін. Першы генерал). Леанід Рыгоравіч — тады толькі мастацкі кіраўнік тэатра — не разгубіўся і не злажыў зброі. Ён прапанаваў прачытаць п’есу першаму сакратару КПБ… Чытаў сам (К. Кузняцова, Р. Смольскі. Вернасць тэатру, часу, сабе).

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code