5
Сказаўшы божую праўду, дык каля нас яшчэ вельмі цёмны, але прытым і вельмі добры, а як другія кажуць, і вельмі дурны народ, і з гэтай прастаты карыстаюць усякія несумленныя людзі, каторыя на ўсякі лад ашукваюць нашага брата. Дык і нямашака дзіва, што часамі беларуса трудна намовіць да чаго-кольвечы добрага: ён будзе слухаць і на словах патураць, але ў душы дык саўсім табе не паверыць, бо ён ужо за гэта паплаціўся калісьці. Нядаўна было каля нас такое здарэнне: пакралі ў вёсцы Зафільцы ў аднаго гаспадара коні. Праз нейкі час, так неяк адвячоркам, прыходзіць да гэтага самага гаспадара чалавек, нейкі быццам купец, і гаворыць, што ён сын нейкага падрадчыка з Вілейкі, каторы быццам дастаўляе хлеб арыштантам, і ён чуў, як адзін свежаарыштаваны расказваў сваім таварышам, як пакраў коні ў вёсцы Зафільцы і куды іх падзеў. Вось ён таму гаспадару і кажа: «Калі дасі мне 50 рублёў, дык я пакажу табе, дзе твае коні знаходзяцца, і памагу іх шукаць; толькі нікому аб гэтым гаварыць не можна, бо як дачуюцца тыя, у каго яны ёсць, дык перададуць у другое месца і будзе прапашчая справа». Гаспадар той думае сабе: хоць 50 рублёў і шкода, але ж за гэтыя грошы двое коней не купіш, а пры тым гэта ж такі будзе свая скаціна, да якой ён прывык. А тут бяда — нямашака грошай. Павытрасаўшы ўсе вузёлчыкі, ледзь сабралі 10 рубельчыкаў з вялікай труднотай і гэтыя апошнія грошы аддалі на задатак, а праз ноч састараліся яшчэ 40 рублёў, пазычыўшы іх у добрых людзей, і, наняўшы хурманку, паехаў той гаспадар з тым купчыкам па коні, узяўшы, аднак жа, дзеля смеласці свайго сына, дужага мужчыну, як дуба.
Ад’ехаўшы за 5 міль ад дому да мястэчка Каменя, астанавіліся на папас у карчме і там выпілі, закусілі парадне ды аддалі свайму сябру яшчэ 40 рублёў. А той, наеўшыся добра на месцы, набраў яшчэ з сабою гарэлкі і булак, пайшоў быццам у лес па коні, а ім сказаў падаждаць. Дык тыя бедакі, праждаўшы два дні і дзве ночы, вярнуліся з парожнімі рукамі дахаты [55].
1912 год
1
У нас, дзякаваць Богу, як і ў людзей, адкрылі сельскі банчок і, атрымаўшы з казны 2000 рублёў на пачатак, за адзін тыдзень усе іх рассунулі. Распазычыць то вельмі было лёгка і скора, бо каля нас народ вельмі на грошы патрэбны, немаведама, ці будзе гэтак лёгка іх пасысківаць. «Дай, Божа, але не ведаю».
Недалёка ад нашага мястэчка ў вёсцы Рачэнях адзін селянін зарубаў на смерць сваю жонку сякерай. Казалі, яна была вельмі злосная баба, а ён дык саўсім ціхі, а як іншыя казалі, дык і дурнаваты чалавек, так што яна яго з сынкамі часта заганяла. Але, відаць што, перабралася мерка, бо гэтак, казалі, было і гэтым разам. Яны яму ўперад нагрэлі добра каркавіну, а ён, ад іх уцякаючы, схапіў папаўшуюся сякеру на сцежцы ды стукнуў жонку ў лабаціну.
