MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Утвораны шляхам кантамінацыі — аб’яднання элементаў двух фразеалагізмаў: сам-насам + сам з сабой. Абодва фразеалагізмы мнагазначныя, адно з іх значэнняў (‘на адзіноце’) — агульнае для абодвух фразеалагізмаў і для кантамінаванага на іх аснове ўтварэння.

Сам не свой. Агульны для ўсходнесл., польск. і чэшск. м. Моцна ўсхваляваны, y стане разгубленасці, роспачы, адчаю (быць, хадзіць, ісці, сядзець і пад.). Я скажу табе, што ўвесь час, як толькі ты з’явілася ў атрадзе, я быў сам не свой (У. Дамашэвіч. Між двух агнёў).

Першапачаткова выраз абазначаў, што хто-небудзь, знаходзячыся ў незвычайным, y «не сваім» стане, часткова ўжо належыць якой-небудзь нячыстай сіле і што яго лёс, вяртанне ці невяртанне ў ранейшы стан залежыць ад далейшых сувязей з гэтай нячыстай сілай. Такое вытлумачэнне пацвярджаецца польскай прыказкай Już sam nie swój, połowica dijablowa (ужо сам не свой, палавіна — д’яблава). У бел. м. фразеалагізм нярэдка ўжываецца ў форме кампаратыўнага звароту як сам не свой: «Увесь гэты час Толя быў як сам не свой. Як сам не свой ён страляў y трохразовым адрывістым салюце» (У. Паўлаў Чуж-чужаніца).

Само сабой <разумеецца, зразумела>. Калька з ням. м. (es versteht sich von selbst). Ужыв. як пабочнае словазлучэнне ў сэнсе ‘не выклікае ніякага сумнення’. — Вы спытайце Касцянка яшчэ раз, Віктар Паўлавіч. — Само сабой разумеецца, — мірна згадзіўся той (І.Шамякін. Крыніцы).

Сам сабе галава. Агульны для ўсходнесл. м. Самастойны, незалежны ні ад каго чалавек. Добра табе, халасцяку, ні кала ні двара, сам сабе галава. A тут — чацвёра ў доме, і малыя! (В. Быкаў. Трэцяя ракета).

Сэнсаўтваральную ролю ў выразе выконвае кампанент галава, суадносны з такім жа назоўнікам у адным з яго значэнняў — ‘кіраўнік, начальнік’.

Сам чорт не брат каму. Запазыч. з руск. м. Каму-н. нічога не страшна, нічога не значыць, усё хоць бы што. — Цяпер куды болей разгону, — ажыўляецца Мартын. — Вясною і сам чорт нам не брат. Знай толькі лес ды добрую часіну з лесу паказацца… (Я. Колас. Дрыгва).

У руск. м. фразеалагізм склаўся пад уплывам франц. le roi п'est pas son cousin (літаральна «кароль яму не брат»). У перыяд сярзднявечча французскі кароль даваў сваім прыбліжаным тытул кузена (стрыечнага брата); тыя ж, хто не меў такога тытула, былі больш незалежнымі ад караля.

Са шчытом. Агульны для ўсходнесл. і польск. (z tarczą) м. 3 перамогай, пераможцам (з’явіцца, вярнуцца і пад.). — Ну як: са шчытом ці на шчыце? — прыжмураным вокам сустрэў Марыну Паўлаўну высокі мужчына (А. Васілевіч. Шляхі-дарогі) Этымалагічная аснова выразу тая самая, што і ў фразеалагізма на шчыце (гл.).

Сваімі словамі гаварыць, расказваць, адказваць і пад. Агульны для ўсходнесл. і польск. (własnymi (swoimi) słowami) м. Не літаральна, не даслоўна, a перадаючы галоўны сэнс. — Матка боска! — зноў спыняе яго [вучня] панна Рузя, — Ну сабраў, ну прайшоў ну, разбіў… Конь ты божы! Ды гавары ты нарэшце сваімі словамі! (Я. Брыль. Сірочы хлеб).

Узнік, хутчэй за ўсё, y маўленні настаўнікаў. Параўн. аналагічнае меркаванне: «Атрымліваецца часам, што мы гаворым не пра тое, што знаем лепш за ўсіх, што нам больш за ўсё баліць, і ў той жа час гаворым не сваімі, як кажуць школьныя настаўнікі, словамі» (В. Бечык, А. Вярцінскі).

