9
10 вёрст ад Валожына ёсць вялікае сяло Дубіна, і чутно аб ім далёка-далёка. Мае яно, мусіць, са 300 хат, ёсць там і манаполька, і карчма. Народ вельмі паганы, самыя п’яніцы і зладзеі: не то што на дварэ нічога не пакінь, але і з будынку павыцягваюць. У прошлым гаду дык выцягнулі ў Янука Палоўскага з пуні сячкарню, дык яна і прапала. У кудраўскага лесніка Максіма пазнімалі калёсы з восяў. А пабіць каго, дык гэта ў іх нават мода: няхай будзе толькі хто на каго злы або другі папросіць, дык нападуць ці на полі, ці на дарозе і забіваюць да паўсмерці. Трэба каго абараць, пабіць або і падсмаліць — ідзі ў Дубіну, там усё гэта знойдзеш. Але няма чаго дзівіцца: яны маюць вучыцеля, каторы не дае ім добрага прыкладу.
Нядаўна тутэйшыя злодзеі на 8 хурманках уночы ўкралі з Кавалёўшчыны 60 коп гонтаў і развезлі па полі па ямах, ды цяпер смяюцца і хваляцца, што надта мудра ўправіліся.
Бедныя, цёмныя людзі! Калі ж і да іх загляне сонца ў ваконца? [37]
10
На ўсходняй часці нашага мястэчка ёсць ладны ўзгорак, на каторым жыве, пасяліўшыся, бацюшка. Гэты ўзгорак пачынаецца ад мястэчка агародам, а канчаецца невялікім курганом паміж двух дарог, і там, як відаць, былі некалі могілкі. Якія яны былі, аб гэтым ніхто з нашых старых не помніць, і нямашака ніякага аб іх успамінку. Яшчэ за нашай памяццю на сярэдзіне таго курганчыка стаяла маленькая каплічка, пасля стары бацюшка яе прыняў і на тым месцы паставіў чыгунны крыж. Цяпер зямля пакрысе абвальваецца, і адтуль выпадаюць людскія косці: галёнкі, скабы, чарапы, і валяецца гэта ўсё па дарозе, гдзе ходзяць і ездзяць людзі і ганяюць скаціну. Смутны і прыкры гэты выгляд, каб гэтак людскія косці валяліся ў паняверцы. Ці мы гэтак крэпка здзічэлі, ці гэтая праклятая цемната пазасланяла нам вочы, што мы не можам праглянуць на свет божы? Ці ж гэта ўжо не знойдзецца ў нас добрага чалавека, каторы б заняўся гэтай справай? Тут не трэба вялікага кошту і трудоў, тут трэба толькі добрай ахвоты. Спярша трэба пазбіраць і пазакапываць у зямлю косці і аблажыць дзёрнам з бакоў гэты курганок, і хоць крыху абгарадзіць, хоць бы па тры плацінкі, каб скаціна не абсоўвала дзёрну, пакуль ён не зрасцецца — вось і ўсё!
Наш беларускі народ мае добрае сэрца, але нямашака добрага даводу: ён прывыкшы, каб яго папхнуць, панукаць, а тады ён возьмецца з усяе сілы. Хоць са стыдом трэба прызнацца, што на добрыя рэчы трэба прынукі, а на благія дык людзі самі як мухі да мёду ліпнуць. Калі ў нас задумалі адкрыць гарадское вучылішча і на гэта патрэбна было 500 рублёў грошай, дык іх збіралі, збіралі дый далі пакой, а як быў у нас у Валожыне на Пранцішка кірмаш, дык нашы дзве казённыя манаполькі ўтаргавалі чуць не паўтары тысячы рублёў у адзін дзень.
А трэба ведаць, што ў нас такіх вялікіх кірмашоў у гаду пяць і што кожны чацвер — торг, гдзе за п’янымі няма як павярнуцца [38].
Дом у Валожыне, дзе нарадзіўся і доўгі час жыў Стары Улас.
Рукапіс верша Старога Уласа.
Пашпарт Старога Уласа.
Пашпарт Старога Уласа.
Пашпарт Старога Уласа.
Пашпарт Старога Уласа.
На гэтым месцы ў вёсцы Шашэльгішкі (Літоўская ССР) калісьці стаяла хата Старога Уласа, у якой пісьменнік жыў з 1934 года і памёр у 1939 годзе.
Надгробак Старога Уласа.
Вёска Сужаны Літоўскай ССР. Побач ахоўнік магілы А. М. Курчэйка.
11
Каля нас сенажаці балотлівыя, і сена з іх возяць зімой, а цяперашняй дарогай дастаць яго нельга, дык нашая скаціна галадае надта на адной саломцы [39].
1910 год
1
[37] 9. «Наша ніва», 1909, 15 кастрычніка.
[38] 10. «Наша ніва», 1909, 5 лістапада.
[39] 11. «Наша ніва», 1909, 3 снежня.