А ў прысёлку Сідаравіч у аднаго багатага гаспадара была парадная сямейка, як баб, так і мужчын, і самы малодшы з іх крэўчык быў яшчэ не жанаты, і яму, як відаць, заманулася жаніцца, а тут старэйшыя не пазваляюць, хоць ты ім кол на галаве чашы. Тады ён прыдумаў вось якую штуку: прыгледзеўшы, як бабы варылі зацірку на вячэру, падсыпаў туды добрыя прыгаршчы блёкату, а тыя як нахлябаліся, дык і пайшлі выранджаць усялякія штукі. Адны пяюць, другія выюць, трэція галосяць; дзеці пазалазілі пад печ ды дзяруць казлы, як кажуць, у прапрадзедаўскім уборы. Аж жудка, што там нарабілася. Назаўтра, казалі, прывозілі знахара, але беднаму крэўчыку жаніцца як не давалі, так і не даюць [56].
2
У нас было вось якое здарэнне. Быў у воласці сход. Было многа народу, і, як гэта вядзецца, вечарком некаторыя зайшлі ў карчму прагнаць смагу. У гэтай кампаніі быў адзін заможны і паважны гаспадар, М. В-ч, з вёскі Сермяжнікоў — за дзве вярсты ад мястэчка. Вось гэты чалавек, не могучы вызваць сваіх суседзяў з тае бяседы, кінуў іх там і адзін пайшоў дахаты. А да суседняй з той, што яны выпівалі, хаты заехаўся нейкі падарожны чалавек, казалі, што пагарэлы, і, паставіўшы свайго каня пад паветкай, забыўся прывязаць яго ды зайшоў у хату. Загаварыўся тамака, а бедная скацінка, відаць, згаладалася, выйшла праз незачыненыя вароты шукаць сабе яды і, мусіць, гэтак блытаючыся, зайшла ў вёску Сярмяжнікі да аднаго чалавека на падворак і там пабірала натрэсенае па сцежцы сена. Як агледзіцца после той чалавек, што нямашака яго каня, як падніме крык, што гэта, мусіць, нехта ўкраў! Папёр ён да ўрадніка, але таго не было дома, ледзь знайшоў яго на хрысцінах. I вось яны гарачымі слядамі знайшлі гэтую каняжыну ў чалавека на дварэ. Тут ураднік прыстаў да таго чалавека, што ён украў каня. А той кажа: «Хрысціцеся вы, я сягоння з дому нікуды не выходзіў». — «А хто быў сягоння ў Пяршаі?» — «А гэта, кажа, быў В-ч на сходзе». Ідуць да В-ча, а той спіць як пшаніцу прадаўшы, і ані яму сніцца, якая над ім збіраецца бура. Будзяць таго. «Ты быў сягоння на сходзе?» — пытае ўраднік. «Быў». — «3 кім варочаўся дамоў?» — «Адзін». — «А каня не бачыў?» — «Якога каня?» — «А таго, што я знайшоў у твайго суседа на дварэ». — «Не бачыў, не ведаю». Але ўрадніку паказалася гэта падазрыцельным, і ён загадаў гэтаму чалавеку адпраўляцца з сабой у арыштанцкую пры воласці. На другі дзень калі ўз’юрыцца таго чалавека жонка, прыпёрла да ўрадніка ды ў плач, ды тыц яму ў рукі тры чырвонцы, каб пусціў мужыка — ведама, баба. А той, не доўга думаючы, — відаць, каб адлічыцца, — тыя грошы ў пакет і з тым чалавекам у стан. Яго адтуль пусцілі дахаты, але казалі, што будзе суд. Цікавая рэч, як гэты суд выйдзе; бо той чалавек у гэтым дзеле Богу душой хіба вінны [57].
3
Каля нас вельмі цешыліся, што пасля марознай зімы неяк скора пагінуў снег, і думалі, што ўжо будзе цёпла. Бо ў гэтым годзе зіма хоць не вельмі была доўгая, але добра далася ў знакі. Мала таго што парадна пражыў мароз, але пасля сухога лета вада павыбіралася ў калодзежах і яе трэба было вазіць — як сабе, так і скацінцы — за некалькі вёрст. Цяпер затое вады ўжо маем даволі, але таго цяпла, якога ўсе спадзяваліся, дык нешта нямашака, бо насталі нейкія золкія і слотныя дні, часта праходзіць дождж са снегам, а гразі ані вылезці, хутчэй да восені, чым да вясны, падобна. Без пары загінула дарога, і хто астаўся без дроў і без сена, спадзеючыся, што яшчэ будзе мець на гэта часу, цяпер за благой дарогай гэтага зрабіць не можа [58].