Свая вош укусіць каго. Уласна бел. Каму-н. прыйдзецца сутыкнуцца з жыццёвымі клопатамі, адчуць жыццёвыя цяжкасці непасрэдна самому, без чыёйсьці апекі. Табе за бацькавай спінай добра «спасацца», a пачакай толькі, хай свая вош укусіць (Я. Брыль. Праведнікі і зладзеі).

Паходзіць з прыказкі (падаецца ў зборніку І.Насовіча) Тады чалавек памысліць мусіць, як свая вош укусіць. Або: Кожны перастаць тады мусіць, як свая вош укусіць (пра выпраўленне паводзін маладога чалавека). Фразеалагізм набыў здольнасць свабодна ўключацца ў кантэкст і рэалізаваць часавыя формы дзеяслоўнага кампанента: «А цябе яшчэ як мае быць не ўкусіла свая вош, ты яшчэ жывеш кнігамі…» (Л. Арабей. Іскры ў папялішчы).

Светлая галава. Калька з ням. м. (ein heller Kopf). Вельмі разумны, здольны лагічна думаць чалавек. [Мірон: ] A ў яго слова, як жалеза, аказалася: усё, што абяцаў, — зрабіў. Пра яго, ведаеш, як ка~ жуць? Мудры чалавек, чулы дужа, светлая галава! (А. Савіцкі. Верай і праўдай). Можна лічыць, што абодва кампаненты — сэнсаўтваральныя: галава суадносіцца са значэннем ‘розум’, светлая — ‘лагічная, ясная’.

Свет цесны. Калька з італ. м. (il mondo ро). У любым месцы можна нечакана сустрэцца са знаёмым. Свет цесны, гэта сказана не мною… Праз тлумны магазін, без гаманы хлапчына падыходзіць за чаргою, аўтограф просіць: «Я са Старыны!» (Е. Лось. Студэнту з вёскі).

Выраз прыпісваецца Хрыстафору Калумбу, які ў 1492 г. адправіўся на трох іспанскіх суднах шукаць прамы марскі шлях y Індыю, але нечакана прычаліў да берагоў невядомай тады Амерыкі, «адкрыў Амерыку».

Свінтус грандыёзус. Уласна бел. Ганебны чалавек, нахабнік, невук. A сам бы як аднёсся да ўсяго, каб на яе месцы быў?.. Свінтус грандыёзус ты, таварыш Мікульскі… (П.Місько. Мора Герадота).

Выраз з камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім» (1939), дзе ён спачатку ўжыты для абазначэння вялізнай дапатопнай жывёліны з жабрамі, «адкрытай» ілжэвучоным Гарлахвацкім, a пасля пераносна — y дачыненні да таго ж Гарлахвацкага — невука і прайдзісвета.

Свята на вуліцы чыёй. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. праздник на улице, укр. свято на вулиці). Ажыццяўленне чыіх-н. надзей, жаданняў. Праз некалькі дзён адбылося свята на Кастусёвай вуліцы: ён прыйшоў на першы ўрок у беларускую школу (С. Александровіч. На шырокі прастор).

Паходзіць з прыказкі Будзе і на нашай вуліцы свята, сэнс якой — ‘даб’ёмся і мы свайго, збудуцца нашы надзеі, спадзяванні’.

Святая прастата. Калька з лац. м. (sancta simplicitas). Наіўны, прастадушны чалавек. Святая прастата, Півавараў, мабыць, думаў, што на ваеннай карце ўсё абазначана (В. Быкаў. Дажыць да світання).

Выраз прыпісваюць Яну Гусу — нацыянальнаму герою чэшскага народа. Адлучаны ад царквы як ерэтык, за некалькі мінут да таго, як яго спалілі на кастры (1415), Гус, убачыўшы, што нейкая адурманеная рэлігіяй старая стала падкідаць у агонь галлё, нібыта ўсклікнуў па-латыні: «O sancta simplicitas!» Біёграфы Гуса, аднак, не пацвярджаюць гэтага. Больш верагодна, што выраз набыў крылатасць раней. Як сведчыць рымскі пісьменнік Руфін (IV ст.), упершыню гэтыя словы сказаў на Нікейскім саборы (325) адзін багаслоў y спрэчцы з філосафам, каб прымусіць яго замоўкнуць.

Святая святых. Запазыч. з царк. — слав. м. У Бібліі (Ісход, 26,33–34) гэта тэрмін для абазначэння той часткі Іерусалімскага храма, дзе захоўваўся каўчэг з запаведзямі, пасудзіна з маннай, цудадзейнае жазло і куды дазвалялася заходзіць толькі першасвяшчэнніку адзін раз у год. Апрача таго, гэтым тэрмінам называўся ахвярны хлеб, што прыносілі ў Іерусалімскі храм і які маглі з’есці толькі жрацы гэтага храма.

