— Што ты зараз пра мяне думаеш?
— Ты прыгожая сёння, як шыпшына…
Ганна адвярнула галаву ўбок.
— Ты заўсёды нешта прыдумаеш…
Аднак параўнанне, відаць, прыйшлося даспадобы.
— Я жыць без цябе не магу.
— Так ужо і не можаш! Як бы не такая, як усе…
— Ты лепшая за ўсіх!
— Скажаш…
— Ганулька!
— Што?
Ён паспрабаваў прыгарнуць яе да сябе.
— Пацалуй!
Але дзяўчына не рэагавала на яго жаданні. Наадварот, надзьмула губкі, быццам была на каго сярдзітая.
— Дык што, так і будзем?
— Я не чакала, што ты такі…
— Які?
У паглядзе яе шэрых вачэй мільганула капрызлівасць:
— Як Трахім. Кажа: усіх дзевак не перабярэш, але старацца трэба…
— Дык гэта, можа, Трахім, але не я.
— Усе вы аднолькавыя.
Над галовамі зашапацела вярба — ад ветру ці што праляцела.
— Гануся!
Ганна маўчала.
— Ганусенька!
Ганна не адказвала.
— Эх, камень у цябе замест сэрца!
— Цяпер багатых шукаюць, — сказала Ганна. Паміж брывамі ў яе з'явіліся тонкія крыўдлівыя складачкі.
— Нешта я цябе не разумею, — паціснуў плячыма Лявонка, — я ж таксама небагаты…
І тут Ганна не стрымалася: