Лявонка прамаўчаў. «Мабыць, ведае, — падумаў ён. — Ад яе нічога не ўтоіш…» Пасля бяссоннай ночы з якой бы асалодай ён паспаў, але якраз пад сняданак з'явіўся Піхта. Прыехаў вярхом на кані, увёў яго на панадворак і адразу ж зайшоў у хату, прынёсшы з сабой пах цыганскага табара.
— Добры дзень!
— Дзень добры! — быццам пагадзіўся Кірыла.
— Выручу я цябе, Кірыла. Глянь у акно! — У зялёных кашачых вачах цыгана гралі радасныя іскрынкі.
Выходзіць, стрымаў цыган слова: па панадворку хадзіў маленькі конік рыжай масці. Выйшлі з хаты.
— Барон дазволіў! — патлумачыў Піхта, нібы жадаючы сказаць, што ў гэтай справе няма нічога супрацьзаконнага.
Конік меў даволі здатны яшчэ выгляд: кароткія, моцныя ногі, тоўстая шыя, ёмкае, але не абвіслае чэрава. Кірыла ўзяў у Піхты пугу і пастукаў ёю па капытах. Цыган засмяяўся з сялянскай недаверлівасці, пахлопаў каняку на хрыбце.
— Пародзісты, бацю, конь, цыганскі!
— Жвавы конік, — згадзіўся Кірыла.
Але ж усе ведаюць, што цыган чалавека вакол пальца абвядзе, што ён, калі не абмане, не пражыве. Кірыла не раз чуў прымаўку «На паповай дачцэ не жаніся і каня ў цыгана не купляй». А што, калі не згадзіцца з гэтай прымаўкай? Піхта — чалавек, здаецца, неблагі. Вакол пачалі збірацца цікаўныя — хто праходзіў міма, спыняўся, каб паглядзець, прыняць удзел. Першы, як з-пад зямлі, з'явіўся Масей Галёнка:
— От і конь, сам да хлява прыйшоў,— Масей, як заўсёды, засмяяўся шчарбатым ротам.
Важна падышоў Пракоп. Прытупаў Мікіта Чапёрка. Вестка хутка разнеслася па Прусцы. Прыбег аднекуль і Трахімка, без якога нішто не адбывалася.
— Глядзі, каб сапаты не быў. Вунь Марка Замагільны сапатага купіў,— папярэдзіў каваль і як бы знянацку рвануў каня за хвост.
Для жывёліны гэта было нечаканасцю, і яна са страху затупала капытамі і пусціла газы. У натоўпе засмяяліся.
У пяску ля плота капашыліся дзве курыцы і пра нешта ажыўлена між сабой перамаўляліся. Пачуўшы дзіўныя гукі, тут жа разбегліся.
— Зайграй — дык ён танцаваць пачне! — выйшаў са становішча Піхта.
— Пуздро невялічкае, — як бы падтрымаў яго Масей, заглянуўшы каню пад бруха.
— Маленькі — есці будзе менш! — рагатнуў Трахімка.
Піхта абвёў прысутных сваімі кашачымі вачыма:
— Конь харошы, нават і грошы браць за яго ніякавата — столькі з ім пражылі!..
Думкі, аднак, былі розныя — ад прускаўцаў не ўтоіш і недахопаў.
— Галава ў яго велікаватая… — сказаў Галёнка, прыгледзеўшыся да коніка.
— Бо разумны — таму і мелкаватая! — у цыгана на ўсё было вычарпальнае тлумачэнне.
— Паглядзі добра, ці не сляпы ён, — параіў абачлівы Ляксей Каленік, які таксама, пачуўшы гаману, завітаў на панадворак да Кужалёў.
— Тым лепей! — засмяяўся Трахімка. — Будзе есці салому, а думаць, што сена.
— Чольт яго не возьме! — сказаў Гамон — невядома ў якой сувязі з тым, што адбывалася.
— Колькі ж ты хацеў бы за яго, — асцярожна закінуў Кірыла, цярэбячы сябе за бараду.
— Няшмат.
Усе насцярожыліся, а найбольш — Кірыла з унукам.
— Рублёў трыццаць, як з цябе, — сказаў цыган і дадаў: — Добры ты чалавек.