4
У нашай старане народ вельмі любіць суды, але яшчэ больш любяць гэта нашы адвакацікі сваёй гадоўлі, каторых завялося ў нас парадна, і іншыя такія мудрыя, што хоць ты стой ды дзівуйся, як яны ёмка абрабляюць свае справы. Завядуцца з сабой браты ці суседзі або ўздумаюць дзяльбу, зараз да адваката. А яго доўга шукаць не трэба. Кожную нядзельку і чацвер іх можна знайсці ў карчме на покуці. Там яны разглядаюць закон, падбіраюць стацці, каторыя трэба «апаласкаць», і тады ўжо адвакацік бярэцца за дзела, каторае іншы раз вядзе з двух канцоў: за аднаго ставіцца ў судзе, а другому піша прашэнні. Бывае часам і так: другому нельга даступіцца да адвакаціка, бо ўжо з ім засеў той, з каторым судзіцца, дык трэба ісці да яго дахаты і занесці парадны сувісцель. А ў судзе часам усяляк бывае, і найчасцей выйграе толькі… адзін адвакацік!
Нядаўна з бліжэйшых нашых вёсак дзяліліся два браты, і, як гэта з давён вядзецца, пры дзяльбе прадзёўб адзін другому галаву. Той падаў у суд, і ўездны член прыкінуў гэнаму тры месяцы адсідкі. Гэны незадаволены і перадаўся ў акружны суд, і там яму зменшылі кару на адзін месяц. Добра і гэта, але ўсё ж трэба сядзець, а тут рабочы час — сяўба. Вось ён ідзе да адваката параіцца, як тут зрабіць, каб адбыць кару пасля сяўбы. Адвакат узяўся за нітачку і, намахаўшы прашэнне, сказаў занесці ў воласць пасведчыць подпіс, бо ён быў непісьменны. У воласці як прачыталі тое прашэнне, дык сталі ўсе рагатаць, бо там было гэтак напісана: «Ён незадаволен гэным судом і просіць прадоўжыць кару». Выходзіла так, што заместа аднаго месяца ён сам сабе прасіў тры! I добра яшчэ, што пісар быў добры чалавек і загадаў свайму памочніку напісаць прашэнне па-людску, а то, чаго добрага, гатовы былі да аднаго месяца далажыць яшчэ два. Быў і я ў той час у воласці і пытаюся: «Сколькі ж, ваша, даў адвакату за гэткае прашэнне?» А ён мне адказаў: «Гатоўкі не даваў, але гэтак, па-суседску, шкалікаў з чатыры апаражнілі» [59].
1913 год
1
Гэтымі днямі каля нас было некалькі нешчаслівых здарэнняў. У вёсцы Жураўцах налажыў на сябе рукі адзін малады чалавек. Ён пагнаўся на пасаг, ажаніўся ў мясаедзе, бо яму цесць абяцаў дзве дзесяціны зямлі пасагу. Тым часам, як у нас кажуць, «абяцанка — цацанка, а дурному радасць». Гэтак было і тут: жонку ён дастаў няўдалую, з той зямлёй парадку яшчэ не было, а тут, як на злосць, маладзёж у вочы лезе. Дык ён, налізаўшыся ў Валожыне парадна манаполькі, пайшоў дамоў, насыпаў паўрукі пораху, шроту і наверх кулю ў стрэльбу, выйшаў за гумно і ўляпіў сабе ў грудзі.