На аснове названых канкрэтных значэнняў y выразе развіліся пераносныя, звязаныя з памяшканнем або аб’ектам: 1) недаступнае памяшканне, якое строга ахоўваецца; 2) месца, якое з’яўляецца вельмі дарагім, да якога адносяцца з пашанай; 3) памяшканне, дзе вядуцца адказныя работы, знаходзяцца важныя прыборы і пад.; 4) самае важнае, дарагое, запаветнае. Сувязны перадаў ад таварыша Андрэя просьбу — пранікнуць у святая святых складанай жандарскай махіны… (Б.Мікуліч. Цяжкая гадзіна). Я не хацела б, каб у святое святых — яго кабінеце, рукапісах — капаўся хто-небудзь чужы… (Б. Сачанка. Не на той вуліцы). Давайце наведаемся ў святая святых радыё — студыю гуказапісу (В. Тарас. Сустрэча з сучаснікамі). I ці ёсць у паэта маральнае права маўчаць, калі гаворка ідзе пра святая святых — пра паэзію? (Т. Бондар. Паэзія ці версіфікатарства?). Першы фразеалагічны кампанент, які з’яўляецца былой формай назоўнага скл. мн. л. н. р., y сучаснай мове перастаў ужо быць нескланяльным: святое святых (Я. Колас), святога святых (З. Бядуля, У. Калеснік, Л. Прокша), святую святых (А. Косаў).

Святло праліваецца (пралілося) на што. Уласна бел. Што-н. робіцца зразумелым. Для мяне асабіста пралілося святло на вытокі канфлікту ў калгасе імя Суворава (Звязда. 18.07.1987).

Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага ліць (праліваць, праліць) святло на што ‘растлумачваючы, рабіць зразумелым што-н.’.

Святым духам. Агульны для бел. і руск. м. Абазначае: 1) нічога не еўшы (жыць), 2) нібы само сабой, невядома як (рабіць што-н., робіцца што-н.). Ідзі… Ды скажы, каб падсілкавацца чаго-небудзь прыдумалі… Святым духам, ведаеш, нядоўга працягнеш (І.Мележ. Мінскі напрамак). A хто яе [чуму] занёс сюды, хачу я вас запытаць?.. Святым духам? Не, святым духам яна не прыйшла сюды! (М. Лобан. Гарадок Устронь).

У лексіка-фразеалагічных кантэкстах тыпу: не духам святым ён жыве (Я. Колас); святым духам не жыве (К. Крапіва); святым духам жыло (Б. Сачанка) і інш. — святым духам па форме — творны склон параўкальны, тое самае, што і «(жыць) як святы дух». У фразеалагізме адбіліся негатыўныя адносіны народа да «святога духа» — трэцяй асобы тройцы. Паводле хрысціянскага веравання, Бог адзіны, але і троечны, г. зн. адзіны нябесны Уладыка можа выступаць, праяўляцца ў трох асобах: Бога-айца, Бога-сына і Бога — духа святога. Гэта «троечнасць адзінага», як сцвярджалі цархоўнікі, «недаступная розуму тайна бажаства». Сама ідэя «Бога — духа святога» з прычыны яе незразумеласці не была папулярнай нават сярод вернікаў. На гэтай аснове і ўзнік фразеалагізм святым духам, які мае афарбоўку іроніі, жартаўлівасці.

Сезам, адчыніся! Паўкалька з франц. м. (Sésame, ouvretoi). Выказванне жартаўлівага заклінання, якое павінна дапамагчы без цяжкасцей адолець пэўную перашкоду. — Бывайце здаровы, жывіце багата, — як чараўнічае «Сезам, адчыніся», сказала Валя (У. Карпаў. Без нейтральнай паласы).

Паходзіць з арабскай казкі «Алі Баба і сорак разбойнікаў», якая ўпершыню ў перакладзе на франц. м. ўключана ў зборнік «Тысяча і адна ноч» (1704–1708). У казцы гаворыцца, як Алі Баба, знаходзячыся ў лесе, выпадкова ўбачыў сорак разбойнікаў. Яны падышлі да пячоры, дзверы якой адчыніліся толькі пасля таго, як атаман вымавіў магічныя словы: «Сезам, адчыніся!» Падслухаўшы гэта, Алі Баба праз пэўны час таксама пранікае ў пячору і становіцца ўладальнікам вялікіх скарбаў, нарабаваных разбойнікамі.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code