— Ну шо, бачыў? — спытаў Аляксандр Браніслававіч, адарваўшыся ад вывучэння дакументаў.
— Так точна.
— Я вось думаю, ці не ты гэта напісаў, змагар ты наш. А?
— Што? — мой голас гучаў здзіўлена. — Ды як вы наогул можаце мяне падазраваць? Глупства нейкае. Навошта мне гэта?
— Дык ты ж у нас самы несвядомы.
— Гэта чаму ж?
— Сам ведаеш! — заявіў начальнік.
— Паняцця не маю.
— Ну хопіць прыдурвацца, Астапеня! — прыкрыкнуў палкоўнік. — Ты, * ляць, усё разумееш… А калі не хочаш, каб цябе, у такіх сітуацыях, падазравалі, то і паводзь сябе як чалавек, размаўляй нармальна…
— А я што ненармальна размаўляю? Я што не маю права размаўляць на роднай мове, якая, дарэчы, дзяржаўная?..
— Маеш-маеш, — перапыніў мяне Аляксандр Браніслававіч, — я проста табе па-добраму хацеў параіць… ну каб ты ў такія вось сітуацыі не трапляў.
— Ды якія такія? У вас наогул ніякіх падстаў мяне падазраваць няма.
— А вось і ёсць.
— Не, няма падстаў.
— Ты мне яшчэ будзеш тут спрачацца, нягоднік! — крыкнуў начальнік.
— Не-не, — адказаў я.
— Кароч, ясна ўсё з табой… Ідзі і падумай аб сваіх паводзінах!
— Пра што канкрэтна падумаць?
— Вольны! — гаркнуў палкоўнік і я выйшаў з кабінета.
Надпіс зафарбавалі хутка. Але праз некалькі дзён ён зноўку з'явіўся на тым жа месцы, амаль такi ж, як першы. Вялікi, зроблены жоўтай фарбай, надпіс: «Дыктатура» зноў бударажыў наша міліцэйскае ўпраўленне, будынак якога раскінулася ў цэнтры горада на невялікай горцы. З раніцы я быў на працы і мяне зноў выклікалі да Аляксандра Браніслававіча.
— Бачыў? — спытаў палкоўнік, гледзячы на мяне спадылба.
— Так точна, бачыў.
— Што думаеш?
— А што я магу думаць?
— Ты мне дурня не ляпі! — крыкнуў начальнік.
— Вінаваты…
— Ну, карацей, Астапеня, спытаю прама: ты пісаў?
— Не, не я, — сказаў я цвёрдым тонам, гледзячы палкоўніку прама ў вочы.
— Хм… А я вось на цябе падумаў.
— Гэта я ўжо зразумеў.