А ў вёсцы Замасцянах быў вялікі пажар, згарэла 22 хаты з усімі будынкамі. I хоць вёска Замасцяны ляжыць на самым беразе ракі Бярозы, але ў гэту суш ды пры такой праклятай шнуравой гаспадарцы не можна было даць ніякага ратунку, і агонь тады толькі ўняўся, як прыпёрся да прагонкі. А яшчэ, як на бяду, мужчын не было дома, бо цяпер у нас правяць дарогі, дык усіх гоняць на дарогу. Да агню кінуліся ўсе, хто толькі мог, адны ратаваць, а другія для цікавасці, от як гэта і заўсягды пры пажарах у нас. Дык гэтаксама і з вёскі Крыжына ўзялі людзі перабірацца на чаўнах праз раку да пажару, і ў адзін човен села трое дзяўчат і адзін хлапец, але чаўнок быў невялікі, не мог утрымаць на вадзе ўсяго цяжару і пачаў сёрбаць ваду, а ў палавіне ракі пачаў тануць. Пачуўся крык і лямант, і пакуль даспелі іх ратаваць, дык хлапец выплыў, двух дзяўчат выратавалі, а трэцюю, 19 гадоў дзяўчыну, дасталі ўжо нежывую. Трудна апісаць гора бедных пагарэльцаў і гора нешчаслівых бацькоў дзяўчыны! Зразумее гэта кожны селянін, што значыць бацькам свая дачка работніца! Браты беларусы! Кідайма старыя парадкі, а пераходзьма жывей на хутары. Будзе менш няшчасцяў, а карысці многа [60].
2
«Служы пану верна, дык ён нос адверне» або яшчэ інакш; ёсць такая прымаўка. А што гэта святая праўда, кожан гэта скажа, бо, можа, не адзін хто і з нас гэтага дазнаў. А дазнаць гэтага не вельмі трудна, бо такіх здарэнняў можна сягоння налічыць сотні, і, каб прыйшлося ўсе іх апісваць, многа патрэбна было б зглуміць і часу, і паперы. А ўсё ж такі адным здарэннем хачу падзяліцца з чытачамі.
У адным глухім кутку нашай маці Беларусі ёсць невялікая вёска, а званне мае такое нейкае мудронае, што трудна яго ўцяміць (але, можа, гэта будзе для чытача не вельмі патрэбна). Вот жа ў той вёсцы жыў калісьці адзін заможны гаспадар, каторы цэлы свой век праслужыў у дварэ лесніком і памёр на гэтай службе. Ён праз цэлае сваё жыццё сцярог панскае дабро днямі і начамі, цягаўся па судах і сведчыў не раз проці сваіх суседзяў, а за гэта, разумеецца, не быў у іх у ласцы. Але пакуль жыў, усё ж такі суседзі яго крыху баяліся, бо, па праўдзе сказаўшы, як багацейшага дык не адзін шукаў яго ласкі. Пад гэны час у дварэ пачалі прадаваць зямлю і акурат пусцілі на прадажу кусок балота проці надзелу таей вёскі, за каторы ўпярод сяляне судзіліся з дваром, і той жа гаспадар (ляснік) угаварыў суседзяў, каб купіць тое балота цэлым сялом сабе на пашу.
Сяляне спачатку не хацелі, а после неяк наважыліся і згадзіліся. Далі задатку і плацілі рату па раскладцы, а ў сёлетнім гаду трэба было ўносіць рэшту грошы і рабіць «купчую». А тым часам гаспадар гэны памёр, і после яго смерці астаўся гаспадарыць яго ўнук. А ў вёсцы найшліся павадыры, каторыя сталі падбухторваць сялян і гаварыць: «Яго дзед быў лесніком, сведчыў проці нас за гэта балота, і каб не ён, балота было б наша, дык мы яго ўнука не прымем у хаўрус і выкінем з пашы, а гэту часць, што на яго долю прыпадае, разбяром на вёску». А ў вёсцы так, калі адзін гаркнуў, дык усе возьмуцца як за нітачку і як нападуць гурмам на аднаго, дык трудна ацерабіцца. Гэны малады гаспадар, не трацячы надзеі, ідзе ў двор і думае: «Што ж, дзядуля мой служыў двару, а двор калі захоча, каб мяне не скрыўдзілі суседзі, дык яны нічога не зробяць. Прасіць я паноў не буду, каб мне ці падаравалі, ці спусцілі з цаны, няхай мне нараўне з усімі пазволяць купіць, мой жа задатак таксама заплачаны». У дварэ ўжо не тыя былі паны, каторым служыў яго дзядуля, але ўсё ж ткі былі некаторыя паняты, што аб гэтым ведалі і абяцалі яго не папусціць у крыўду. Але як прыйшлося да дзела, дык не захацелі мяшацца ў вясковую справу і памагчы ўнуку таго, каторы сцярог калісьці панскае дабро, як вока ў лобе. Паны без клопату ўзялі грошы ад вёскі, а сяляне з вялікай бядой ледзь адступілі гэнаму маладому гаспадару дзве дзесяціны карчоў. I цяпер сяляне будуць мець выгоду, а ўнук леснікоў за даўгалетнюю ўслугу дзеда астаўся без пашы і будзе цэлы свой век успамінаць панскія абяцанкі [61].
ЖЫЦЦЯПІС МАЙГО БАЦЬКІ
Гелена Сівіцкая
I
Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі нарадзіўся ў Валожыне 10.III.1865 г. Бацькі: Пётр і Людвіка з Емільянскіх, сялянскага паходжання, валодалі гаспадаркай у некалькі гектараў і хатаю ў Валожыне па вуліцы Віленскай, цяпер — Савецкая, № 49. Бацька працаваў кухарам у валожынскім маёнтку графа Тышкевіча, а маці займалася гаспадаркаю. Бацькі таты памерлі рана, пакінуўшы адзінага дзесяцігадовага сына Уладзіслава, які рос, выхоўваўся і вучыўся пры цётцы Юзэфе Емільянскай у Валожыне.
У 1892 г. ажаніўся з Антанінай Вайцяхоўскай і ў тым годзе пачаў пісаць вершы. У 1894 г. стаў працаваць у валожынскім маёнтку графа Тышкевіча аб’ездчыкам, а пасля, праз некалькі гадоў працы, дарос да ляснічага і на гэтай пасадзе працаваў у Валожыне, Сужанах і Ашмянах у таго самага гаспадара. У 1934 г. пайшоў на пенсію. За саракагадовую працу ў якасці пенсійнай узнагароды атрымаў ад Тышкевіча кавалак зямлі ў Шашэльгішках (Немянчынская гміна Віленскага павета). Бацька працаваў да глыбокай старасці, бо меў вялікую сям’ю: дзесяць дзяцей, якіх трэба было гадаваць, і ўнукаў. Жыццё закончыў у Шашэльгішках 30 верасня 1939 года. Пахаваны на могілках у Сужанах (той жа воласці і гміны).
Увесь час, пачынаючы з 1892 г., пісаў вершы, якіх сабралася шмат. Але ў час вайны многа іх панішчылася. У мяне захавалася нямала вершаў, напісаных пры розных акалічнасцях у 1932–1933 гг. (нумары ад 1013 да 1064)…
[55] 5. «Наша ніва», 1911, 6 кастрычніка.
[56] 1. «Наша ніва», 1912, 5 студзеня.
[57] 2. «Наша ніва», 1912, 5 красавіка. Месца падзеі — «Пяршаі Віленскай губерні Ашмянскага павета».
[58] 3. «Наша ніва», 1912, 22 сакавіка.
[59] 4. «Наша ніва», 1912, 14 чэрвеня.
[60] 1. «Наша ніва», 1913, 31 мая. Допіс надрукаваны пад загалоўкам «Што чуваць каля Валожына Ашмянскага павета».
[61] 2. «Наша ніва», 1913, 7 лістапада. Пад допісам паказана месца падзеі: «Ашмяншчына».